у паўночнай частцы Прыбугскай раўніны, у Камянецкім і Пружанскім р-нах Брэсцкай вобласці. Цягнецца ад мяжы з Польшчай праз Белавежскую пушчу ў бок г.п. Шарашова і г. Пружаны ў выглядзе слабапукатай да Пд дугі выш. 180—200 м (да 203 м). З’яўляецца часткай канцова-марэнных утварэнняў адной са стадый адступання дняпроўскага ледавіка. Белавежская града больш старажытная, чым узвышшы Беларускай грады. Прымеркавана да Падляска-Брэсцкай упадзіны.
Адклады антрапагену магутнасцю 80—140 м сфарміраваны ледавікамі ранняга, часткова сярэдняга плейстацэну, у іх развіты гляцыятэктанічныя парушэнні. Паверхня грады складзена з пясчанага і жвірова-галечнага матэрыялу, значна размытая. Вылучаюцца спадзістахвалістыя падняцці адноснай выш. 20—30 м (горы Казіная, Крамянёвая і інш.). Скразныя даліны злучаюць вярхоўі асн. рэк: Нарава і Ясельды, Нараўкі і Левай Лясной. Па градзе праходзіць частка водападзелу паміж Балтыйскім (рэкі Нараў з Нараўкай і Левая Лясная) і Чорным (Ясельда з прытокамі) морамі. У ПнЗ частцы Белавежскай грады стрататыповы разрэзБелавежскага міжледавікоўя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РКА САРТАВА́ЛЬНАЯ,
збудаванне на чыгуначных станцыях для сартавання вагонаў пры фарміраванні і расфарміраванні саставаў цягнікоў. Гэта земляны пакаты насып (найб. вышыня звычайна 3,5—4, 5 м) з сістэмай чыг. пуцей і комплексам прыстасаванняў і прылад для аўтам. пераключэння стрэлак, запавольвання руху вагонаў, сувязі, блакіроўкі, сігналізацыі.
Прадукцыйнасць механізаваных горак сартавальных да 5 тыс. вагонаў у суткі, вял. аўтаматызаваных — да 10 тыс. і болей. Чыг. састаў, які трэба расфарміраваць, падаюць лакаматывам на верхнюю ч. горкі і расчапляюць на асобныя вагоны або групы. Ад уласнай сілы цяжару яны скочваюцца ўніз на патрэбную каляю. Працэсам кіруе аператар з дапамогай сістэмы горачнай аўтам. цэнтралізацыі. Для запавольвання руху вагонаў выкарыстоўваюць тармазныя пазіцыі.
На Беларускай чыгунцы горкі сартавальныя пабудаваны на станцыях у Мінску, Брэсце, Гомелі, Баранавічах, Жлобіне, Оршы і інш.
Схема горкі сартавальнай: а — план, б — разрэз; 1 — парк прыбыцця; 2 — падымальная частка горкі; 3 — скорасны нахіл; 4 — тармазны нахіл; 5 — нахіл стрэлачнай зоны; 6 — падгорачны парк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫФРАКЦЫ́ЙНАЯ РАШО́ТКА,
аптычная прылада, якая мае вял. колькасць элементаў (шчылін, штрыхоў або люстраных палосак) у непразрыстым экране.
Адрозніваюць рэгулярныя Д.р. (элементы размешчаны перыядычна) і нерэгулярныя Д.р. (элемента размешчаны хаатычна, напр., галаграма). Асн. характарыстыкі Д.р. — перыяд (адлегласць паміж суседнімі элементамі), дысперсія і раздзяляльная здольнасць. Д.р. бываюць плоскія і сферычныя, адбівальныя (з ступеньчатым профілем элементаў наз. эшэлетамі) і празрыстыя. Праходзячы праз Д.р. або адбіваючыся ад яе, святло раскладаецца на шэраг спектраў (гл.Дыфракцыйныя спектры). Уласцівасці Д.р. маюць крышталі, што служаць прасторавай Д.р. для рэнтгенаўскіх прамянёў, а таксама паверхні з вял. колькасцю штучных або натуральных штрыхоў (грамафонныя дыскі, птушыныя пёры, рыбная луска і інш.), на якіх адбываецца дыфракцыя святла. Д.р. выкарыстоўваюцца як асн. элемент спектральных прылад, як аптычныя датчыкі лінейных і вуглавых перамяшчэнняў, палярызатары і фільтры інфрачырвонага выпрамянення і інш.
К.М.Грушэцкі.
Да арт.Дыфракцыйная рашотка. Перыядычная структура (разрэз пры моцным павелічэнні) і схема дзеяння празрыстай (a) і абвівальнай (б) дыфракцыйнай рашоткі: d — перыяд рашоткі; 1 — падаючыя 12 — Дыфрагаваныя прамяні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАШУ́ЛЯ, сарочка,
асноўная частка нар. адзення беларусаў. Шылі з ільнянога даматканага палатна. Мужчыны насілі К. паверх нагавіц і падпяразвалі поясам, жанчыны ўбіралі ў андарак ці панёву. Паводле крою вылучаюць 3 тыпы К.: тунікападобныя — у згорнутым удвая палотнішчы на перагіне рабілася пройма для галавы, з прамымі плечавымі ўстаўкамі — пярэдняя і задняя палавіны стана злучаны на плячах прамавугольнымі палікамі, з гесткай — палавіны злучаліся з дапамогай гесткі. Традыц. К. мела прамы рукаў з манжэтай (каўперцам), адкладны ці стаячы каўнер (зрэдку і без яго), прамы разрэз на грудзях, пад пахамі ўстаўныя цвіклі. Рукавы, каўнер, манішка, а ў жаночых і ніз К. аздабляліся натыканым ці вышываным пераважна геам. арнаментам, часцей чырвонага і чорнага колераў. Рэгіянальныя асаблівасці К. выяўляліся ў арнаментыцы, яе кампазіцыйным вырашэнні, тэхнал. апрацоўцы і кроі паасобных дэталей (гл. ў арт. пра Народныя строі, напр., Вілейскі строй).
М.Ф.Раманюк.
Жанчыны ў святочных строях з кашулямі. Вёска Лелікава Кобрынскага раёна Брэсцкай вобл. Сярэдзіна 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЫ́РКІ,
парныя органы мочаўтварэння і мочавыдзялення пазваночных жывёл і чалавека. Удзельнічаюць у водна-салявым гамеастазе, абмене бялкоў і вугляводаў, утварэнні біялагічна актыўных рэчываў, якія рэгулююць узровень крывянога ціску, скорасць утварэння эрытрацытаў, сакрэцыю альдастэрону наднырачнікамі, састаў крыві і выводзяць з арганізма канчатковыя прадукты азоцістага абмену рэчываў і інш. Размешчаны па баках пазваночніка ў забрушыннай клятчатцы паяснічнай вобласці. У кругларотых і рыб Н. стужкападобныя, у паўзуноў і птушак — дольчатыя, у большасці млекакормячых і чалавека — бобападобныя. Маса кожнай Н. ў чалавека 120—200 г, даўж. 10—12 см. У вышэйшых пазваночных парэнхіма Н. падзяляецца на коркавае і мазгавое рэчыва, у якім размешчана каля 2 млн.нефронаў; мазгавое рэчыва ўтварае 8—18 пірамід, паміж і над якімі знаходзяцца слаі коркавага рэчыва (нырачныя слупы). Звужаныя верхавінкі пірамід (нырачныя сасочкі) павернуты ў малыя нырачныя чашачкі, што адкрываюцца ў вял. чашачкі, потым — у лаханку і мачаточнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЭТАТРО́Н,
цыклічны індукцыйны паскаральнік электронаў віхравым эл. полем, якое ствараецца пераменным у часе магн. патокам, што пранізвае арбіту электронаў.
Утрыманне электронаў на раўнаважнай кругавой арбіце ажыццяўляецца кіравальным магн. полем. Пастаянства радыуса раўнаважнай арбіты забяспечваецца падборам формы полюсных наканечнікаў электрамагніта, паміж якімі знаходзіцца тараідальная вакуумная камера, сувосевая з індуцыруючым патокам. Электроны перыядычна інжэкціруюцца ў камеру па датычнай да раўнаважнай арбіты ў адпаведны момант часу. Паскарэнне электронаў адбываецца ў час росту магн. поля. У канцы цыкла паскарэння з дапамогай спец. зрушвальнай абмоткі пучок электронаў адхіляецца ад раўнаважнай арбіты і накіроўваецца на мішэнь, якая знаходзіцца ўнутры камеры воддаль ад раўнаважнай арбіты. Бэтатрон адрозніваецца малымі памерамі крыніцы выпрамянення, магчымасцю плаўнай рэгуліроўкі энергіі. Бэтатрон выкарыстоўваецца для радыяцыйнай дэфектаскапіі матэрыялаў і вырабаў, у ядзерных даследаваннях, у медыцыне (прамянёвая тэрапія).
Літ.:
Арцимович Л.А., Лукьянов С.Ю. Движение заряженных частиц в электрических и магнитных полях. 2 изд. М., 1978.
другая міжледавіковая эпоха ранняга плейстацэну Беларусі (каля 543—532 тыс. гадоў назад). Наступіла пасля ясельдзінскага зледзянення (гюнцкага, данскога). Вылучана Л.М.Вазнечуком у 1958. Тыповы разрэз адкладаў міжледавікоўя каля в. Боркі Пружанскага р-на Брэсцкай вобласці (сапрапеліты і мергелі на глыб. 80—87 м). Магутнасць адкладаў Белавежскага міжледавікоўя 20 і больш метраў, пераважаюць азёрныя — сапрапеліты, мергелі, дыятаміты, супескі і суглінкі. Пароды Белавежскага міжледавікоўя найб. пашыраны ў Палессі, на Беларускай градзе і прылеглых раўнінах. Залягаюць блізка ад паверхні зямлі (нярэдка ў адорвенях) і да глыб. 210 м. Раней яны разглядаліся як адклады шклоўскага міжледавікоўя.
У час кліматычнага оптымуму міжледавікоўя раслі шыракалістыя лясы з дубу, вязу, ліпы, клёну, сярод вышэйшых раслін было 28% невядомых у сучаснай флоры Беларусі, развівалася адметная флора дыятомавых водарасцяў з характэрным відам цыклятэля рэчыцкая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКАРЫ́ЗА (ад грэч. mykēs грыб + rhiza корань),
сімбіятычнае спалучэнне сысучых каранёў вышэйшай расліны і міцэлію грыба. Вядома ў большасці наземных раслін, пераважна шматгадовых. Адрозніваюць М. эктатрофную (вонкавую), пры якой міцэлій аплятае корань і пранікае ў міжклетнікі вонкавых слаёў яго першаснай кары (каранёвыя валаскі адміраюць, карані відазмяняюцца); эндатрофную (унутраную), калі міцэлій развіваецца пераважна ў міжклетніках і клетках коравай парэнхімы кораня (корань знешне не мяняецца); эктаэндатрофную (пераходную). Эктатрофная і эктаэндатрофная (больш пашырана ў лясах) М. найб. характэрны для дрэў і шапкавых базідыяльных грыбоў (баравік, падасінавік, рыжык, мухаморы і інш.), многія з якіх без М. не ўтвараюць пладовых цел; эндатрофная — для травяністых раслін і мікраскапічных грыбоў (найб. тыповая ў недасканалых грыбоў і раслін сям. ятрышнікавых, насенне якіх не развіваецца без сімбіёзу з грыбам). Пры М. грыб атрымлівае ад расліны вугляводы, амінакіслоты і біялагічна актыўныя рэчывы, павялічвае паглынальную паверхню і функцыян. актыўнасць каранёвай сістэмы, ахоўвае яе ад пашкоджанняў і патагенаў; расліна лепш засвойвае калій, арган. азоцістыя злучэнні і фасфаты, атрымлівае ад грыба вітамінападобныя рэчывы і актыватары росту.
Мікарыза: 1 — эктатрофная (пры павелічэнні); 2 — эндатрофная (папярочны разрэз кораня клёна); 3, 4 — участак кораня хвоі з эктатрофнай мікарызай і без яе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГАДА́НСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ Размешчана на ПнУРас. Федэрацыі. Абмываецца Ахоцкім м. Утворана 3.12.1953. Пл. 461,4 тыс.км². Нас. 258 тыс.чал. (1997), гарадскога 90%. Цэнтр — г.Магадан.
Прырода. Паверхня гарыстая. Цэнтр.ч. займаюць адгор’і Чэрскага хрыбта (выш. да 2586 м), усх. — Калымскае нагор’е (выш. да 1962 м ва Амсукчанскім хр.). Карысныя выкапні: золата, волава, вальфрам, ртуць, каменны і буры вугаль. Клімат рэзка кантынентальны, суровы. Сярэднія т-ры студз. ад -19 °C да -23 °C на ўзбярэжжы Ахоцкага м. і -38 °C ва ўнутр.ч. вобласці, ліп. адпаведна 12 °C і 16 °C. Ападкаў 300—700 мм за год. Шматгадовая мерзлата. Густая рачная сетка. Гал. рака — Калыма. Глебы горна-лясныя падзолістыя. Расліннасць — рэдкастойная лістоўнічная тайга. На тэр. вобласці — Магаданскі запаведнік.
Гаспадарка. Асн. галіны прам-сці: горназдабыўная (золата — Сусуманскі і Ягаднінскі горна-абагачальныя камбінаты, серабро — Дукацкі горна-абагачальны камбінат, волава, вальфрам, вугаль — разрэз «Тал-Юрах»), электраэнергетыка (Калымская ГЭС), харч. (рыбная, мясная, малочная), машынабудаванне і металаапрацоўка (вытв-сць і рамонт горнага абсталявання, паліўнай апаратуры, суднарамонт), лёгкая (гарбарна-абутковая, швейная). Вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Спецыфіка сельскай гаспадаркі — развіццё аленегадоўлі, зверагадоўлі і пушнога промыслу. Малочна-мясная жывёлагадоўля, свінагадоўля, птушкагадоўля. Пад с.-г. ўгоддзямі каля 0,3% тэрыторыі, у т. л. пад ворнымі землямі 24%. Вырошчваюць бульбу, агародніну, кармавыя культуры. Гал. від транспарту — марскі (порт — Магадан) і аўтамабільны. Асн. аўтадарогі Магадан—Сусуман—Кадыкчан і далей на тэр. Рэспублікі Саха (Якуція) і Калымскі тракт. Суднаходства па р. Калыма. Значная роля паветр. транспарту. Бальнеагразевы курорт Талая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРААКУМУЛЮ́ЮЧАЯ ЭЛЕКТРАСТА́НЦЫЯ (ГАЭС),
гідраэлектрычная станцыя, прызначаная для зняцця пікаў нагрузкі энергасістэмы. Складаецца з двух басейнаў (вадасховішчаў), размешчаных адзін над адным і злучаных трубаправодам. Прынцып дзеяння заключаецца ў ператварэнні эл. энергіі, атрыманай ад інш. электрастанцый, у патэнцыяльную (акумуляваную ў верхнім басейне) энергію вады з наступным ператварэннем яе зноў у эл. энергію. Дае магчымасць рэгуляваць на працягу сутак, тыдня, сезона дзеянне цеплавых, атамных і інш. станцый, выраўноўвае графік і павышае надзейнасць іх работы.
ГАЭС звычайна абсталёўваюць абарачальнымі гідраагрэгатамі. У часы малых нагрузак (напр., ноччу) пры сілкаванні ад энергасістэмы гідрагенератары працуюць як электрарухавікі і прыводзяць у дзеянне гідраўлічныя турбіны, якія са зменай напрамку вярчэння дзейнічаюць як помпы і перапампоўваюць ваду з ніжняга басейна ў верхні. Колькасць акумуляванай энергіі вызначаецца ёмістасцю верхняга басейна (можа быць штучным або прыродным, напр., возера) і рабочым напорам. У перыяды пікаў (максімумаў) нагрузкі назапашаная вада з верхняга басейна па трубаправодах паступае ў гідраагрэгаты, якія працуюць пры гэтым у генератарным рэжыме і выпрацоўваюць электраэнергію, аддаючы яе ў энергасістэму, а вада назапашваецца ў ніжнім басейне. Будаваць ГАЭС найб. мэтазгодна паблізу ад цэнтраў спажывання электраэнергіі і з як мага большым напорам. Першай у б.СССР дала ток Кіеўская ГАЭС магутнасцю 225 МВт і напорам 73 м (1970). Сярод буйнейшых ГАЭС: Загорская (Маскоўская вобл., Расія) — 1200 МВт, напор 100 м; Віяндэн (Люксембург) — 900 МВт, 280 м; Круахан (Вялікабрытанія) — 400 МВт, 440 м; Том-Сок (ЗША) — 350 МВт, 253 м; Хоэнвартэ-II (ФРГ) — 320 МВт, 305 м.
Літ.:
Гл. пры арт.Гідраэлектрычная станцыя.
У.М.Сацута.
Гідраакумулюючая электрастанцыя: а — разрэз; б — план; 1 — верхні вадаём; 2 — напорны вадавод (трубаправод); 3 — будынак электрастанцыі; 4 — ніжні вадаём; 5 — плаціна з вадаскідам.Рэжымы работы гідраакумулюючай электрастанцыі: 1 — помпавы (перапампоўванне вады з ніжняга басейна ў верхні пры сілкаванні ад энергасістэмы); 2 — генератарны (рэжым звычайнай ГЭС з аддачай электраэнергіі ў энергасістэму).