МУХТА́РАЎ (Хусейн Мухтаравіч) (н. 18.7.1938, с. Шарцюбе Джамбулскай вобл., Казахстан),

кіргізскі спявак (бас). Нар. арт. Кіргізіі (1973). Нар. арт. СССР (1984). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1964). З 1964 саліст Кірг. т-ра оперы і балета. Сярод партый: Манас Канурбай, Чынкота («Манас», «Айчурэк» У.​Уласава, А.​Малдыбаева, У.​Ферэ), Барыс Гадуноў і Пімен («Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага), Млынар («Русалка» А.​Даргамыжскага), Філіп II, Аманасра і Рамфіс («Дон Карлас», «Аіда» Дж.​Вердзі), Дон Базіліо («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні), Мефістофель («Мефістофель» А.​Бойта і «Фауст» Ш.​Гуно), Пётр I («Пётр I» А.​Пятрова). Першы выканаўца партый Важака («Аптымістычная трагедыя» А.​Холмінава, 1965) і Васкова («Досвіткі тут ціхія» К.​Малчанава, 1973).

т. 11, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЯКСЕ́ЕВА (Ларыса Філалогаўна) (н. 29.10.1907, г. Луцк Валынскай вобл., Украіна),

бел. спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана). Нар. арт. Беларусі (1944). Скончыла муз. тэхнікум імя Гнесіных у Маскве (1936). У 1937—41 і 1944—46 салістка Дзярж. т-ра оперы і балета БССР. У 1946—48 у Вялікім т-ры. Валодала голасам прыгожага тэмбру, высокай вак. культурай, сцэнічнай абаяльнасцю. Сярод партый: Русалка («Кветка шчасця» А.​Туранкова), Караліна («Дрыгва», пазней «У пушчах Палесся» А.​Багатырова), Марфачка («Алеся» Я.​Цікоцкага, канцэртнае выкананне, 1944), Марфа («Царская нявеста» М.​Рымскага-Корсакава), Джыльда, Віялета («Рыгалета», «Травіята» Дж.​Вердзі), Мікаэла («Кармэн» Ж.​Бізэ), Разіна («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні). У канцэртны рэпертуар уключала бел. нар. песні.

Б.​С.​Смольскі.

Л.Ф.Аляксеева.

т. 1, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫЎЧЭ́НЯ (Аляксей Піліпавіч) (12.8.1910, г. Адэса, Украіна — 10.3.1974),

украінскі і рас. спявак (бас). Нар. арт. СССР (1956). Скончыў Адэскую кансерваторыю (1938). З 1938 у т-рах Украіны і Расіі. З 1949 саліст Вял. т-ра ў Маскве. Майстар пераўвасаблення, валодаў вял. вак. выразнасцю. Сярод лепшых партый: Карась («Запарожац за Дунаем» С.​Гулака-Арцямоўскага), Тарас («Тарас Бульба» М.​Лысенкі), Іван Хаванскі, Варлаам («Хаваншчына», «Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага), Іван Сусанін, Фарлаф («Іван Сусанін», «Руслан і Людміла» М.​Глінкі), Млынар («Русалка» А.​Даргамыжскага), Канчак («Князь Ігар» А.​Барадзіна), Кутузаў («Вайна і мір» С.​Пракоф’ева), Дон Базіліо («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні). Выступаў як канцэртны спявак, здымаўся ў кінафільмах. Дзярж. прэмія СССР 1951.

т. 8, с. 523

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІНЖЫЛКІ́ЕЎ (Булат Абдулаевіч) (23.4.1940, Бішкек — 16.8.1997),

кіргізскі спявак (бас). Нар. арт. СССР (1976). Скончыў Ташкенцкую кансерваторыю (1966). З 1966 саліст Кіргізскага т-ра оперы і балета (Бішкек), з 1992 у Марыінскім т-ры (С.-Пецярбург). Валодаў моцным гнуткім голасам прыгожага тэмбру вял. дыяпазону. Сярод партый: Канурбай («Манас» У.​Уласава, А.​Малдыбаева і У.​Ферэ), Барыс Гадуноў і Пімен («Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага), Млынар («Русалка» А.​Даргамыжскага), Грэмін («Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага), Філіп II («Дон Карлас» Дж.​Вердзі), Мефістофель («Мефістофель» А.​Бойта і «Фауст» Ш.​Гуно), Пётр I («Пётр I» А.​Пятрова). Лаўрэат Міжнар. конкурсаў вакалістаў у Тулузе (Францыя, 1971), маладых оперных спевакоў (Сафія, 1973). Дзярж. прэмія Кыргызстана імя Тактагула 1976. Дзярж. прэмія СССР 1985.

т. 10, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГМЫ́РА (Барыс Раманавіч) (5.8.1903, г. Лебядзін, Украіна — 1.8.1969),

украінскі спявак (бас). Нар. арт. СССР (1951). Скончыў харкаўскія інж.-буд. ін-т (1935), кансерваторыю (1939). З 1936 саліст Харкаўскага, з 1939 — Кіеўскага т-раў оперы і балета. Валодаў голасам мяккага аксамітнага тэмбру, вял. дыяпазону. Першы выканаўца партый Крываноса («Багдан Хмяльніцкі» К.​Данькевіча), Ціхана Несцерава («Зара над Дзвіной» Ю.​Мейтуса), Рушчака («Мілана» Г.​Майбарады). Сярод інш. партый: Сусанін («Іван Сусанін» М.​Глінкі), Мефістофель («Фауст» Ш.​Гуно), Барыс Гадуноў (аднайм. опера М.​Мусаргскага), Млынар («Русалка» А.​Даргамыжскага), Грэмін («Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага), Тарас Бульба (аднайм. опера М.​Лысенкі). Канцэртны рэпертуар уключаў творы укр., рус. і замежных кампазітараў, нар. песні. Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу музыкантаў-выканаўцаў (1939). Здымаўся ў кіно. Дзярж. прэмія СССР 1952.

т. 5, с. 312

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́БЕДЗЕВА (Ганна Андрэеўна) (29.1.1930, г. Істра Маскоўскай вобл. — 19.4.1990),

бел. спявачка (драм. сапрана). Засл. арт. Беларусі (1975). Скончыла Ленінградскую кансерваторыю (1962). Працавала ў т-рах оперы і балета Новасібірска і Саратава. У 1968—87 салістка Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Валодала добра пастаўленым голасам прыгожага тэмбру, драм. выразнасцю. Сярод партый на бел. сцэне: Жонка («Сцежкаю жыцця» Г.​Вагнера), Наталля («У буру» Ц.​Хрэннікава), Мзія («Міндыя» А.​Тактакішвілі), Марыя («Кастрычнік» В.​Мурадэлі; спявала ў спектаклі Вял. т-ра ў Маскве), Ліза («Пікавая дама» П.​Чайкоўскага), Наташа («Русалка» А.​Даргамыжскага), Яраслаўна («Князь Ігар» А.​Барадзіна), Артруда («Лаэнгрын» Р.​Вагнера), Аіда, Леанора («Аіда», «Трубадур» Дж.​Вердзі), Тоска («Тоска» Дж.​Пучыні), Сантуца («Сельскі гонар» П.​Масканьі).

Дз.​М.​Жураўлёў.

т. 9, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІХА́ЙЛАЎ (Максім Дармідонтавіч) (25.8.1893, в. Кальцоўка Вурнарскага р-на, Чувашыя — 30.3.1971),

расійскі спявак (бас). Нар. арт. СССР (1940). Спяваў у царк. харах. У 1924—30 пратадыякан у Омску, Казані, Маскве. У 1932—56 саліст Вял. т-ра (Масква). Валодаў магутным голасам вял. дыяпазону, найб. гучным і поўным у ніжнім рэгістры. Найб. блізкія яму былі вобразы ў операх рус. кампазітараў. Сярод партый: Сусанін («Іван Сусанін» М.​Глінкі), Канчак («Князь Ігар» А.​Барадзіна), Грэмін, Чуб («Яўген Анегін», «Чаравічкі» П.​Чайкоўскага), Пімен і Варлаам («Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага), Млынар («Русалка» А.​Даргамыжскага), Сабакін, Дзед Мароз («Царская нявеста», «Снягурачка» М.​Рымскага-Корсакава). Выконваў рус. нар. песні. Здымаўся ў кіно. Дзярж. прэміі СССР 1941 1942.

Літ.:

Львов М. Русские певцы. М., 1965. С. 180—190.

М.Д.Міхайлаў.

т. 10, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУРА́НСКАЯ (сапр. Мурынава) Надзея Мацвееўна, спявачка (сапрана) і педагог 2-й пал. 19 ст. Скончыла Пецярбургскую кансерваторыю (клас К.​Эверардзі). Выступала ў Казані, Вільні, Пецярбургу, у Мінску з гастрольнымі трупамі на сцэне Мінскага гар. т-ра (1891—93 і 1902—03). Валодала мяккім прыемным голасам, артыстычнасцю, выключным пачуццём ансамбля. Сярод партый: Тамара («Дэман» А.​Рубінштэйна), Маргарыта («Фауст» Ш.​Гуно), Таццяна («Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага), Антаніда («Жыццё за цара» М.​Глінкі), Маргарыта Валуа («Гугеноты» Дж.​Меербера), Наташа («Русалка» А.​Даргамыжскага), Донна Анна («Дон Жуан» В.​А.​Моцарта) і інш. У 1894—95 спявала ў Пецярбургу з Ф.​Шаляпіным у операх «Трубадур» Дж.​Вердзі (Леанора), «Кармэн» Ж.​Бізэ (Мікаэла), «Фауст» (Маргарыта). Адзін з першых вак. педагогаў на Беларусі, арганізавала Мінскую вакальную студыю.

В.​П.​Пракапцова.

т. 11, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫБАКО́Ў (Мікалай Хрысанфавіч) (19.5.1811, г. Курск, Расія — 27.11.1876),

рускі акцёр. На сцэне з 1826. У 1833—41 у трупах Харкава, потым у т-рах пераважна Пд Расіі. Адзін з рэфарматараў правінцыяльнай сцэны. З 1872 у Маскве. Шмат выступаў у меладрамах, імкнуўся ўнесці ў іх праўду і дух бунтарства: Бідэрман, Ніна («Смерць і гонар», «Угаліна» М.​Палявога), Кін («Кін, або Шалапуцтва і геній» А.​Дзюма-бацькі) і інш. Прапагандыст рус. класічнага рэпертуару і драматургіі А.​Астроўскага. Сярод роляў: Чацкі, Скалазуб («Гора ад розуму» А.​Грыбаедава), Брускоў, Кураслепаў, Нешчасліўцаў («З чужога шалу галава круціцца», «Гарачае сэрца», «Лес» Астроўскага), Прастакоў, Скацінін («Недаростак» Дз.​Фанвізіна), Земляніка («Рэвізор» М.​Гогаля), Вырын, Млынар («Станцыйны даглядчык», «Русалка» А.​Пушкіна) і інш.

Літ.:

Клинчин А. Н.​Х.​Рыбаков. М., 1972.

т. 13, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САРТБА́ЕВА (Кайыргуль) (н. 20.6.1936, с. Кара-Булак Чуйскай вобл., Кіргізія),

кіргізская спявачка (лірыка-драм. сапрана). Нар. арт. СССР (1980). Скончыла Маскоўскую кансерваторыю (1962). З 1962 салістка Кіргізскага т-ра оперы і балета. З 1986 рэктар (з 1987 праф.) Кіргізскага ін-та мастацтваў. Сярод партый: Ай-Чурэк, Каныкей, Тотуя («Месяцавая прыгажуня», «Манас», «Тактагул» У.​Уласава, А.​Малдыбаева і У.​Ферэ), Джаміля («Джаміля» М.​Раўхвергера), Гюльсара («За гадзіну да світання» Уласава і Ферэ), Таццяна («Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага), Вольга («Русалка» А.​Даргамыжскага), Дэздэмона («Атэла» Дж.​Вердзі), Чыо-Чыо-сан («Чыо-Чыо-сан» Дж.​Пучыні), Маргарыта («Мефістофель» А.​Бойта), Мікаэла («Кармэн» Ж.​Бізэ) і інш. У камерным рэпертуары значнае месца займаюць творы рус. і замежных кампазітараў. Дзярж. прэмія Кіргізіі 1989.

т. 14, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)