СТАРАВЕ́РСТВА,

рэлігійная плынь, якая ўзнікла ў 2-й пал. 17 ст. ў выніку расколу ў Рускай праваслаўнай царкве і адмовы часткі насельніцтва прызнаць царк. рэформы патрыярха Нікана. Па рэліг. дагматыцы стараверы не адрозніваліся ад рэфармаванай правасл. царквы, але захоўвалі старую абраднасць: 8-канцовы крыж, 2-пальцавае хрышчэнне, двайная (сугубая) алілуя і інш., а таксама стары побыт. Падзяляліся на 2 буйныя галіны — папоўцаў і беспапоўцаў. Больш радыкальныя беспапоўцы адмовіліся ад ін-та свяшчэнства, таму афіцыйная правасл. царква лічыць гэтую плынь ератычнай, якая нібыта трапіла пад уладу антыхрыста. Прычынамі рознагалосся паміж галінамі сталі спрэчкі па пытаннях культу і адносін да ўлад. На Беларусь стараверы сталі перасяляцца ў 1650-я г. з Памор’я і Ноўгарада. Беспапоўцы аселі пераважна на паўн. землях (Лепель, Полацк, Віцебск, Сянно і інш.), папоўцы пасяліліся на ПдУ Беларусі (Магілёў, Чэрыкаў, Гомель, Ветка). Апошнія былі пераважна заможныя сяляне, рамеснікі, купцы. Найбольшым пасяленнем папоўцаў і ўвогуле старавераў на Беларусі было мяст. Ветка. Царскія войскі двойчы іх адтуль выганялі. У сав. час адносіны да С. былі такімі ж, як і да інш. канфесій. На 1.1.2001 зарэгістраваны 34 абшчыны старавераў (каля 20 тыс. чал.). У 1998 зарэгістраваны Цэнтральны савет Дрэўлеправаслаўнай паморскай царквы ў Рэспубліцы Беларусь.

Літ.:

Гарбацкі А.А. Стараабрадніцтва на Беларусі ў канцы XVII — пачатку XX стст. Брэст, 1999.

т. 15, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)