ПСІХРО́МЕТР (ад грэч. psychros халодны + ...метр),

прылада для вымярэння т-ры і вільготнасці паветра. Складаецца з 2 злучаных тэрмометраў, рэзервуар аднаго з іх абгорнуты змочаным батыстам. У выніку выпарэння вільгаці т-ра змочанага тэрмометра заўсёды ніжэйшая за т-ру сухога. Т-ру паветра вымяраюць па сухім тэрмометры, вільготнасць — па паказаннях сухога і змочанага тэрмометраў (псіхраметрычная рознасць) з выкарыстаннем спец. псіхраметрычных табліц. Пры т-рах, ніжэйшых за -5 °C, для вымярэння вільготнасці паветра карыстаюцца гігрометрам.

т. 13, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЛЕКТРО́НЫ ПРАВО́ДНАСЦІ,

электроны металаў і паўправаднікоў, упарадкаваны рух якіх абумоўлівае электраправоднасць.

У кандэнсаваных асяроддзях частка электронаў (як правіла, валентных) адрываецца ад сваіх атамаў (дэлакалізуецца). Вобласці дазволеных значэнняў энергіі — дазволеныя зоны — дэлакалізаванага электрона чаргуюцца з забароненымі зонамі (гл. Зонная тэорыя). Э.п. — электроны часткова запоўненых дазволеных зон (зон праводнасці). У паўправадніках Э.п. з’яўляюцца толькі пры некаторым узбуджэнні: (дастаткова высокай т-ры, асвятленні), а таксама пры ўкараненні дамешкаў і інш. У металах Э.п. ёсць заўсёды.

т. 18, кн. 1, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІДЭА́ЛЬНЫ КРЫШТА́ЛЬ,

ідэалізаваная мадэль крышталя бясконцых памераў са строга перыядычным размяшчэннем атамаў, пазбаўленая дэфектаў. Адрозненне рэальных крышталёў ад І.к. звязана з канечнасцю іх памераў і наяўнасцю дэфектаў (вакансіі, дыслакацыі, міжвузельныя атамы, дамешкі і інш.). У рэальных крышталях пры т-ры, большай за т-ру 0 К, заўсёды ёсць некаторая колькасць дэфектаў, тэрмадынамічна раўнаважных з рашоткай. Найб. блізкія па будове да І.к. бездыслакацыйныя крышталі (напр., крэмній Si, германій Ge). Паняцце І.к. шырока выкарыстоўваецца ў крышталяграфіі і фізіцы цвёрдага цела.

т. 7, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛЕКТАМІЦЭ́ТЫ (Plectomycetiidae),

група найб. недасканалых грыбоў падкласа эўаскаміцэтаў. 3 парадкі: эўрацыяльныя, анігенавыя, мікрааскавыя. Каля 140 родаў, 250 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі 10 родаў, 50 відаў. Большасць сапратрофы, жывуць у глебе і на розных субстратах расл. паходжання, выклікаюць цвіль на харч. прадуктах, пашкоджваюць прамысл. вырабы і матэрыялы, некат. — паразіты вышэйшых раслін, жывёл і чалавека.

Пладовыя целы — клейстатэцыі, радзей перытэцыі. Сумкі хаатычна размешчаныя, шарападобныя з 2—8 спорамі. Вызваленне аскаспор заўсёды пасіўнае. П. выкарыстоўваюцца для атрымання антыбіётыкаў і ферментаў.

т. 12, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУНКТ РАСЫ́, кропка расы,

тэмпература, да якой павінна ахаладзіцца паветра, каб наяўная ў ім вадзяная пара дасягнула насычэння (пры дадзеным утрыманні вільгаці і нязменным ціску); неабходная ўмова для з’яўлення расы; адна з асн. характарыстык вільготнасці паветра. Вызначаецца па псіхраметрычных табліцах і т-ры па сухім і змочаным тэрмометрах або непасрэдна кандэнсацыйным гігрометрам. Пры адноснай вільготнасці меншай за 100% П.р. заўсёды ніжэй фактычнай т-ры паветра. Пры насычанасці (адносная вільготнасць 100%) фактычная т-ра супадае з П.р.

т. 13, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СОНЦАЦВЕ́Т (Helianthemum),

род кветкавых раслін сям. ладаннікавых. Больш за 100 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Міжземнамор’і, Зах. і Сярэдняй Азіі, Афрыцы. Растуць на сухіх камяністых схілах, у стэпах, паўпустынях. На Беларусі 2 віды — С. манеталісты (H. nummularium), і звычайны (H. chamaecistus). Трапляюцца ў сухіх хваёвых лясах, на ўзлесках.

Аднагадовыя травы, кусцікі, паўкусцікі. Лісце супраціўнае, з прылісткамі. Кветкі заўсёды павернуты да сонца (адсюль назва), пераважна жоўтыя, у гронкападобных суквеццях. Плод — каробачка. Дэкар. расліны.

А.​М.​Скуратовіч.

Сонцацвет манеталісты.

т. 15, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАСНАЦЦАЦІРАДКО́ЎЕ,

страфа, якая складаецца з 16 вершаваных радкоў, завершаных па метрычным, інтанацыйна-сінтаксічным малюнку і па думцы. Складаецца звычайна з 4 чатырохрадкоўяў з перакрыжаванай, сумежнай або апяразанай рыфмоўкай. Могуць быць і інш. варыянты страфічнай арганізацыі, але ўсе радковыя групы заўсёды цесна звязаны паміж сабой рыфмамі, сінтаксісам, памерам, інтанацыяй, адзінствам паэт. думкі. У бел. паэзіі Ш. створана А.​Куляшовым і выкарыстана ім у монастрафічных вершах-шаснаццацірадковіках (цыкл «Новыя вершы») і ў паэмах «Маналог», «Цунамі».

В.​П.​Рагойша.

т. 17, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕЦЫЦА́ЛЬНЫЯ (Pezizales),

парадак сумчатых грыбоў. Больш за 250 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных і трапічных паясах. На Беларусі каля 30 відаў. Найб. вядомыя роды: смаржок, страчок, шапачка, гельвела (лопаснік), пецыца, піранема. Сапратрофы. Растуць на глебе, ламаччы, драўніне ў лясах, на вогнішчах. Некат. паразітуюць на раслінах.

Пладовыя целы (апатэцыі) утвараюцца на міцэліі сподка- або чашападобнай формы, дыяметрам да 10 см, афарбоўка — ад аранжава-чырв. да цёмна-карычневай. Сумкі цыліндрычныя, маюць пераважна па 8 аднаклетачных карычневых або пурпуровых аскаспор. У гіменіі заўсёды прысутнічаюць парафізы.

т. 12, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРАМБЛЕ́ (Tremblay) Мішэль (н. 25.6.1942, г. Манрэаль, Канада),

канадскі пісьменнік. Піша на франц. мове, блізкай да жаргону простых людзей прав. Квебек. Уплыў драматургіі еўрап. нар. рэаліст. т-ра адчувальны ў п’есах «Цягнік» (1964), «Сястрынае сэрцайка» (1968), «Заўсёды твая Мары-Лу» (1971), «Добры дзень, ну, добры дзень» (1974), «Альберціна і пяць часін» (1984), «Ці гэта сапраўдны свет?» (1987), для якіх характэрны іранічны паказ спажывецкай псіхалогіі «людзей з народа». Аўтар раманаў «Тоўстая жанчына побач — цяжарная» (1978), «Навіны ад Эдуарда» (1984) і інш.

Л.​П.​Баршчэўскі.

т. 15, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЛЮ́ГЕР (ад ням. Flügel або галанд. vleugel крыло),

прылада для вызначэння напрамку і скорасці ветру. Напрамак вызначаецца па становішчы двухлопасцевай флюгаркі, процівага якой заўсёды накіравана супраць ветру. Паказальнікі напрамку зарыентаваны па асн. румбах. Скорасць ветру вымяраецца па адхіленні метал. пласціны ад ветр. становішча на вугал, які адлічваецца па дузе. Устанаўліваецца на адкрытай мясцовасці на выш. 10—12 м. Больш дакладныя вынікі даюць анемографы і анемометры.

Флюгер: 1 — паказальнікі напрамку; 2 — пласціны і процівага двухлопасцевай флюгаркі; 3 — металічная пласціна; 4 — дуга.

т. 16, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)