бел.нар. танец. Мясц. назвы: «Крутуха», «Круцёлка», «Падарожная», «Бычок», «Мяцеліца», «Лявоніха» па-даўнейшаму». Існуе ў адзінстве трох кампанентаў: харэаграфічнага ў 2 разнавіднасцях — імправізацыйнай (танцуюць па аднаму або ў крузе з выхадам асобных выканаўцаў) і рэгламентаванай, з устаноўленым парадкам фігур (выконваюць парамі або тройкамі); песенна-паэтычнага з мноствам тэкстаў жартоўнага зместу; муз.-інструментальнага з рознай меладычнай асновай. Рытмаформула ♪ ♪ ♪ ♪ 𝄀 ♪ ♪ ♪ ♪ 𝄀 ♪ ♪ ♪ 𝄾. Муз. памер 2/4. Тэмп жвавы. У нар. практыцы бытуе як абрадавы (калядная гульня «Жаніцьба Цярэшкі», вяселле на Паазер’і) і пазаабрадавы танец. Упершыню выведзена на сцэну ў паказах трупы І.Буйніцкага, 1-я сцэн.рэдакцыя створана ў 1920-я г. К.Алексютовічам; выкарыстана ў балетах «Салавей» М.Крошнера і «Князь-возера» В.Залатарова. Танец папулярны на Беларусі і за яе межамі, уваходзіць у рэпертуар прафес. і самадз.танц. калектываў, служыць своеасаблівай візітнай карткай бел. мастацтва за мяжой.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗНА́НСКІ ЗБО́РНІК,
рукапісны помнік бел. л-ры 16 ст. Узнік каля 1580, верагодна, на Навагрудчыне ў асяроддзі бел. шляхты. Уключае творы стараж.бел. перакладной і арыгінальнай л-ры, якіх не было ў інш. рукапісах. Сярод іх: «Аповесць пра Трышчана», «Аповесць пра Баву», «Гісторыя пра Атылу», «Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага» (поўная рэдакцыя). Пераклады рыцарскіх раманаў змешчаны пад агульным загалоўкам «Повесть о витязех с книг сэрбских, а звлаща о славном рыцэры Трысчане, о Анцалоте и о Бове и о иншых витезех добрых». Тэксты твораў адметныя багаццем і чысцінёй тагачаснай бел.літ. мовы.
П з. выяўлены ў 1846 В.Бадзянскім. Даследаваны А.Брукнерам. Бел. аповесці зборніка ўпершыню апублікаваў у 1888 А.Весялоўскі, летапіс — у 1907 С.Пташыцкі. Помнік зберагаецца ў публічнай б-цы імя Э.Рачынскага ў Познані (Польшча).
Літ.:
Веселовский А. Из истории романа и повести: Материалы и исслед. Вып. 2. Славяно-романский отдел. СПб., 1888.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ РА́ДЫЁза мяжой.
Упершыню перадачы на бел. мове пачалі выходзіць у 1928—29 у Чыкага (ЗША, засн. Я.Варонкам, адноўлены ў 1940-я г. Я.Тарасевічам), з 1949 на радыё Ватыкана (засн. П.Татарыновічам). У 1954 створана бел.рэдакцыя на радыё «Вызваленне» ў Мюнхене (кіраўнік В.Жук-Грышкевіч; з 1959 наз. «Свабода», з 1995 у г. Прага, кіраўнік М.Іваноў). З 1958 на Мадрыдскім нац. радыё (Іспанія) пачаліся штодзённыя бел. перадачы. На бел. мове выходзілі таксама перадачы ў ЗША (у гарадах Дэтройт, Кліўленд, Нью-Йорк), у Канадзе (Лондан, Садбур, Таронта, Оўквіл), у Аўстраліі (Брысбен, Мельбурн), у Вялікабрытаніі, Германіі, Аргенціне, Бельгіі і інш. Існуюць (1996) бел. праграмы на радыёстанцыях «Свабода», «Нёман» (г. Чыкага, ЗША, кіраўнік Н.Жызнеўскі), «Рэха Масквы» (г. Масква, Расія), у Ватыкане, у гарадах Перт і Сідней (Аўстралія, кіраўнікі М.Раецкі, М.Лужынскі), Беласток (Польшча, наз. «Пад знакам пагоні»), Вільнюс (Літва, «Беларускае слова на хвалях Літвы»), Львоў (Украіна, «Весткі з Беларусі»), на нац. радыё Польшчы, Латвіі, Эстоніі і інш.
А.С.Ляднёва.
Да арт.Беларускае радыё за мяжой. Беларускае радыё ў Таронта. У студыі Ю.Рапецкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НО́ВЫ ШЛЯХ»,
часопіс. Выдаваўся ў студз. 1942 — маі 1944 у Рызе з дазволу і пры падтрымцы герм. улад на рус. (наз. «Новый путь») і бел. мовах. Матэрыялы агульнапаліт. характару былі аднолькавыя. Рэдакцыябел. варыянта знаходзілася ў Мінску (гал. рэдактар У.Сядура), у Рызе выданне рыхтаваў да друку К.Езавітаў. У падрыхтоўцы матэрыялаў прымаў удзел аддзел прэсы рэйхскамісарыята «Остланд». Друкаваў агульнапаліт. і ваен. агляды, артыкулы, у якіх усхваляліся лад жыцця, навука і культура фаш. Германіі, нарысы і фотанарысы пра розныя краіны і рэгіёны свету. Змясціў шмат публікацый пра бел.нар. творчасць, архітэктуру, жывапіс, музыку, тэатр, дзейнасць Беларускага культурнага згуртавання, матэрыялы да юбілеяў Ф.Аляхновіча, К.Каганца, А.Кіркора, І.Насовіча, Е.Раманава і інш., успаміны Аляхновіча, Я.Лёсіка, літ. творы Н.Арсенневай, У.Дудзіцкага, М.Кавыля, У.Клішэвіча, Т.Лебяды, А.Салаўя, М.Сяднёва і інш. фотанарысы «Вуліцамі Менска», «25 год Віленскай беларускай гімназіі», «Першае пасяджэнне аб урачыстым адкрыцці і дзейнасці Беларускай цэнтральнай рады» і інш. Друкаваў хроніку з гарадоў Беларусі. Выйшла 45 нумароў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЫТА́НСКАЯ ЭНЦЫКЛАПЕ́ДЫЯ, «Брытаніка» (Encyclopaedia Britannica); універсальнае энцыклапедычнае выданне. Упершыню выйшла ў Эдынбургу (Вялікабрытанія; т. 1—3, 1768—71; скл. У.Смелі), потым у Лондане. З 1929 выходзіць у Чыкага (ЗША); з пач. 1940-х г. выдаецца фірмай «Брытанская энцыклапедыя»), у Лондане захавалася рэдакцыя Брытанскай энцыклапедыі, якая папаўняе яе новымі звесткамі аб Вялікабрытаніі. Брытанская энцыклапедыя выходзіць у 32 т., складаецца з 4 частак: Індэкса, Мікрапедыі, Макрапедыі і Прапедыі. Індэкс (2 тамы) уключае 500 тыс. спасылак, па розных пытаннях. У 12 тамах Мікрапедыі — 86 тыс. кароткіх (каля 300 слоў кожны) артыкулаў, якія ілюструюцца фотаздымкамі, картамі, схемамі, малюнкамі. У 17 тамах Макрапедыі — мноства вялікіх (па некалькі дзесяткаў старонак) артыкулаў пра найб. агульныя паняцці з рэестра Мікрапедыі. У канцы кожнага артыкула — падрабязная анатаваная міжнар. бібліяграфія. Аднатомная Прапедыя мае тэматычны прынцып будовы і дае магчымасць з дапамогай падрабязных планаў і шматлікіх спасылак вывучыць па тамах Брытанскай энцыклапедыі любую тэму. Поўны камплект Брытанскай энцыклапедыі кожны год перавыдаецца. З 1938 у дадатак да Брытанскай энцыклапедыі выдаецца Штогоднік, які змяшчае навіны навукі, культуры, самую апошнюю статыстыку (у амер. і англ. варыянтах). Да кожнага камплекта Беларускай энцыклапедыі дадаецца камп’ютэрны варыянт на кампакт-дыску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВЯЛІ́КАЯ ХРО́НІКА», «Летопис, то ест Кройника великая з розных многих кройникаров диалектом руским написана»,
беларуска-ўкраінскі хранограф 1-й пал. 17 ст., своеасаблівая гіст. энцыклапедыя свайго часу, першая сур’ёзная спроба выкладу сусв. гісторыі на старабел. мове. Месца ўзнікнення дакладна невядомае. Ранняя рэдакцыя помніка, найбольш верагодна, бел. паходжання, больш позняя — украінскага. Мае кампілятыўны характар. Паводле жанравай структуры — звод гіст. аповесцей, апавяданняў і пагадовых запісаў. Складаецца з 3 асн. частак: «Хронікі ўсяго свету» (грунтуецца пераважна на аднайм. хроніцы польск. гісторыка М.Бельскага), «Хронікі славянарускай» («Хронікі славян») і «Хронікі літоўскай і жамойцкай» (абедзве грунтуюцца на «Хроніцы польскай, літоўскай, жамойцкай і ўсяе Русі» М.Стрыйкоўскага). У 1-й частцы апісана далёкае мінулае чалавецтва ад «стварэння свету» да часоў Карла Вялікага (9 ст.). 2-я частка прысвечана гісторыі стараж. Русі ад заснавання Кіева да 1480. Адзін з раздзелаў «Хронікі славянарускай» называецца «Хроніка Белай і Чорнай Русі». У 3-й частцы гісторыя ВКЛ ад легендарнага кн. Палемона да 1588. «Вялікая хроніка» змяшчае таксама шмат міфаў, легенд, паданняў і літаратурных апрацовак, у т. л. аповесці пра Траянскую вайну, Аляксандра Македонскага (гл.«Александрыя»), Кулікоўскую бітву і інш. «Вялікая хроніка» захавалася больш чым у 10 спісах. Большая частка тэксту «Вялікай хронікі» не апублікавана, акрамя «Хронікі літоўскай і жамойцкай», выдадзенай у «Поўным зборы рускіх летапісаў» (т. 32, 1975).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КІ́ЕВА-ПЯЧЭ́РСКІ ПАЦЯРЫ́К»,
помнік арыгінальнай стараж.-рус. л-ры; зборнік дыдактычных апавяданняў пра жыццё манахаў і гісторыю Кіева-Пячэрскага манастыра. Першапачатковая рэдакцыя складзена ў 1220—30-я г. Захавалася некалькі спісаў пач. 15—17 ст., упершыню надрук. ў Кіеве (1661).
Аснову складаюць пасланні ўладзімірскага і суздальскага епіскапа Сімона і кіева-пячэрскага манаха Палікарпа, у канцы далучаны 9 і 11 навел пра манахаў-падзвіжнікаў. Відавочна, у сярэдзіне 13 ст. ў «К.-П.п.» уключаны «Жыціе Феадосія Пячэрскага», «Пахвала» Сімона, «Слова» пра будаўніцтва пячэрскай царквы, выпіскі з «Аповесці мінулых гадоў» пра ўзнікненне манастыра. Дапоўнены новымі творамі ў старэйшай з вядомых Арсеньеўскай рэдакцыі 1406, таксама Феадосіеўскай сярэдзіны 15 ст., Касіянаўскай 1462, выкарыстаны Пячэрскі летапіс пач. 12 ст. і інш. У пацерыку ўслаўляюцца стараж.-рус. будаўнікі, мастакі і царк. дзеячы манастыра, сцвярджаецца яго вял. значэнне як агульнага культ.-рэліг. цэнтра Кіеўскай Русі. Асн. крыніца твораў — мясц. легенды і паданні. Некат. сюжэты, вобразы, матывы ўзыходзяць да візант. пацерыкоў і Бібліі, аднак вызначаюцца маст. арыгінальнасцю У творах арганічна спалучаюцца ўрачысты стыль жыцій са строгім выкладам летапісных апавяданняў, казачная фантастыка з гістарычна сапраўдным; жыва і рэалістычна апісаны побыт і норавы манахаў, прыведзены каштоўныя гіст. факты і звесткі.
Публ.:
Памятники литературы Древней Руси, XII в. М., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАХТА́НГАЎ (Яўген Багратыёнавіч) (13.2.1883, г. Уладзікаўказ, Паўн. Асеція — 29.5.1922),
рускі рэжысёр, акцёр, педагог. З 1901 удзельнічаў у аматарскіх драм. гуртках Уладзікаўказа і Масквы. У 1911 скончыў Школу драмы А.Адашава (Масква) і быў прыняты ў МХТ, працаваў у яго 1-й Студыі. Дакладнасць і строгасць сцэн. формы, псіхал. глыбіня выявіліся ў ролях Тэкльтона («Цвыркун на печы» паводле Ч.Дзікенса), Блазна («Дванаццатая ноч» У.Шэкспіра) і інш., у пастаноўках «Свята міру» Г.Гаўптмана (1913), «Патоп» Ю.Бергера (1915, і роля Фрэзера). У 1913 заснаваў і быў кіраўніком Студэнцкай драм. студыі (з 1921 3-я Студыя МХТ, з 1926 Тэатр імя Я.Вахтангава). У акцёрскай і рэжысёрскай дзейнасці выкарыстоўваў Станіслаўскага сістэму. Абвясціў праграму «фантастычнага рэалізму», які ствараў асаблівую тэатр. рэальнасць; імкнуўся пранікнуць у сутнасць з’явы і адлюстраваць свае перажыванні ў яркай форме, раскрыць унутраны сэнс драм. твора сродкамі гратэску: «Цуд святога Антонія» М.Метэрлінка (1916, 2-я рэдакцыя 1921), «Вяселле» А.Чэхава (1920), «Эрык XIV» А.Стрындберга (1921), «Гадзібук» С.П.Рапапорта (1922). Апошняя пастаноўка Вахтангава — «Прынцэса Турандот» К.Гоцы (1922) азнаменавала сабой узнікненне цэлай школы ў тэатр. мастацтве, стала своеасаблівым маніфестам Вахтангаўскага т-ра (і цяпер у рэпертуары). Гэтую казку Вахтангаў ператварыў у сучасны па светаадчуванні, прасякнуты жыццярадаснасцю, паэзіяй і гумарам святочны спектакль. Асноўныя прынцыпы рэжысёрскага мастацтва Вахтангава знайшлі свой працяг і развіццё ў творчасці яго вучняў і паслядоўнікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛАНЭ́ЧКА,
вёска ў Баранавіцкім р-не Брэсцкай вобл., на р. Змейка. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 34 км на ПнУ ад г. Баранавічы, 236 км ад Брэста, 21 км ад чыг. ст. Пагарэльцы. 647 ж., 283 двары (2000). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкія магілы сав. воінаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнікі архітэктуры — Паланэчкаўскі палацава-паркавы ансамбль, Паланэчкаўскі Юр’ёўскі касцёл.
Вядома з 16 ст. як мястэчка ў Навагрудскім пав. Належала Рудамінам-Дусяцкім, потым Радзівілам, пры якіх пабудаваны палац. З 1795 у складзе Рас. імперыі. У 19 — пач. 20 ст. ў Жухавіцкай вол. Навагрудскага пав. У 1845 пад апякунствам К.Радзівіла ў П. знаходзілася рэдакцыячас. «Народ і час», які выдаваў Я.Філіповіч (выйшаў 1 нумар). У час паўстання 1863—64 у наваколлі П. дзейнічалі паўстанцкія атрады. У сярэдзіне 1880-х г. пад назвай П. былі 3 нас. пункты: мястэчка (454 ж., 62 двары, касцёл, капліца, земскае нар. вучылішча, вадзяны млын, крама), вёска (9 двароў) і маёнтак. У пач. 20 — сяло (459 ж., 89 двароў) і маёнтак (29 ж.). З 1921 у складзе Польшчы, мястэчка (523 ж., 99 двароў, цэнтр гміны Баранавіцкага пав. Навагрудскага ваяв.) і фальварак (77 ж., 9 дамоў). З 1939 у БССР, вёска. З 12.10.1940 цэнтр сельсавета ў Гарадзішчанскім р-не. З 14.4.1960 у Савіцкім с/с, з 25.12.1962 у Баранавіцкім р-не. З 12.9.1986 зноў цэнтр сельсавета.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛЕТАПІ́СЕЦ ВЯЛІ́КІХ КНЯЗЁЎ ЛІТО́ЎСКІХ»,
найбольш даўні помнік бел.-літоўскага летапісання, адзін з першых твораў уласнабеларускай гіст-дакументальнай прозы. Напісаны на старабел. мове невядомым аўтарам у канцы 1420-х г. у Смаленску. Асн. змест — паліт. гісторыя ВКЛ ад смерці Гедзіміна (1341) да канца 14 ст.; гал. ідэя — усхваленне цэнтралізатарскай палітыкі літ. князёў, абгрунтаванне гіст. неабходнасці і заканамернасці паліт. аб’яднання літ., бел. і ўкр. зямель у адной дзяржаве — ВКЛ. 1-я частка хронікі, свецкая паводле зместу, напісана ў 1390-я г. з мэтай гіст. абгрунтавання права Вітаўта на вял. княжанне ў Вільні. 2-я частка больш фрагментарная, характарызуецца царк.-рэліг. афарбоўкай падзей і складаецца з кароткіх апавяданняў пра паліт. жыццё ВКЛ апошняй чвэрці 14 ст., найбольш пра дзейнасць Вітаўта. «Летапісец...» спалучае рысы дзелавога дакумента, твора апавядальнай прозы і грунтуецца на сапраўдных гіст. фактах; з’яўляецца першай спробай сціслага выкладання гісторыі ВКЛ. Поўная рэдакцыя «Летапісца...» ўключае таксама «Аповесць пра Падолле». Збярогся ў розных спісах (Віленскім, Слуцкім, Красінскага і інш.), летапісных зводах і гіст. кампіляцыях. Паслужыў асновай арыгінальнай часткі Беларуска-літоўскага летапісу 1446, часткова выкарыстаны польскім храністам Я.Длугашам у «Гісторыі Польшчы». У 16 ст. ўвайшоў у склад 2-га бел.-літ. летапіснага зводу (гл.«Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага») і Хронікі Быхаўца, праз якія перайшоў у «Хроніку польскую, літоўскую, жамойцкую і ўсяе Русі» М.Стрыйкоўскага. Быў вядомы і ў Расіі, дзе не раз перарабляўся. Перакладзены на польскую, ням., літ., лац., рус. мовы. Упершыню апублікаваны ў 1823 І.М.Даніловічам у час. «Dziennik Wileński» («Віленскі дзённік»).