Я́КАР суднавы,

прыстасаванне для ўтрымання на месцы на адкрытай вадзе суднаў або інш. плывучых сродкаў. Робіцца ў выглядзе метал. стрыжня з лапамі і рагамі, якія зачэпліваюцца за грунт або лёд. Злучаецца з суднам якарным ланцугом.

Бываюць суднавыя і спец. прызначэння; двухрогія, аднарогія (лядовыя), бязрогія (у т. л. мёртвыя, Я. ў выглядзе пірамід, сегментныя, грыбападобныя, вінтавыя); з нерухомымі і паваротнымі лапамі і інш. Трымальная сіла Я. ў сярэднім у 10—12 разоў большая за яго вагу, маса да 17 т і больш. Першыя Я. ўзніклі больш за 2 тыс. да н.э., прататып найб. пашыранага адміралцейскага Я. — каля 1 тыс. да н.э.

Сучасны адміралцейскі якар суднавы. 1 — шток; 2 — лапа; 3 — рог; 4 — трэнд (ніжняя частка верацяна); 5 — шэйма (верхняя частка верацяна).
Якары суднавыя: 1 — Хола з вярчальнымі лапамі без штока; 2 — Марціна з вярчальнымі лапамі і са штокам; 3 — Баерса; 4 — мёртвы якар — вінт Мітчэла; 5 і 6 — якары спецыяльнага прызначэння (лядовы і «кошка»).

т. 18, кн. 1, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)