ЖАЛЕЗАБЕТО́Н,
штучны будаўнічы матэрыял з бетону і стальной арматуры, якія маналітна злучаны і працуюць у канструкцыі як адно цэлае. Сумесная работа бетону і арматуры забяспечваецца іх трывалым счапленнем, амаль аднолькавымі каэф. лінейнага расшырэння. Бетон успрымае ў асн. сціскальныя намаганні, надае канструкцыі жорсткасць, ахоўвае арматуру ад карозіі; арматура (падоўжаныя стрыжні, папярочныя хамуты, мантажная для каркасаў) успрымае расцягвальныя намаганні. Вызначаецца высокай трываласцю, даўгавечнасцю, вогнеўстойлівасцю, прастатой формаўтварэння. Выкарыстоўваецца ў жыллёвым і прамысл. буд-ве, мостабудаванні, гідратэхн. буд-ве і інш. З Ж. робяць разнастайныя жалезабетонныя вырабы і канструкцыі.
Ж. бывае звычайны і папярэдне напружаны (яго арматуру перад бетанаваннем штучна нацягваюць, што абціскае бетон, павялічвае яго трываласць і трэшчынаўстойлівасць; гл. Папярэдне напружаныя канструкцыі), саманапружаны (робіцца з выкарыстаннем т.зв. напружвальнага цэменту, які пры цвярдзенні расшыраецца), зборны, маналітны і інш. Патэнт на Ж. атрымаў франц. вучоны Ж.Манье ў 1867. Канструкцыі з Ж. хутка пашырыліся ў Англіі, ЗША, Расіі (з 1885) і інш. краінах. У 1901—02 на чыг. лініі Віцебск—Жлобін было пабудавана 27 жалезабетонных мастоў і пуцеправодаў. Ж. стаў адным з найб. пашыраных матэрыялаў у буд-ве, які выкарыстоўваецца ў розных канструкцыях будынкаў і збудаванняў (фундаментаў, пліт, сцен, труб, мастоў, плацін і г.д.), ва ўсіх кліматычных зонах (фіз.-мех. ўласцівасці Ж. пры т-рах ад -40 да + 60 °C практычна не змяняюцца). Значны ўклад у развіццё навукі пра Ж. зрабілі рас. і сав. вучоныя М.А.Белялюбскі, А.Ф.Лалейт, Р.П.Перадзерый, В.В.Міхайлаў, А.А.Гвоздзеў, бел. вучоныя І.М.Ахвердаў, Я.І.Дрозд і інш.
Літ.:
Гл. пры арт. Жалезабетонныя вырабы і канструкцыі.
П.М.Багаслаўчык.
т. 6, с. 414
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)