НІВЕЛІ́РАВАННЕ,

вызначэнне вышынь пунктаў зямной паверхні адносна некаторага выбранага пункта (умоўнага нуля) або ўзроўню мора. Выкарыстоўваецца для стварэння вышыннай апорнай геадэзічнай сеткі, вышыннага абгрунтавання тапаграфічных здымак і здымак рэльефу, пры інжынерна-буд. і геал. работах, пры вывучэнні фігуры Зямлі, сучасных тэктанічных і тэхнагенных рухаў зямной паверхні і інш. Адрозніваюць Н. геаметрычнае, трыганаметрычнае, фізічнае і механічнае. Геаметрычнае Н. выконваецца гарызантальным візірным праменем нівеліра. Перавышэнне вылічваецца як рознасць узятых адлікаў па нівелірных (геадэзічных) рэйках, якія вертыкальна ўстаноўлены на геадэзічных пунктах. Трыганаметрычнае Н. выконваецца нахільным візірным праменем геадэзічных прылад з вертыкальным кругам для вымярэння вугла нахілу зямной паверхні і адлегласці да пунктаў. Фізічнае Н. падзяляецца на бараметрычнае Н. (засн. на залежнасці атмасфернага ціску ад вышыні) і гідрастатычнае Н. (засн. на ўласцівасці вадкасці займаць аднолькавы ўзровень у сазлучаных сасудах). Механічнае Н. выконваецца з дапамогай аўтам. нівеліраў на трансп. сродках (аўтаматычна рэгіструюць вышыні і будуюць профіль). Гл. таксама Геадэзічныя знакі, Геадэзічныя прылады і інструменты, Геадэзія, Нівелірная сетка.

П.П.Явід.

т. 11, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)