ГЕРАГІГІЕ́НА [ад грэч. gerōn (gerontos) стары + гігіена],
раздзел геранталогіі, які вывучае ўплыў фактараў асяроддзя (сацыяльных, бытавых, прыродных) і ладу жыцця на хуткасць і характар старэння чалавека. Уключае герагігіену працы, харчавання, сацыяльную, камунальную. Герагігіена працы разглядае пытанні прафес. працаздольнасці асоб старэй за 40 гадоў. Асн. рэкамендацыі: зніжэнне рабочай нагрузкі, тэмпу і рытму працы, павелічэнне колькасці і працягласці перапынкаў, макс. выкарыстанне вопыту, устойлівага рабочага дынамічнага стэрэатыпу. Герагігіена харчавання даследуе прынцыпы энергет. збалансаванасці ў адпаведнасці з энергазатратамі; сацыяльная герагігіена — уплыў сац.-эканам. фактараў на стан здароўя, камунальная герагігіена — жыллёва-бытавыя праблемы пажылых і старых людзей. Важную ролю пры гэтым адыгрываюць фіз. нагрузкі, наяўнасць шкодных прывычак, псіха-стрэсарныя і экалагічныя фактары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЕРЦЫ́ЙНЫ КРЭДЫ́Т, таварны крэдыт,
крэдыт. які даецца вытворцамі (прадаўцамі) спажыўцам (пакупнікам) у выглядзе адтэрміноўкі плацяжу (або яго растэрміноўкі) за прададзеныя тавары, выкананыя работы і паслугі. Афармляецца спец. дакументам (напр., вэксалем), які сведчыць абавязацельства пакупніка заплаціць абумоўленую здзелкай грашовую суму. Мэта К.к. — паскорыць рэалізацыю тавару і павялічыць хуткасць абарачэння капіталу. Працэнт па К.к., што ўваходзіць у цану тавару і суму вэксаля, ніжэйшы, чым па банкаўскім крэдыце, мэтай якога з’яўляецца атрыманне прыбытку па пазыках, крэдытах. К.к. магчымы і ў інш. форме, калі спажывец перадае частку сваіх сродкаў (рэсурсаў) пастаўшчыку для аператыўнага і якаснага выканання заказу з далейшым іх залікам у аплату прадукцыі (тавару, паслуг), якую ён атрымлівае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБАРО́ТНЫЯ СРО́ДКІ,
грашовыя сродкі, прызначаныя на ўтварэнне абаротных вытв. фондаў і фондаў абарачэння. Адна іх частка дзейнічае ў вытв. сферы і набывае форму вытв. запасаў, незавершанай вытворчасці і наступных затрат, другая абслугоўвае сферу абарачэння і набывае форму гатовых вырабаў, грашовых сродкаў і сродкаў у разліках. Асн. крыніца фарміравання першых — даход (прыбытак), другіх — кароткатэрміновы крэдыт. Эфектыўнасць выкарыстання абаротных сродкаў характарызуецца колькасцю абаротаў (каэфіцыентам абарачэння) і працягласцю аднаго абароту (хуткасцю абароту).
Колькасць абаротаў вызначаецца па формуле , дзе РП — аб’ём рэалізаванай прадукцыі за дадзены перыяд, А — сярэднегадавая сума абаротных сродкаў за гэты ж перыяд.Хуткасць абароту (у днях) вызначаецца па формуле: , дзе Д — колькасць дзён у перыядзе. Паскарэнне абарачальнасці абаротных сродкаў — адна з важных умоў эканоміі сродкаў, павышэння эфектыўнасці вытв-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫ́ЗІС ПАЛІТЫ́ЧНЫ,
разладжванне функцыянавання якой-н. паліт. сістэмы з пазітыўным ці негатыўным вынікам. Бываюць К.п. канкрэтнай палітыкі, улады, урада (правячага кабінета), парламенцкі, адносін паміж заканад. і выканаўчай уладамі, крызіс даверу (адносін улады і грамадства) і інш. Характэрныя асаблівасці: хуткасць і нечаканасць; недаўгачаснасць ці, наадварот, працягласць (зацяжны К.п.); глыбіня ўздзеяння на паліт. сістэму, якая дасягнула мяжы, далей якой існаваць ці развівацца немажліва, вычарпала рэсурсы ці натыкаецца на супраціўленне звонку (знешняя экспансія з боку суседніх краін). Мае 3 фазы: перадкрызісная (першыя сімптомы); кульмінацыя; разбурэнне сістэмы ці яе пераход у новы стан або ўтварэнне новай сістэмы. Найб. пашыраны ўрадавы К.п. Умовай выхаду з К.п. з’яўляецца даступнасць паліт. сістэмы крытыцы з боку грамадства, адкрытасць крыніцам інфармацыі, здольнасць прыстасоўвацца да новых умоў. Адзін з прыкладаў К.п. — Красавіцкі крызіс 1917 у Расіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАШО́ВАЕ АБАРАЧЭ́ННЕ,
бесперапынны рух грошай у наяўнай і безнаяўнай формах, звязаны з кругаваротам тавараў, а таксама нетаварнымі плацяжамі і разлікамі ў гаспадарцы. Агульны закон грашовага абарачэння — закон колькасці неабходных для абарачэння грошай, які дзейнічае пры ўсіх спосабах вытв-сці, дзе існуе таварнае і грашовае абарачэнне, і пры любых грашовых сістэмах. Ён выяўляе сувязь такіх паказчыкаў, як грашовая маса, сума цэн тавараў і паслуг, крэдыт, плацяжы, якія ўзаемна пагашаюцца, хуткасць грашовага абарачэння. Важная характарыстыка грашовага абарачэння — устойлівасць, адно з праяўленняў якой — стабільнасць усіх відаў цэн і тарыфаў. Значная частка плацежнага абароту ў прамыслова развітых краінах прыпадае на фін. аперацыі з рознымі відамі каштоўных папер, пазыковыя аперацыі, падатковыя плацяжы і інш.фін. здзелкі. Большая частка грашовага абарачэння ажыццяўляецца ў безнаяўнай форме, што звязана з рэзкім павелічэннем аб’ёму плацежна-разліковых аперацый. Наяўнае грашовае абарачэнне вагаецца ў розных краінах і складае ад 10 да 20% унутр. грашовага абароту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЬЦАВА́ННЕ ПТУ́ШАК,
метад прыжыццёвага мечання дзікіх птушак кольцамі для вывучэння іх перамяшчэнняў і біялогіі. З навук. мэтамі ўведзена ў Даніі (1899); на Беларусі ў 1917, рэгулярна робяць К. п. з 1946.
Птушак кальцуюць метал. ці пластмасавымі каляровымі кольцамі (з нумарам, адрасам) на нагах, шыі, дзюбе. Робяць на месцы гнездавання, на шляхах пралёту, у час лінькі або на зімоўцы; рэгіструюць час і месца кальцавання. Пры індывід. К. п. вывучаюць паводзіны асобін, пры масавым выяўляюць месцы зімовак, хуткасць руху пры пералётах, асаблівасці рассялення, стан і пашырэнне папуляцый, прычыны гібелі ў прыродзе, шляхі пераносу птушкамі паразітаў і ўзбуджальнікаў хвароб, вывучаюць пытанні аховы птушак у асобных рэгіёнах і ў сусв. маштабе і інш. З 1963 дзейнічае Еўрап. саюз па К. п. — EURING (Нідэрланды), які каардынуе дзейнасць нац. цэнтраў кальцавання. К. п. на Беларусі кіруе Бел. цэнтр пры Ін-це заалогіі Нац.АН Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫМІНАЛІ́СТЫКА (ад лац. criminalis злачынны),
прыкладная юрыд. навука, якая распрацоўвае сістэму спец. прыёмаў, метадаў і сродкаў збірання, фіксацыі, даследавання і выкарыстання доказаў судовых. Гэтыя прыёмы і метады прымяняюцца ў крымінальным судаводстве для папярэджання, раскрыцця і расследавання злачынстваў, а таксама выкарыстоўваюцца пры суд. разглядзе крымінальных і ў шэрагу выпадкаў цывільных спраў. Найб. важныя раздзелы сучаснай К.: агульная тэорыя К., крыміналістычная тэхніка, крыміналістычная тактыка і методыка расследавання. Крыміналістычная тактыка ўключае сістэму тэарэт. палажэнняў і практычных рэкамендацый па арг-цыі і планаванні расследавання злачынстваў, якія дазваляюць найб. эфектыўна выкарыстоўваць магчымасці следчага і суд. дзеяння і аператыўна-пошукавых мерапрыемстваў з улікам канкрэтнай сітуацыі па справе. Яна ахоплівае планамернасць і хуткасць дзеянняў, агляд месца злачынства, фіксацыю і ацэнку слядоў, атрыманне доказаў, правамернасць (законнасць) дзеянняў. Крыміналістычная тэхніка ўключае сістэму спец. прыёмаў і навук.-тэхн. сродкаў па збіранні, фіксацыі і даследаванні доказаў. Да яе адносяцца суд.балістыка, трасалогія, дактыласкапія, судовая фатаграфія, тэхніка правядзення крыміналістычных экспертыз і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАФІЗІ́ЧНАЯ РАЗВЕ́ДКА, геафізічныя метады пошукаў і разведкі,
фізічныя метады даследавання будовы зямной кары з мэтай пошукаў і разведкі карысных выкапняў; раздзел геафізікі. Засн. на выкарыстанні адрозненняў фіз. уласцівасцей карысных выкапняў і ўмяшчальных горных парод. Пры геафізічнай разведцы выкарыстоўваюць метады і іх мадыфікацыі: гравітацыйны (даследуе шчыльнасць горных парод), магнітны (намагнічанасць), электрычны (удзельнае эл. супраціўленне), сейсмічны (хвалевае супраціўленне і хуткасць пашырэння сейсмічных хваль), радыеактыўны (радыеактыўнасць). Вымярэнні вядуцца з паверхні Зямлі (сушы і мора), з паветра і пад зямлёй (гл.Каратаж). У граві-, магніта-, электра- і радыёразведцы вымяраюць параметры прыродных геафіз. палёў, у сейсмаразведцы і некат. відах электраразведкі выкарыстоўваюць штучнае ўзбуджэнне палёў (праз выбухі ці вібрацыю, увядзенне ў глебу эл. току). Важная пошукавая прыкмета — геафізічныя анамаліі. Геафізічная разведка бывае прамой (выяўленне радовішча) і ўскоснай (выяўленне геал. умоў, з якімі звязаны карысныя выкапні). Метады даследавання будовы зямной кары, пошукаў і разведкі нафтавых і газавых радовішчаў распрацоўвае структурная геафізіка; пошукаў, разведкі і даследавання радовішчаў руд — рудная геафізіка; даследаванняў геал. разрэзу і тэхн. стану свідравіны — прамысл. геафізіка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЭФІЦЫЕ́НТЫў статыстыцы,
адносныя паказчыкі, што выкарыстоўваюцца ў ведамаснай, дзярж., міжнар. статыстыцы. Найб. распаўсюджаныя: К. сацыяльна-эканамічныя (паказваюць размеркаванне матэр. даброт, тавараў, паслуг у разліку на душу насельніцтва, на аднаго работніка і інш.), К. росту (зніжэння) эканамічных паказчыкаў (разлічваюцца ў працэнтах адносна значэння паказчыка на перыяд часу, узятага як базавы; напр., К. тэмпаў росту вытв-сці тавараў, тэмпаў інфляцыі), К. сацыяльна-дэмаграфічныя (адносіны колькасці выпадкаў ці падзей пэўнага роду да колькасці насельніцтва або асобных сац. груп; напр., К. нараджальнасці, смяротнасці, натуральнага прыросту насельніцтва, шлюбнасці, разводнасці і інш.). Сац.-дэмаграфічныя К. могуць быць агульнымі (разлічваюцца адносна колькасці ўсяго насельніцтва), полаўзроставымі (разлічваюцца адносна колькасці асобных полаўзроставых груп) і інш. К. могуць характарызаваць хуткасць развіцця якой-н. з’явы (К. дынамікі) і частату яе ўзнікнення (напр., К. нараджальнасці), узаемасувязь якасна розных з’яў (напр., К. шчыльнасці насельніцтва), ступень выкарыстання матэрыяльных, прац., грашовых рэсурсаў (напр., К. эфектыўнасці), варыяцыю велічынь адзнакі (напр., К. рытмічнасці). К. выражаюцца ў працэнтах, прамілях, адносінах да адзінкі.
Літ.:
Елисеева И.И., Юзбашев М.М. Общая теория статистики. М., 1996;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЧЭ́ННЕ, нумарацыя,
сукупнасць прыёмаў абазначэння (запісу) і назвы натуральных лікаў. Сістэмы Л. бываюць пазіцыйныя (найб. пашыраны) і непазіцыйныя. У большасці сістэм Л. лікі абазначаюцца паслядоўнасцю лічбаў.
Найб. дасканалыя пазіцыйныя сістэмы Л. грунтуюцца на прынцыпе, паводле якога адзін і той жа лікавы знак (лічба) мае розныя значэнні ў залежнасці ад месца, дзе ён знаходзіцца. Пэўны лік n адзінак (аснова сістэмы Л.) утвараюць адзінку 2-га разраду, n адзінак 2-га разраду — адзінку 3-га разраду і г.д. Асновай такіх сістэм можа быць любы лік, большы за 1, напр., 2 (двайковая сістэма лічэння), 5, 10 (дзесятковая сістэма лічэння), 12, 20, 40, 60. Першая такая сістэма (шасцідзесятковая вавілонская) узнікла каля 4 тыс. гадоў назад і выкарыстоўваецца пры вымярэнні і запісе вуглоў і часу. Існуюць простыя правілы пераводу лікаў з адной сістэмы Л. ў другую. У непазіцыйных сістэмахЛ., якія выкарыстоўваюцца ў мадулярнай арыфметыцы, кожны лічбавы знак мае пастаяннае значэнне незалежна ад свайго месцазнаходжання ў запісе любога ліку. Напр., кожны цэлы лік ад 0 да 104 адназначна выяўляецца сваімі астачамі ад дзялення на 3, 5 і 7. Пры складанні, адыманні і множанні лікаў дастаткова аперыраваць толькі гэтымі астачамі, што значна павялічвае хуткасць вылічэнняў.