СТЫЛО́ (ад грэч. stylos), стыль, пісала,

прыстасаванне для пісьма ў старажытнасці і сярэдневякоўі ў выглядзе стрыжня, завостранага на адным канцы і з лапатачкай на другім. На Русі вядомы з 10 ст. касцяныя, з 11 ст. металічныя (з жалеза ці бронзы). Вострым канцом С. пісалі на бяросце або на спец. дошчачцы — цэры. Лапатачкай разгладжвалі воск і сціралі напісанае. На Беларусі С. знойдзены ў Навагрудку, Ваўкавыску, Мінску, Брэсце, Полацку, Браславе, Слуцку, Тураве, Пінску, Копысі, Капылі і Друцку. Ужываліся да 15 ст.

Насілі ў скураных футаралах, падвешаных да пояса. Жал. С. пакрывалі (лудзілі) волавам або меддзю. Стрыжні бронзавых С. амаль па ўсёй даўжыні перакручаны; лапаткі мелі форму кубачка (раннія), пяцівугольніка ці авала са зрэзаным верхам, перавернутага трохвугольніка (пазнейшыя). У аснове лапатачкі жал. С. было шарападобнае патаўшчэнне («яблык») або 2—3 валікі. Зрэдку лапатачка С. мела дэкор, а верхнюю частку касцяных аздаблялі выявамі жывёлы ці фантастычнай істоты.

Л.​У.​Калядзінскі.

Да арт. Стыло. Пісалы з Браслава і Друцка.

т. 15, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)