Стрыжні (у жалезабетонных канструкцыях) 4/401

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АЛФЕНО́Л,

магнітамяккі сплаў жалеза (84%) з алюмініем (16%). Мае высокія магн. пранікальнасць у слабых палях, цвёрдасць, трываласць, зносаўстойлівасць, эл. супраціўленне. З алфенолу вырабляюць стрыжні галовак апаратуры для магн. запісу і ўзнаўлення інфармацыі.

т. 1, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІ́РКА,

фігурная арх. дэталь з цэглы або каменю найчасцей у выглядзе перакуленай пірамідкі. Шырока выкарыстоўвалася ў рус. архітэктуры 16—17 ст. у дэкоры брам, ганкаў, аконных праёмаў. Падвешвалася на схаваным у муроўцы жал. стрыжні і служыла апорай для дэкар. арачак, звычайна размешчаных пад адной вял. аркай.

т. 5, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́НТАВЫ МОСТ,

мост, асноўнымі канструкцыйнымі элементамі якога з’яўляюцца ванты — гнуткія расцягнутыя стрыжні (стальныя тросы, канаты, круглы пракат). Вантавы мост звычайна мае пілон (апору), ванты, бэльку жорсткасці і праезную частку. Ванты робяць пераважна з высокатрывалай сталі, бэлькі жорсткасці і пілоны — са сталі і жалезабетону. Пралёт вантавага моста больш за 300 м (у Індыі пабудаваны вантавы мост з пралётам 457 м).

т. 3, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́РЦА ВІБРА́ТАР,

дыполь Герца, самая простая антэна; першая з вібратарных антэн (гл. Вібратар). Прапанаваны Г.Р.Герцам (1888) для эксперыментальных доказаў існавання эл.-магн. хваль. Герц выкарыстоўваў медныя стрыжні з шарыкамі або палоскамі на канцах і іскравым прамежкам пасярэдзіне. Найменшы з выкарыстаных вібратараў меў даўжыню 26 см, у ім узбуджаліся ваганні з частатой 500 МГц, што адпавядае даўжыні хвалі 60 см.

т. 5, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРМАКАМЕ́ННЫЯ КАНСТРУ́КЦЫІ,

часткі будынкаў ці збудаванняў (сцены, калоны, слупы, прасценкі, перамычкі і інш.), мураваныя з каменю або цэглы і ўзмоцненыя арматурай. Для арміравання выкарыстоўваюць стальныя сеткі, якія ўкладваюцца ў гарыз. швы для павелічэння нясучай здольнасці армакаменных канструкцый пры сцісканні; стрыжні і дрот — укладваюцца ўнутры каменных элементаў і супрацьстаяць у асн. расцягванню. Выкарыстоўваюць таксама ўзмацненне каменнай муроўкі ж.-б. элементамі (комплексныя канструкцыі).

т. 1, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАТЭМАТЫ́ЧНЫ МА́ЯТНІК,

матэрыяльны пункт, які падвешаны на бязважкай нерасцяжной нітцы (або стрыжні) і вагаецца ў верт. плоскасці пад дзеяннем сілы цяжару. У рэальных умовах — масіўны (напр., металічны) шарык, падвешаны на нітцы, даўжыня якой значна перавышае яго памеры. Пры гарманічных ваганнях перыяд T М.м. не залежыць ад амплітуды ваганняў: T = 2π l g , дзе l — даўжыня М.м., g — паскарэнне свабоднага падзення. Выкарыстоўваецца ў прыладах для вызначэння паскарэння свабоднага падзення, ваганняў зямной кары і ў інш. гравіметрычных вымярэннях. Гл. таксама Маятнік.

т. 10, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕНЯВО́СТРАЎСКІ МО́ГІЛЬНІК,

могільнік канца мезаліту (канец 6 — пач. 5-га тыс. да н.э.) на в-ве Аленевым Анежскага возера (Карэлія). У 1936—38 даследавана 174 пахаванні, у якіх нябожчыкі пахаваны на спіне (118), на баку (11), скурчанымі (5) і вертыкальна (5). Знойдзена больш за 7 тыс. прадметаў, пераважна з косці і рогу: падвескі і пласцінкі (нашываліся на галаўны ўбор, шырокія паясы, адзенне і абутак), гарпуны, наканечнікі стрэл, кінжалы з крамянёвымі ўкладышамі, па-мастацку выразаныя фігуркі людзей, змей, галовы ласёў і інш.

Галава лася на рагавым стрыжні з Аленявостраўскага могільніка.

т. 1, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІЦЕ́ЙНАЯ ФО́РМА,

форма, у якую заліваюць расплаўлены матэрыял, каб атрымаць пасля яго зацвердзявання фасонную адліўку. Складаецца звычайна з дзвюх паўформ, якія з дапамогай ліцейнай мадэлі ўтвараюць замкнёную поласць з канфігурацыяй і памерамі патрэбнай адліўкі.

Л.ф. мае ліцейныя стрыжні, якія ўтвараюць унутр. поласці і адтуліны ў адліўцы (робяцца з стрыжнёвых сумесей) і літніковую сістэму (сукупнасць каналаў і поласцей) для запаўнення рабочай поласці расплаўленым матэрыялам. Адрозніваюць Л.ф. разавыя і шматразавыя, якія робяцца ў апоках з дапамогай фармовачных машын або ручным спосабам з фармовачных сумесей, а таксама з металу (какілі). Формы, якія выкарыстоўваюцца для ліцця пад ціскам, звычайна наз. прэс-формамі, для атрымання зліткаў — уліўніцамі, вырабаў з пластмас — ліццёвымі.

Д.М.Кукуй.

Ліцейная форма ў апоцы: 1 — верхняя паўформа; 2 — ніжняя паўформа са стрыжнем; 3 — літніковая сістэма.

т. 9, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ЛІ,

стрыжні (слупы, брусы), якія апускаюць у грунт для перадачы нагрузак ад збудаванняў. Бываюць жалезабетонныя, бетонныя, металічныя, драўляныя. Апускаюцца ў грунт палябойным абсталяваннем, завінчваннем, бетанаваннем у шчыліне.

Выкарыстоўваюцца для стварэння палевых фундаментаў, мастоў, падпорных сцен, у канструкцыях набярэжных, прычальных збудаванняў, плацін і інш. У асобных умовах выкарыстоўваюцца шпунтавыя П., якія ставяцца шчыльна адна да адной і ствараюць шпунтавыя загароды. Для сувязі верхніх частак П. робіцца ростверк, які служыць апорнай плітой ці бэлькай для збудавання. Пабудовы на П. вядомыя, у т. л. на Беларусі, з эпохі неаліту. Будаваліся па берагах рэк, азёр, на балотах, у т. л. для засцярогі ад паводак, звяроў і ворагаў.

Па́лі: 1 — драўляная; 2 — жалезабетонная суцэльная; 3 — жалезабетонная трубчастая; 4 — металічная трубчастая вінтавая.

т. 11, с. 555

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)