РА́ДЫУС (лац. radius літаральна спіца кола, прамень) акружнасці (сферы), адрэзак, які злучае адвольны пункт акружнасці (сферы) з іх цэнтрам, а таксама даўжыня гэтага адрэзка.

т. 13, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУЛ (англ. pool літаральна агульны кацёл),

форма аб’яднання, пагаднення паміж прадпрымальнікамі, пры якой прыбытак удзельнікаў паступае ў агульны фонд і размяркоўваецца паміж імі па раней устаноўленых суадносінах. Звычайна мае часовы характар.

т. 13, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХУРАМА́ЗДА, Ахура Мазда, Аўрамазда, Армазд,

у іранскай міфалогіі вярхоўнае бажаство зораастрыйскага і ахеменідскага пантэонаў; літаральна — «бог прамудры». З развіццём дуалістычных уяўленняў пра барацьбу спрадвечных пачаткаў дабра і зла Ахурамазда, у адрозненне ад бога Анхра-Майнью, асацыіраваўся з добрым пачаткам.

т. 2, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ОСТ-І́НДЫЯ (англ. East Indies літаральна Усходняя Індыя),

тэрмін, які ўжываўся ў мінулым у адносінах да тэр. Індыі і некаторых інш. краін Паўд. і Паўд.-Усх. Азіі. Узнік у процівагу тэрміну Вест-Індыя. Назва О.-І. доўгі час захоўвалася ў сувязі з калан. дзейнасцю Ост-Індскай кампаніі англійскай, Ост-Індскай кампаніі нідэрландскай і інш.

т. 11, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАКУРА́ТАР (лац. procurator літаральна папячыцель, кіраўнік),

у Старажытным Рыме: 1) домакіраўнік; 2) давераная асоба рым. грамадзяніна ў суд. і камерцыйных справах (звычайна з ліку вольнаадпушчанікаў); 3) у эпоху імперыі таксама кіраўнік вял. маёнтка (імператарскага, прыватнага), чыноўнік, які кіраваў невял. правінцыяй, загадваў зборам падаткаў у вял. правінцыі або ўзначальваў фін. ці гасп. ведамства.

т. 12, с. 549

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ЙРОЙЦКІ ТЭА́ТР, Байрэйцкі тэатр (ням. Festspielhaus літаральна Дом урачыстых паказаў),

оперны тэатр у г. Байройт (Баварыя). Створаны па задуме Р.Вагнера, прызначаны для выканання яго твораў. Адкрыты ў 1876 яго тэтралогіяй «Пярсцёнак нібелунга». З 1882 дзейнічае ў час штогодніх Байройцкіх фестываляў, прысвечаных творчасці Вагнера. Спектаклямі тэатра кіравалі дырыжоры Г.Рыхтэр, Ф.Мотль, Р.Штраус, К.Мук, А.Тасканіні, В.Фуртвенглер, Г.Караян і інш.

т. 2, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́НДЫ (сінгальскае Маха-Нувара, літаральна — вялікі горад),

горад у цэнтр. частцы Шры-Ланкі. 102 тыс. ж. (1988). Цэнтр гал. раёна плантацый чаю. Перапрацоўка с.-г. прадукцыі. Саматужныя промыслы (вырабы з бронзы). Рэліг. будысцкі цэнтр: храм Зуба Буды (Далада Малігава), палацы, манастыры 13—18 ст. Арх. помнікі 12, 14, 18—19 ст. Нац. музей. К. ўключаны ЮНЕСКА у Спіс сусв. спадчыны.

т. 7, с. 580

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́КСІМУМ І МІ́НІМУМ (лац. maximum i minimum літаральна найбольшае і найменшае),

гранічныя велічыні, найб. і найменшая колькасць чаго-н., найвышэйшая і найніжэйшая ступень. У матэматыцы — найб. і найменшае значэнне функцыі ў параўнанні з яе значэннямі ва ўсіх дастаткова блізкіх пунктах. Пункты М. і м. наз. таксама пунктамі экстрэмуму. Калі функцыя мае некалькі такіх пунктаў, то яны наз. лакальнымі, калі адрозніваюцца ад найб. і найменшага значэнняў функцыі ва ўсёй вобласці вызначэння.

т. 9, с. 547

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЭАПА́Г (грэчаскае Areios pagos літаральна ўзгорак Арэса),

1) орган улады ў Старажытных Афінах (назва ад месца яго пасяджэнняў на ўзгорку Арэса каля Акропаля). Узнік у эпоху родаплемяннога ладу як савет старэйшын. Складаўся з пажыццёвых членаў, з 8 стагоддзя да нашай эры папаўняўся з ліку былых архонтаў. Валодаў шырокай палітычнай, судовай і рэлігійнай уладай. Рэформа Эфіяльта (462 да нашай эры) ліквідавала палітычную ўладу і ўплыў арэапага.

2) У пераносным сэнсе — сход аўтарытэтных асоб.

т. 2, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОНТ ЭЎКСІ́НСКІ (Pontos Euxenos літаральна гасціннае мора),

старажытнагрэчаская назва Чорнага м. Да 6 ст. да н.э. яго называлі Понтам Аксінскім (негасціннае мора). Пераназвана пасля пашырэння рэгулярных эканам. і культ. сувязей грэкаў з мясц. насельніцтвам прыпантыйскіх абласцей. Плаванне па моры лічылася цяжкім і небяспечным, да 4 ст. да н.э. плавалі недалёка ад берагоў. Шмат ант. пісьменнікаў і географаў складалі перыплы (падрабязнае апісанне ўзбярэжжа П.Э.). Феакрыт, Сенека, Лукіян называлі П.Э. Скіфскім морам. У 9 ст. н.э. яго называлі яшчэ Рускім морам.

т. 12, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)