ВУЛЬГА́РНЫ МАТЭРЫЯЛІ́ЗМ,
філасофская плынь сярэдзіны 19 ст., якая спрашчала і агрубляла асн. прынцыпы матэрыялізму. Яе прадстаўнікі К.Фогт, Л.Бюхнер, Я.Молешот адмаўлялі сац. прыроду свядомасці, лічылі, што яе змест абумоўлены гал. чынам хім. саставам прадуктаў харчавання, атаясамлівалі мысленне з матэрыяльнымі фізіял. працэсамі, што адбываюцца ў чалавечым мозгу (мозг выдзяляе думку накшталт таго, як печань жоўць). Вульгарны матэрыялізм — у многім рэакцыя на ідэаліст. (асабліва ням.) дыялектыку, якую яго прадстаўнікі характарызавалі як філас. шарлатанства і з свайго боку спадзяваліся вырашыць усе філас. праблемы праз канкрэтныя прыродазнаўчыя даследаванні. У тлумачэнні сац. з’яў вульгарны матэрыялізм прымыкае да сацыял-дарвінізму.
У.К.Лукашэвіч.
т. 4, с. 293
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНЭ́ (Юлія Міхайлаўна) (н. 21.8.1931, Масква),
бел. крытык, літ.-знавец. Дачка М.Ю.Канэ. Скончыла БДУ (1954). Працавала ў рэдакцыях газет Літвы (1954—55), у газ. «Піянер Беларусі» (1959). Даследаванні па сучасным літ. працэсе (артыкулы пра творчасць А.Адамовіча, В.Быкава, Р.Барадуліна, А.Васілевіч, Н.Гілевіча, А.Жука, А.Кулакоўскага, І.Навуменкі, І.Пташнікава, Б.Сачанкі, М.Танка, І.Чыгрынава і інш.). Аўтар кніг «Дзень сённяшні» (1962), «Янка Брыль» (1964), «Плынь» (1983), «Як паветра і хлеб: Жыццёвы і творчы шлях Янкі Брыля» (1988). На бел. мову пераклала асобныя творы арм. празаікаў. З 1991 жыве ў Ізраілі.
Л.С.Савік.
т. 8, с. 17
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕСТАРЫЯ́НСТВА,
плынь у хрысціянстве, якая ўзнікла ў Візантыі ў пач. 5 ст. Заснавальнік канстанцінопальскі патрыярх Несторый. Ён прызнаваў Хрыста чалавекам, які пераадолеў чалавечую слабасць і стаў месіяй. На гэтай падставе лічыў дзеву Марыю не багародзіцай, а жанчынай, якая нарадзіла чалавека. У адрозненне ад артадаксальнага вучэння, Несторый лічыў, што ў Хрысце чалавечыя і боскія пачаткі знаходзяцца ў адносным яднанні і ніколі поўнасцю не злучаны. На Эфескім усяленскім саборы (431) Н. асуджана як ерась. Сучасныя багасловы лічаць, што Н. выходзіць па-за межы артадаксальнага вучэння. Прыхільнікі Н. ёсць у Іране, Іраку, Сірыі, Індыі і інш.
т. 11, с. 297
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯ́ККІ СТЫЛЬ,
плынь ў зах.-еўрап. мастацтве позняй готыкі 14—15 ст. Узнік пад уздзеяннем містычных вучэнняў, у перыяд хуткага распаду сярэдневяковых асноў, культуры і маст. канонаў, ва ўмовах нараджэння новага светаўспрымання і маст. індывідуальнасці. Найб. пашыраны ў 1380—1430-я г. пераважна ў Германіі, Аўстрыі, Чэхіі. Сярод лепшых твораў М.с. — «Прыгожыя мадонны» (скульптуры Маці Божай у поўны рост з дзіцем на руках; пашыраны ў Чэхіі, Германіі, Польшчы), чэш. алтарныя карціны для сабора св. Ільі ў Тршэбані (каля 1380), творы ням. мастакоў кёльнскай школы Конрада з Зёста, верхнярэйнскага майстра («Райскі сад», каля 1410), Франке.
т. 11, с. 71
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСІБІЛІ́СТЫ,
палітычная плынь у франц. рабочым руху ў 1880-я г. — пач. 20 ст. Адстойвалі ідэі «муніцыпальнага сацыялізму» (перадача органам мясц. самакіравання гар. транспарту, электрастанцый, газазабеспячэння, школ, бальніц і інш.). Першапачаткова складалі рэфармісцкае крыло Рабочай партыі (засн. ў 1879) на чале з П.Брусам; прытрымліваліся «палітыкі магчымасцей» («La politique des possibilités», адсюль назва П.). У 1882 пасля расколу Рабочай партыі П. атрымалі назву Рабочая партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў, у 1883 — Федэрацыя франц. працоўных-сацыялістаў. У 1880-я г. зрабілі спробу ўзначаліць міжнар. рабочы рух, але не былі падтрыманы. У пач. 20 ст. ўвайшлі ў склад Франц. сацыяліст. партыі.
т. 12, с. 161
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛО́НСКАЯ ШКО́ЛА ЖЫ́ВАПІСУ,
школа італьян. жывапісу. Узнікла ў г. Балоння каля 1585 пасля заснавання братамі Карачы «Акадэміі тых, хто стаў на правільны шлях», дала пачатак развіццю акадэмізму ў еўрап. мастацтве і будучых акадэмій мастацкіх. Пад гэтым тэрмінам маюць на ўвазе адну з плыняў у італьян. жывапісе перыяду фарміравання і росквіту барока.
У канцы 16—17 ст. мастакі Балонскай школы жывапісу Карачы, Г.Рэні, Гверчына, Даменікіна апіраліся на вонкавае ўспрыманне маст. прыёмаў майстроў высокага Адраджэння, выпрацавалі эфектыўныя дэкар. кампазіцыі на рэліг. і міфалагічныя тэмы, манум.-дэкар. размалёўку, распрацавалі тыпы манум. алтарнай карціны і т.зв. гераічнага пейзажа. У далейшым акадэмізм алонскай школы ператварыўся ў безжыццёвую маст. плынь.
т. 2, с. 257
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКМЕІ́ЗМ (ад грэч. akme найвышэйшая ступень чаго-н., росквіт),
мадэрнісцкая плынь у рас. паэзіі 1910-х г. Супрацьпастаўляўся сімвалізму з яго адрывам ад рэальнага жыцця і імкненнем да містычнага, незразумелага. Сярод тэарэтыкаў і прыхільнікаў акмеізму — М.Гумілёў («Спадчына сімвалізму і акмеізм», 1913), С.Гарадзецкі («Некаторыя плыні ў сучаснай рускай паэзіі», 1913), В.Мандэльштам, Г.Ахматава і інш., якія дэкларавалі канкрэтна-пачуццёвае ўспрыняцце і адлюстраванне свету, паэтызавалі мінулую культуру і біял. пачатак у чалавеку (адсюль другая назва акмеізму — адамізм, ад імя Адам), выступалі за вяртанне слову яго першапачатковага, не сімвалічнага, сэнсу. Акмеісты аб’ядналіся ў «Цэх паэтаў» (1911 — 14; 1920—22), выдавалі час. «Гиперборей» (1912—13), альманахі.
т. 1, с. 197
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ГАДА (сапр. Лагадзінскі Валянцін Канстанцінавіч; 27.5.1913, с. Сцяпаны Канеўскага р-на Чаркаскай вобл., Украіна — 10.1.1991),
украінскі паэт. Вучыўся ў Днепрапятроўскім ун-це (1938—41). Аўтар зб-каў лірычных вершаў «Красавік» (1953), «Натхненне» (1960), «Бурлівая плынь» (1963), «Кліча зямля» (1983), сатырыка-гумарыстычных твораў «Што пасееш, тое і пажнеш» (1955), «Гарачая завіўка» (1968), «Вымушаная пасадка» (1982), камедыі «Заечая пазіцыя» (1959) і інш. Пераклаў на ўкр. мову шэраг твораў Н.Гілевіча, У.Корбана. На бел. мову асобныя творы Л. пераклалі Э.Валасевіч, Р.Няхай, Я.Тачыла, В.Шымук.
Тв.:
Гумор, сатира, лірика. Київ. 1983;
Рус. пер. — За нашими Карпатами. М., 1954.
В.А.Чабаненка.
т. 9, с. 86
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛЕГА́ЛЬНЫ МАРКСІ́ЗМ»,
ідэйна-палітычная плынь рас. інтэлігенцыі ў 1890-я г. Прадстаўнікі «Л.М.» (П.Б.Струвэ, М.І.Туган-Бараноўскі, С.М.Булгакаў і інш.), выступаючы ў легальных часопісах «Новое слово» (1894—97), «Жизнь» (1897—1901), «Начало» (1899) і інш., выкарыстоўвалі палажэнні марксісцкай эканам. тэорыі для абгрунтавання развіцця капіталізму ў Расіі як прагрэсіўнай з’явы, але адмаўлялі ці рэвізавалі марксісцкую рэв. тэорыю. Яны выступалі супраць самадзяржаўя, за дэмакр. свабоды, развівалі ліберальныя тэорыі сац. рэфармавання капіталіст. грамадства. У сярэдзіне 1890-х г. разам з сацыял-дэмакратамі змагаліся супраць народніцтва і інш. тэорый, якія адмаўлялі капіталіст. шлях развіцця Расіі. З канца 1890-х г. перайшлі ад марксізму да лібералізму, іх лідэры сталі ядром партыі кадэтаў.
т. 9, с. 181
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́КСФАРДСКАЯ ШКО́ЛА,
плынь у зах.-еўрап. філасофіі 13 ст. Узнікла ў Оксфардскім ун-це. Філас. асновай поглядаў мысліцеляў О.ш. (Грасетэст, Альфрэд Англійскі, Адам з Марча) было аўгусцініянства. Значную ўвагу яны звярталі на пытанні прыродазнаўства (творы Арыстоцеля, інш. грэч. і араб. вучэнні), што на той час было наватарствам, бо рымская курыя забараняла вывучэнне твораў, прысвечаных гэтым праблемам. У выніку аддаленасці ад рымскай курыі Оксфардскі ун-т валодаў значнай свабодай. Акрамя таго, яго даследаванні стымуляваліся тым, што ў Англіі раней, чым у інш. краінах, атрымалі развіццё рамесная вытв-сць і гандаль, якім патрэбны былі прыродазнаўчанавук. веды. З О.ш. выйшаў мысліцель і прыродазнавец Р.Бэкан.
т. 11, с. 431
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)