нябачнае электрамагнітнае выпрамяненне аптычнага дыяпазону з даўжынёй хваль ад 0,74 мкм да 1—2 мм (ад чырв. канца бачнага спектра да найб. кароткіх радыёхваль). Выпрамяняецца ўсякім целам, асабліва нагрэтым. Складае значную ч. выпрамянення Сонца, большую ч. выпрамянення лямпаў напальвання, розных газаразрадных крыніц святла. Шырока выкарыстоўваюцца спец. крыніцы І.в. — стрыжні на аснове вокіслаў рэдказямельных элементаў і карбіду крэмнію, перспектыўныя лазерныя крыніцы І.в. Адкрыта ў 1800 У.Гершэлем.
І.в. вылучаюць таксама касм. целы: халодныя чырв. карлікі (зоркі з т-рай паверхні 1000—1500 К), шэраг планетарных туманнасцей, пылавыя воблакі, ядры галактык (у т. л. нашай), квазары. Спектр І.в. (як і бачнага, ультрафіялетавага) можа складацца з асобных ліній, палос або быць неперарыўным у залежнасці ад прыроды крыніцы. Аптычныя ўласцівасці рэчываў (празрыстасць, каэф. адбіцця і пераламлення) у інфрачырв. вобласці спектра звычайна адрозніваюцца ад уласцівасцей у бачнай і ультрафіялетавай абласцях. Многія рэчывы, празрыстыя ў бачнай вобласці, непразрыстыя ў некаторых абласцях І.в. і наадварот У большасці металаў адбівальная здольнасць для І.в. значна большая, чым для бачнага. Вылучыць І.в. з агульнага патоку выпрамянення можна з дапамогай прызмаў, дыфракцыйных рашотак, дысперсійных фільтраў і інш. Для выяўлення і вымярэння І.в. выкарыстоўваюцца цеплавыя і фотаэлектрычныя прыёмнікі (балометры, тэрмаэлементы), оптыка-акустычныя і піраэлектрычныя прыёмнікі, фотаэлементы і фотапамнажальнікі, электронна-аптычныя пераўтваральнікі і фотарэзістары, спец. фотаматэрыялы. І.в. выкарыстоўваецца ў навук даследаваннях, прам-сці, сельскай гаспадарцы, медыцыне, ваен. справе — для ідэнтыфікацыі і вывучэння будовы хім злучэнняў, якаснага і колькаснага спектральнага аналізу (гл.Інфрачырвоная спектраскапія), сушкі і нагрэву, дэфектаскапіі вырабаў (гл.Інфрачырвоная дэфектаскапія), фатаграфавання ў цемнаце, у начнога бачання прыладах і цеплапеленгацыі, саманавядзення снарадаў і ракет, наземнай і касм. сувязі, у лакатарах, дальнамерах і інш. (гл. таксама Інфрачырвоная тэхніка).
Літ.:
Леконт Ж. Инфракрасное излучение: Пер. с фр.М., 1958;
Марков М.Н. Приемники инфракрасного излучения. М., 1968;
Хадсон Р.Д. Инфракрасные системы: Пер. с англ.М., 1972;
Левитин И.Б. Применение инфракрасной техники в народном хозяйстве. Л., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЦЕ́ЙНАЯ ВЫТВО́РЧАСЦЬ,
выраб літых загатовак або дэталей (фасонных адлівак) спосабам запаўнення расплаўленым металам (сплавам) ліцейных форм; адна з асн. галін металургіі і машынабудавання. Уключае: прыгатаванне фармовачных сумесей і стрыжнёвых сумесей, выраб ліцейных мадэлей, форм і стрыжняў, плаўку металу і заліўку яго ў формы, выдаленне зацвярдзелых адлівак, іх ачыстку і абрубку. Рознымі спосабамі ліцця вырабляецца большасць прадукцыі машынабудавання з сталі, чыгуну і каляровых сплаваў.
Ліцейныя стрыжні і формы робяць на стрыжнёвых і фармовачных машынах, на паточных або аўтам. лініях з выкарыстаннем пескадуўных машын, пескастрэльных машын і інш. Зборка ліцейных форм (устаноўка стрыжняў, літніковай сістэмы, злучэнне верхніх і ніжніх апок) робіцца ўзгоднена з плаўленнем металу ў вагранках, полымных печах, дугавых і індукцыйных электрапечах і інш. Пасля заліўкі і зацвярдзення металу адліўкі (а таксама стрыжні з поласцей адлівак) выбіваюць, вызваляюць ад літніковай сістэмы, ачышчаюць ад прыгарэлых фармовачных сумесей і перадаюць на фарбаванне або тэрмічную апрацоўку (для паляпшэння мех. уласцівасцей). Для ачысткі адлівак выкарыстоўваюцца шротакідальныя, шротаструменныя, пескагідраўлічныя, электрахім. і электрагідраўлічныя ўстаноўкі, спец. прэсы і інш. Л. в. аснашчаецца ліцейнымі аўтаматамі, канвеерамі, аўтам. лініямі, электроннымі прыладамі і сістэмамі кіравання.
Вытв-сць літых вырабаў вядома з глыбокай старажытнасці. Прадметы рэліг. культу, хатняга ўжытку, зброю пачалі выплаўляць (пераважна з бронзы) у 4—3-м тыс. да н. э. ў краінах Пярэдняй Азіі, Егіпце, Індыі, Кітаі, на мяжы 3-га і 2-га тыс. да н. э. ў Еўропе (гл.Бронзавы век). У 13—14 ст. адлітымі вырабамі славіліся Візантыя, Венецыя, Генуя, Фларэнцыя. У 12—13 ст. складаныя адліўкі выраблялі кіеўскія ліцейшчыкі. У рус. дзяржаве ў 14—15 ст. адлівалі бронзавыя і чыгунныя гарматы, ядры і званы, у 1479 у Маскве пабудаваны першы ліцейны з-д. Майстар-ліцейшчык А.Чохаў адліў шэраг буйных гармат, у т. л. «Цар-пушку» (у 1586, каля 40 т). У 1735 адліты «Цар-звон» (больш за 200 т). У 1873 зроблена адна з самых вял. адлівак у свеце — шабот (ніжняя ч.) паравога молата (650 т). Адліваліся помнікі, скульптурныя групы і інш. У распрацоўку тэарэт. асноў Л. в. ўклад зрабілі вучоныя П.П.Аносаў, Дз.К.Чарноў, А.А.Байкоў, А.А.Бочвар, М.С.Курнакоў, А.В.І.Вейнік, П.П.Берг, А.М.Ляс і інш.
На Беларусі вытв-сць некаторых бронзавых рэчаў з прывазной сыравіны і пераплаўка сапсаваных вырабаў пачалася ў 1-й пал. 2-га тыс. да н. э. З 14 ст. адлівалі бронзавыя гарматы, алавяныя і бронзавыя ядры. Каля 1540 у Вільні заснаваны гарматны ліцейны двор — людвісарня, у 1597 — Баранская кульня (майстэрня па выплаўцы куль і ядраў). Ў 16—18 ст. невял. людвісарні — «дзелалейні» існавалі ў Нясвіжы, Слуцку, Быхаве, Магілёве, Друі, Віцебску, Полацку і інш. гарадах, якія адлівалі гарматы для сваёй абароны. Захаваліся імёны некаторых ліцейшчыкаў-людвісараў: запрошаны ням. майстар Г.Мольтцфельд, мясц. майстры Сцяпан і Пятро ў Нясвіжы (канец 16 — пач. 17 ст.), К.Ганусаў у Быхаве (2-я пал. 16 ст.), быхаўскія майстры Юрка і Мікалай, якія рабілі разавыя адліўкі ў Магілёве (сярэдзіна 17 ст.). У 18 ст.артыл. гарматы адлівалі ў Слуцку, Быхаве, Нясвіжы, Гродне, Жлобіне, Вішневе. У 1768 А.Тызенгаўзам пабудавана Маларыцкая металургічная мануфактура. Пазней дзейнічалі Вішнеўскі і Барысаўшчынскі металургічныя, Старынкаўскі чыгуналіцейны з-ды (гл. адпаведныя арт.), Налібоцкі металургічны камбінат, Досаўская медзеплавільная мануфактура. У 1990-я г. працуюць: Беларускі (у Жлобіне) і Магілёўскі металургічныя з-ды (гл. адпаведныя арт.), Гомельскі ліцейны завод «Цэнтраліт», высокаразвітая Л.в. на трактарным, аўтамабільным, маторным, падшыпнікавым, станкабудаўнічых, с.-г. машынабудавання і інш. з-дах. Над удасканаленнем тэхналогіі Л.в. і распрацоўкай ліцейнага абсталявання працуюць ліцейнай вытворчасці Беларускі навукова-даследчы і канструктарска-тэхналагічны інстытут, Фізіка-тэхн. ін-т, Ін-т тэхналогіі металаў (г. Магілёў) Нац.АН Беларусі, кафедры Л.в. Бел.політэхн. акадэміі і Гомельскага тэхн. ун-та і інш.
Д.М.Кукуй, У.М.Сацута.
Да арт.Ліцейная вытворчасць. А — чарвячная машына для ліцця пад ціскам палімерных матэрыялаў: 1 — ліцейная форма; 2 — выраб; 3 — цыліндр з расплаўленым матэрыялам і абагравальнікамі; 4 — прывод чарвяка. Б — атрыманне адліўкі цэнтрабежным ліццём на машыне з вертыкальнай воссю: 1, 2 — ніжняя і верхняя паўформы; 3 — літніковая сістэма; 4 — стрыжань.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПШАНІ́ЦА (Triticum),
род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 30 відаў, з якіх 12 эндэмічныя для Пярэдняй Азіі. Адзін з цэнтраў паходжання П. — Закаўказзе. Найб. пашыраны стараж. збожжавыя культуры, асн. прадукт харчавання амаль трэці насельніцтва зямнога шара П. цвёрдая (T. durum) і найб. урадлівая П. мяккая, або звычайная (T. aestivum). Маюць больш за 4 тыс. сартоў, азімыя і яравыя формы. На Беларусі вырошчваецца пераважна П. мяккая.
Аднагадовыя травы выш. 40—200 см (выш. вызначае ўстойлівасць да палягання і звязана з урадлівасцю). Каранёвая сістэма валасніковістая. Сцябло — прамастойная, полая або запоўненая парэнхімай саломіна. Лісце лінейнае. Кветкі двухполыя, аднадомныя, няправільныя, сабраныя ў суквецце — складаны колас. У П. цвёрдай каласкі размешчаны на стрыжні шчыльна, у мяккай — рыхла. Плод — зярняўка. Зерне голае або плевачнае, белае, чырв. ці фіялетавае, мучністае або шклопадобнае, падоўжанай ці шарападобнай формы з баразёнкай на баку. Мае ў сабе да 30% бялку, 60—64% вугляводаў, 2% тлушчу, вітаміны, ферменты, мінер. рэчывы і інш. Па хлебапякарных уласцівасцях адрозніваюцца слабыя, сярэднія і моцныя сарты П. мяккай. З зерня П. атрымліваюць муку, крупы, крухмал, спірт. Вотруб’е і інш. адходы памолу — канцэнтраваны корм, сыравіна для камбікормавай прам-сці. Салома — грубы корм і подсціл для жывёлы, выкарыстоўваецца таксама ў вытв-сці паперы, кардону, упаковачнага матэрыялу, для пляцення кошыкаў, капелюшоў, дэкар. вырабаў. Зялёная маса скормліваецца жывёле.
На Беларусі П. вядома з 6—8 ст.: апаленае зерне знойдзена на гарадзішчах Банцараўскае (Мінскі р-н) і Загорцы (Гарадоцкі р-н Віцебскай вобл.). Вырошчваецца 15 сартоў азімай і каля 12 сартоў яравой П. (2000). Культывуюцца сарты мясц. селекцыі, атрыманыя ў Бел.НДІ земляробства і кармоў Акадэміі агр. навук Беларусі, азімай П.: Бярэзіна, Каравай, Капылянка, Пошук і інш.; яравой П.: Беларуская 80, Ленінградка, Ростань і інш.
Літ.:
Вавилов Н.И. Мировые ресурсы сортов хлебных злаков, зерновых, бобовых, льна и их использование в селекции: Пшеница. М.; Л., 1964;
Носатовский А.И. Пшеница: Биология. 2 изд. М., 1965;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРАДУ́ЛІН (Рыгор Іванавіч) (н. 24.2.1935, в. Гарадок Ушацкага р-на Віцебскай вобл.),
бел. паэт, перакладчык. Нар. паэт Беларусі (1992). Скончыў БДУ (1959). Працаваў у перыяд. друку, з 1969 у выд-ве «Беларусь», з 1972 у выд-ве «Мастацкая літаратура». Друкуецца з 1953. Нізка вершаў «На зямлі цаліннай» склала асн. змест першай кнігі «Маладзік над стэпам» (1959). Выдаў каля 40 кніг лірыкі, сатыры, зб-каў для дзяцей. У ранняй творчасці (кн. лірыкі «Рунець, красаваць, налівацца!», 1961; «Нагбом», 1963; «Неруш», 1966; «Адам і Ева», 1968) данёс да чытача трываласць асноў нар. маралі і этыкі, пераканаў у таленавітасці бел. народа, у яго багатай духоўнасці. У паэзіі асэнсоўвае асн. змест эпохі: вайну, убачаную дзіцячымі вачыма, клопат пасляваен. дачаснага ўзмужнення падлеткаў, сённяшні і заўтрашні дзень планеты. У вершах «Жароўня», «Труба», «Стэарынавая свечка», «Хлебнічак», «Цялушка», «Палата мінёраў», «Скрыпачы» і інш. — старонкі біяграфіі пакалення дзяцей вайны, што вырастаюць да маштабнага асэнсавання трагізму жыцця бел. народа на акупіраванай тэрыторыі. Творчасць паэта вызначаецца разнастайнасцю жанраў, вобразна-стылявых сродкаў, яркай метафарычнасцю, тонкім псіхалагізмам, багаццем моўнай палітры. Скарбы вуснай нар. творчасці, засвоеныя з дзяцінства, сталі дабратворнай глебай, на якой прарасла, зарунела непаўторная творчая індывідуальнасць Барадуліна. У яго творах адкрываецца жывая крыніца хараства мовы і мудрасці нашага народа, яго традыцый і звычаяў, своеасаблівай натурфіласофіі. Разам з тым народна-паэтычнае ў творчасці Барадуліна нельга вылучыць з індывідуальнага. Дзякуючы такому сінтэзу паэту ўдаецца ствараць манум. вобразы Маці, Радзімы, Бацькаўшчыны. Многія вобразы ранняй лірыкі нярэдка маюць працяг у пазнейшых творах (зб-кі «Маўчанне перуна», 1986; «Самота паломніцтва», 1990; «Міласэрнасць плахі», 1992; «Евангелле ад Мамы», 1995). У апошніх кнігах узмацняецца гучанне біблейскіх матываў. Паэт нярэдка звяртаецца да жанру малітвы, малітвы за постчарнобыльскае выжыванне і адраджэнне бел. нацыі. Імкненнем далучыцца да агульначалавечай духоўнай культуры абумоўлены зварот да Бібліі ў «Трыкірыі». Аўтар зб-каў сатыр. і гумарыстычных твораў «Дойны конь» (1965), «Станцыя кальцавання» (1971), «Прынамсі...» (1977), «Амплітуда смеласці» (1983), «Мудрэц са ступаю» (1988) і інш., эпіграм на дзеячаў бел. л-ры і мастацтва (альбом «Няўрокам кажучы», 1971, шаржы М.Лісоўскага; «Абразы́ без абра́зы», 1985, шаржы К.Куксо); твораў для дзяцей (зб-кі «Мех шэрых, мех белых», 1963; «Красавік», 1965; «Экзамен», 1969; «Ай! Не буду! Не хачу!», 1971; «Што было б тады б, калі б?», 1977; «Ці пазяхае бегемот?», 1981; «Азбука не забаўка», 1985, і інш.), зб. артыкулаў і эсэ «Парастак радка, галінка верша» (1987). На бел. мову пераклаў п’есу «Ветрык, вей!» Я.Райніса, зб-кі твораў А.Вазнясенскага «Небам адзіным» (1980), І.Драча «Мелодыя каліны» (1981), Г.Містраль «Ветраліст» (1984), Умара Хаяма «Рубаі» (1989), «Слова пра паход Ігаравы» (1986), паасобныя творы У.Шэкспіра, Дж.Байрана, П.Нэруды, Н.Гільена, А.Міцкевіча, В.Каратынскага, У.Бранеўскага, С.Нерыс, О.Вацыеціса, С.Паптонева, С.Ясеніна, Я.Еўтушэнкі, Б.Акуджавы, Б.Ахмадулінай, М.Нагнібеды, Р.Гамзатава і інш. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1976 за паэму «Балада Брэсцкай крэпасці» (1974). Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Купалы 1976 за зб. вершаў «Рум» (1974) і кнігу перакладаў выбр. лірыкі Ф.Гарсія Лоркі «Блакітны звон Гранады» (1975). Песні на словы Барадуліна напісалі І.Барсукоў, Г.Вагнер, З.Галубіцкая, Я.Глебаў, У.Журовіч, М.Наско, Дз.Смольскі, М.Хаўхлянцаў і інш.
Тв.:
Выбр.тв.Т. 1—2. Мн., 1984;
Свята пчалы. Мн., 1975;
Белая яблыня грому. Мн., 1979;
Вечалле. Мн., 1980;
Паэмы прызвання. Мн., 1982;
Трэба дома бываць часцей... Мн., 1995.
Літ.:
Гарэлік Л.М. Зямля бацькоў дала мне права. Мн., 1983;
Клышка А. Адзін з майго пакалення // Клышка А. Права на верш. Мн., 1967;
Шклярэўскі І. Жывая душа: Фрагменты да літ. партрэта Рыгора Барадуліна // Полымя. 1970. № 2;
Зуёнак В. Лінія высокага напружання // На стрыжні часу. Мн., 1973;
Яго ж. Неба тваіх вачэй: Маналог з Ушаччыны // Зуёнак В. Лінія высокага напружання. Мн., 1983;
Арочка М. Нагбом з глыбінь // Арочка М. Галоўная служба паэзіі. Мн., 1974;
Бечык В. Неабходнасць прыгожага // Бечык В. Свет жывы і блізкі. Мн., 1974;
Яго ж. Свет увесь жывы табой... // Бечык В. Перад высокаю красою... Мн., 1984;
Караткевіч У. Шчыравала ў бары пчала... // Полымя. 1977. № 1;
Шпакоўскі Я. Узрушанасць. Мн., 1978. С. 74—90;
Сямёнава А. «Шчаслівай зоркі самародак...» // Сямёнава А. Гарачы след таленту. Мн., 1979;
Лойка А. Па законах таленту // Лойка А. Паэзія і час.Мн., 1981;
Семашкевіч Р. Ганчарны круг паэта // Семашкевіч Р. Выпрабаванне любоўю. Мн., 1982;
Стральцоў М. Ад маладзіка да поўні // Барадулін Р. Выбр.тв.Мн., 1984. Т. 1;
Тарасюк Л. Вернасць вытокам. Мн., 1985. С. 94—110.