«САМАПО́МАЧ»,

кааператыўна-гаспадарчы часопіс. Выдаваўся ў кастр. 1932 — чэрв. 1939 у Вільні на бел. мове. Рэдактар А.​Клімовіч. Рэдакцыя прапагандавала ідэі вытв. і спажывецкай кааперацыі, аказвала арганізац.-практычную дапамогу сялянам у сац. абароне, павышэнні культуры земляробства, гаспадарання ў цэлым. У перадавіцах «У чым сіла кааперацыі?», «Нам патрэбна школа працы», «Жыць хочам і будзем жыць», у публікацыях «Як залажыць кааператыў», «Методыка кааперацыі» і інш. матэрыялах аб каап. руху ў Балгарыі, Чэхаславакіі, Літве засяроджвалася ўвага на вопыце і ўзорах каап. працы, даваліся практычныя парады па арганізацыі каап. дзейнасці, гучаў заклік да грамадскай салідарнасці. Часопіс друкаваў матэрыялы з розных рэгіёнаў Зах. Беларусі, у якіх удзельнікі каап. руху дзяліліся здабыткамі сваіх арганізацый, інфармавалі пра перашкоды і недахопы ў іх працы. Вял. ўвагу аддаваў задачам аб’яднання бел. кааператываў пад кіраўніцтвам аднаго бел. цэнтра. У раздзеле «Сельская гаспадарка» з агранамічнымі парадамі па культуры земляробства, садоўніцтва, пчалярства выступалі Клімовіч, Л.​Войцік (З.​Верас), М.​Караленка, С.​Яновіч. На старонках часопіса ўзнімаліся пытанні стану бел. асветы і адукацыі. Выйшлі 92 нумары.

А.​С.​Ліс.

т. 14, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)