БАНІЁНІС, Банёніс (Banionis) Данатас Юозавіч (н. 28.4.1924, г. Каўнас), літоўскі акцёр, рэжысёр, тэатр. дзеяч. Нар. арт. Літвы (1973), нар. арт. СССР (1974). Скончыў драм. студыю пры Панявежскім т-ры (1946), у якім працуе з 1940 (з 1980 гал. рэжысёр, з 1984 дырэктар і маст. кіраўнік). Драм. акцёр, стварыў па-філасофску абагульненыя, псіхалагічна дакладныя вобразы: Тэсман («Геда Габлер» Г.​Ібсена), Ломен («Смерць коміваяжора» А.​Мілера), Эдгар («Танец смерці» А.​Стрындберга), Брукас («Піюс не быў разумны» Ю.​Грушаса) і інш. Сярод пастановак: «Амадэус» П.​Шэфера, «Вечар» А.​Дударава. З 1959 здымаецца ў кіно: «Ніхто не хацеў паміраць» (Дзярж. прэмія СССР 1967), «Мёртвы сезон», «Гоя», «Уцёкі містэра Мак-Кінлі» (Дзярж. прэмія СССР 1977, «Салярыс» і інш. Яго творчасці прысвечаны фільмы «Я — бедны кароль» і «Майстар з маленькага горада». Дзярж. прэмія Літвы 1969.

Д.Ю.Баніёніс.

т. 2, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭТЭКТЫ́ЎНЫ ФІЛЬМ,

твор кіна- і тэлемастацтва, прысвечаны расследаванню крымінальных і інш. злачынстваў, рабоце разведчыкаў. Тэматычна звязаны з прыгодніцкім фільмам.

Першыя авантурна-дэтэктыўныя фільмы зняты ў 1910-я г. ў Францыі (серыя фільмаў рэж. Л.​Фёяда пра Фантамаса, рэж. В.​Жасэ пра сышчыка Ніка Картэра і інш.). Сярод Д.ф. 1930—40-х г. серыялы пра сышчыкаў, фільмы-«паліцэйскія дакументы»; 1960—70-х г. — серыя фільмаў пра супершпіёна Джэймса Бонда. Сярод лепшых Д.ф. сав. кіно: «Подзвіг разведчыка», «Справа № 306», «Мёртвы сезон», «Вяртанне «Святога Лукі», «Чорны прынц», «Пятроўка 38», тэлевізійныя «Семнаццаць імгненняў вясны», «Месца сустрэчы змяніць нельга».

У бел. кіно дэтэктыўную фабулу маюць фільмы «Дзеці партызана», «Наперадзе — круты паварот», «Блакітны карбункул», «Задача з трыма невядомымі», «Дзікае паляванне караля Стаха», тэлевізійныя «Корцік», «Бронзавая птушка», «Апошняе лета дзяцінства» і інш.

т. 6, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАРУ́ДНЫ Мікола (Мікалай Якаўлевіч; н. 20.8.1921, в. Арэхавец Кіеўскай вобл.),

украінскі пісьменнік. Скончыў Казахскі ун-т (1942). Дэбютаваў аповесцю «Мае землякі» (1950). Аўтар зб. апавяданняў «Святло» (1961), раманаў «На белым свеце» (1967), «Уран» (1970), «Гілея» (1973), гіст. драмы «За Сібір’ю сонца ўсходзіць» (1980) і інш. У п’есах «На крутых берагах» (1955), «Калі ты любіш» (1959), «Мёртвы бог» (1960), «Востраў тваёй мары» (паст. 1962, выд. 1963), «Фартуна» (паст. і выд. 1966) і інш. мастацкае асэнсаванне актуальных праблем сучаснасці, сац. і духоўных пераўтварэнняў на вёсцы, падзей Вял. Айч. вайны. Дзярж. прэмія Украіны імя Т.​Шаўчэнкі 1978. На бел. мову асобныя творы З. пераклаў А.​Макаёнак.

Тв.:

Твори. Т. 1—4. Київ. 1981—82;

Бел. пер. — «За Сібір’ю сонца ўсходзіць...» // Полымя. 1982. № 2.

І.Зарудны. Меншыкава вежа ў Маскве. 1704—07.

т. 6, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРЭ́ЙНДЛІХ Бруна Артуравіч (10.10.1909, С.-Пецярбург — 9.7.2002),

расійскі акцёр. Нар. арт. СССР (1974). Скончыў тэатр. тэхнікум пры Ленінградскім траме (1934). З 1931 працаваў (з перапынкам) у ленінградскіх т-рах імя Абкома ВЛКСМ, юнага гледача, Вял. драм., з 1948 у Расійскім т-ры драмы імя Пушкіна. Яго мастацтва адметнае майстэрствам сцэнічнага дыялогу, спалучэннем інтэлектуальнага і лірычнага пачатку. Сярод роляў: Старадум («Недаростак» Дз.​Фанвізіна), Хлестакоў («Рэвізор» М.​Гогаля), Глумаў («На ўсякага мудраца хапае прастаты» А.​Астроўскага), Гаеў («Вішнёвы сад» А.​Чэхава), Барон («На дне» М.​Горкага), Пер Гюнт («Пер Гюнт» Г.​Ібсена), айцец Серафім («Усё застаецца людзям» С.​Алёшына), Баляснікаў («Казкі старога Арбата» А.​Арбузава) і інш. З 1949 здымаўся ў кіно: «Аляксандр Папоў» (1949), «Розныя лёсы» (1956), «Бацькі і дзеці» (1959), «Мёртвы сезон» (1968), «Чайкоўскі» (1970), «Бег» (1971), «Расія маладая» (тэлефільм, 1982) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1951.

т. 16, с. 491

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Э́СКАЛА (Eskola) Антс (17.2.1908, Талін — 14.12.1989),

эстонскі акцёр. Нар. арт. СССР (1964). У 1925—49 (з перапынкам) працаваў у т-ры «Эстонія», з 1949 у Эстонскім драм. т-ры (з 1952 т-р драмы імя В.​Кінгісепа), у 1966—83 у Эстонскім маладзёжным т-ры (усе ў Таліне). Сярод роляў: Маўрус («Чалавек і бог» паводле А.​Тамсаарэ), Лео Саалеп («Няўлоўны цуд» Э.​Вільдэ), Гамлет, Яга («Гамлет», «Атэла» У.​Шэкспіра), Пер Гюнт («Пер Гюнт» Г.​Ібсена), Шоу («Мілы лгун» Дж.​Кілці), Крачынскі («Вяселле Крачынскага» А.​Сухаво-Кабыліна) і інш. З 1947 здымаўся ў фільмах: «Святло ў Каордзі», «Справа Румянцава», «Новы Нячысты з пекла», «Мёртвы сезон», «Маленькі рэквіем для губнога гармоніка», «Школа пана Маўруса», «Суровае мора» і інш. Яго творчасць адметная жанравай разнастайнасцю, дакладнасцю і лаканічнасцю характарыстык герояў, псіхал. глыбінёй, прастатой сродкаў выразнасці. Дзярж. прэмія Эстоніі 1965.

т. 18, кн. 1, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕНЕЦЫЯ́НСКАЯ ШКО́ЛА ЖЫ́ВАПІСУ,

адна з галоўных жывапісных школ Італіі ў 14—18 ст. Для яе характэрны дасканалае валоданне магчымасцямі алейнага жывапісу, асаблівая ўвага да каларыту. Венецыянскі жывапіс 14 ст. адметны дэкар. арнаментальнасцю, святочным гучаннем колеру, перапляценнем гатычных і візант. традыцый. З сярэдзіны 15 ст. ўзнікаюць рэнесансавыя тэндэнцыі, узмоцненыя фларэнтыйскім уплывам. Найб. росквіту школа дасягнула ў 1-й пал. 16 ст. (Джарджоне, Тыцыян). У творах майстроў 2-й пал. 16 ст. віртуознасць у перадачы колеравага багацця свету спалучаецца з паэтычнай адухоўленасцю, мяккай і свабоднай жывапіснай манерай (П.​Веранезе, Я.​Тынтарэта, Джавані Беліні). У 17 ст. школа перажывала творчы спад. Новы яе росквіт у манум.-дэкар. і жанравым жывапісе (Дж.​Б.​Цьепала, Дж.​Б.​П’яцэта), арх. пейзажы (т.зв. ведута; Дж.​А.​Каналета, Б.​Белота) адносіцца да 18 ст.

Літ.:

Пиньятти Т. Венецианская школа: Альбом: Пер. с итал. М., 1983.

Да арт. Венецыянская школа жывапісу. Джавані Беліні. Мёртвы Хрыстос. Каля 1470.
Да арт. Венецыянская школа жывапісу. Я.​Тынтарэта. Дыяна і Актэон. 1556—59.

т. 4, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Я́КАР суднавы,

прыстасаванне для ўтрымання на месцы на адкрытай вадзе суднаў або інш. плывучых сродкаў. Робіцца ў выглядзе метал. стрыжня з лапамі і рагамі, якія зачэпліваюцца за грунт або лёд. Злучаецца з суднам якарным ланцугом.

Бываюць суднавыя і спец. прызначэння; двухрогія, аднарогія (лядовыя), бязрогія (у т. л. мёртвыя, Я. ў выглядзе пірамід, сегментныя, грыбападобныя, вінтавыя); з нерухомымі і паваротнымі лапамі і інш. Трымальная сіла Я. ў сярэднім у 10—12 разоў большая за яго вагу, маса да 17 т і больш. Першыя Я. ўзніклі больш за 2 тыс. да н.э., прататып найб. пашыранага адміралцейскага Я. — каля 1 тыс. да н.э.

Сучасны адміралцейскі якар суднавы. 1 — шток; 2 — лапа; 3 — рог; 4 — трэнд (ніжняя частка верацяна); 5 — шэйма (верхняя частка верацяна).
Якары суднавыя: 1 — Хола з вярчальнымі лапамі без штока; 2 — Марціна з вярчальнымі лапамі і са штокам; 3 — Баерса; 4 — мёртвы якар — вінт Мітчэла; 5 і 6 — якары спецыяльнага прызначэння (лядовы і «кошка»).

т. 18, кн. 1, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІКУ́ЛІН Леў Веньямінавіч (сапр. Альканіцкі Леў Уладзіміравіч; 20.5.1891, г. Жытомір, Украіна — 9.3.1967),

рускі пісьменнік. Скончыў Маскоўскі камерцыйны ін-т (1917). Друкаваўся з 1910. Першая кніга — «Чатырнаццаць месяцаў у Афганістане» (1923). Распрацоўваў жанр рэв.-прыгодніцкага рамана: «Ніякіх выпадковасцей» (1924), «Таямніца сейфа» (1925) і інш. Раманы «Расіі верныя сыны» (1950, Дзярж. прэмія СССР 1952), «Маскоўскія світанкі» (кн. 1—2, 1954—57), «Мёртвы зыб» (1965, экранізацыя пад назвай «Аперацыя «Трэст», 1969) на гіст. тэматыку. Аўтар аўтабіягр. рамана «Час, прастора, рух» (кн. 1—2, 1931—32), п’ес «Справа радавога Шыбуніна» (1935), «Порт-Артур» (1937), зб-ка вершаў «Гісторыя і вершы Анжалікі Саф’янавай» (1918), паэм, апавяданняў, кніг падарожных нататак, кінасцэнарыяў і інш., біягр. нарысаў («Людзі рускага мастацтва», 1947; «Фёдар Шаляпін», 1954; «Чэхаў. Бунін. Купрын», 1960), мемуараў («Людзі і падарожжы. Успаміны», 1962) і інш. Быў знаёмы з Я.​Купалам. У 1954 на бел. мову яго раман «Расіі верныя сыны» пераклаў В.​Вітка.

Тв.:

Соч. Т. 1—3. М., 1956;

Избр. произв. Т 1—2. М., 1979;

Мертвая зыбь: Роман. М., 1991.

т. 11, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХО́ЛЬБЕЙН, Гольбейн (Holbein) Ганс Малодшы (каля 1497 або 1498, г. Аўгсбург, Германія — паміж 7.10 і 29.11.1543), нямецкі жывапісец і графік эпохі Адраджэння. Вучыўся ў свайго бацькі Хольбейна Старэйшага. У 1515—26 працаваў у Базелі, выканаў ілюстрацыі да «Пахвалы глупству» Эразма Ратэрдамскага (1515). Смеласцю кампазіцыйнага вырашэння і сілай эмацыянальнага ўздзеяння вызначаецца карціна «Мёртвы Хрыстос» (1521), стварыў партрэты (Эразма Ратэрдамскага, 1523). У серыі малюнкаў «Вобразы смерці» (вядома пад назвай «Танец смерці», 1524—26) у алегарычнай і гратэскавай форме адлюстраваў падзеі Сялянскай вайны 1524—26 у Германіі. У 1526—28 і з 1532 працаваў у Вялікабрытаніі (з 1536 прыдворны мастак караля Генрыха VIII), дзе раскрыўся яго талент партрэтыста. У творах амаль ювелірную дакладнасць у адлюстраванні дэталей спалучаў з пластычнай і эмацыянальнай цэласнасцю вобраза; графічны партрэт Томаса Мора (1527), жывапісныя партрэты Нікласа Кратцэра, астранома англійскага караля Генрыха VIII (1528), ням. купца Г.​Гісцэ (1532), франц. пасла Ш.​Марэта (каля 1534—35), каралевы Джэйн Сеймур (1536—37), Генрыха VIII (1539—40). Мастацтва Х. паўплывала на развіццё зах.-еўрап. партрэта.

Літ.:

Г.​Гольбейн Младший: [Альбом]. М.; Л., 1962;

Либман М.Я. Дюрер и его эпоха. М., 1972.

Г.Хольбейн Малодшы. Партрэт Нікласа Кратцэра, астранома англійскага караля Генрыха VIII 1528.

т. 17, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНТЭ́НЬЯ (Mantegna) Андрэа (1431, П’яцола-сул-Брэнта, Італія — 13.9.1506),

італьянскі жывапісец і гравёр ранняга Адраджэння; прадстаўнік падуанскай школы. Вучыўся ў няроднага бацькі Ф.​Скварчоне ў Падуі (1441—48). Зазнаў уплывы Данатэла, А. дэль Кастаньё, венецыянскай школы жывапісу. Вывучаў ант. мастацтва, захапляўся археалогіяй і эпіграфікай. Яго творы адметныя пластычнасцю форм і строгасцю лінейнага ладу, трохвымернасцю перадачы прасторы і аб’ёмаў, велічнай урачыстасцю і драматызмам вобразаў. Размалёўкі капэлы Аветары ў царкве Эрэмітані ў Падуі (1449—55), трыпціх у царкве Сан-Дзена Маджорэ ў Вероне (1457—59) вызначаюцца архітэктанічнасцю кампазіцыі і смелымі ракурсамі фігур, гарманічным каларытам. З 1460 жыў у Мантуі пры двары Л.​Ганзага. У размалёўках «Камеры дэльі Спозі» ў замку Сан-Джорджа (1474) праз стварэнне ілюзіяністычных эфектаў (імітацыя круглага акна ў столі і інш.) дасягнуў сінтэзу архітэктуры і жывапісу. У серыі манахромных кардонаў «Трыумф Цэзара» (1485—88, 1490—92) аскетызм жывапісу М. вылучаецца асаблівай выразнасцю. Ант. рэмінісцэнцыі ўвасобіў у алегарычна-міфалагічных карцінах «Парнас» (1497), «Самсон і Даліла» (1500-я г.). У палотнах «Св. сям’я са св. Альжбетай і Янам Хрысціцелем» (паміж 1495—1500) і «Мёртвы Хрыстос» (1500) стварыў драм. вобразы, натхнёныя ант. традыцыяй. Графічныя творы: серыя медзярытаў «Бітва марскіх багоў» (каля 1470), малюнак «Юдзіф» (1491) і інш.

Літ.:

Николаева Н.В. А.​Мантенья. М., 1980.

В.​Я.​Буйвал.

т. 10, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)