ЦІ́ХАНАЎ Павел Ільіч (27.2.1877, С.-Пецярбург — 23.3.1944),

расійскі спявак (бас), педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1940). Скончыў Адэскую кансерваторыю (1919). З 1905 саліст оперных т-раў Пецярбурга, Кіева, Адэсы, з 1911 (з перапынкам) — Вял. т-ра ў Маскве. З 1928 выкладаў у Маскоўскай, у 1933—41 (з 1940 праф.) Бел. кансерваторыях. Яго творчай індывідуальнасці ўласцівы выдатная тэхніка валодання голасам, артыстызм. Сярод партый: Сусанін, Фарлаф («Іван Сусанін», «Руслан і Людміла» М.​Глінкі), Млынар («Русалка» А.​Даргамыжскага), Ландграф, Вотан («Тангейзер», «Валькірыя» Р.​Вагнера), Мефістофель («Фауст» Ш.​Гуно і «Мефістофель» А.​Бойта), Санча Панса («Дон Кіхот» Ж.​Маснэ) і інш. Сярод вучняў С.Друкер, Р.Млодак.

Л.​П.​Івашкоў.

т. 17, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)