КАЎЛІ́НІЯ (Caulinia),

род кветкавых падводных раслін сям. наядавых. Каля 45 відаў. Пашыраны ў цёплых і ўмерана цёплых краінах. На Беларусі 2 віды К.: гнуткая (C. flexilis) і малая (C. minor), занесеныя ў Чырв. кнігу. Трапляюцца ў азёрах і старыцах Бел. Паазер’я, наваколлі Магілёва, Лоева, у воз. Свіцязь Навагрудскага р-на і інш. Аб’ект біял. даследаванняў. Паводле выкапнёвых рэшткаў К. вызначаюць узрост адкладаў міяцэну, пліяцэну і антрапагену.

Аднагадовыя травяністыя расліны з тонкім разгалінаваным гнуткім або ломкім сцяблом даўж. 8—40 см. Лісце лінейнае, па краях зубчастае, супраціўнае або ў кальчаках. Кветкі адзіночныя, непрыкметныя, у пазухах лісця. Тычынкавыя кветкі абкружаны двухлопасцевым калякветнікам. Цвітуць і апыляюцца пад вадой. Плод касцянкападобны. Кармавыя і дэкар. расліны.

Каўлінія малая.

т. 8, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІСЦЯПЁРЫЯ (Crossopterygii),

выкапнёвыя касцістыя рыбы. 5 атрадаў. Вядомы з ранняга дэвону (каля 400 млн. г. назад), росквіту дасягнулі ў сярэднім і познім дэвоне. У сярэднім дэвоне далі пачатак наземным пазваночным. 1 сучасны від — латымерыя. На Беларусі рэшткі К. (луска), па якіх вызначаюць узрост геал. адкладаў, знойдзены ў пясчана-гліністых адкладах сярэдняга і верхняга дэвону (віцебскі, нароўскі, старааскольскі і пашыйска-кынаўскі гарызонты) Аршанскай упадзіны. К. — жыхары марскіх і прэсных вадаёмаў.

Даўж. выкапнёвых форм ад 7 см да 5 м, латымерыі — да 1,8 м, маса да 95 кг. Цела верацёнападобнае, з моцным хвастом, укрыта вял. тоўстымі акруглымі лускамі-шчыткамі Мелі парныя шырокія плаўнікі з шкілетнай воссю, якімі маглі апірацца на дно. Драпежнікі. Яйцажывародныя.

т. 8, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІХТЫЯЗА́ЎРЫ (Ichthyosauria),

падклас вымерлых марскіх паўзуноў. 6 сям., 28 родаў, каля 80 відаў. Вядомы з адкладаў сярэдняга трыясу да мелавога перыяду мезазойскай эры, росквіту дасягнулі ў юры. Рэшткі знойдзены ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы і Аўстраліі. Жылі ў морах.

Даўж. 1—15 м. Вонкава нагадвалі сучасных дэльфінаў і акул. Мяркуюць, што І. паходзілі ад катылазаўраў. З паўзуноў найб. прыстасаваныя да жыцця ў вадзе. Цела верацёнападобнае, сплюшчанае з бакоў, мяккі спінны і цвёрды двухлопасцевы верт. хваставы плаўнікі Парныя канечнасці ператвораны ў ласты (заднія значна карацейшыя за пярэднія). Чэрап з доўгім рылам, вял. круглымі ці авальнымі вачніцамі. Зубы шматлікія (да 200), вострыя, аднарадныя. Скура без лускі. Жывародныя. Карміліся рыбай і галаваногімі малюскамі. Па іх рэштках вызначаюць узрост марскіх адкладаў мезазою.

Л.​Ф.​Каліноўскі.

Іхтыязаўр.

т. 7, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНАДО́НТЫ [ад грэч. kōnos конус + odus (odontos) зуб],

разрозненыя шкілетныя рэшткі выкапнёвых жывёл нявысветленай сістэм. прыналежнасці (часта вызначаюцца як сківічны апарат першасных рыб, кольчатых чарвей або рэшткі інш. жывёл). 8 сям., больш за 120 родаў. Вядомыя ў адкладах кембрыю — трыясу, верхняга мелу Еўропы, Паўн. Амерыкі, Афрыкі, Аўстраліі. На Беларусі выяўлены ў карбанатных адкладах ардовіку — ніжняга дэвону Брэсцкай упадзіны, сярэдняга і верхняга дэвону, карбону Аршанскай і Прыпяцкай упадзін.

Памер ад долей міліметра да 3 мм, зубападобныя, грабеньчатыя, лістападобныя, матавыя або празрыстыя, ад бурштынавага да цёмна-карычневага колеру. Вылучаюць групы К. простых (конусападобныя), складаных (у выглядзе сагнутых стрыжняў) і плоскіх (нізкія з шырокай плоскай асновай). Па рэштках вызначаюць узрост асадкавых адкладаў.

Марфалагічныя групы канадонтаў: 1 — простыя конусападобныя; 2 — складаныя стрыжнепадобныя; 3 — плоскія.

т. 7, с. 565

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВЕРАПАДО́БНЫЯ, сінапсіды,

тэраморфы (Synapsida, Theromopha),

падклас вымерлых паўзуноў. 2 атр.: пеліказаўры і тэрапсіды (Therapsida), 60 сям., каля 1 тыс. відаў. Рэшткі вядомы на ўсіх мацерыках, акрамя Аўстраліі, ад познакаменнавугальнай эпохі да сярэдзіны юрскага перыяду (росквіт у пярмі). Адасобіліся ад прымітыўных катылазаўраў. У верхнім карбоне і пярмі пераважалі прымітыўныя З., якіх аб’ядноўваюць у атр. пеліказаўраў (4 падатр.; 85—90 відаў, даўж. да 300 см). Афіякадонты і сфенакадонты — драпежнікі, казеазаўры — малюскаеды, эдафазаўры — расліннаедныя. З верхняй пярмі да сярэдняй юры былі пашыраны тэрапсіды (З падатр.: анамадонты, дэйнацэфалы, тэрыядонты; каля 450 відаў, даўж. да 600 см). Усе З. мелі добра развітыя іклы, зубы паднябення. З. — пераходныя жывёлы ад прымітыўных паўзуноў да млекакормячых, тыповыя прыкметы якіх з’явіліся ў тэрыядонтаў. Па рэштках З. вызначаюць узрост кантынентальных адкладаў.

Да арт. Зверападобныя. 1 — эдафазаўр; 2 — шкілет тытанафонеуса з атрада тэрапсід.

т. 7, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛА́КТЫКА (ад познагрэч. galaktikos малочны, млечны),

гіганцкая зорная сістэма, да якой належаць Сонца і ўся Сонечная сістэма разам з Зямлёй. У яе ўваходзяць не менш за 100 млрд. зорак (іх агульная маса каля 10​11 мас Сонца), міжзорнае рэчыва (газ і пыл, маса якіх каля 0,05 масы ўсіх зорак), касм. часціцы, эл.-магн. і гравітацыйнае поле.

Структура Галактыкі неаднародная. Адрозніваюць 3 асн. падсістэмы: сферычную (гала) — шаравыя скопішчы, чырвоныя гіганты, субкарлікі, пераменныя зоркі тыпу RR-Ліры, якія рухаюцца вакол цэнтра мас Галактыкі па выцягнутых арбітах у разнастайных напрамках і не ўдзельнічаюць у вярчэнні галактычнага дыска; прамежкавую (дыск) — большасць зорак галоўнай паслядоўнасці, у т. л. Сонца, зоркі-гіганты, белыя карлікі, планетарныя туманнасці; скорасць іх вярчэння мяняецца з адлегласцю ад цэнтра; узрост — некалькі млрд. гадоў; плоскую (тонкі дыск ці спіральныя рукавы) — маладыя зоркі, міжзорны газ і пыл, доўгаперыядычныя цэфеіды, пульсары, многія галактычныя крыніцы гама-, рэнтгенаўскага і інфрачырвонага выпрамянення; узрост гэтых зорак не большы за 100 млн. гадоў, яны не паспелі значна аддаліцца ад месцаў свайго нараджэння, таму спіральныя галіны Галактыкі лічаць месцам утварэння зорак. Цэнтральная вобласць Галактыкі (ядро) знаходзіцца ў напрамку сузор’я Стралец і заслонена ад зямнога назіральніка міжзорнымі воблакамі касм. пылу і газу. Памеры ядра Галактыкі больш за 1000 пк. Яно з’яўляецца крыніцай магутнага радыевыпрамянення, што сведчыць пра актыўныя працэсы, якія адбываюцца ў ім. Самая знешняя частка сферычнай падсістэмы — карона Галактыкі радыусам каля 70 кпк і масай, у 10 разоў большай за масу ўсёй астатняй Галактыкі. Сонца, знаходзіцца на адлегласці 8,5 кпк ад цэнтра, амаль дакладна ў плоскасці Галактыкі, і аддалена ад яе на Пн прыблізна на 25 кпк Скорасць вярчэння Сонца вакол цэнтра Галактыкі 230 км/с. Для зямнога назіральніка зоркі канцэнтруюцца ў напрамку плоскасці Галактыкі і зліваюцца ў бачную карціну Млечнага Шляху. Знаходжанне Сонца паблізу плоскасці Галактыкі ўскладняе даследаванне нашай зорнай сістэмы.

Літ.:

Марочник Л.С., Сучков А.А. Галактика. М., 1984;

Воронцов-Вельяминов Б.А. Очерки о Вселенной. 8 изд. М., 1980;

Климишин И.А. Открытие Вселенной. М., 1987.

Н.​А.​Ушакова.

Да арт. Галактыка. Млечны Шлях на небасхіле.

т. 4, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́ЛДУВАЙ, Олдавай (Olduvai, Oldoway),

цясніна на Пн Танзаніі, за 36 км на ПнУ ад воз. Эясі, дзе знойдзены рэшткі выкапнёвых прыматаў, адны з найстаражытнейшых у свеце, і рэшткі палеалітычных культур. Даследавалі ў 1930—60-я г. Л.С.Б.Лікі і М.​Лікі. У 1959—63 у ніжнім пласце, які пачаў намнажацца каля 1,9 млн. г. назад, знойдзены косці зінджантрапа і прэзінджантрапа, жылыя і лагерныя стаянкі з галечнымі прыладамі, чоперамі і прыладамі на адшчэпах. Косці прыматаў маюць узрост 1,75 млн. гадоў. У пласце, які залягаў вышэй (1,2—0,5 млн. гадоў), разам з каменнымі прыладамі знойдзены косці людзей, што займалі прамежкавае становішча паміж Homo habilis (чалавекам умелым) і пітэкантрапам. Гэтыя пласты перакрыты стараж.-ашэльскімі (шэльскімі) праслойкамі, у ’адной з якіх выяўлены косці т.зв. олдувайскага пітэкантрапа. Прылады працы гэтага перыяду больш дасканалыя, трапляюцца грубыя ручныя рубілы. У верхнім пласце знойдзены косці, якія нагадваюць косці неандэртальца.

Т.​С.​Скрыпчанка.

т. 11, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫСТРАФІ́Я ДЗІЦЯ́ЧАЯ,

хранічнае расстройства харчавання з парушэннем абмену рэчываў. Найчасцей развіваецца ў дзяцей з пахудзеннем на 10—20% пры 1-й ступені (лёгкая Д.), на 20—30% пры 2-й (сярэдняцяжкая Д.) і больш як на 30% пры 3-й (цяжкай Д.), што парушае гарманічнае развіццё. Бывае з памяншэннем масы цела ў адносінах да яго даўжыні (гіпатрафія), з нармальнай ці лішняй масай цела (паратрафія), з прапарцыянальным зніжэннем масы і даўжыні цела (гіпастатура). Узнікае ва ўлонні маці ці ў першыя тыдні жыцця дзіцяці (нястача ежы і хваробы маці пры цяжарнасці, узрост, прафес. шкоднасці, алкагалізм і інш.) і постнатальна (пасля нараджэння) пад уздзеяннем эндагенных (імунадэфіцытны стан, заганы развіцця ўнутр. органаў, асабліва страўнікава-кішачнага тракту і інш.) і экзагенных (аліментарныя, інфекц. ўздзеянні, няправільны догляд) фактараў. Д. выклікае парушэнне дзейнасці ферментаў стрававальна-кішачнага тракту, працэсаў расшчаплення і ўсмоктвання харч. рэчываў, абмену буд. і энергет. працэсаў, дзейнасці нерв. сістэмы, кровазвароту. Арганізм знясільваецца, супраціўленне яго зніжаецца, можа развіцца таксіка-септычны стан, што прыводзіць да смерці.

т. 6, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЕАПАТАМАЛО́ГІЯ (ад палеа... + грэч. potamos рака + ...логія),

навука аб стараж. рэках, якія захаваліся ў выглядзе алювіяльных адкладаў і пахаваных рачных далін; частка палеагеаграфіі і гідралогіі рэк. Пры вывучэнні стараж. рэк выкарыстоўваюць комплекс геал., геамарфалагічных, палеанталагічных і інш. метадаў. П. высвятляе ўмовы намнажэння, заляганне, склад, фацыяльную зменлівасць алювіяльных адкладаў, іх узрост, суадносіны з ледавіковымі, марскімі і інш. тыпамі адкладаў, асаблівасці расліннага і жывёльнага свету ў былых рачных сістэмах. Праводзяцца палеагеаграфічныя рэканструкцыі стараж. рачной сеткі, вызначаецца скорасць цячэння, расходы вады, энергія эразійнага размыву і г.д. Алювій пахаваных далін мае ў сабе розныя карысныя выкапні (напр., россыпы высакародных і рэдкіх металаў, вял. запасы прэснай вады). Рэкі, што існавалі ў познім пратэразоі і раннім палеазоі (да дэвону), наз. эарэкамі, у познім палеазоі і мезазоі — пратарэкамі, у палеагене і неагене — палеарэкамі, у плейстацэне — прарэкамі. Заснавальнік П. (1929) чэш. вучоны Ф.​Ржыкоўскі. На Беларусі навук. даследаванні ў галіне П. праводзіліся пад кіраўніцтвам Г.І.Гарэцкага (Дзярж. прэмія СССР 1971 за палеапатамалагічныя даследаванні).

Літ.:

Горецкий Г.И. Основные проблемы палеопотамологии антропогена // Бюл. комиссии АН СССР по изучению четвертичного периода. 1974. № 42;

Яго ж. Особенности палеопотамологии ледниковых областей (на примере Белорусского Понеманья). Мн., 1980.

А.​Ф.​Санысо.

т. 11, с. 546

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛТЫ́ЙСКІ ШЧЫ́Т, Фенаскандыя,

дадатная структура на ПнЗ Усходне-Еўрапейскай платформы (кратона), у якой дакембрыйскія пароды крышт. фундамента выходзяць на паверхню Зямлі. Займае ПдУ Скандынаўскага п-ва, Кольскі п-аў і Карэлію. На ПнЗ абмежаваны ўтварэннямі каледонскай складкавасці Скандынавіі, якія насунуты на пароды шчыта, на ПнУ на іх развіта познакембрыйскае тэктанічнае покрыва (працяг Ціманскай сістэмы), на Пд і ПдУ фундамент апускаецца пад платформавы чахол Рускай пліты.

Складзены з моцна метамарфізаваных парод архею і пратэразою, прарваных шматлікімі інтрузіямі, у т. л. гранітаў (утвараюць вял. масівы). У пародах фундамента Балтфыйскага шчыта вылучаецца шэраг комплексаў, якія адпавядаюць дакембрыйскім этапам тэктагенезу: дасвекафена-карэльскі (узрост больш за 2,6—2,7 млрд. гадоў), свекафена-карэльскі (1,75 млрд. гадоў), гоцкі (1,75—1 млрд. гадоў, калі б.ч. тэрыторыі шчыта прайшла этап платформавага развіцця), дальсландскі (каля 1 млрд. гадоў) і байкальскі, калі складкавасць закранула крайні ПнУ. Апошняму платформаваму этапу развіцця Балтыйскага шчыта ўласцівы разломна-глыбавыя тэктанічныя рухі, каледонская інтрузіўная дзейнасць, узнікненне грабена Осла, Батнічнай і Беламорскай дэпрэсій, упадзін Ладажскага і Анежскага азёраў, глыбокая дэнудацыя. У антрапагенавы перыяд Балтыйскі шчыт — цэнтр неаднаразовага зледзянення Еўропы і далёкага ледавіковага разносу крышт. парод. У межах Балтыйскага шчыта буйныя радовішчы жалезных (Кіруна, Аленягорск, Каўдор) і медна-нікелевых рудаў (на Кольскім п-ве), апатытаў (Хібіны), нефеліну, слюдаў, рэдказямельных мінералаў.

Г.​У.​Зінавенка.

т. 2, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)