ДУБНО́Ў (Сямён Маркавіч) (10.10.1860, г. Мсціслаў Магілёўскай вобл. — снеж. 1941),
яўрэйскі гісторык, публіцыст і грамадскі дзеяч. У 1880—1906 жыў у Пецярбургу, Адэсе, Вільні. З 1882 супрацоўнік час. «Восход» для яўрэйскай інтэлігенцыі. З 1906 лектар Вольнага ун-та Лесгафта ў Пецярбургу, на курсах усходазнаўства. У 1909—18 рэдактар час. «Еврейская старина». З 1917 праф. Пецярбургскага, з 1919 Яўр. ун-таў. З пач. 1920-х г. у Літве, Германіі, Латвіі. Забіты фашыстамі ў рыжскім гета. Аўтар даследаванняў па сусветнай гісторыі яўрэяў. Сабраў і апублікаваў шмат дакументаў, пераважна па гісторыі бел. яўрэяў. Даў новую перыядызацыю гісторыі яўр. народа, паклаў пачатак сацыялагічнага падыходу ў вывучэнні гісторыі яўрэяў.
Тв.:
Учебник еврейской истории для еврейского юношества. Ч. 1—3. Одесса, 1898—1901;
Краткая история евреев: Учеб. евр. истории: Для школы и самообразования. Ч. 1—3. СПб., 1912;
Всемирная история еврейского народа от древнейших времен до настоящего времени. Т. 1—10. Рига, 1934—38.
Э.Р.Іофе.
т. 6, с. 244
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)