ПЯРКУ́НАС (літ. Perkū́nas ад Perkū́nija навальніца, лат. Pḗrkons гром),

у стараж. балтыйскай міфалогіі бог грому, маланкі і дажджу. Яго ўяўлялі ў выглядзе раззлаванага чорнабародага мужчыны сярэдніх гадоў, увянчанага полымем, сівога старога на нябеснай калясніцы або конніка на вогненным кані і інш.

П. займаў першае месца сярод балтыйскіх багоў у сферы культу і надзяляўся універсальнымі здольнасцямі, у першую чаргу спрыяў урадлівасці. Яго ўмольвалі аб дажджы ў час засухі. У свяцілішчах у гонар П. падтрымлівалася незгасальнае вогнішча, яго культ абслугоўвалі спец. жрацы. У слав. міфалогіі яму адпавядае Пярун.

т. 13, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІ́ДАРАВА Глафіра Пятроўна (н. 2.12.1922),

расійская актрыса. Нар. арт. Комі (1949). Засл. арт. Расіі (1967). Нар. арт. СССР (1980). Скончыла Комі-студыю Дзярж. ін-та тэатр. мастацтва (1942). З 1942 у Комі рэсп. драм. т-ры імя В.​А.​Савіна (г. Сыктыўкар). Актрыса шырокага дыяпазону з яркім тэмпераментам і вял. унутранай сілай. Сярод роляў: Настасся Піліпаўна («Ідыёт» паводле Ф.​Дастаеўскага), Кабаніха («Навальніца» А.​Астроўскага), Квашня («На дне» М.​Горкага), Лушка («Узнятая цаліна» паводле М.​Шолахава), Любка Шаўцова («Маладая гвардыя» паводле А.​Фадзеева) і інш.

т. 14, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСАЛІ́ЦІНАВА Варвара Восіпаўна (29.7.1878, г. Ялец Ліпецкай вобл., Расія — 20.10.1945),

расійская актрыса. Сястра М.В.Масаліцінава. Нар. арт. Расіі (1933). Скончыла драм. курсы пры Маскоўскім тэатр. вучылішчы (1901). Працавала ў Малым т-ры. У творчасці спалучала глыбокі псіхалагізм, быт. дакладнасць, заснаваную на жыццёвых назіраннях, з яркай выразнасцю знешняга малюнка вобраза. Сярод роляў: Няніла Сідараўна, Манефа, Кукушкіна («З чужога шалу галава кружыцца», «На ўсякага мудраца хапае прастаты», «Даходнае месца» А.​Астроўскага), Хлёстава («Гора ад розуму» А.​Грыбаедава), Дзямідзьеўна («Нашэсце» Л.​Лявонава). Знялася ў фільмах «Паны Скацініны» (1927), «Навальніца» (1934), «Дзяцінства Горкага» (1938) і «У людзях» (1939; Дзярж. прэмія СССР 1941).

т. 10, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́СЛЕНІКАЎ Уладзімір Паўлавіч (н. 12.1.1956, Мінск),

бел. жывапісец. Сын П.В.Масленікава. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1980). Творы вылучаюцца глыбокай змястоўнасцю, лірычным настроем, стрыманай жывапіснай палітрай, пошукамі выразных танальных вырашэнняў. Сярод пейзажаў: «Захад» (1989), «Зямля дзядоў», «Навальніца» (абодва 1993), «Цішыня», «Ліпень», «Восень у Драздах», «Верасень» (усе 1994), «Прыпяць» (1995), «Магілёў. Падніколле», «Дняпроўскія далячыні» (абодва 1996), «Княжыцы», «Бярэзіна» (абодва 1997), «На радзіме бацькі» (1999). Аўтар партрэтаў рэжысёра В.​Маслюка (1987), «Мае бацькі. Май 1945» (1995), В.​К.​Бялыніцкага-Бірулі (1998), некалькіх партрэтаў бацькі.

Літ.:

Фатыхава Г. Жывыя традыцыі — творчасць няспынная // Мастацтва. 1996. № 10.

Г.​А.​Фатыхава.

У.Масленікаў. Партрэт бацькі. 1995.

т. 10, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУЛКО́ЎСКІ Уладзімір Якаўлевіч (н. 19.7.1950, г. Брэст),

бел. мастак. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1974). У 1974—81 выкладаў у Рэсп. школе-інтэрнаце па музыцы і выяўл. мастацтве. Працуе ў станковым жывапісе ў жанрах тэматычнай карціны, партрэта, пейзажа. Творы адметныя своеасаблівай кампазіцыйнай пабудовай, выкарыстаннем фактурнай манеры пісьма, імкненнем да эпічнасці. Сярод твораў: «Полацкі нацюрморт» і «На родным Палессі» (абодва 1974), «Зямля Браслаўская» (1983), «Мой бераг родны» (1985), «Верасень» і «Партрэт М.​Багдановіча» (абодва 1991), «Навальніца на Палессі» (1992), «На прадвесні» (1993); серыя палотнаў «Радзіма Якуба Коласа» (23 карціны; 1986—89).

І.​Л.​Чэбан.

т. 15, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛА́ЗУП (Gläzups) Рыхард (н. 20.5.1920, Рыга),

латышскі дырыжор. Нар. арт. Латвіі (1976). Нар. арт. СССР (1981). Скончыў Латв. кансерваторыю па класах аргана (1945), сімф. дырыжыравання (1949), кампазіцыі (1952). У 1944—76 у Латв. т-ры оперы і балета (з 1967 гал. дырыжор). Пад яго кіраўніцтвам паст. оперы «Банюта» А.​Калніньша, «Залаты конь» А.​Жылінскіса, «Паданне пра нябачны горад Кіцеж і дзеву Фяўронію» М.​Рымскага-Корсакава, «Заручыны ў манастыры» С.​Пракоф’ева, «Лаэнгрын» Р.​Вагнера, «Фідэліо» Л.​Бетховена, «Прададзеная нявеста» Б.​Сметаны, балеты «Навальніца вясной» А.​Скултэ, «Рамэо і Джульета» Пракоф’ева і інш. Аўтар муз. твораў (кантат «Свету—мір!», 1962; тэма і варыяцыі для аргана і інш.).

т. 5, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХА́РАВА Вольга Сцяпанаўна (11.7.1908, г. Яршоў Саратаўскай вобл., Расія — 6.6.1981),

руская актрыса. Засл. артыстка Беларусі (1955). Скончыла Саратаўскі тэатр. тэхнікум (1932). Працавала ў т-рах Саратава, Грознага, Благавешчанска, Армавіра, Варонежа. З 1949 у Брэсцкім абл. драм. т-ры, у 1958—69 у Дзярж. рус. драм. т-ры Беларусі. Створаныя ёю вобразы адметныя творчай культурай, імкненнем да жыццёвай праўды, прастаты, дакладнасцю ўнутр. і знешняга малюнка. Сярод лепшых роляў: Ганна Ліхта («Змова асуджаных» М.​Вірты), Кабаніха («Навальніца» А.​Астроўскага), Каліберава («Выбачайце, калі ласка!» А.​Макаёнка) у Брэсцкім драм. т-ры; Матрона («Улада цемры» Л.​Талстога), Антонаўна («Дзеці сонца» М.​Горкага) у Дзярж. рус. т-ры і інш.

т. 7, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЫДЫКЕ́ЕВА Бакен (20.10.1923, с. Акцябр Канцкага р-на, Кыргызстан — 1994),

кіргізская актрыса. Нар. арт. СССР (1970). З 1936 працавала ў Кірг. т-ры юнага гледача, з 1944 у драм. т-ры (абодва ў г. Фрунзе). Сярод лепшых роляў: Айганыш («Курманбек» К.​Джантошава), Жамал («Жывая вада» Дыйкамбаева), Айканыш («Зерне бессмяротнасці» А.​Такамбаева), Сейдэ («Твар у твар» паводле Ч.​Айтматава), Джэсі («Рускае пытанне» К.​Сіманава), Любоў Яравая («Любоў Яравая» К.​Транёва), Кацярына («Навальніца» А.​Астроўскага), Соф’я («Гора ад розуму» А.​Грыбаедава), Ганна («Ганна Карэніна» паводле Л.​Талстога), Дэздэмона («Атэла» У.​Шэкспіра) і інш. Здымалася ў кіно. Дзярж. прэмія Кыргызстана імя Тактагула 1970.

т. 9, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІКУ́ЛІНА-КАСІ́ЦКАЯ Любоў Паўлаўна (28.8.1827, с. Жданаўка Пільнінскага р-на Ніжагародскай вобл., Расія — 17.9.1868),

руская актрыса. На сцэне з 1843. Іграла ў Ніжнім Ноўгарадзе, Яраслаўлі і інш. у меладрамах, вадэвілях і операх. З 1847 у трупе Малога т-ра. Яе творчасць вызначалася яркім сцэн. тэмпераментам, шчырасцю перажыванняў. Найб. поўна самабытны талент актрысы раскрыўся ў п’есах А.​Астроўскага; Кацярына («Навальніца», першая выканаўца гэтай ролі), Дуня («Не ў свае сані не садзіся»), Груша («Не так жыві, як хочацца»). Сярод інш. роляў: Луіза («Каварства і каханне» Ф.​Шылера), Марыя («Матчына блаславенне», пераробка франц. меладрамы) і інш.

Літ.:

Куликова К.Ф. Л.​П.​Никулина-Косицкая. Л., 1970.

т. 11, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАНІЛЕ́НКА Міхась (Міхаіл Пятровіч: н. 28.10.1922, в. Ястрабка Лоеўскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў Гомельскі пед. ін-т (1952). Настаўнічаў. У 1953—82 у рэдакцыі «Гомельскай праўды». Друкуецца з 1940. Большасць апавяданняў прысвяціў падзеям вайны, жыццю вёскі і школы, працы настаўнікаў. Героі яго твораў — людзі высакародныя, верныя свайму дому, зямлі, непрымірымыя да праяў несумленнасці і фальшу (аповесці «Наш дом», 1971, «Апанаска Лугавы», 1972, і інш.). Для дзяцей выдаў кнігі «Вернасць слову» (1956), «Зачараваны гарлачык» (1961), «На вуліцы Сонечнай» (1963), «Ключы бабулі Зімы» (1986). Піша вершы, нарысы.

Тв.:

Мая песня. Мн., 1952;

Майская навальніца. Мн., 1959;

Наваселле. Мн., 1964;

Запаветны акіян. Мн., 1972;

Маці Мар’я. Мн., 1976;

Журлівіца. Мн., 1980;

Родная зямля. Мн., 1982.

т. 6, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)