Паніжэнне ўзроўню грунтавых вод, гл. Водапаніжэнне

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛА́НС ГРУНТАВЫ́Х ВО́ДАЎ,

колькасны паказчык намнажэння і расходавання грунтавых водаў на пэўнай тэрыторыі за вызначаны час. Прыходная частка — жыўленне за кошт прасочвання (інфільтрацыя) атм. ападкаў і паверхневых водаў (рэк, азёраў, балотаў, арашальных і інш.), кандэнсацыі вадзяной пары, паступлення з больш глыбокіх напорных гарызонтаў. Расходная частка — падземны сцёк, выпарэнне з паверхні грунтавых водаў, транспірацыя раслінамі, рачны сцёк. Баланс грунтавых водаў залежыць ад клімату (колькасці і віду атм. ападкаў, т-ры паветра), глебава-расліннага покрыва, формаў рэльефу, саставу і структуры горных парод у зоне аэрацыі, гасп. дзейнасці чалавека (водазабор, меліярацыя і інш.). На Беларусі прыходная частка балансу рэзка павялічваецца пры раставанні снегу і ў час працяглых дажджоў. Элементы балансу вызначаюцца ў выніку працяглых назіранняў на гідрагеалагічных стацыянарах. Вывучэнне балансу грунтавых водаў неабходна для колькаснай ацэнкі рэсурсаў грунтавых водаў і рацыянальнага іх выкарыстання на водазабеспячэнне, для прагнозу іх рэжыму на меліяраваных землях, горных вырабатках, у зоне падпору каля вадасховішчаў і інш.

М.​С.​Капора.

т. 2, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Баланс падземных водаў (грунтавых) 2/87; 3/468

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАГЕАЛАГІ́ЧНЫ БАСЕ́ЙН (МАСІ́Ў),

басейн падземных вод, элемент падземнай гідрасферы ў межах тэктанічнай структуры. Адрозніваюць некалькі тыпаў гідрагеалагічнага басейна (м.): артэзіянскі басейн; басейн грунтавых вод, абмежаваны гідрадынамічнымі межамі або прымеркаваны да адкладаў пэўнага літолага-стратыграфічнага комплексу; басейн трэшчынных вод або гідрагеал. масіў трэшчынных грунтавых і трэшчынна-жыльных вод (гл. Беларускі гідрагеалагічны масіў); бас. падземнага сцёку (гл. Рачны басейн). На тэр. Беларусі вылучаюць 3 гідрагеал. басейны (Аршанскі, Брэсцкі і Прыпяцкі) і 1 гідрагеал. масіў.

т. 5, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАДАНО́СНЫ ГАРЫЗО́НТ,

слой або некалькі слаёў водапранікальных горных парод, поры, трэшчыны і інш., пустоты ў якіх запоўнены вадой. Фарміруецца на водатрывалым слоі. Першы ад паверхні ваданосны гарызонт безнапорны, у ім утвараюцца грунтавыя воды. Напорныя гарызонты падземных вод абмежаваны водатрывалымі гарызонтамі (гл. Артэзіянскія воды). Некалькі гідраўлічна звязаных ваданосных гарызонтаў утвараюць ваданосны комплекс.

Схема будовы і залягання ваданоснага гарызонту: 1 — пясок; 2 — гліна; 3 — воданасычаны пясок; 4 — крыніца; 5 — узровень грунтавых вод; 6 — напрамак руху грунтавых вод.

т. 3, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛАНЧАКІ́,

тып засоленых глеб, у паверхневым слоі якіх 1—15% (у глебавай скарынцы часам больш за 30%) лёгкарастваральных солей. Пашыраны ў зонах стэпаў, паўпустынь і пустынь на саляносных пародах (аўтаморфныя С.) або ва ўмовах блізкага залягання мінералізаваных грунтавых вод (гідраморфныя С.).

Характарызуюцца слабадыферэнцыраваным глебавым профілем, слаба выражаным гумусавым гарызонтам з прожылкамі ці плямамі солей, шчолачнай рэакцыяй. Расліннасць галафітная або адсутнічае. Малаўрадлівыя, прыдатныя для земляробства пасля гіпсавання, прамыўкі, паніжэння ўзроўню грунтавых вод. Пры рассаленні з С. фарміруюцца саланцы.

т. 14, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАМО́РФНЫЯ ГЛЕ́БЫ,

1) група глеб, якія фарміруюцца пад уплывам устойлівага залішняга ўвільгатнення, што суправаджаецца торфаназапашваннем і агляеннем. Да гідраморфных глеб адносяць тарфяна-балотныя глебы розных тыпаў, часам таксама глеіста-балотныя, глеіста-перагнойна-глеевыя і глеіста-тарфяніста-глеевыя. Характэрная асаблівасць гідраморфнага глебаўтварэння — анаэробныя ўмовы і аднаўленчыя працэсы. Гідраморфныя глебы меліярыруюць і ўключаюць у с.-г. вытв-сць.

2) Глебы, якія фарміруюцца ва ўмовах акумулятыўных ландшафтаў пад непасрэдным уплывам грунтавых вод.

3) Глебы, якія фарміруюцца пры пастаянным або перыядычным уздзеянні ўзыходных грунтавых вод на ўвесь профіль ці якую-н. яго частку.

т. 5, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТУ́ДНЯ, калодзеж,

гідратэхнічнае збудаванне ў выглядзе свідравіны (квадратнай ці круглай у плане шахты) для здабычы грунтавых вод. Мае наземны засцерагальны зруб (выш. да 1,5 м) і пад’ёмнае прыстасаванне. Вядомы С. драўляныя зрубныя (часам з дубовых плах) і з жураўлём, калаўротам і без пад’ёмнага прыстасавання (у раёнах з высокім узроўнем грунтавых вод). На змену зрубнай С. з жураўлём з 1920-х г. паступова прыйшла С. з труб з калаўротам. Часта С. накрываюць 2-схільнай ці шатровай стрэшкамі, аздабляюць разьбой.

С.​А.​Сергачоў.

Студня ў г. Браслаў Віцебскай вобл.

т. 15, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗО́НА АЭРА́ЦЫІ,

верхняя зона зямной кары паміж яе паверхняй і люстэркам грунтавых вод. Змяшчае гіграскапічныя, плёначныя і капілярныя воды; часова ў ёй з’яўляюцца гравітацыйныя воды.

т. 7, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СПІДВЕ́Й (англ. speedway ад speed скорасць + way шлях, дарога),

матацыклетныя гонкі на гаравых трэках; адзін з відаў матацыклетнага спорту. Разнавіднасці С. — гонкі па ледзяной дарожцы стадыёна, па грунтавых і травяных трэках. Спартсмены выступаюць на матацыклах пераважна з аб’ёмам рухавіка 500 см³ (4 цыліндры), без тармазоў. У гонках па ледзяной дарожцы пакрышкі матацыклетных колаў забяспечваюцца метал. шыпамі.

Чэмпіянаты свету праводзяцца: на гаравых трэках у асабістым заліку з 1934, у камандным — з 1960; сярод пар — з 1970; на лёдзе ў асабістым заліку з 1966, у камандным — з 1978; на грунтавых трэках — з 1971 Найб. пашыраны ў Аўстраліі. Вялікабрытаніі, Новай Зеландыі, Польшчы, Расіі, Швецыі.

т. 15, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)