БАРЫСЁНАК (Барыс Васілевіч) (н. 22.7.1934, г. Беразіно Мінскай вобл.),
бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1968). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1956). Працуе ў Т-ры юнага гледача Беларусі. Яго мастацтва адметнае арганічнасцю, мяккасцю, пластычнай выразнасцю і дакладнасцю знешняга малюнка роляў: Максім Багдановіч («Зорка Венера» М.Алтухова і Б.Бур’яна), Адась, Васіль («Папараць-кветка» і «Над хвалямі Серабранкі» І.Козела), Максім Кутас («Прымакі» Я.Купалы ў спектаклі «Чаму ж мне не пець, чаму ж не гудзець...»), Бобчынскі («Рэвізор» М.Гогаля), а таксама ролі ў спектаклях-казках. Удзельнічае ў тэле- і радыёпастаноўках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КОНТР..., КОНТРА... (ад лац. contra супраць), састаўная частка складаных слоў, якая паказвае на супрацьлегласць ці супрацьдзеянне чаму-н., на проціпастаўленне паняццю, якое выказана ў другой частцы слова, напр., контратака, контрразведка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛЬТ (ад лац. cultus шанаванне),
рэлігійнае служэнне бажаству і звязаныя з гэтым рэліг. абрады. У пераносным сэнсе — празмернае ўзвелічэнне чаго-н. ці каго-н.; сляпое пакланенне каму-н. або чаму-н. Напр., культ асобы, культ рэлігійны, К. «чыстага мастацтва».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВАБО́ДНЫ ВЕРШ, верлібр (франц. vers libre),
дысметрычны верш, рытм якога ўтвараецца чаргаваннем вершаваных радкоў аднатыпнай інтанацыйна-сінтакс. структуры. Рытмічная мернасць размяшчэння радкоў падкрэсліваецца паўзамі, паўторам стылістычных фігур, аднолькавых слоў ці іх форм, асобных радкоў. У С.в. адсутнічае адзіная скразная мера паўтораў, яна ўвесь час мяняецца, захоўваючы інтанацыйна-сэнсавае і стылявое адзінства верша:
Ты бачыш. Чаму ж я не бачу?
Я чую. Чаму ж ты не чуеш?
Мне весела. А табе сумна?
Мне горка. А табе соладка?
Якой жа мы ніткаю сшыты,
Што і маладымі зубамі
Ніяк яе не перакусім.
(М.Танк. «Ты бачыш. Чаму ж я не бачу?»)
С.в. узнік у амер. і еўрап. л-рах у сярэдзіне 19 ст. (У.Уітмен, У.Блейк, Г.Гейнэ), сустракаўся ў класічнай рус. паэзіі (А.Фет, Я.Палонскі). Тэрмін «верлібр» увёў ва ўжытак франц. пісьменнік Г.Кан у 1884. Вял. пашырэнне атрымаў у 20 ст. (А.Блок, В.Брусаў, У.Маякоўскі, у замежнай л-ры П.Нэруда, Назым Хікмет Ран і інш.).
У бел. паэзію С.в. увёў М.Багдановіч («Двайняткі», «Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы»; пераклад верша Э.Верхарна «Паўстанне»). Пашыраны ў сучаснай бел. паэзіі (Р.Барадулін, А.Вярцінскі, А.Грачанікаў, С.Дзяргай, В.Зуёнак, А.Лойка, П.Макаль, Н.Мацяш, А.Наўроцкі, П.Панчанка, А.Разанаў, Я.Сіпакоў, М.Танк). У большасці вершы, напісаныя С.в., адносяцца да філасофскай ці медытатыўнай лірыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВАЛЕ́РАВА (Вера Ільінічна) (н. 13.7.1951, Мінск),
бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1991). Займалася ў дзіцячай тэатр. студыі пры Рэсп. студыі тэлебачання (1959—69). З 1970 працуе ў Т-ры юнага гледача Беларусі (у 1978—84 у Львоўскім драм. т-ры). Актрыса на ролі травесці. Яе спецыфічная тэхніка выканання роляў казачных персанажаў выразна падкрэслівае іх характарнасць: Чыпаліна («Чыпаліна і яго сябры» паводле Дж.Радары), Ліс («Рыгорка — ясная зорка» А.Вярцінскага) і інш. Выканаўца, здольная і на глыбокае пранікненне ва ўнутр. свет вобразаў: Элен і Гітэль Моска («Стваральніца цуду» і «Двое на арэлях» У.Гіпсана). Лепшыя ролі вылучаюцца раскрыццём душэўнага стану персанажаў, тэмпераментнасцю, узрушанасцю пачуццяў: Міколка («Міколка-паравоз» паводле М.Лынькова), Кацярынка, Зоська («Чаму ж мне не пець, чаму ж не гудзець» паводле Я.Купалы і М.Чарота), Ларыса («Чатыры кроплі» В.Розава) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ВАР-БАНДАРЭ́НКА (Уладзімір Міхайлавіч) (21.6.1914, г. Рагачоў Гомельскай вобл. — 31.8.1988),
бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1961). Скончыў Бел. студыю пры Цэнтр.тэатр. вучылішчы ў Ленінградзе (1937). Працаваў у Бел. т-ры юнага гледача БССР (1937—41), Мінскім гар. т-ры (1942—44), абл.драм. т-рах Гродзенскім (1944—46) і Брэсцкім (1946—49), Бел.рэсп. т-ры юнага гледача (1955—78). Створаныя ім вобразы вызначаліся псіхал. дакладнасцю. Сярод роляў: Янук, Язэп Шыдлоўскі («Папараць-кветка», «Над хвалямі Серабранкі» І.Козела), Максім Кутас («Чаму ж мне не пець, чаму ж не гудзець» паводле Я.Купалы і М.Чарота), Гусляр («За лясамі дрымучымі» А.Вольскага і П.Макаля), пан Бараноўскі, Канцлер («Несцерка», «Цудоўная дудка» В.Вольскага), Гараднічы («Рэвізор» М.Гогаля), Алег Баян («Клоп» У.Маякоўскага), Мантанелі («Авадзень» паводле Э.Л.Войніч), тата Карла («Прыгоды Бураціна» паводле А.Талстога), Тарталья («Зялёная птушка» К.Гоцы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМЕБЕ́ЙНАЯ КАМПАЗІ́ЦЫЯ (ад грэч. amoibaios папераменны),
у вершаскладанні будова паэт. твора, заснаваная на кампазіцыйным паралелізме (паўтарэнні вершаванага радка або страфы). Шырока ўжываецца ў фальклоры (нар. песні). Выкарыстана Ф.Багушэвічам у вершы «Песня», заснаваным на чаргаванні пытальных і сцвярджальных інтанацый: «Чым бяздомны, мужычок? // — Бо чужога гляджу. // Чаму хіцёр, мужычок? // Бо дурны, як варона. // Чаго ўмёр, мужычок? // — Уцякаў ад закона!» Найчасцей у аснове амебейнай кампазіцыі ляжыць прыём анафары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯТРО́Ў (Міхаіл Уладзіміравіч) (н. 23.12.1937, г. Ваўкавыск Гродзенскай вобл.),
бел. акцёр. Нар.арг. Беларусі (1991). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1960). З 1960 працуе ў Бел.рэсп. т-ры юнага гледача. Характарны акцёр. Творчую манеру вызначаюць дакладнасць распрацоўкі характару, музыкальнасць, пластычнасць, яркая тэатральнасць і імправізацыйнасць. Лепшыя вобразы стварыў у бел. рэпертуары: Ваня («Дзеці аднаго дома» І.Шамякіна), Марат Казей («Марат Казей» В.Зуба), Яўмень («Чаму ж мне не пець, чаму ж не гудзець» паводле Я.Купалы і М.Чарота), Пан («На ўсіх адна бяда» П.Макаля), дзед Астап («Міколка-паравоз» паводле М.Лынькова), Мікіта Драніца («Плач перапёлкі» І.Чыгрынава; Нац.акад.т-р імя Я.Купалы) і інш. Стварыў каларытныя вобразы Скіда і блазна Фесты («Два веронцы» і «Дванаццатая ноч» У.Шэкспіра), Старога («Пушкінскія казкі» паводле А.Пушкіна), Артамон («Прыгоды Бураціна» паводле А.Талстога) і інш. Паставіў спектакль «Царэўна-жаба» Н.Гернет (1979, разам з В.Маршаком). Зняўся ў бел. фільмах «Нашы суседзі», «Чырвонае лісце», «Гарачая душа», «Пра Чырвоную Шапачку», «Рэха ў пушчы», «Трэцяга не дадзена», «Зорны хлопчык», «Купальская ноч», «Хлеб пахне порахам», «Людзі на балоце», «Полымя» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕ́ЛЫЯ РО́СЫ»,
ансамбль песні, музыкі і танца Гродзенскай абласной філармоніі. Створаны ў 1987. Уключае балетную і аркестравую групы. У рэпертуары апрацоўкі бел.нар. песень («Ой ты, сонца яснае», «Чаму не прыйшоў», «Пад дубіною»), нар. танцы («Трапятуха», «Церніца», «Каханачка», «Хустачка») і музыка на аснове фальклору Гродзеншчыны (пераважна Дзятлаўшчыны і Навагрудчыны), інш. рэгіёнаў Беларусі. У адрозненне ад інш. падобных калектываў артысты балета ў ім спалучаюць танец са спевамі і ігрой на муз. інструментах. Маст. кіраўнік Я.Штоп (з 1987).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЦЬЁ ((Mathieu) Мірэй) (н. 22.7.1946, г. Авіньён, Францыя),
французская спявачка-шансанье. Вучылася ў прыватных педагогаў. У пач. творчай дзейнасці пераймала манеру выканання Э.Піяф. Стварыла індывід. выканальніцкі стыль, які вылучаецца яскравай экспрэсіяй. У рэпертуары (спявае на многіх мовах) творы П.Марыа, Ф.Лея і інш. (сярод найб. вядомых — «Маё крэда», «Чаму, маё каханне?», «Апошні вальс», «Парыжскае танга» і інш.). Акрамя канцэртаў, удзельнічае ў тэлевізійных шоу і інш.
Літ.:
Бутковская Т. Новое амплуа М. Матье // Муз. жизнь. 1984. № 5.