АРША́НСКІ ЕЗУІ́ЦКІ КАЛЕ́ГІУМ.

Дзейнічаў у 1612—1820 у Оршы. Заснаваны па фундацыі караля Рэчы Паспалітай Жыгімонта III Вазы, які разам з канцлерам ВКЛ Л.Сапегам і ксяндзом Лаўрэнціем у 1609 распрацаваў план яго стварэння, а ў 1610—11 падараваў аршанскім езуітам 210 валок зямлі з прыгоннымі сялянамі в. Князі, Крыніцы, Цянкі, Чабаданы, Чално, Чэрніца; у 1616 — маёнтак Фашчаўка (больш за 2 тыс. сялян). Кароль надзяліў езуітаў манаполіяй на адукацыю шляхетнай моладзі ў горадзе і Аршанскім пав. У калегіуме выкладаліся рыторыка, логіка, філасофія. У 1634 адкрыты 2 бурсы: музычная і для шляхетнай моладзі са збяднелых сем’яў. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай (1654—67) калегіум на 9 гадоў прыпыніў дзейнасць. Пажар 1680 знішчыў усе пабудовы, праз 3 гады адбудаваны. У калегіуме быў створаны «Аршанскі кодэкс».

Літ.:

Демьянович А. Иезуиты в Западной России в 1569—1772 гг. Спб., 1872;

Митрошенко Н.Я. Иезуиты в восточной части Белоруссии с 1579 по 1772 год // Полоцко-Витебская старина. Витебск, 1912. Вып. 2.

Т.Б.Блінова.

т. 1, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУБНО́Ў (Сямён Маркавіч) (10.10.1860, г. Мсціслаў Магілёўскай вобл.снеж. 1941),

яўрэйскі гісторык, публіцыст і грамадскі дзеяч. У 1880—1906 жыў у Пецярбургу, Адэсе, Вільні. З 1882 супрацоўнік час. «Восход» для яўрэйскай інтэлігенцыі. З 1906 лектар Вольнага ун-та Лесгафта ў Пецярбургу, на курсах усходазнаўства. У 1909—18 рэдактар час. «Еврейская старина». З 1917 праф. Пецярбургскага, з 1919 Яўр. ун-таў. З пач. 1920-х г. у Літве, Германіі, Латвіі. Забіты фашыстамі ў рыжскім гета. Аўтар даследаванняў па сусветнай гісторыі яўрэяў. Сабраў і апублікаваў шмат дакументаў, пераважна па гісторыі бел. яўрэяў. Даў новую перыядызацыю гісторыі яўр. народа, паклаў пачатак сацыялагічнага падыходу ў вывучэнні гісторыі яўрэяў.

Тв.:

Учебник еврейской истории для еврейского юношества. Ч. 1—3. Одесса, 1898—1901;

Краткая история евреев: Учеб. евр. истории: Для школы и самообразования. Ч. 1—3. СПб., 1912;

Всемирная история еврейского народа от древнейших времен до настоящего времени. Т. 1—10. Рига, 1934—38.

Э.Р.Іофе.

т. 6, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МАГІЛЁЎСКАЯ ДАЎНІНА́»,

1) «Могилевская старина», зборнік матэрыялаў з «Могилевских губернских ведомостей» за 1898—1903. Выйшлі 3 выпускі (1900—03) пад рэд. Е.Р.Раманава. Уключае артыкулы і нататкі па гісторыі, археалогіі, этнаграфіі Магілёўскай губ., гіст. дакументы. У 1-м выпуску змешчаны Баркулабаўскі летапіс, грамата караля Стафана Баторыя ад 1.3.1581, карта магілёўскага намесніцтва 1768, успаміны пра падзеі 1812 на Магілёўшчыне; у 2-м вып. — апісанне Крычаўскага графства А.Меерам у 1786, фрагменты запісак 1816 і 1822 англ. падарожніка Р.Пінкертона пра бел. губерні, бібліяграфічны паказчык асн. прац Раманава; у 3-м вып. — дакументы 16—20 ст. У 2-м і 3-м вып. змешчаны звесткі пра «апошняга летапісца» Беларусі ігумена Арэста. Публікацыі гіст. крыніц вызначае высокі навук. ўзровень, які не быў характэрны для тагачасных перыяд. выданняў.

2) Зборнік гіст. і краязнаўчых матэрыялаў, які з 1993 штогод выдаецца ў Магілёве як аднаўленне «М.д.» 1898—1903. Матэрыялы ахопліваюць гіст. перыяд развіцця Магілёўшчыны ад старажытнасці да сучаснасці. Мае рубрыкі: «Даследаванні. Меркаванні», «Асоба ў гісторыі», «Малавядомае», «Школьнае краязнаўства» і інш.

М.Ф.Шумейка, І.А.Пушкін.

т. 9, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́РНІК,

жабрак (старац), які здабываў сабе сродкі для існавання спевамі ў суправаджэнні ліры. На Беларусі (як у Расіі і на Украіне) Л. вандравалі па вёсках, у дні кірмашоў і фэстаў канцэнтраваліся ў мястэчках і гарадах. Выконвалі духоўныя вершы (найб. папулярныя «Лазар», «Прытча пра блуднага сына»), песні павучальна-быт. («Сіротка», «Пра Надзю») і гістарычныя («Паранены, замучаны крываваю вайной»), часам і танц. мелодыі, гарэзлівыя прыпеўкі. Сярод Л. трапляліся таленавітыя выканаўцы (Сымон-сляпак з Віцебшчыны, Флёрык з Ляхавіч). Народ лічыў іх носьбітамі дабра, справядлівасці, выразнікамі сваіх думак. Ігры на ліры навучаліся ў спрактыкаваных майстроў-«дзядоў» або непасрэдна ў час вандраванняў. Дакументы 2-й пал. 17 ст. сведчаць пра існаванне карпарацый Л. Са зменамі сац.-эканам. умоў жыцця Л. як асобная прафес. група вясковага насельніцтва паступова зніклі. Вобразы Л. адлюстраваны ў творах маст. л-ры, у т. л. ў рамане У.Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім».

Літ.:

Никифоровский Н.Я. Очерки Витебской Белоруссии. Т. 1. Старцы // Эгногр. обозрение. 1892. Кн. 12, № 1;

Грузинский А.Е. Из этнографических наблюдений в Речицком уезде Минской губернии // Там жа. 1891. Кв. 11. № 4;

Малевич С. Белорусский нищенский «Лазарь» // Живая старина. 1906. Вып. 2.

І.Дз.Назіна.

т. 9, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРКС (Максімілян Восіпавіч) (19.10. 1816, г. Віцебск — 1893),

мемуарыст, даследчык Сібіры. Скончыў Віцебскую гімназію (1834), вучыўся ў Маскоўскім ун-це. З 1858 выкладаў у гімназіях Смаленска і Масквы. У 1866 за ўдзел у польскай рэв. арг-цыі ў Маскве сасланы ў Сібір на пажыццёвае пасяленне. З 1868 жыў у Енісейску, дзе заснаваў першую сібірскую метэастанцыю. У «Зап. імп. Акадэміі навук» надрукаваў працу «Клімат Енісейска паводле 12-гадовых назіранняў 1871—1883» (1887); у час. «Русская старина» — нататкі пра К.Касовіча (1886), М.Петрашэўскага (1889). Ва ўспамінах пісаў пра Віцебск 1820—30-х г. («Запіскі старога», рукапіс у б-цы АН Украіны ў Львове), прывёў бел. фальклорныя матэрыялы, урыўкі з бел. ананімнай паэмы «Энеіда навыварат», звесткі пра цікаўнасць да бел. фальклору Э.Плятэр. Аўтар рукапіснага зборніка вершаў на польскай мове (зберагаецца ў б-цы Асалінскіх, Вроцдаў, Польшча). Залаты медаль Рус. геагр. т-ва 1878.

Тв.:

Записки старика: Витебск с 1821 по 1840 гг. // Віцеб. сшытак. 1995—97. № 1—3.

Літ.:

Федосова Т.Ф. Воспоминания Максимилиана Маркса «Записки старика» // Исследования по истории польского общественного движения XIX в. — начала XX в. М., 1971;

Кісялёў Г. Пошукі імя. Мн., 1978. С. 56—60;

Зайцаў М., Шчарбакоў С. Гістарычныя замалёўкі віцябчаніна // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1984. № 3.

Г.В.Кісялёў.

т. 10, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЕМІДО́ВІЧ (Павел Пятровіч) (10.7.1871, в. Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл. — 7.3.1931),

бел. этнограф, фалькларыст, краязнавец і педагог. Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю (1890), Віленскі настаўніцкі ін-т (1897). З 1890 настаўнічаў на Міншчыне і Навагрудчыне, з 1915 у Віцебску. З 1908 чл.-супрацоўнік аддз. этнаграфіі Т-ва аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі і этнаграфіі пры Маскоўскім ун-це. З 1919 у Мінску, арганізатар і заг. 13-й бел. школы (з вер. 1919 рэарганізавана ў Мінскую бел. гімназію). У 1920—21 інструктар і заг. школьнага аддзела Наркамасветы БССР. З 1921 выкладчык і заг. аддзялення Мінскага ін-та нар. адукацыі, выкладчык у школах Мінска. З 1925 чл. этнагр. секцыі Інбелкульта. Вывучаў сямейны побыт, вераванні, абрады і звычаі беларусаў. Збіраў бел. нар. паданні, легенды і гутаркі (апубл. «Гутарку Паўлюка» ў газ. «Виленский вестник» 1898, № 173). У нарысе «З галіны вераванняў і паданняў беларусаў» (1896) апісаў нар. вераванні пра нячыстую сілу, ведзьмаў, ваўкалакаў, заклятыя мясціны, знахароў, прывёў замовы з Навагрудскага і Мінскага пав. Супрацоўнічаў з М.А.Янчуком і М.В.Доўнар-Запольскім. Апошняму перадаў частку свайго збору фальклорна-этнагр. матэрыялаў.

Тв.:

Рождественские святки // Виленский вестн. 1894. № 277, 281;

1895. № 3;

Масленица и великий пост // Там жа. 1895. № 64, 67;

Благовещение // Там жа. № 68;

Пасха у сельчан белорусов // Там жа. № 73—74;

Радуница в Белоруссии // Там жа. № 77;

Купала в белорусской деревне // Там жа. № 134;

Белорусские детские игры // Живая старина. 1898. Вып. 3/4.

Літ.:

Гурскі А.І. З любоўю да народа. Мн., 1989.

І.У.Саламевіч.

П.П.Дземідовіч.

т. 6, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВІ́ЦЕБСКАЯ ДАЎНІНА́»,

«Витебская старина», зборнік дакументаў па гісторыі Віцебшчыны і Полаччыны 11—19 ст. Падрыхтаваў і выдаў у Віцебскай губ. друкарні бел. гісторык А.П.Сапуноў. З 6 запланаваных тамоў выдадзены 3. У 1-м т. (1883) матэрыялы пра Віцебск з 1021 па 1883: урыўкі з летапісаў, Віцебскі летапіс, інвентары горада, дагаворы, граматы віцебскіх і полацкіх князёў, стат. звесткі пра насельніцтва, законы рас. ўрада, якія датычылі горада і губерні, дакументы пра Траецкі манастыр, прывілеі Віцебску на магдэбургскае права 1597 і 1644, Віцебскае паўстанне 1623, вайну 1812 і інш. У 2-м і 3-м т. меркавалася змясціць дакументы па гісторыі Полацка і інш. гарадоў і мясцовасцей губерні. Ва ўступе да т. 4 (1885) змешчаны «Кароткі нарыс барацьбы Маскоўскай дзяржавы з Літвой і Польшчай у XIV—XVII ст.» Сапунова. У 1-й яго частцы — дакументы пра заняцце Полацка і наваколля ў 1563 войскамі рус. цара Івана IV; вызваленне Полацка і Полаччыны ў 1579 бел.-літ. і польскім войскамі на чале з каралём Стафанам Баторыем; у 2-й частцы — дакументы часоў вайны Расіі і Рэчы Паспалітай 1654—67. У т. 5 (1888) дакументы Полацкай епархіі ад яе ўзнікнення да 1772, матэрыялы пра далучэнне паўн.-ўсх. часткі Беларусі да Расіі. У пачатку тома змешчаны «Кароткі нарыс гістарычнага лёсу Полацкай епархіі ад старажытнага часу да паловы XIX ст.», дзе ёсць звесткі пра скасаванне уніяцкай царквы, далучэнне яе да рас. правасл. царквы і правядзенне Полацкага царкоўнага сабора 1839. У т. 6 меркавалася змясціць гіст. нарыс пра Віцебскую губ., дадаткі, паказальнікі. Выданне багата ілюстравана (карты, малюнкі помнікаў архітэктуры, факсіміле рэдкіх рукапісных кніг, партрэты гіст. асоб і інш.). Большасць дакументаў апублікавана ўпершыню, арыгіналы асобных з іх не зберагліся. Не ўсе дакументы надрукаваны цалкам, некаторыя дадзены ў перакладзе.

А.П.Грыцкевіч.

т. 4, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)