горад у Расіі, у Стаўрапольскім краі, у перадгор’ях В. Каўказа на выш. 720—1060 м, бальнеакліматычны курорт у групе Каўказскіх Мінеральных Вод. Гал. прыродныя лек. фактары — мінер. крыніцы (нарзаны), клімат, глеевыя гразі. Асн.профіль — кардыялагічны; лечаць таксама хваробы органаў дыхання, нервовыя, абмену рэчываў, у т. л. ў дзяцей і падлеткаў. Узнік з ваеннага ўмацавання і станіцы (засн. ў 1803), горад з 1830. 124,9 тыс.ж. (1996). Чыг. станцыя. Прадпрыемствы харчасмакавай (у т. л.з-д па разліве мінер. вады «Нарзан»), лёгкай, мэблевай прам-сці. Санаторыі, пансіянаты, турбаза. Маст. музей М.А.Ярашэнкі, Лермантаўскія мясціны, помнікі прыроды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎГІДРАМО́РФНЫЯ ГЛЕ́БЫ,
глебы, якія фарміруюцца ва ўмовах перыядычнага празмернага ўвільгатнення (больш за 15—20 сут за год) паверхневымі ці грунтавымі водамі. Прысутнічаюць прыкметы агляення глебы. Асаблівасці паўгідраморфнага глебаўтварэння — анаэробныя ўмовы, падзолаўтварэнне, інтэнсіўны вынас спалучэнняў жалеза, паніжэнне акісляльна-аднаўленчага патэнцыялу, лесіваж. Марфалагічны профіль характарызуецца наяўнасцю шызых і белаватых плям з іржавымі пражылкамі, афарбоўка якіх залежыць ад ступені акіслення іонаў жалеза. На Беларусі да П.г. адносяцца дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы, дзярновыя забалочаныя глебы, падзолістыя забалочаныя, поймавыя дзярновыя забалочаныя і інш. Займаюць больш за 30% плошчы с.-г. угоддзяў. Для с.-г. выкарыстання П.г. патрабуюць рэгулявання вільготнага рэжыму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЛІ́НЫ, рачныя даліны,
адмоўныя, лінейна выцягнутыя формы рэльефу з агульным нахілам ад вярхоўяў да нізоўяў, утвораныя ў выніку размыўнай (эразійнай) дзейнасці цякучай вады; многія маюць тэктанічнае паходжанне. Папярочны профіль рачных Д. у залежнасці ад стадыі развіцця геал. будовы мясцовасці і інш. фактараў можа мець V-, U-, скрыне-, карытападобную і інш. формы; пачатковая форма Д. — яры і лагчыны. Д. звычайна ўключаюць рэчышча, пойму, тэрасы, схілы, каля вусця часам фарміруюцца дэльты або конусы вынасу.
Асн. працэсы ў развіцці Д. — глыбінная і бакавая эрозія, акумуляцыя адкладаў. Профіль Д. амаль заўсёды асіметрычны, што абумоўлена геал. будовай, нахілам паверхні, Карыяліса сіламі, дзеяннем грунтавых вод і інш. У плане Д. маюць клінападобную, меандрычную, пацеркападобную, прамалінейную, каленчатую форму. У вярхоўі Д. звычайна замыкаюцца схіламі, утвараючы вадазборную варонку, ледавіковы цырк (у гарах) або застаюцца адкрытымі і пераходзяць у вярхоўе суседніх Д. У адносінах да распасцірання структур і горных хрыбтоў вылучаюць падоўжныя (сінклінальныя, антыклінальныя, монаклінальныя, скідавыя Д. і Д.-грабены), папярочныя і дыяганальныя. Калі Д. праразае горны хрыбет ці ўзвышша, на ўсю шырыню ўтвараецца скразная даліна, або Д. прарыву. Паводле марфалогіі адрозніваюць горныя Д. (глыбокія і нешырокія са стромкімі схіламі) і раўнінныя Д. (звычайна шырокія, з нязначнымі нахіламі, глыбінёй і стромкасцю схілаў). Памеры залежаць ад мінулай ці сучаснай дзейнасці цякучай вады. Найб. значныя Д. пашыраны ў раёнах з вял. колькасцю ападкаў.
На Беларусі Д. займаюць каля 10% тэр. Выкарыстоўваюцца пад сенажаці і с.-г. культуры, да іх прымеркаваны шматлікія меліярац. сістэмы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯРБЛЮ́ДКІ (Raphidioptera),
атрад насякомых, 2 сям., каля 100 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі ў вільготных лясах трапляюцца 4 віды, найб. пашыраны вярблюдка танкавусая (Raphidioptera ophiopsis) і бязвочка таўставусая (Inocellia crassicornis).
Даўж. 15—20 мм. Сілуэт пярэдняй ч. цела ў профіль нагадвае галаву і цела вярблюда (адсюль назва). 2 пары празрыстых крылаў, у спакоі складваюцца стрэхападобна, заднія вузейшыя і карацейшыя за пярэднія. Ротавыя органы грызучыя, вусікі шматчленікавыя. Брушка падоўжанае, у самкі з доўгім яйцакладам. Развіццё з поўным ператварэннем. Лічынкі развіваюцца 2 гады. Кукалкі рухомыя. Лічынкі жывуць у шчылінах і пад карой дрэў, дарослыя — на дрэвах. Вярблюдкі і іх лічынкі знішчаюць насякомых, асабліва тлей і вусеняў.
Вярблюдкі: 1 — танкавусая і яе лічынка; 2 — бязвочка таўставусая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕРВЮ́РА (франц. nervure ад лац. nervus жыла, сухажылле),
1) у архітэктуры — арка з абчасаных клінападобных камянёў або цаглін, якая ўмацоўвае рэбры крыжовага, сеткавага, зорчатага і інш. форм скляпення; тое, што гурт. Найб. пашыраны ў архітэктуры готыкі. Складалі аснову каркаснай канструкцыі перакрыцця, перадаючы нагрузку ад скляпенняў на слупы, патоўшчаныя часткі сцен, контрфорсы, аркбутаны, лапаткі і інш. У выніку выкарыстання Н. аблегчылася канструкцыя перакрыцця. У позняй готыцы Н. ўтваралі на скляпеннях (веерных, зорчатых, сотавых і інш.) разнастайныя складаныя ўзоры.
2) У лятальных апаратах — элемент папярочнага сілавога набору крыла, апярэння і інш. нясучых частак, што звязвае ў адно цэлае элементы падоўжнага набору (ланжэроны, стрынгеры) і абшыўку, вызначае аэрадынамічны профіль нясучых паверхняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЕБАЎТВАРА́ЛЬНЫ ПРАЦЭ́С,
ператварэнне горнай пароды ў асобае самастойнае цела прыроды — глебу. Адбываецца ў выніку сукупнасці фіз., хім. і біял. з’яў, што працякаюць у верхнім слоі зямной кары (гл.Глебаўтваральныя фактары). Пачатковая стадыя глебаўтваральнага працэсу — мікрапрацэсы, або элементарныя глебавыя працэсы (ЭГП) 1-га парадку, звязаныя з жыццядзейнасцю ніжэйшых раслін. З цягам часу яны змяняюцца мезапрацэсамі, ці ЭГП 2-га парадку, якія фарміруюць глебавыя гарызонты (утварэнне гумусу, распад і пераўтварэнне мінералаў). Гарызонты ўтвараюць глебавы профіль, у якім працякаюць макрапрацэсы, цесна звязаныя з водным рэжымам. У фарміраванні глебы можа ўдзельнічаць адзін глебаўтваральны працэс або іх сукупнасць. Гасп. дзейнасць уплывае на глебаўтваральны працэс праз асушэнне, арашэнне, угнаенне і апрацоўку глеб. На Беларусі развіваюцца глебаўтваральныя працэсы: дзярновы, буразёмаўтварэнне, ападзольванне, лесіваж, глееўтварэнне, карбанатна- і жалезіста-саланчаковы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕСЕНТУКІ́,
горад у Расіі, у Стаўрапольскім краі, у даліне р. Падкумак. Засн. ў 1798 як ваенна-памежны рэдут. 87,1 тыс.ж. (1992). Чыг. ст. Прадпрыемствы харчасмакавай і лёгкай прам-сці. Драўляная Нікольская царква (сярэдзіна 1820-х г.). Курортны (Галоўны) парк (1849) з крыніцамі мінер. вод і шматлікімі пабудовамі 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. Бальнеалагічны і гразевы курорт. Уваходзіць у групу курортаў Каўказскія Мінеральныя Воды. Аснову курортных рэсурсаў складаюць мінер. воды, якія ў лек. мэтах выкарыстоўваюцца з сярэдзіны 19 ст. (эксплуатуецца каля 20 крыніц), найб. вядомыя «Есентукі» № 4 і № 17. Асн.профіль курорта — лячэнне хвароб органаў стрававання, у т. л. печані, падстраўнікавай залозы, жоўцевых шляхоў. Каля 30 санаторыяў і пансіянатаў (большасць з іх паблізу Гал. курортнага парку), працуе НДІ курарталогіі і фізіятэрапіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗЬБА́ў тэхніцы,
чаргавальныя выступы і ўпадзіны (канаўкі) на паверхні цел вярчэння, размешчаныя па вінтавой лініі.
Паводле формы сячэння адрозніваюць Р. трохвугольную, прамавугольную, трапецаідальную, круглую, паводле размяшчэння — вонкавую і ўнутраную, паводле прызначэння — крапежную, сілавую, хадавую, артылерыйскую і інш. У залежнасці ад напрамку вінтавой лініі бывае правая (найб. пашыраная) і левая. Утвараюць Р. пластычнай дэфармацыяй (напр., накаткай), рэзаннем на універсальных (такарных і інш.) і спецыялізаваных (рэзьбафрэзерных і інш.) станках ці ўручную пры дапамозе інструменту агульнага (разцы, фрэзы і інш.) або спец. (метчыкі, плашкі і інш.) прызначэння.
Профільразьбы: d, d1, d2 — вонкавы, унутраны і сярэдні дыяметры; P — шаг, які вымяраюць у міліметрах (метрычная разьба) і ў цалях (цалёвая разьба); H — вышыня зыходнага профілю; α — вугал пры вяршыні профілю (60° — для метрычнай, 55° — для цалёвай).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЕ́БАВЫЯ ГАРЫЗО́НТЫ, генетычныя гарызонты глебы,
аднародныя паводле афарбоўкі, шчыльнасці, вільготнасці, грануламетрычнага, мінералагічнага і хім. саставу гарызантальныя слаі, якія фарміруюцца ў выніку ўтварэння глеб. Кожнаму тыпу глеб адпавядае пэўная колькасць, выражанасць і чаргаванне гарызонтаў, магутнасць якіх складае ад некалькіх да дзесяткаў сантыметраў. Сукупнасць глебавых гарызонтаў утварае глебавы профіль. Звычайна зверху ўніз вылучаюць глебавыя гарызонты: перагнойна-акумулятыўны (A) з падгарызонтамі — лясны подсціл, дзёран (Aо), гумусавы (A1, для ворных глеб — Aвор) і элювіяльны, ці гарызонт вымывання (A2); ілювіяльны, ці гарызонт умывання (B), глеевы (G; g), мала закранутая глебаўтваральным працэсам мацярынская парода (C); подсцільная парода (Д).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАГРУ́ДСКІ «ДОМ БАЯ́РЫНА».
Існаваў у г. Навагрудак Гродзенскай вобл. ў 12 ст. на тэр. вакольнага горада. Рэшткі будынка выяўлены ў 1960-я г. пры археал. раскопках. Пабудаваны з дрэва і цэглы. Прамавугольны ў плане будынак (пл. каля 76 м²) унутры падзяляўся сцяной на 2 памяшканні, меў зашклёныя аконныя праёмы. У цэнтры стаяў слуп, які трымаў перакрыцце. У паўн.-ўсх. куце была глінабітная печ. Драўляныя сцены знутры абчасаны, атынкаваны і аздоблены фрэскамі. Выяўлены фрагменты фрэсак: на белым і бледна-зялёным фоне геам. і расл. арнамент чырвонага і чорнага колераў, выява мужчынскай галавы ў профіль у княжацкай шапцы, а таксама графіці са стараж. надпісамі.
Літ.:
Гуревич Ф.Д. Дом боярина XII в. в древнерусском Новогрудке // Краткие сообщения Ин-та археологии АНСССР. 1964. Вып. 99;
Яе ж. Древний Новогрудок. Л., 1981. С. 36—44, 121—122.