АКСО́Н
(ад грэч. axōn вось),
нейрыт, восевы цыліндр, адростак нейрона, які праводзіць нерв. імпульсы ад цела нерв. клеткі да мышачных і залозістых клетак органаў, якія інервуюцца, або да інш. нейронаў. Ад кожнай нерв. клеткі адыходзіць адзін аксон дыяметрам у некалькі мікронаў, даўж. да 1 м і больш (у некаторых жывёл трапляюцца гіганцкія аксоны таўшчынёй да дзесятых доляў міліметра). Пачатковы сегмент аксон (бугарок) найбольш узбудлівы і з’яўляецца месцам генерацыі нерв. імпульсаў. Канцавыя разгалінаванні (тэрміналі) утвараюць сінаптычныя кантакты з інш. нейронамі, мышцамі або залозістымі клеткамі. Хуткасць перадачы ўзбуджэння залежыць ад структуры і дыяметра аксона, ступені пакрыцця іх міэлінавай абалонкай. Пучкі аксона і дэндрытаў утвараюць нервы.
А.С.Леанцюк.
т. 1, с. 208
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)