СІЦЫЛІЯ́НА (італьян. siciliana літаральна — сіцылійская),
вакальная ці інстр.муз. п’еса, якая паходзіць, верагодна, ад сіцылійскага нар. танца або танц. песні. Муз. памер 6/8 ці 12/8, тэмп умераны. Мае пераважна светлы, ідылічны характар. З 17—18 ст. пашырана ў еўрап.прафес. музыцы. Развівалася пераважна ў 2 кірунках: сузіральным (пастаральным; гл.Пастараль у музыцы) і засмучана-элегічным, які ў прафес. музыцы ўяўляе сабой псіхал. насычэнне, характарызуецца мноствам няўстойлівых гукаў у мелодыі. Пашырана ў творчасці І.С.Баха, Г.Ф.Гендэля, Л.Бетховена, уласціва творам Ф.Шапэна, Р.Шумана, С.Рахманінава, П.Хіндэміта, А.Анегера, І.Стравінскага, Г.Свірыдава, Дз.Шастаковіча, К.Караева, Ю.Шапорына. Рытмічная арганізацыя, блізкая да С., сустракаецца і ў бел. музыцы (напр., фінал 3-й «Сімфоніі ў стылі барока» і вак. цыкле А.Мдывані на вершы Г.Апалінэра).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАРЫДЖЫ́ТЫ (ад араб. хаварыдж, літаральна — тыя, што выйшлі),
прыхільнікі радыкальнай секты ў ісламе, што ўтварылася ў 7 ст. ў ходзе барацьбы за ўладу ў араб.Халіфаце паміж прыхільнікамі Алі ібн Абі Таліба і Муавіі I. У бітве пры, Сіфыне (657) Алі пагадзіўся на трацейскі суд. Тады 12 тыс. яго воінаў у знак пратэсту пакінулі лагер («выйшлі») і паклалі пачатак секце Х., якая потым ваявала і з Алі (забіты ў 661) і з Муавіяй. Х. выступалі супраць сунізму і шыізму, за роўнасць усіх мусульман, выбарнасць імама-халіфа ў кожнай абшчыне, за строгае выкананне рэліг. прадпісанняў, вызначаліся асаблівым фанатызмам і нецярпімасцю да інш. поглядаў. У канцы 7 ст. склалася некалькі груповак Х., якія наз. па імёнах іх першых правадыроў — азракіты, ібадыты, суфрыты і інш. У наш час абшчыны Х. (пераважна ібадытаў) існуюць у Амане, дзе іх вучэнне з’яўляецца афіц. ідэалогіяй, Танзаніі, краінах Паўн. Афрыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАРУ́СКІ СТЫ́ЛЬ,
кірунак у рус. архітэктуры канца 19 — пач. 20 ст. Пачатак пакладзены ў Абрамцаве пад Масквой, у маст. гуртку С.І.Мамантава (канец 1870 — пач. 1880-х г.), які аб’ядноўваў прыхільнікаў новых форм сінтэзу мастацтваў. Агульныя прынцыпы формаўтварэння, пластычнасць, стракатая дэкаратыўнасць пабудоў дазваляе разглядаць Н.с. як нац.-рамант. плынь у рамках стылю мадэрн. Для Н.с. характэрна стварэнне суцэльнага арх.-маст. вобраза, асацыятыўна звязанага з першакрыніцай, а не кампіляцыя стараж.-рус. форм. У арсенал стылізаваных форм уключаліся матывы асн. школ страж.-рус. дойлідства (наўгародскай, уладзіміра-суздальскай, т.зв. нарышкінскага барока і інш.). У праектаванні пабудоў удзельнічалі мастакі В.Васняцоў (фасад Траццякоўскай галерэі, 1900—05), С.Малюцін (даходны дом Пярцовай, 1905—07, з арх. Н.Жукавым), арх. Ф.Шэхтэль (Яраслаўскі вакзал, 1902—04, усе ў Маскве) і інш. Прадстаўнікі позняга Н.с. амаль літаральна ўзнаўлялі формы стараж.-рус. пабудоў (А.Шчусеў, сабор Марфа-Марыінскага манастыра, 1908—12 у Маскве). Н.с. атрымаў увасабленне таксама ў дэкар.-прыкладным мастацтве, кніжнай графіцы, сцэнаграфіі.
А.М.Кулагін.
Да арт.Неарускі стыль. Яраслаўскі вакзал у Маскве. Арх. Ф.Шэхтэль. 1902—04.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УГАРЫ́ЦКАЕ ПІСЬМО́,
квазіалфавітнае клінапіснае кансанантнае пісьмо, якое ўжывалася ў 15—14 ст. да н.э. для запісу тэкстаў на гліняных таблічках. Гэтыя таблічкі з’яўляюцца адзінай крыніцай вывучэння угарыцкай мовы — адной з семіцкіх моў, што была пашырана ў канцы 3-га — 1-й пал. 2-га тыс. да н.э. на тэр. Угарыцкага царства (гл.Угарыт). Вядомы таксама угарыцкія надпісы на хурыцкай і акадскай мовах. Мяркуюць, што У.п. развілося са складовага клінападобнага лінейнага пісьма (не захавалася). Існуе гіпотэза, што першапачаткова знакі У.п. абазначалі спалучэнні пэўнага зычнага з любым галосным, а пазней — толькі зычныя. Для аблягчэння чытання У.п. выкарыстоўвала словараздзяляльнікі (вертыкальныя кліны), а не пазней 14 ст. да н.э. ва У.п., як і ў інш. відах зах.-семіцкага пісьма, пачалі выкарыстоўваць matres lectionis (літаральна — мацеркі чытання) — адмысловыя знакі некат. зычных, якія ўжываліся для абазначэння галосных.
Літ.:
Павленко Н.А. История письма. 2 изд. Мн., 1987;
Шифман И.Ш. Возникновение знаний о языке у финикиян // История лингвистических учений: Древний мир. Л., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРЫ́ПАЛІ (араб. Тарабулус-эль-Гарб),
горад, сталіца Лівіі. Знаходзіцца на ўзбярэжжы Міжземнага м. 1822 тыс.ж. з прыгарадамі (2000). Марскі порт. Вузел аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Гал.гандл.-прамысл., фін. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: харчасмакавая, тэкст., нафтаперапр., гарбарная. Саматужныя промыслы (дываны, упрыгожанні і інш.). Рыбалоўства. Ун-т. Музеі: натуральнай гісторыі, археалагічны.
Засн. фінікійцамі ў 1-й пал. 1-га тыс. да н.э. пад назвай Эа. У грэкаў Эа разам з калоніямі Сабрата і Лептыс-Магна наз. Трыпаліс (літаральна — тры гарады), назва Т. захавалася за Эа. У 105 да н.э. заваяваны рымлянамі. З 46 да н.э. ў складзе рым. правінцыі Афрыка. У 5 ст.н.э. заваяваны вандаламі. у 6—7 ст. у складзе Візантыі, з 643 — у Араб. халіфаце. У 1510 захоплены Іспаніяй. У 1528 горад перайшоў пад уладу рыцарскага мальтыйскага ордэна. У 1551 падпарадкаваны туркамі-асманамі. У 1711—1835 рэзідэнцыя правячай у Лівіі дынастыі Караманлі, у 1835—1911 адм. цэнтр Асманскай імперыі. У 1911 заняты італьян. войскамі, адм. цэнтр уладанняў Італіі ў Паўн. Афрыцы. У 2-ю сусв. вайну ў 1943 заняты брыт. войскамі. Да абвяшчэння незалежнасці Лівіі (1951) Т. — адзін з цэнтраў нац.-вызв. барацьбы. У 1951—69 адна са сталіц (разам з Бенгазі) каралеўства Лівія, з 1969 сталіца Лівіі.
Стары горад — Медына (на ПдЗ; перабудаваны ў 2-й пал. 16 ст.) — размешчаны на скалістым мысе і абнесены з 2 бакоў сценамі На Пд і ПдУ — Новы горад з еўрап. кварталамі, грамадскімі і жылымі дамамі. Помнікі архітэктуры: трыумфальная арка Марка Аўрэлія (163—164); палац «Кастэла» («Чырвоны палац»; 1 ст.н.э., перабудаваны ў 14, 16 і 20 ст.), у ім размяшчаецца археал. музей; мячэці — Нага (верагодна, 10 ст., перабудавана ў 17 ст.), Караманлі (1736), Гурджы (1833).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛІС (грэч. polis, лац. civitas),
горад-дзяржава; асаблівы тып ант. горада, грамадства і дзяржавы, ’які склаўся ў Грэцыі ў сярэдзіне 1-га тыс. да н.э. З’яўляўся асн. структураўтваральным звяном ант. грамадства на розных этапах яго развіцця: напачатку ў форме незалежнага горада-дзяржавы, потым як член міжполісных саюзаў, у эліністычна-рым. час састаўная ч. дзяржаў у выглядзе гар. аўтаномнай адзінкі. П. складаўся з гар. паселішча і с.-г. тэрыторыі (хоры). Уласнікамі зямлі маглі быць толькі паўнапраўныя члены П. Непаўнапраўныя (метэкі, перыэкі, вольнаадпушчанікі) займаліся пераважна рамяством і гандлем. Своеасаблівасцю поліснай абшчыны была высокая ўдзельная вага сярэдніх праслоек насельніцтва, адсутнасць маёмаснага расслаення, значная колькасць рабоў, таму ў гіст. л-ры грамадства П. вызначаецца як рабаўладальніцкае. Полісная дзяржава мела рэсп. лад з выбарчай сістэмай органаў улады і нар. сходам як формай прамога самакіравання народа. Дзярж. апарат кіравання складаўся з савета (кансультатыўныя і распарадчыя функцыі) і магістратаў (грамадз., ваен. і рэліг. ўлада). Розныя пласты грамадзян П. (землеўладальнікі, сяляне, рамеснікі, гандляры, парабкі) былі аб’яднаны агульнай назвай дэмас, якому супрацьстаялі перасяленцы з інш. П. (у Афінах — метэкі) і рабы. Дэмас праз галасаванне ў нар. сходзе зацвярджаў законы, выбіраў магістратаў, выконваў функцыі вышэйшай суд. інстанцыі, так узнікла паняцце «дэмакратыя», літаральна «ўлада дэмасу». Невял. колькасць насельніцтва П. (некалькі тыс.чал.) дазвалялі рэалізаваць прынцып прамога народапраўства., г. зн. што кіраванне ажыццяўлялася ўсёй абшчынай без якой-н. прадстаўнічай сістэмы. Як замкнутая сац. адзінка П. імкнуўся не толькі да поўнай паліт. незалежнасці (аўтаномія), але і да гасп. самастойнасці (аўтаркія). Рэгіянальная гасп. спецыялізацыя, забяспечанасць Эгейскага рэгіёна марскімі камунікацыямі звязала некалькі соцень грэч. П. у адзінае цэлае. Існавалі мірныя формы кантактаў паміж П. (гандл., дыпламат. і культ.) і ваен. (сімахіі — аб’яднанне армій і флатылій для сумесных ваен. дзеянняў). Самымі вядомымі ў гісторыі Грэцыі былі Афінскі марскі саюз і Пелапанескі саюз. У залежнасці ад паліт. ладу стараж.грэч. П. былі дэмакратычныя (Афіны) або алігархічныя (Спарта), аграрна-рамесніцкія (Афіны) ці гандл.-рамесніцкія (Карынф).
Літ.:
Фролов Э.Д. Рождение греческого полиса. Л., 1988;
Строгецкий В.М. Полис и империя в классической Греции. Н. Новгород, 1991;
Античная демократия в свидетельствах современников. М., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШУБРА́ЎЦЫ (Towarzystwo Szubrawców, літаральна — «Таварыства нягоднікаў»),
легальнае літ.-грамадскае т-ва ліберальнай інтэлігенцыі ў Вільні ў 1816—22. Напачатку існавала ў выглядзе ініцыятыўнай групы асветнікаў, якая рыхтавала выданне «Wiadomści Brukowe» («Вулічныя навіны», пазней друкаваны штотыднёвік т-ва). Заснавальнікі т-ва — М.Балінскі, Л.Бароўскі, Ю.Завадскі, А.Марціноўскі, З.Нямчэўскі, Я.Шымкевіч і інш., прэзідэнты — Шымкевіч, К.Контрым, М.Ромер і А.Снядэцкі. Асн. прынцыпы структурнай арганізацыі і кірункі дзейнасці т-ва адлюстраваны ў т.зв. «Кодэксе шубраўскім», які распрацоўвала спец. камісія ў складзе К.Стравінскага (кіраўнік), Балінскага і Контрыма (прыняты 30.6.1817, апубл. 7.2.1819) і дадатку да яго «Аб рустыканах», а таксама ў артыкулах «Прамова да шубраўства» і «Дадатак да «Вулічных навін» Снядэцкага (студз. 1818). Ш. падзяляліся на сапраўдных членаў, т.зв. «урбанаў» — аўтарытэтных жыхароў Вільні колькасцю не больш як 40 чал. і ўзростам не маладзей за 25 гадоў, ганаровых членаў, т.зв. «рустыкан» (сельскіх жыхароў) 1-й катэгорыі і членаў-карэспандэнтаў («рустыкан» 2-й катэгорыі), колькасць якіх была не абмежавана. Рустыкан 1-й катэгорыі выбіралі з асоб, вядомых публікацыямі ў сферы л-ры і мастацтва; 2-ю катэгорыю Ш. папаўнялі высокаадукаванымі людзьмі, зацікаўленымі ў развіцці навукі, або моладдзю, здатнай да літ. працы. Гал. мэты Ш. — пошукі новых кірункаў сац.-эканам. і духоўнага аздараўлення грамадства, сатырычна-гумарыстычная характарыстыка грамадскіх і асобасных заган. На думку Ш., сродкам маральнага ўдасканалення грамадства з’яўлялася трапнае друкаванае слова. Асновай сац.-маральнага прагрэсу яны лічылі асвету, узгадаваную на айч. грунце і накіраваную для дабра народу. Т-ва адстойвала роўнасць людзей перад законам, настойліва даводзіла неправамернасць падыходу да асветы як прывілеі толькі заможных слаёў грамадства, даказвала неабходнасць фарміравання кадраў нац. інтэлігенцыі. Па некат. пытаннях сац.-паліт. і літ. жыцця Ш. заставаліся на кансерватыўных пазіцыях. Перанос сатырычнага акцэнту з агульных заган на канкрэтна ўплывовых асоб стаў падставай для закрыцця штотыднёвіка, а пасля і самога т-ва.
Літ.:
Chmielowski P. Liberalizm i obskurantyzm na Litwie i Rusi (1815—1823). Warszawa, 1898;
Bieliński J. Szubrawcy w Wilnie (1817—1822). Wilno, 1910;
Skwarczyński Z. Kazimierz Kontrym. Towarzystwo Szubrawców. Dwa studia. Lódź, 1961.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЕ́ДКІ ІЕГО́ВЫ, іегавісты,
адна з позніх плыняў пратэстантызму. Засн. ў ЗША Ч.Т.Раселам, які ў 1870 арганізаваў групу па вывучэнні Бібліі (адсюль назва «С.І.» — даследчыкі Свяшчэннага Пісання). З 1931 афіц. назва С.І.; іх дзейнасць зафіксавана ў 232 краінах (больш за 5 млн.чал.). Сусв. цэнтр у Брукліне (раён Нью-Йорка). У веравучэнні С.І. запазычаны некат. дактрыны адвентыстаў 7-га дня (спачатку Расел быў адвентыстам). Некат. даследчыкі лічаць, што папярэдніцай С.І. была рас. секта іегавістаў М.С.Ільіна (1809—90; вучыўся ў школе пры Полацкай езуіцкай акадэміі, дзе пазнаёміўся з зах. тэалогіяй). Для С.І. характэрны спецыфічны падыход да традыц. хрысціянскай дагматыкі: адмаўленне бессмяротнасці душы і веры ў існаванне раю і пекла, своеасаблівая трактоўка Тройцы. Крыніцай усяго жывога і існага, усемагутным і адвечным творцам лічаць Бога Іегову, а Ісуса Хрыста — яго адзінародным сынам, створаным непасрэдна Іеговай. Гісторыю грамадства яны разглядаюць як барацьбу паміж Іеговай і Сатаной, якая павінна завяршыцца бітвай — Армагедонам. Праведнікі — С.І. (144 тыс. выбраннікаў) знойдуць вечнае жыццё ў тэакратычнай дзяржаве Іеговы — раі на Зямлі, астатнія загінуць у бітве. У С.І. няма царк. іерархіі, кожны вернік можа быць прапаведнікам. Афіц.рэліг. свята адно — святкаванне штогод Вечарыны ўспамінаў аб смерці Ісуса Хрыста, на якой адбываецца прычашчэнне хлебам і віном. Словы Ісуса пра тое, што яго вучні павінны быць «не гэтага свету», трактуецца С.І. літаральна, што вядзе да іх самаізаляцыі ў грамадскім жыцці і нярэдка да канфлікту з уладамі з-за адмовы служыць у арміі, удзельнічаць у выбарах і інш. С.І. вядуць актыўную місіянерскую дзейнасць. На Беларусі першае т-ва даследчыкаў Свяшчэннага Пісання зафіксавана ў 1925 у Брэсцкім пав. Паводле афіц. звестак польскіх улад, у 1929 у Палескім ваяв. былі 2 групы іегавістаў (87 чал.). У Зах. Беларусі распаўсюджваліся іегавісцкія выданні: час. «Башня стражи» (пазней «Сторожевая башня»), кнігі іх тагачаснага кіраўніцтва І.Ф.Рутэрфорда «Арфа Божая», «Ці могуць жывыя гаварыць з памерлымі?», «Пажаданы ўрад», «Фотадрама тварэння» і інш. У сав. час дзейнасць іегавісцкіх груп і абшчын была забаронена, з 1990-х г. легалізавана. На Беларусі існуе Рэсп. аб’яднанне С.І. (2000), якое складаецца з 21 абшчыны.