сямейства птушак атр. сеўцападобных. 2 падсям.: ціркушкі (Glareolinae), маюць 2 роды, 8 відаў і бегункі (Cursoriinae) — 3 роды, 6 відаў. Пашыраны ў Паўд. Еўропе, Азіі, Афрыцы і Аўстраліі. Жывуць на лугах, у пустынях, стэпах, па далінах рэк. На Беларусі 1 рэдкі залётны від — ціркушка стэпавая (Glareola nordmanni), занесеная ў Чырв. кнігу.
Даўж. 17—28 см, маса да 110 г. Паводле складу цела нагадваюць ластавак: крылы доўгія, вострыя, хвост з выразкай (у ціркушак) ці прамы або злёгку закруглены (у бегункоў). Разрэз рота шырокі Нясуць 1—5 яец. Кормяцца пераважна насякомымі.