БАКТЭРЫЦЫ́ДЫ

[ад бактэрыі + ...цыд(ы)],

бактэрыцыдныя рэчывы, рэчывы, што выклікаюць гібель бактэрый. Дзеянне бактэрыцыдаў звязана з іх уплывам на рост і дзяленне бактэрый і залежыць ад т-ры і кіслотнасці асяроддзя. Да бактэрыцыдаў адносяцца дэзінфекцыйныя сродкі, антысептычныя сродкі, многія з хіміятэрапеўтычных (антыбіётыкі і сульфаніламіды) і дэрматалагічных прэпаратаў, рэчываў для аховы раслін, матэрыялаў і вырабаў ад біяразбурэння, фунгіцыдаў і інш. Механізм і выбіральнасць дзеяння бактэрыцыдаў і адчувальнасць бактэрый да іх вагаюцца ў шырокіх межах. Пры працяглым лек. выкарыстанні пэўных відаў бактэрыцыдаў узнікаюць расы патагенных мікраарганізмаў, устойлівыя да іх, што абумоўлівае неабходнасць ужывання больш высокіх дозаў бактэрыцыдных рэчываў або пошук, распрацоўку і замену іх новымі відамі. Гл. таксама Бактэрыцыднасць.

т. 2, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)