УМЕ́РАНЫ КЛІ́МАТ,

клімат умераных паясоў зямнога шара. Фарміруецца пад уплывам умераных шырот паветра і трапічных паветраных мас і інтэнсіўнага ўздзеяння цыклонаў і антыцыклонаў у Паўн. паўшар’і. Характэрны выразныя поры года з умерана цёплым летам (сярэднія т-ры паветра найб. цёплага месяца ад 10 °C да 25 °C) і халаднаватай або халоднай снежнай зімой (сярэднія т-ры паветра найб. халоднага месяца амаль усюды адмоўныя). Сярэднегадавая колькасць ападкаў на большай ч. сушы 500—800 мм (да 1000—2000 мм на ўскраіне мацерыка каля мора, да 100—200 мм ва ўнутрыкантынент. частках і з набліжэннем да субтропікаў). У межах умераных паясоў вылучаюць марскі клімат (пераважна на 3 мацерыкоў), кантынентальны клімат і мусонны клімат (гл. Мусоны), які характэрны для ўсх. ч. Азіі. На Беларусі клімат умераны, пераходны ад марскога да кантынентальнага.

т. 16, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРЫФТО́НГ (ад грэч. tri трох + phthongos голас, гук),

складаны галосны гук, які ўключае тры элементы, што ўтвараюць адзін склад. Характэрны пераважна для моў, якія маюць дыфтонгі. Звычайна маюць такую ж працягласць, што і дыфтонг. Найб. вывучаны Т. англ. мовы.

т. 16, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНЦЭНТРЫ́ЧНЫ ПУЧО́К,

сасудзіста-валакністы цяж праводзячай тканкі раслін, у якім драўніна (ксілема) знаходзіцца ў цэнтры пучка, а луб (флаэма) — звонку ці наадварот. З’яўляецца закрытым пучком, бо адсутнічае камбій. Характэрны для вегетатыўных органаў папарацепадобных і аднадольных раслін. Гл. таксама Калатэральны пучок.

т. 8, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УКРА́ПАНІКІ, фенакрышталі,

адносна буйныя крышталі або зерні мінералаў, уключаныя ў шклістую або мікракрышт. асн. масу магматычнай пароды. Вылучаюцца велічынёй і формай. Характэрны для парод з парфіравай структурай. У. наз. таксама парфірабласты, якія ўзнікаюць у метамарфічнай пародзе ў выніку перакрышталізацыі пры метасаматозе.

т. 16, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНДЫГІ́РКА,

рака ў Рэспубліцы Саха (Якуція) Рас. Федэрацыі. Даўж. 1726 км, пл. бас. 360 тыс. км². Пачынаецца з двух вытокаў — Хастах і Тарын-Юрах на паўн. схілах Халканскага хр.; упадае ва Усх.-Сібірскае м. У вярхоўях цячэ па Аймяконскім нагор’і, далей у вузкай цясніне праразае хр. Чэрскага, утварае парогі. Ніжняе цячэнне на Яна-Індыгірскай нізіне, дзе характэрны прамыя доўгія плёсы шыр. 350—500 м. Асн. прытокі: Селенях, Уяндына, Алаіха (злева), Мома, Бадзярыха (справа). За 130 км ад вусця І. разбіваецца на рукавы, утварае дэльту пл. 5,5 тыс. км². Жыўленне снегавое і дажджавое. Ледастаў з кастр. да канца мая — пач. чэрвеня. Месцамі перамярзае, тыповыя вял. наледзі (тарыны). Характэрны летнія паводкі. Сярэдні расход вады 1850 м³/с. Суднаходная ад упадзення р. Мома (1154 км). У вусці промысел рыбы (рапушка, нельма, муксун і інш.). Гал. прыстані: Хануў, Дружына, Чакурдах, Табор.

т. 7, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛАВЫ́Я ХРАМАСО́МЫ,

храмасомы, якія вызначаюць адрозненне карыятыпаў асобін розных полаў у раздзельнаполых арганізмаў. Гомагаметны пол мае 2 аднолькавыя храмасомы (X-храмасомы). Гетэрагаметны пол мае адну X-храмасому (тып ХО, характэрны для клапоў, конікаў) або пару розных П.х. — X і Y (тып XY, характэрны для млекакормячых і чалавека) — і адносіцца пераважна да мужчынскага полу. Апладненне яйцаклеткі сперматазоідам, што нясе X-храмасому, прыводзіць да ўтварэння XX-зіготы, з якой развіваецца жан. асобіна; апладненне сперматазоідам, што не мае X-храмасомы, прыводзіць да паяўлення мужчынскай асобіны. У П.х. знаходзяцца таксама гены, якія вызначаюць не толькі палавыя, але і інш. прыкметы арганізма (т.зв. счэпленыя з полам). У параўнанні з X-храмасомай Y-храмасома часта мае менш генаў, шмат структурнага гетэрахрамаціну і меншая па велічыні. Неразыходжанне П.х. у аднаго з бацькоў у час утварэння палавых клетак прыводзіць да парушэнняў развіцця арганізма.

Р.​Г.​Заяц.

т. 11, с. 533

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУГРЫ́СТЫЯ ПЯСКІ́,

нерухомыя намнажэнні пяскоў у выглядзе невял. узгоркаў круглаватай ці падоўжанай формы вакол асобных хмызнякоў. Адрозніваюць сыпучыя кучавыя пяскі і зацвярдзелыя бугры. Фарміруюцца ў раёнах залягання прэсных і саленаватых грунтавых вод (на глыб. 3—5 м). Характэрны для пустыняў Цэнтр. Азіі.

т. 3, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЭМА́ЙЦКАЕ ЎЗВЫ́ШША, Жмудскае ўзвышша,

у зах. ч. Літвы, у бас. рэк Вянта, Юра, Мінія і Дубіса. Выш. да 234 м (г. Мядзвегаліс). Складзена з глін, пяскоў, мергеляў. Характэрны згладжаны марэнна-ўзгоркавы рэльеф. Шмат азёр. Хвойныя і мяшаныя лясы, лугі, пашы, ворная зямля.

т. 6, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРО́БКІНА Святлана Тарасаўна (н. 28.3.1938, в. Сеніца Мінскага р-на),

бел. паэтэса. Друкуецца з 1968. У паэт. зб-ках «Колер дабра» (1978), «Арабескі восені зялёнай» (1990), «Вячорніца» (1995) любоў да свайго краю, роднай мовы. Для яе твораў характэрны лірызм, рамантычнасць.

В.​У.​Смольская.

т. 8, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУСТЫ́НЯ,

занальны тып ландшафту, які склаўся ва ўмовах дэфіцыту вільгаці (арыдная П.) або цяпла (халодная П.). Для П. характэрны вельмі разрэджаныя і збяднелыя раслінныя згуртаванні. Пашыраны ў пустынных зонах трапічнага, субтрапічнага і ўмеранага паясоў, а таксама ў Арктыцы і Антарктыдзе (ледзяная П.), у гарах утвараюць вышынны ландшафтны пояс (халодная высакагорная П.). Адрозніваюць кантынентальныя П. (Гобі, Такла-Макан), размешчаныя ва ўнутраных ч. мацерыкоў, і прыакіянічныя або прыбярэжныя П. (Атакама, Наміб), што працягваюцца ўздоўж зах. узбярэжжаў мацерыкоў. Паводле характэрных глеб і грунтоў вылучаюць розныя тыпы П.: пясчаныя, друзавыя, камяністыя, гліністыя, такыравыя (гл. Такыры), лёсавыя, саланчаковыя, гіпсавыя і інш. У рэльефе П. — складаныя спалучэнні нагор’яў, дробнасопачніку і астраўных гор са структурнымі рачнымі далінамі і замкнутымі азёрнымі ўпадзінамі. Пашыраны эолавыя формы рэльефу (барханы, дзюны, пясчаныя грады, бугрыстыя пяскі). Большая ч. тэр. П. бяссцёкавая, зрэдку іх перасякаюць транзітныя рэкі (напр., Сырдар’я, Амудар’я, Ніл). Характэрны перасыхаючыя вадацёкі і азёры. Глебы развіты слаба, пераважна прымітыўныя, бурыя шэразёмы, шэра-карычневыя, светла-шэрыя карбанатныя, трапляюцца засоленыя глебы, такыры і інш. Для большасці П. характэрны ксерафільныя кусцікавыя (палынныя, салянкавыя, лебядовыя) сукуленты, галафіты, эфемеры і эфемероіды. Фауну прадстаўляюць млекакормячыя (пераважна грызуны і капытныя), паўзуны (агамы, вараны), насякомыя і павукападобныя (фалангі, скарпіёны). Найб. П. зямнога шара — Сахара. Арашальныя землі выкарыстоўваюцца пад земляробства, пашу. Плошча П. пастаянна пашыраецца ў выніку высечкі і звядзення лясоў, знішчэння натуральнай расліннасці, глебавай эрозіі, перавыпасу жывёлы. Пра клімат П. гл. ў арт. Пустынныя зоны.

В.​С.​Аношка.

Дзюны ў пустыні Сахара.

т. 13, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)