МАРКС (Максімілян Восіпавіч) (19.10. 1816, г. Віцебск — 1893),

мемуарыст, даследчык Сібіры. Скончыў Віцебскую гімназію (1834), вучыўся ў Маскоўскім ун-це. З 1858 выкладаў у гімназіях Смаленска і Масквы. У 1866 за ўдзел у польскай рэв. арг-цыі ў Маскве сасланы ў Сібір на пажыццёвае пасяленне. З 1868 жыў у Енісейску, дзе заснаваў першую сібірскую метэастанцыю. У «Зап. імп. Акадэміі навук» надрукаваў працу «Клімат Енісейска паводле 12-гадовых назіранняў 1871—1883» (1887); у час. «Русская старина» — нататкі пра К.Касовіча (1886), М.Петрашэўскага (1889). Ва ўспамінах пісаў пра Віцебск 1820—30-х г. («Запіскі старога», рукапіс у б-цы АН Украіны ў Львове), прывёў бел. фальклорныя матэрыялы, урыўкі з бел. ананімнай паэмы «Энеіда навыварат», звесткі пра цікаўнасць да бел. фальклору Э.Плятэр. Аўтар рукапіснага зборніка вершаў на польскай мове (зберагаецца ў б-цы Асалінскіх, Вроцдаў, Польшча). Залаты медаль Рус. геагр. т-ва 1878.

Тв.:

Записки старика: Витебск с 1821 по 1840 гг. // Віцеб. сшытак. 1995—97. № 1—3.

Літ.:

Федосова Т.Ф. Воспоминания Максимилиана Маркса «Записки старика» // Исследования по истории польского общественного движения XIX в. — начала XX в. М., 1971;

Кісялёў Г. Пошукі імя. Мн., 1978. С. 56—60;

Зайцаў М., Шчарбакоў С. Гістарычныя замалёўкі віцябчаніна // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1984. № 3.

Г.В.Кісялёў.

т. 10, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)