ІНДЫГІ́РКА,

рака ў Рэспубліцы Саха (Якуція) Рас. Федэрацыі. Даўж. 1726 км, пл. бас. 360 тыс. км². Пачынаецца з двух вытокаў — Хастах і Тарын-Юрах на паўн. схілах Халканскага хр.; упадае ва Усх.-Сібірскае м. У вярхоўях цячэ па Аймяконскім нагор’і, далей у вузкай цясніне праразае хр. Чэрскага, утварае парогі. Ніжняе цячэнне на Яна-Індыгірскай нізіне, дзе характэрны прамыя доўгія плёсы шыр. 350—500 м. Асн. прытокі: Селенях, Уяндына, Алаіха (злева), Мома, Бадзярыха (справа). За 130 км ад вусця І. разбіваецца на рукавы, утварае дэльту пл. 5,5 тыс. км². Жыўленне снегавое і дажджавое. Ледастаў з кастр. да канца мая — пач. чэрвеня. Месцамі перамярзае, тыповыя вял. наледзі (тарыны). Характэрны летнія паводкі. Сярэдні расход вады 1850 м³/с. Суднаходная ад упадзення р. Мома (1154 км). У вусці промысел рыбы (рапушка, нельма, муксун і інш.). Гал. прыстані: Хануў, Дружына, Чакурдах, Табор.

т. 7, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)