род млекакормячых сям. землярыйкавых. 2 віды: К. звычайная, або вадзяная (N. fodiens), і К. малая (N. anomalus). Пашыраны ў Еўразіі. Жывуць каля вадаёмаў, добра плаваюць і ныраюць. На Беларусі — абодва віды, К. малая больш рэдкая, трапляецца пераважна на Пд.
Даўж. цела да 10 см, хваста да 8 см, маса да 20 г.Поўсць чорная або бурая, на брушку белая або шараватая, кароткая, аксаміцістая. Пыска падоўжаная з вібрысамі. На задніх лапах плавальная аблямоўка з цвёрдых валаскоў. Кормяцца насякомымі, чарвямі, жабамі, ікрой, маляўкамі рыб. Гнёзды ў норах або на купінах у траве. Нараджаюць да 14 дзіцянят.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАНЬ, даніэль (Cervus dama),
млекакормячая жывёла сям. аленяў атр. парнакапытных. Пашырана ў Еўразіі і Паўн.-Зах. Афрыцы, акліматызавана ў Амерыцы і Аўстраліі. Жыве ў мяшаных і лісцевых лясах. 1 падвід — Л. іранская (C.d. mesopotamica) — у Чырв. кнізе МСАП.
Даўж. да 1,6 м, выш. ў карку да 1 м, маса да 120 кг, самкі драбнейшыя. Поўсць на спіне і баках летам рыжавата-бурая з белымі плямамі, зімой шаравата-бурая. Каля хваста невял. белая пляма — «люстэрка». Рогі ў самцоў лапатападобныя, самкі бязрогія. Корміцца травяністай, хмызняковай расліннасцю, лісцем, парасткамі, галінкамі, карой лісцевых парод дрэў. Палігамы. Нараджаюць 1—2 цялят. Аб’ект палявання і гадоўлі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕЎ (Panthera leo),
млекакормячая жывёла сям. кашэчых атр. драпежных звяроў. Пашыраны ў Цэнтр. Афрыцы (10 падвідаў) і Паўд. Азіі (1 падвід). Жыве ў саваннах, радзей у рэдкалессі і пустынях. Індыйскі падвід (Р. 1. persica) занесены ў Чырв. кнігу МСАП.
Даўж. да 240 см, маса да 280 кг, самкі драбнейшыя. Тулава моцнае, сухое, лапы невысокія. Хвост даўж. да 110 см, на канцы з цёмным кутасікам. Самцы маюць грыву. Поўсць кароткая, буравата-жоўтая, грыва цямнейшая. Трымаюцца пераважна парамі або прайдамі (групы да 30 асобін рознага полу і ўзросту). Драпежнік. Нараджае 1—6 кацянят раз у 2 гада. Трапляюцца помесі з тыграм і леапардам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІСЫ́ (Vulpes),
род драпежных млекакормячых сям. сабачых. 11 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды, завезены ў Аўстралію. Трапляюцца ад тундры да пустынь і высакагор’яў. На Беларусі 1 від (найб. буйны), 1 падвід — ліс звычайны, або чырвоны, сярэднярускі (V. v. vulpes). 1 падвід — паўночнаамер. карсак (V. velox hebes) — у Чырв. кнізе МСАП.
Даўж. цела да 90 см, хваста да 60 см, маса да 10 кг. Поўсць пушыстая, колер зменлівы, ад рыжага да амаль чорнага, зрэдку трапляюцца белыя (альбіносы) або чорныя (меланісты) асобіны. Жывуць у норах. Усёедныя. Манагамы. Аб’ект промыслу. Серабрыста-чорныя Л.. выведзеныя з канадскага падвіду — аб’ект зверагадоўлі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯНІ́ЎЦЫ,
група млекакормячых жывёл атр. непаўназубых. 2 сям.: уласна Л. (Bradypodidae) — 1 род, 3 віды і двухпальцаляніўцавыя (Megalonychidae) — 1 род, 2 віды. Пашыраны ў Цэнтр. і Паўд. Амерыцы. Начныя дрэвавыя жывёлы. Ашыйнікавы Л. (Bradypus torquatus) у Чырв. кнізе МСАП.
Даўж. да 65 см, маса да 7 кг. Поўсць доўгая, шаравата-бурая, з зеленаватым адценнем, якое надаюць водарасці, што развіваюцца ў поўсці. Пярэднія канечнасці даўжэйшыя за заднія. Кісці і ступні вузкія, выгнутыя. Пальцы (2 або 3) зрослыя на ўсю даўж., з доўгімі кіпцюрамі. Галава можа паварочвацца на 180°. Маларухомыя. Расліннаедныя. Раз у год нараджаюць 1 дзіцяня. Аб’екты промыслу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПСАРАПТО́З, наскурная кароста,
інвазійная хвароба жывёл, якая выклікаецца кароставымі кляшчамі з роду наскурнікаў. Хварэюць буйная і дробная раг. жывёла, коні, трусы, ласі, алені і інш. Узбуджальнікі спецыфічныя для пэўных відаў жывёл. Пашырана ўсюды, у т. л. на Беларусі.
Хвароба часцей рэгіструецца ў асенне-зімовы перыяд, у цёплы час года набывае скрытае, запаволенае цячэнне. Заражэнне адбываецца пры кантакце з хворымі жывёламі, праз прадметы догляду, подсціл і інш. Праяўляецца неспакоем, моцным свербам, жывёлы знясільваюцца, у іх выпадае поўсць, на скуры ўтвараюцца жаўтавата-чырв. вузельчыкі, напоўненыя вадкасцю. У авечак паталаг. працэсы развіваюцца ў вобласці паясніцы і спіны, у буйн. раг. жывёлы — на карку, шыі, каля кораня хваста.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУ́ДЗЕЛІ (ням. Pudel ад дыялект. pudeln плюхацца ў вадзе),
група пакаёва-службовых старажытных парод сабак. Каля 15 парод, пашыраны ва ўсіх краінах свету. Выкарыстоўваліся ў паляванні на вадаплаўных птушак (адсюль назва), зайцоў, для збору труфеляў.
Вылучаюць П. вялікага, або каралеўскага (выш. ў карку 45—58 см), сярэдняга, або малога (35—45 см), і карлікавага (28—35 см). Маса 6—50 кг. Поўсць доўгая, мяккая, хвалістая або «шнурам», чорная, белая, карычневая, серабрыстая ці абрыкосавая, якую стрыгуць на асобных участках цела. Канстытуцыя моцная, сухая. Галава выцягнутая, вушы звіслыя. Спіна кароткая, лапы сухія, прамыя. Хвост купіруюць. Тып паводзін рухомы, характэрны алюр — галоп.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЎКАЛА́К (ад стараслав. влък воўк + длакъ поўсць),
вобраз у старадаўніх павер’ях беларусаў і інш.слав. народаў; пярэварацень, чалавек, які чароўным спосабам ператварыўся ў воўка. Уяўлялі, што ў адрозненне ад звычайнага воўка ваўкалак больш высокага росту, з вялікай галавой, чатырма вачыма, вые не па-воўчы, а стогне і плача, як чалавек. Паводле паданняў, ваўкалакаў падзялялі на дзве групы: ваўкалакі — фантастычныя істоты, у якіх нібыта ператваралі людзей чараўнікі, і ваўкалакі, у якіх ператвараліся самі чараўнікі.
Генетычна вобраз ваўкалака звязаны з татэмізмам, абрадамі пераапранання ў шкуры татэмных жывёл, якім пакланяліся (у мінулым гуцулы нават спраўлялі свята воўка). Паступова вобраз ваўкалака страціў рэліг. значэнне і захаваўся ў фальклоры як фантастычны персанаж.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЗО́Н (Bison bison) млекакормячае роду зуброў сям. пустарогіх. 2 падвіды. Быў пашыраны ад паўн.-зах. і цэнтр. Канады на Пд да цэнтр. Мексікі. У 19 ст. амаль знішчаны. Колькасць часткова адноўлена, пераважна на ахоўных тэр. ЗША і Канады (некалькі дзесяткаў тыс. галоў). Акліматызаваны ў цэнтр. Алясцы, завезены ў запаведнік Асканія-Нова.
Даўж. да 3 м, выш. ў карку да 1,9 м, маса да 1 т. Выглядам і біялогіяй падобны да зубра. Тулава моцнае, масіўнае, з высокім «гарбом». Ногі кароткія, тоўстыя. Рогі круглыя, гладкія, чорнага колеру. Поўсць густая, цёмна-бурая, на галаве, шыі і плячах значна даўжэйшая. Палаваспеласць у 2—3 гады. У прыплодзе звычайна адно цяля. Корміцца расліннасцю. Ахоўваецца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУША́Н (Plecotus auritus),
млекакормячая жывёла сям. кажанавых атр. рукакрылых. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Афрыцы. На Беларусі трапляецца ўсюды, нешматлікі. Аселы. Жыве пад адсталай карой, на гарышчах, за аканіцамі, у дуплах, зімой — у скляпах, падвалах, бульбяных ямах і інш.
Даўж. цела 4,2—5,4 см, хваста да 5,2, вушэй да 4 см, маса да 10,5 г.Поўсць мяккая, шаўкавістая, зверху палева-буравата-шэрая з карычневым адценнем, знізу шэра-белавата-палевая. Палёт хуткі, нераўнамерны. Нараджае 1, зрэдку 2 дзіцянят. Палюе ноччу без перапынку на невял. вышыні па ўзлесках і лясных прасеках, у кронах дрэў паркаў і садоў, уздоўж дарог, над вадаёмамі. Знішчае лускакрылых насякомых, пераважна шкоднікаў сельскай і лясной гаспадаркі.