інвазійная хвароба дарослых пчол і некаторых чмялёў, якая выклікаецца наземай пчалінай, што паразітуе пераважна ў сярэдняй кішцы і мальпігіевых сасудах. Пашыраны ўсюды. Споры назем заносяцца ў здаровыя сем’і з сотамі, рамкамі, пчоламі і інш. і трапляюць у кішэчнік з мёдам, пяргой, вадой, воскам, забруджанымі экскрэментамі хворых насякомых. У пчаліных матак дэгенерыруюць яечнікі, у трутняў парушаецца сперматагенез. Назіраюцца павелічэнне брушка, панос, вяласць, масавая гібель пчол у час зімоўкі і ў 1-ы месяц пасля яе. Успышкам Н.п. садзейнічаюць доўгія зімоўкі ў сырасці, жыўленне падзевым мёдам, аслабленасць зімуючых пчол і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРАО́З (Varroosis),
вараатоз (Varroatosis), эктапаразітная хвароба пчол і пячатнага расплоду. Выклікаецца кляшчом Varroa jacobsoni. Трапляецца ў многіх краінах Паўд.-Усх. Азіі, Паўд. Амерыкі, Афрыкі, Еўропы, у т. л. на Беларусі. Пры масавым пашырэнні прыводзіць да вял.эканам. страт.
Крыніца інвазіі — хворыя сем’і, раі і зрэзаны трутневы расплод. Пашырэнню хваробы садзейнічаюць перамяшчэнне пчальнікоў, купля і продаж пчол. Клешч праходзіць поўны цыкл развіцця на кукалках пчол на працягу 8—9 сут і пашкоджвае дарослых насякомых. Пры вараозе назіраецца гібель недаразвітых кукалак пчол, нараджэнне нежыццяздольных трутняў і пчол з рознымі пачварнасцямі. Скарачаецца тэрмін жыцця матак, пашкоджаныя сем’і адстаюць у развіцці. Вясной і восенню хварэе пераважна пчаліны расплод, а ўлетку — трутневы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАКТЭРЫЦЫ́ДЫ [ад бактэрыі + ...цыд(ы)],
бактэрыцыдныя рэчывы, рэчывы, што выклікаюць гібель бактэрый. Дзеянне бактэрыцыдаў звязана з іх уплывам на рост і дзяленне бактэрый і залежыць ад т-ры і кіслотнасці асяроддзя. Да бактэрыцыдаў адносяцца дэзінфекцыйныя сродкі, антысептычныя сродкі, многія з хіміятэрапеўтычных (антыбіётыкі і сульфаніламіды) і дэрматалагічных прэпаратаў, рэчываў для аховы раслін, матэрыялаў і вырабаў ад біяразбурэння, фунгіцыдаў і інш. Механізм і выбіральнасць дзеяння бактэрыцыдаў і адчувальнасць бактэрый да іх вагаюцца ў шырокіх межах. Пры працяглым лек. выкарыстанні пэўных відаў бактэрыцыдаў узнікаюць расы патагенных мікраарганізмаў, устойлівыя да іх, што абумоўлівае неабходнасць ужывання больш высокіх дозаў бактэрыцыдных рэчываў або пошук, распрацоўку і замену іх новымі відамі. Гл. таксама Бактэрыцыднасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАКТЭРЫЯФА́ГІ [ад бактэрыі +...фаг(і)],
фагі, вірусы бактэрый, здольныя пашкоджваць бактэрыяльную клетку, размнажацца ў ёй і выклікаць яе разбурэнне (лізіс). Пашыраны ў глебе, раслінных і жывёльных арганізмах. Вылучаюць бактэрыяфагі ўмераныя (не парушаюць жыццядзейнасці пашкоджанай клеткі) і вірулентныя (выклікаюць гібель клеткі). Упершыню апісаны ў 1915. Класічны аб’ект даследаванняў у малекулярнай генетыцы. Выкарыстоўваюць для фагапрафілактыкі і фагатэрапіі інфекцыйных хвароб.
Складаюцца з бялковай абалонкі (капсіда) і ўнутранага змесціва — нуклеінавай кіслаты (ДНК або РНК). Маюць форму сперматазоіда або ніткападобную ці шматгранную. Да вызначанай клеткі прымацоўваюцца з дапамогай хваставых нітак-адросткаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕ́КТРЫЯ (Nectria),
род сумчатых грыбоў сям. нектрыевых. Каля 400 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Амерыцы. Паразіты дрэў і кустоў, сапратрофы на драўніне, у глебе, на адмерлых галінах, лісці, трапляюцца на інш. грыбах і насякомых. На Беларусі каля 30 відаў. Найб. вядомыя Н.: галаўтваральная (N. galligena), узбуджальнік раку еўрап. з утварэннем язваў, наплываў, глыбокіх ран кары; цагляна-чырвоная (N. cinnabarina) выклікае ўсыханне галін дрэў і кустоў, гібель сеянцаў.
Пладовыя целы шарападобныя або яйцападобныя, утвараюцца адзіночна ці групамі, на субстраце або на падушкападобных стромах. Сумкі цыліндрычныя з 8 двухклетачнымі спорамі. Канідыі аднаклетачныя, цыліндрычныя, бясколерныя. Канідыяльныя стадыі — грыбы з родаў фузарый, туберкулярыя, цыліндракарпон і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕ́СТАР,
старажытнарускі пісьменнік і гісторык канца 11 — пач. 12 ст., адзін з заснавальнікаў летапіснага жанру на Русі. Манах Кіева-Пячэрскага манастыра. Аўтар «Чытання пра жыццё і гібель... Барыса і Глеба» і «Жыція Фядосія Пячэрскага». У сваіх творах побач з пропаведдзю хрысціянства праводзіў ідэю адзінства і незалежнасці Русі ад Візантыі, асуджаў міжкняжацкія ўсобіцы. На думку многіх даследчыкаў, Н. — адзін са складальнікаў «Аповесці мінулых гадоў». У майстэрстве гіст. апавядання дасягнуў высокай дакладнасці, прастаты і жывасці выкладу. Яго творы былі шырока вядомы на Беларусі.
Тв.:
У кн.: Памятники литературы Древней Руси: Начало рус. лит., XI — нач. XII в. М., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВІТУ́ХА (Cuscuta),
род кветкавых раслін сям. павітухавых. Больш за 150 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі 6 відаў. Найб. вядомыя П.: еўрапейская (C. europaea), ільняная (C. epilinum), чабаровая (C. epithymum).
Аднагадовыя травяністыя паразітычныя расліны. Сцябло павойнае, бесхларафільнае, нітка- або шнурападобнае, бясколернае ці афарбаванае (аранжавае, жоўтае, ружаватае, чырванаватае), без каранёў і лісця (рэдукавана ў лускавінкі). Абвівае расліну-гаспадара, укараняецца ў яго прысоскамі (гаўсторыямі) і жывіцца сокамі (парушае абмен рэчываў, затрымлівае рост і развіццё, часта выклікае гібель). Кветкі дробныя, белыя, жаўтаватыя, ружаватыя ў клубочках, парасоніках або гронках. Плод — каробачка. Паразіты с.-г. культур і кармавых траў, дзікарослых раслін, дрэў, небяспечнае каранціннае пустазелле.
канадскі паэт. Скончыў ун-т у г.Таронта, у 1920—53 праф. гэтага ун-та. Пісаў на англ. мове. Гал. тэма першых зб-каў паэзіі «Ньюфаўндлендскія вершы» (1923), «Варыва ведзьмаў» (1925), «Вершы мора» (1930) — рамантызаваная еднасць чалавека і мора. Паэмы «Тытаны» (1926), «Рузвельт» і «Антыноя» (1930), «Гібель «Тытаніка» (1935) пра змаганне чалавека з прыродай. Аўтар паэмы «Брэбёф і яго браты» (1940), зб-каў вершаў «Дзюнкерк» (1941), «Нацюрморт» і іншыя вершы» (1943), «Яны вяртаюцца» (1945), «За калодаю» (1947), «Да апошняга вастрыя» (1952), якім уласцівы антываен. і антыфаш. матывы, гуманіст. накіраванасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНУ́Й, Ануйль (Anouilh) Жан (23.6.1910, г. Бардо, Францыя — 3.10.1987), французскі драматург. У цэнтры яго камерных п’ес «Гарнастай» (1934), «Падарожнік без багажу» (1937), «Дзікунка» (паст. 1938) трагічны канфлікт героя з жорсткасцю навакольнага свету. Аўтар лірыка-іранічных камедый «Вячэра ў Санлісе», «Леакадзія» (абедзве 1942), «мудрагелістых п’ес» «Падвал» (1961), «Арышт» (1975) і інш., паліт. фарса «Дзівак, ці Закаханы рэакцыянер» (паст. 1959). У антыфаш. трагедыі «Антыгона» (паст. 1943), гіст. драмах «Жаваранак» (1953), «Бекет, ці Гонар Божы» (1959) паказана гібель маральна бескампраміснага героя, які адстойвае сваю чалавечую годнасць. П’есы Ануя вызначаюцца разнастайнасцю і навізной сюжэтаў, натуральнасцю дыялогу, эмацыянальнасцю і гумарам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЭРАЗО́ЛЬНАЯ КАТАСТРО́ФА,
рэзкае павелічэнне колькасці аэразоляў у атмасферы, якое можа адбыцца ў выніку прыродных (напр., пры вывяржэнні вулканаў) або штучных (напр., пры буйных ядз. катастрофах) з’яў і суправаджаецца выключнымі па маштабах і адмоўных наступствах парушэннямі экалагічнай раўнавагі ў прыродных сістэмах. Паняцце «аэразольная катастрофа» ўведзена сав. вучоным-геафізікам М.І.Будыкам (1969). Утварэнне ў атмасферы вял. аэразольных зонаў вядзе да рэзкага зніжэння празрыстасці атмасферы і колькасці сонечнай радыяцыі, якая паступае на паверхню Зямлі. Гэта выклікае моцнае пахаладанне і вымярзанне расліннасці на вял. тэрыторыях, масавую гібель жывёл, людзей. Мяркуюць, што аэразольныя катастрофы ўзнікалі на працягу многіх мінулых геал. перыядаў, лічаць, што яны патэнцыяльна магчымыя і ў выпадку ядз. вайны (гл.«Ядзерная зіма»).