Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАТЭ́НЦЫЯ СЕКСУА́ЛЬНАЯ,
здольнасць арганізма да сексуальных рэакцый. У сексалогіі ўжываецца выключна ў адносінах мужчынскай сексуальнасці. Уключае ступень напружанасці палавога члена, хуткасць з’яўлення эрэкцыі, магчымасць весці інтэнсіўнае палавое жыццё. Расстройствы П.с. вядуць да імпатэнцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАГІ́НЫ ТЭКТАНІ́ЧНЫЯ,
лінейна выцягнутыя адмоўныя тэктанічныя структуры (даўж. ад дзесяткаў да тысяч кіламетраў), запоўненыя асадкавай або вулканагенна-асадкавай тоўшчай (магутнасцю да 10—15 км). Фарміруюцца на працягу многіх мільёнаў гадоў у выніку тэктанічных рухаў на розных стадыях развіцця зямной кары. Па ступені запаўнення бываюць кампенсаваныя (хуткасць асадканамнажэння адпавядае прагінанню) і некампенсаваныя (хуткасць прагінання значна перавышае асадканамнажэнне). Вылучаюць П.т. геасінклінальныя (унутраныя і знешнія), платформавыя (унутрыплатформавыя розных рангаў, — напр., Прыпяцкі прагін; аўлакагены, напр., Прыпяцка-Данецкі аўлакаген; перыкратонныя), арагенныя (краявыя прагіны, напр., Перадуральскі, Перадкарпацкі; міжгорныя), перыакіянічныя (уздоўж падводных ускраін мацерыкоў, напр., П.т. з 2 бакоў Атлантычнага ак., Антарктычнага ўзбярэжжа Ціхага ак.). П.т. ўмяшчаюць паклады карысных выкапняў: нафты, газу, каменнай і калійных солей, вуглёў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБАРО́Т КАПІТА́ЛУ,
працэс узнаўлення руху ўсяго авансаванага капіталу, які бясконца паўтараецца. Не супадае з кругаабаротам капіталу. Поўны абарот капіталу адбываецца толькі тады, калі ў грашовай форме вяртаецца авансаваная вартасць асноўнага капіталу і ён аднаўляе сваю матэрыяльную форму. Таму абарот капіталу ахоплівае некалькі кругаабаротаў капіталу. Час, на працягу якога авансаваны ў грашовай форме капітал вяртаецца ў той жа форме да прадпрымальніка, наз. часам абаротам капіталу. Адзінкай вымярэння абароту капіталу служыць год. Хуткасць абароту капіталу вызначаецца па формуле:
, дзе n — колькасць абаротаў, A — адзінка вымярэння, a — час абароту індывід. капіталу. Хуткасць абароту капіталу — паказчык жыццяздольнасці капіталу. На яе ўплываюць час вытв-сці і час абарачэння, а таксама суадносіны асн. і абаротнага капіталу ў авансаваным капітале.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕРВО́ВАЯ РЭГУЛЯ́ЦЫЯ,
уплыў нервовай сістэмы на клеткі, тканкі і органы для каардынацыі іх дзейнасці на патрэбу арганізма і ў адпаведнасці са зменамі навакольнага асяроддзя. Мае вядучае значэнне ў забеспячэнні цэласнасці арганізма і з’яўляецца адным з асн. механізмаў гамеастазу. У філагенезе Н.р. ўзнікла пазней за гумаральную, але па меры развіцця нерв. сістэмы падпарадкавала яе нерв. сувязям, і ўтварылася нейрагумаральнае ўзаемадзеянне, заснаванае на рэфлекторных адносінах. Яно ажыццяўляецца з дапамогай медыятараў, якія выдзяляюцца нерв. канчаткамі і строга адрасаваны пэўнаму органу ці групе клетак, таму хуткасць Н.р. ў сотні разоў перавышае хуткасць гумаральнай рэгуляцыі. Разам з тым многія медыятары (ацэтылхалін, норадрэналін, сератанін і інш.) здольныя паступаць у кроў і рэгуляваць дзейнасць органаў і тканак як гумаральны фактар. Уяўленне аб пераважным значэнні нерв. сістэмы ў рэгуляцыі працэсаў і функцый у арганізме жывёл і чалавека — аснова канцэпцыі нервізму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІМЕРЫ́Я (ад грэч. polymereia шматскладовасць, наяўнасць многіх частак),
адзін з тыпаў узаемадзеяння генаў, пры якім ступень развіцця адной і той жа прыкметы абумоўлена ўплывам шэрагу т.зв. палімерных генаў (праяўляюцца падобным чынам). П. пашырана ў прыродзе. Паводле тыпу П. наследуюцца важныя гаспадарча карысныя прыкметы: вышыня раслін, колькасць бялку ў зерні, вітамінаў у пладах, хуткасць росту, маса жывёл і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭРКАЛЯ́РНЫ РОСТ, уставачны рост,
рост раслін у даўжыню ў выніку дзялення клетак утваральнай тканкі (мерыстэмы), якая знаходзіцца ніжэй верхавіны органа (напр., у міжвузеллях сцёблаў злакаў, у аснове ліста). Пры І.р. сцябло расце па ўсёй даўжыні. У розных раслін хуткасць росту сцябла неаднолькавая. Напр., у бамбука прырост парасткаў да 30 см за сут, канчатковай выш. 30 м ён дасягае за некалькі месяцаў, інш. дрэвы — за дзесяткі гадоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЭЛЕКТРЫ́ЧНЫ НАГРЭ́Ў,
награванне дыэлектрыкаў у пераменным эл. полі. Абумоўлены дыэлектрычнымі стратамі. Мае высокую хуткасць і раўнамернасць разагравання матэрыялаў з нізкай цеплаправоднасцю. Пры частотах да 300 МГц праводзіцца ў полі кандэнсатара; пры звышвысокіх частотах — у полі аб’ёмнага рэзанатара ці выпрамяняльніка; напружанасць эл. поля ў прамысл. устаноўках да 3000 кВ/м. Выкарыстоўваецца для высушвання матэрыялаў (драўніны, паперы, керамікі і інш.), зваркі пластмас, награвання пластмас перад прасаваннем, пры склейванні драўніны і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМЁБЫ (Labosea),
клас прасцейшых. Трапляюцца ў прэсных, саленаватых, марскіх водах, часта ў прыбярэжным пяску, глебе; асобныя паразітуюць у кішэчніку жывёл і чалавека (напр., амёба дызентэрыйная Entamoeda histolytica), выклікаюць амёбіяз.
Цела 15 мкм — З мм, пастаяннай формы не маюць. Перамяшчаюцца з дапамогай часовых вырастаў (псеўдаподыяў). Хуткасць руху 0,5—3 мкм/мін. Маюць ядро, пульсуючую і стрававальную вакуолі. Жывяцца бактэрыямі, водарасцямі, прасцейшымі. Размнажаюцца бясполым спосабам (дзяленнем). У неспрыяльных умовах акругляюцца, укрываюцца 2-слаёвай шчыльнай абалонкай (інцыстуюцца).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭНУДА́ЦЫЯ (ад лац. denudatio агаленне),
сукупнасць працэсаў зносу і пераносу з узвышшаў прадуктаў выветрывання горных парод (вадой, ветрам, лёдам, сілай цяжару) з наступным іх намнажэннем у паніжэннях рэльефу. На тэмпы і характар Д. ўплываюць размах і хуткасць тэктанічных рухаў. Перавага Д. над эфектам тэктанічных падняццяў прыводзіць да агульнага нівеліравання рэльефу. У выніку працяглай Д. горныя краіны ператвараюцца ў хвалістыя раўніны — пенеплены. Тэрмін «Д.» выкарыстоўваецца таксама для абазначэння працэсаў зносу прадуктаў выветрывання шляхам плоскаснага змыву.