АНДА́ТРА,

мускусны пацук (Ondatra zibethicus), млекакормячая паўводная жывёла атр. грызуноў. Пашырана ў Паўн. Амерыцы, Еўразіі. Радзіма — Паўн. Амерыка. У 1905 завезена ў Зах. Еўропу. На Беларусь пранікла з Польшчы. Шырока рассялілася. Жыве ў норах, «хатках» у старыцах, невял. з павольным цячэннем рэчках, каналах, азёрах, сажалках, багатых воднай і прыбярэжнай расліннасцю.

Даўж. цела да 40 см, хваста да 35 см, маса да 2 кт. Поўсць густая, шаўкавістая, ад светла-карычневай да чорнай. Хвост з бакоў пляскаты, укрыты рагавымі лускавінкамі. У самцоў у перыяд гону залозы выдзяляюць сакрэт з мускусам. Корміцца раслінамі. За год дае да 3 прыплодаў па 3—15 дзіцянят. Аб’ект промыслу (футра, мяса).

т. 1, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)