канстытуцыйны прынцып правасуддзя ў дэмакр. дзяржавах, які азначае, што суддзі і засядацелі вырашаюць суд. справы на аснове закону, ва ўмовах, што выключаюць усякае ўздзеянне на іх. Паводле арт. 110 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь суддзі пры ажыццяўленні правасуддзя незалежныя і падпарадкоўваюцца толькі закону. Якое-н. умяшанне ў дзейнасць суддзяў па выкананні правасуддзя недапушчальнае і цягне адказнасць паводле закону.
Н.с. забяспечваецца: устаноўленым законам парадкам выбрання, назначэння і вызвалення суддзяў, іх недатыкальнасць, юрыд. працэдурай ажыццяўлення правасуддзя, тайнай нарады суддзяў пры вынясенні рашэнняў і забаронай патрабаваць выдавання гэтай тайны, адказнасцю за непавагу да суда або ўмяшанне ў вырашэнне канкрэтных спраў, стварэннем неабходных арганізацыйна-тэхн. умоў для дзейнасці судоў, а таксама матэрыяльным і сац. забеспячэннем суддзяў, устаноўленымі гарантыямі, якія адпавядаюць іх высокаму статусу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ТЛЕРАЎ (Аляксандр Міхайлавіч) (15.9.1828, г. Чыстапаль, Татарстан — 17.8.1886),
рускі хімік, заснавальнік рус. школы хімікаў. Акад. Пецярбургскай АН (1874). Скончыў Казанскі ун-т (1849), у якім і працаваў, праф. (1857), у 1860 і 1863 рэктар. З 1868 праф. Пецярбургскага ун-та. Навук. працы па арган. сінтэзе і тэорыі хім. будовы. Адкрыў новы спосаб сінтэзу ёдзістага метылену (1858), атрымаў уратрапін і палімер фармальдэгіду (1861), які выкарыстаў для сінтэзу цукрыстага рэчыва «метыленітану». Стварыў тэорыю хім. будовы, паводле якой уласцівасці рэчываў абумоўлены парадкам сувязей атамаў у малекулах і іх узаемным уплывам (1861). Растлумачыў з’яву ізамерыі (1864). У 1864 выдаў кнігу «Уводзіны да поўнага вывучэння арганічнай хіміі», дзе тэорыя хім. будовы ўпершыню пашырана на ўсе класы арган. злучэнняў.
Тв.:
Соч.Т. 1—3. М., 1953—58.
Літ.:
Быков Г.В. А.М.Бутлеров: Очерк жизни и деятельности. М., 1961.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАДА́ЛЬНАСЦЬ (ад лац. modus мера, спосаб),
функцыянальна-семантычная катэгорыя мовы, якая паказвае на спосаб перадачы адносін гаворачай асобы да выказвання і самога выказвання да рэчаіснасці. Той, хто гаворыць, ацэньвае факты і падзеі, пра якія ён гаворыць, рэальныя яны або нерэальныя, пажаданыя ці непажаданыя, магчымыя ці немагчымыя і г.д. Адрозніваюць М. аб’ектыўную (выражае адносіны выказвання да рэчаіснасці) і суб’ектыўную (выражае адносіны гаворачай асобы да зместу выказвання). У бел. мове выражаецца формамі дзеяслоўнага ладу (абвеснага, умоўнага, загаднага), асобнымі словамі («відаць», «магчыма», «напэўна» і інш.), інтанацыяй («Што за ноч!»), парадкам слоў у сказе («Так ён цябе і паслухае!» — са значэннем «наўрад ці паслухае») і інш. моўнымі сродкамі.
Літ.:
Виноградов В.В. О категории модальности и модальных словах в русском языке // Тр. Ин-та рус. яз. АНСССР. М.; Л., 1950. Т. 2;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАПА́ЛЬВАННЕў карбюратарных рухавіках,
узгаранне гаручай сумесі ў цыліндрах у адпаведнасці з парадкам і рэжымам работы рухавіка. Адбываецца з дапамогай запальных свечак, паміж электродамі якіх пад уздзеяннем высокага напружання праскаквае эл. іскра. Выкарыстоўваецца ў аўтамабілях, матацыклах і інш.
З. ад эл. іскры дастаткова надзейнае, момант успышкі лёгка рэгулюецца. Для стварэння высокага напружання выкарыстоўваюць акумулятарныя батарэі разам з індукцыйнай шпуляй (найб. пашырана) або магнета. Батарэйнае З. забяспечвае надзейны пуск рухавіка, аднак абмяжоўвае яго быстраходнасць. Для павышэння эканамічнасці рухавіка павялічваюць ступень сціскання і абядняюць гаручую сумесь, што патрабуе павелічэння зазору паміж электродамі запальнай свечкі і, адпаведна, магутнасці іскравага разраду і суправаджаецца павышаным зносам кантактаў. Найб. дасканалыя кантактава-транзістарныя, бескантактава-транзістарныя і электронныя сістэмы З. забяспечваюць большую эканамічнасць, поўнае згаранне паліва і меншую таксічнасць выхлапных газаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІДЭРЛА́НДСКАЯ МО́ВА, галандская мова,
адна з германскіх моў (заходнегерманская падгрупа). Афіц. мова Нідэрландаў, адна з 2 (разам з франц.) афіц. моў Бельгіі. Пашырана таксама ў Вест-Індыі, ЗША. Асн. дыялектныя групы: паўн.-цэнтр. (паўд.-галандскія і утрэхцкія дыялекты), паўн.зах. (паўн.-галандскія), паўд.-цэнтр. (брабанцкія і ўсх.-фламандскія), паўд.-зах. (зах.-флам. і зеландскія), паўн.-ўсх. (саксонскія), паўд.-ўсх. (лімбургскія). У фанетыцы — глухія выбухныя зычныя p, t, k, дыфтонгі; націск сілавы, пераважна на каранёвым складзе. Паводле граматычнай будовы аналітычная. У словаўтварэнні пераважае словаскладанне. Сінтакс. адносіны выражаюцца пераважна парадкам слоў і прыназоўнікавымі канструкцыямі. Асновы адзінай нормы літ. мовы склаліся ў 17 ст. У пісьмовай і вуснай разнавіднасцях літ. мовы, а таксама паміж паўн. варыянтам (у Нідэрландах) і паўд. варыянтам (у Бельгіі) існуюць тэр. адрозненні. Пісьменства на аснове лац. графікі.
Літ.:
Миронов С.А. Нидерландский (голландский) язык. М., 1965;
Яго ж. История нидерландского литературного языка (IX—XVI вв.). М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛЯВО́НІХА»,
бел.нар. танец. Мясц. назвы: «Крутуха», «Круцёлка», «Падарожная», «Бычок», «Мяцеліца», «Лявоніха» па-даўнейшаму». Існуе ў адзінстве трох кампанентаў: харэаграфічнага ў 2 разнавіднасцях — імправізацыйнай (танцуюць па аднаму або ў крузе з выхадам асобных выканаўцаў) і рэгламентаванай, з устаноўленым парадкам фігур (выконваюць парамі або тройкамі); песенна-паэтычнага з мноствам тэкстаў жартоўнага зместу; муз.-інструментальнага з рознай меладычнай асновай. Рытмаформула ♪ ♪ ♪ ♪ 𝄀 ♪ ♪ ♪ ♪ 𝄀 ♪ ♪ ♪ 𝄾. Муз. памер 2/4. Тэмп жвавы. У нар. практыцы бытуе як абрадавы (калядная гульня «Жаніцьба Цярэшкі», вяселле на Паазер’і) і пазаабрадавы танец. Упершыню выведзена на сцэну ў паказах трупы І.Буйніцкага, 1-я сцэн. рэдакцыя створана ў 1920-я г. К.Алексютовічам; выкарыстана ў балетах «Салавей» М.Крошнера і «Князь-возера» В.Залатарова. Танец папулярны на Беларусі і за яе межамі, уваходзіць у рэпертуар прафес. і самадз.танц. калектываў, служыць своеасаблівай візітнай карткай бел. мастацтва за мяжой.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРФАЛАГІ́ЧНАЯ КЛАСІФІКА́ЦЫЯ МОЎ,
класіфікацыя моў свету, якая праводзіцца ў залежнасці ад граматычнага ладу мовы, пераважна марфалогіі; адзін з відаў тыпалагічнай класіфікацыі моў. Паводле М.к.м. вылучаюць 4 тыпы моў свету: коранеізаляваныя мовы (адсутнасць словазмянення, грамат. значнасць парадку слоў, слабое проціпастаўленне знамянальных і службовых слоў); аглюцінатыўныя мовы (грамат. адназначнасць афіксаў, адзіны тып скланення і спражэння, адсутнасць значных чаргаванняў); інкарпараваныя мовы (магчымасць уключэння ў склад дзеяслова-выказніка інш. членаў сказа, пераважна прамога дапаўнення); флектыўныя мовы (поліфункцыянальнасць грамат. марфем, наяўнасць фанетычна не абумоўленых змен кораня, вял. колькасць фанетычна і семантычна нематываваных тыпаў скланення і спражэння).
Многія мовы займаюць прамежкавае становішча на шкале М.к.м., сумяшчаюць у сабе прыкметы розных тыпаў. Напр., бел. мова адносіцца пераважна да флектыўнага тыпу, аднак у ёй сустракаюцца выпадкі. калі адносіны паміж словамі выражаюцца не столькі канчаткамі, колькі парадкам слоў (напр., «Маці любіць дзіця» — «Дзіця любіць маці»).
Літ.:
Кузнецов П.С. Морфологическая классификация языков. М., 1954;
Теоретические основы классификации языков мира. М., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВЕ́РХНЯ,
1) адно з геам. паняццяў, у элементарнай геаметрыі разглядаецца як мяжа цела або як след лініі, што рухаецца. Напр., сфера (мяжа шара), П. мнагагранніка.
Калі рухаецца прамая лінія, то яе след утварае лінейчастую П. (напр., цыліндрычную); вярчэнне лініі вакол прамой дае паверхню вярчэння (напр., канічную). У аналітычнай геаметрыі вывучаюцца алгебраічныя П., якія задаюцца ўраўненнем Φ(x1, x2 ..., xn дзе Φ — мнагасклад, ступень якога наз.парадкам алгебраічнай П. П. першага парадку — плоскасць, прыклады П. другога парадку — эліпсоіды, гіпербалоіды, парабалоіды Уласцівасці П. вывучаюцца паверхняў тэорыяй, у тапалогіі.
2) П. ў фізіцы — мяжа раздзелу паміж двума асяроддзямі, што кантактуюць. У кожным з гэтых асяроддзяў на пэўную адлегласць ад П. распасціраецца слой, у якім элементны састаў і хім. стан, атамная і электронная структура, дынамічныя, магн. і інш. ўласцівасці рэчыва істотна адрозніваюцца ад яго ўласцівасцей ў аб’ёме. Таўшчыня гэтага слоя залежыць ад прыроды асяроддзяў, што кантактуюць, і знешніх умоў. Яму ўласцівы разнастайныя паверхневыя з ’явы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРОЦІПАВЕ́ТРАНАЯ АБАРО́НА (ППА),
сукупнасць агульнадзярж. мерапрыемстваў і баявых дзеянняў войск (сіл) з мэтай абароны розных аб’ектаў, войск і насельніцтва ад паражэння з паветра. Уключае сістэмы кіравання, разведкі і апавяшчэння аб паветр. праціўніку, зенітнага ракетна-артыл. прыкрыцця, знішчальна-авіяц. прыкрыцця. Адрозніваюць занальную ППА (сілы і сродкі ўтвараюць адзіную групоўку для абароны асобных рэгіёнаў); занальна-аб’ектавую ППА (спалучэнне занальнай ППА з непасрэдным прыкрыццём найб. важных аб’ектаў); аб’ектавую ППА (для абароны асобных важных аб’ектаў). Войскі ППА Рэспублікі Беларусь сфарміраваны ў 1992 на базе ўпраўлення, часцей і злучэнняў 2-й асобнай арміі ППА, а таксама часцей і злучэнняў ППАБВА. У іх склад ўваходзяць: зенітныя ракетныя войскі і зенітная артылерыя, радыётэхн. войскі, якія з’яўляюцца родам войск, а таксама часці і падраздзяленні спец. войск (радыёэлектроннай барацьбы, сувязі, інж., хім., тэхн. забеспячэння). Прызначаны для аховы адм.-паліт., прамысл.-эканам. цэнтраў і раёнаў краіны, груповак узбр. сіл, важных ваен. і інш. аб’ектаў ад удараў праціўніка з паветра; знаходзяцца ў пастаяннай баявой гатоўнасці, частка іх сіл нясе баявое дзяжурства, ажыццяўляе бесперапынную радыёлакацыйную разведку ў паветр. прасторы, кантроль за парадкам выкарыстання авіяцыяй паветр. прасторы, пралёту дзярж. мяжы Рэспублікі Беларусь і інш. У 1995 войскі ППА Беларусі ўвайшлі ў склад аб’яднанай сістэмы ППА СНД.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІТА́ЙСКАЯ МО́ВА,
адна з кітайска-тыбецкіх моў. Афіц. мова Кітая, адна з афіц. моў ААН. Пашырана таксама ў Камбоджы, Лаосе, В’етнаме, М’янме, Малайзіі, Тайландзе, Сінгапуры і інш. дзяржавах Паўд.-Усх. Азіі. Існуе ў 2 формах — пісьмовай і вуснай, якія не маюць адпаведнасцей. У пісьмовай К.м. выкарыстоўваюцца іерогліфы, якія забяспечваюць цэласнасць арэала распаўсюджання К.м. і часта з’яўляюцца адзіным сродкам міждыялектных зносін. Вылучаюць 7 асн. дыялектных груп: паўн., у, сян, гань, хакка, юэ, мінь. Літ. мова абапіраецца на паўн. дыялекты, у аснову літ. вымаўлення пакладзена пекінская гаворка. Галосныя і зычныя вуснай К.м. арганізаваны ў таніраваныя склады; усяго ў К.м. 4 тоны (узыходны, сыходны, высокі і нізкі). У безнаціскным становішчы тон страчваецца. У К.м. адсутнічае словазмяненне; у словаўтварэнні дамінуе коранескладанне. Часціны мовы прадстаўлены 2 вял. класамі слоў, якія абазначаюць прадмет або яго прыкмету. Сінтаксіс характарызуецца жорсткім парадкам членаў сказа.
Стараж.-кіт. мова (гувэнь) узнікла ў 1-м тыс. да н. э. У 4—3 ст. да н. э. склалася яе літ. норма (вэньянь), якая са зменамі выкарыстоўвалася як пісьмовая літ. норма да 20 ст. У 1-й пал. 20 ст. незразумелы на слых вэньянь быў выцеснены ў пісьмовых зносінах «агульназразумелай мовай» (путунхуа), якая стала нац.літ. мовай. К.м. карыстаецца кітайскім пісьмом. Стараж.літ. помнікі датуюцца 1-й пал. 1-га тыс. да н. э.