УЗБУ́ДЛІВАСЦЬ,
здольнасць жывых клетак, органаў і цэласных арганізмаў (ад прасцейшых да чалавека) успрымаць уздзеянні раздражняльнікаў і адказваць на іх узбуджэннем. Звязана са спецыфічнай адчувальнасцю клетачных мембран і іх здольнасцю ў адказ на ўздзеянне адэкватнага раздражняльніка (напр., хім., мех.) мяняць велічыню мембраннага патэнцыялу. Вызначаецца па парогу раздражнення (чым меншая парогавая сіла раздражняльніка, тым большая У., і наадварот). Інтэнсіўнасць, працягласць і хуткасць рэакцый у адказ на раздражненне неаднолькавыя для розных тканак. Як адна з форм раздражняльнасці У. узнікла ў працэсе эвалюцыі ў сувязі з развіццём спецыфічных тканак і асабліва характэрна для нерв. сістэмы. Тэрмін У. выкарыстоўваюць таксама для ацэнкі стану нерв. сістэмы, нервова-псіхічнай напружанасці.
С.С.Ермакова.
т. 16, с. 178
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)