1) гідратэхнічнае збудаванне ў выглядзе верт. шахты ці свідравіны для збору падземных або адводу паверхневых вод.
Шахтавыя К. — круглыя або квадратныя ў плане, дыям. (стараной) да 1,5, глыб. да 40 м і болей; трубчастыя — з абсадных труб (уваходзяць адна ў адну), дыям. да 30 см, глыб. да 100 м і больш. Выкарыстоўваюцца для водазабеспячэння і арашэння (артззіянскія калодзежы), для збору вады з асушальных каналаў (зумпфы), апаражнення трубаправодаў (скідныя К.), гашэння энергіі воднага патоку (вадабойныя К.), для назірання за работай абсталявання і ўзроўнем грунтавых вод (назіральныя К.) і інш.
Збудаванне для тэхн. абслугоўвання падземных камунікацый (назіральныя К. на водаправоднай сетцы, каналізацыйнай сетцы, на трасах цепла- і газазабеспячэння), а таксама для выканання работ у складаных грунтавых умовах (апускныя калодзежы). Будуюцца з бетону, жалезабетону, часам з цэглы, металу, дрэва. Унутры К. размяшчаецца розная арматура, помпы, лесвічныя маршы, драбінкі і інш., зверху — надземнае збудаванне або лаз (люк) з накрыўкай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНОЧНАКАЎКА́ЗСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура эпохі бронзы (2-е тыс. да н.э.) у бас. рэк Кубань і Церак. Аснова гаспадаркі — пастухоўская жывёлагадоўля і земляробства. Пахаванні ў грунтавых ямах, каменных скрынях і скляпах. У стэпах і перадгор’ях могільнікі курганныя, у гарах — грунтавыя. Пахавальны інвентар: гліняны посуд акруглых форм з адбіткамі вяровачкі, штампаў і налепамі ў выглядзе шышак і валікаў, каменныя булавы і сякеры, бронзавыя лістападобныя нажы, цёслы, сякеры, упрыгожанні. З П.к. генетычна звязаны прыкубанская і кабанская культуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКУНЁВА,
возера ў Беларусі, у Глыбоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Мнюта. Пл. 0,49 км², даўж. 0,97 км, найб.шыр. 0,6 км, найб.глыб. 11,8 м, даўж. берагавой лініі 2,7 км. Пл. вадазбору 1,4 км². Схілы выш. да 4 м, на ПдУ да 10—11 м. Берагі нізкія, пясчаныя і галечныя, на Пн і ПнУ тарфяністыя, дно пясчанае, глыбей за 2 м глеістае. Злучана меліярац. каналам з воз. Пліса. На зах. і паўн.-зах. схілах крыніцы грунтавых водаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАГО́РЫНЫ,
археалагічныя помнікі (паселішча каменнага і могільнік бронзавага вякоў, гарадзішча эпохі Кіеўскай Русі) каля в. Загорыны Мазырскага р-на Гомельскай вобл. У ніжнім гарызонце паселішча знойдзены мезалітычныя крамянёвыя прылады працы, мікраліты, зброя і кераміка позняга мезаліту і ранняга неаліту (7—4-е тыс. да н.э.), у верхнім — позняга неаліту і бронз. веку (3—2-е тыс. да н.э.). Выяўлены рэшткі неаліт. стаянкі і грунтавых пахаванняў культуры шнуравой керамікі Палесся. На гарадзішчы 12—13 ст. знойдзены рэшткі посуду і касцей чалавека.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАНВІ́ЗДЗІНСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура 4—8 ст. на тэр. Вычэгодскага краю і ў вярхоўях р. Мезень і Пячора (Расія). Назва ад паселішча на беразе воз. Ванвіздзіна каля г. Сыктыўкар. Насельніцтва займалася паляваннем і рыбалоўствам, жыло на неўмацаваных паселішчах у наземных ці паглыбленых у зямлю дамах. Пахавальны абрад — трупапалажэнне і трупаспаленне ў грунтавых магілах. Кераміка — кругладонны посуд з зацёртымі травой сценкамі, упрыгожанымі вяровачным, кропкавым і інш. арнаментам. Выяўлены сляды апрацоўкі жалеза, бронзаліцейнай вытворчасці. На думку некаторых даследчыкаў, помнікі ванвіздзінскай культуры належалі стараж. комі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУТЭРЛА́К (Peplis),
род кветкавых раслін сям. плакуновых. Вядомы 4 віды. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і і Паўд. Амерыцы. На Беларусі зрэдку трапляецца бутэрлак партулакавы (P. portula), вельмі рэдка чаргаваналісты (P. alternifolia). Растуць на вільготных глеяватых або пясчаных мясцінах: лясных дарогах, грунтавых агаленнях, берагах рэк і поймавых лугах.
Аднагадовыя травяністая расліны з сакаўнымі, часта чырванаватымі, распасцёртымі ці ўзыходнымі сцёбламі даўж. 5—20 см. Лісце супраціўнае ці чаргаванае, суцэльнакрайняе. Кветкі дробныя, непрыкметныя, белыя або бледна-ружовыя, адзіночныя, на кароткіх кветканосах ці амаль сядзячых ў пазухах лісця. Плод — шарападобная каробачка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЛЬГО́ТНАСЦЬ ГО́РНЫХ ПАРО́Д,
ступень насычанасці вадой горных парод у прыродных умовах. У глебах і горных пародах зоны аэрацыі вагаецца на працягу года ў шырокіх межах. Залежыць ад т-ры, ціску, вільготнасці паветра, колькасці атм. ападкаў. Ніжэй люстра грунтавых вод вільготнасць горных парод амаль не мяняецца і дасягае макс. магчымых значэнняў. Выражаецца ў працэнтах ці долях адзінкі адносна масы абсалютна сухой пароды. Адрозніваюць вільготнасць горных парод абсалютную, вагавую, натуральную, аб’ёмную, адносную, поўную, праведзеную. У практыцы найчасцей выкарыстоўваецца вагавая вільготнасць горных парод — адносіны масы вады да масы абсалютна сухой пароды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛЬКІ,
возера ў Беларусі, у Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Паловіца, за 29 км на ПнУ ад г. Паставы. Пл. 0,26 км², даўж. 940 м, найб.шыр. 370 м, найб.глыб. 4,2 м, даўж. берагавой лініі 2,2 км. Пл. вадазбору 2,2 км².
Схілы катлавіны на З і У разараныя. Берагі нізкія, на У стромкія, пясчана-галечныя, на З гліністыя, забалочаныя. Усх. і паўд.-ўсх. прыбярэжныя часткі дна пясчана-галечныя з валунамі. Зарастае ўздоўж берагоў. Сцёк з возера ў р. Паловіца, уздоўж усх. берага крыніцы грунтавых водаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫНА́МІКА ПАДЗЕ́МНЫХ ВОД,
галіна гідрагеалогіі, якае вывучае рэжым і баланс падземных вод. Грунтуецца на тэорыі фільтрацыі і звязана з гідраўлікай і гідрамеханікай. Засн. ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст.франц. вучонымі А.Дарсі і Ж.Дзюпюі (выявілі лінейны закон фільтрацыі), рус. вучоным М.Я.Жукоўскім (распрацаваў тэорыю руху падземных вод) і інш. Метады Д.п.в. выкарыстоўваюцца пры рашэнні задач гідратэхн. буд-ва, вызначэнні руху падземных вод па неаднародных пластах, падпору грунтавых вод, рэгіянальнай дынамікі глыбокіх і ўзаемадзейных ваданосных гарызонтаў, нафта- і газа-гідрадынамікі, ацэнкі эксплуатацыйных запасаў падземных вод і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЁМА́Н,
археалагічная культура плямён, якія ў 5-м тыс. — 3 ст. да н.э. жылі на тэр. Японіі. Назва ад асаблівага тыпу керамікі з лінейным арнаментам у большасці спіральна-крывалінейных форм (яп. «дзумон»), Насельніцтва жыло на паселішчах у лёгкіх хацінах круглай і прамавугольнай формы, займалася рыбалоўствам, паляваннем, збіральніцтвам ракавін. З 4-га тыс. да н.э. вядомы свойская жывёла, проса, грэчка. Пахавальны абрад — трупапалажэнне ў скурчаным ці выцягнутым становішчы ў грунтавых пахаваннях. Прылады працы выраблялі з каменю (шліфаваныя сякеры, нажы) і касцей (рыбалоўныя кручкі, гарпуны). Змянілася культурай Яёі.