АЎТАМАБІ́ЛЬНАЯ ДАРО́ГА,

дарога для руху аўтамабільнага транспарту. Асн. элементы: земляное палатно (у насыпе ці ў выемцы, з вышкамі і водаадводнымі канавамі), шматслойнае дарожнае адзенне (з трывалым верхнім слоем-дарожным пакрыццём), штучныя збудаванні (масты, тунэлі, пуцеправоды, дрэнажныя сістэмы, падпорныя сценкі, ахоўныя галерэі і інш.). Высокакатэгарыйныя аўтамабільныя дарогі абсталёўваюцца знакамі дарожнымі, святлафорамі, інфарм. табло, сродкамі тэхнал. і аварыйнай сувязі, асвятляльнымі сістэмамі, будынкамі і збудаваннямі аўтасэрвісу (аўтазаправачныя станцыі, аўтавакзалы, матэлі, станцыі тэхн. абслугоўвання і інш.), а таксама будынкамі дарожна-эксплуатацыйных і аўтатрансп. службаў. Аўтамабільныя дарогі маюць таксама развязкі, падземныя пераходы, жывёлапрагоны, з’езды і ўезды, пераходна-скорасныя палосы, веласіпедныя дарожкі, снегаахоўныя палосы, дэкар. насаджэнні і інш.

Праезная частка можа мець 1—4 і болей палос руху. Па баках праезнай часткі робяць абочыны, паміж сустрэчнымі напрамкамі — раздзяляльную паласу. У залежнасці ад разліковай інтэнсіўнасці руху аўтамабільныя дарогі падзяляюцца на 5 катэгорый. Шырыня праезнай часткі дарогі 1-й катэгорыі 2×7,5 м і больш, 5-й катэгорыі 4,5 м, разліковая скорасць руху адпаведна 150 і 60 км/гадз. Дарогі 1—3-й катэгорый маюць асфальта- ці цэментабетоннае пакрыццё, 3—4-й — пакрыццё з каменных матэрыялаў, умацаваных арган. ці мінер. вяжучымі. Дарогі 4—5-й катэгорыі пераважна з пясчана-жвіровых сумесяў ці грунтоў, стабілізаваных вяжучымі або грануламетрычнымі дабаўкамі. Аўтамабільныя дарогі бываюць агульнага карыстання (рэспубліканскія і мясцовыя) і ведамаснага (с.-г., прамысл. прадпрыемстваў, лясныя, рэкрэацыйныя, гар. і інш.). Аўтамабільныя дарогі для скораснага руху аўтатранспарту без перасячэнняў на адным узроўні наз. аўтамагістралямі. Аўтамабільная дарога Брэст—Мінск — граніца Расійскай Федэрацыі мае статус міжнароднай (Е-30). Усяго ў Беларусі больш за 50 тыс. км дарог агульнага карыстання і каля 200 тыс. км ведамасных, у т. л. 10 тыс. км у гарадах і населеных пунктах.

Літ.:

Бабков В.Ф., Андреев О.В., Замахов М.С. Проектирование автомобильных дорог Ч. 1—2. 3 изд. М., 1970;

Морозов И.В. Планета дорог. Мн., 1992.

І.​І.​Леановіч.

Аўтамабільная дарога: 1 — земляное палатно; 2 — праезная частка; 3 — абочына; 4 — дарожны знак; 5 — агараджальны слупок; б — кювет; 7 — раздзяляльная паласа.

т. 2, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНДАКІТА́Й,

паўвостраў на ПдУ Азіі. Абмываецца на З Бенгальскім зал., Андаманскім м. і Малакскім пралівам; на У — Паўд.-Кітайскім м. Паўн. граніца — ад дэльты рэк Ганг і Брахмапутра да дэльты р. Хангха. Пл. каля 2 млн. км². Берагі слаба парэзаныя, прыродных бухтаў мала. Рэльеф вельмі складаны, уяўляе сабой чаргаванне гор субмерыдыянальнага напрамку і шырокіх нізін і плато. На З Араканскія горы (г. Вікторыя 3053 м), на Пн Шанскае нагор’е, у цэнтр. частцы хр. Танентаўнджы, на У горы Чыянгшон (Анамскія). Найб. нізіны Іравадзійская, Менамская, Камбаджыйская; найб. плато Карат. Тэр. І. адносіцца да ўсх. геасінклінальнай вобласці Міжземнаморскага геасінклінальнага пояса, унутры якой вылучаюць Індасінійскі сярэдзінны масіў і познадакембрыйскія, палеазойскія, мезазойскія і кайназойскія складкавыя сістэмы, што акаймоўваюць яго. Ва ўсх. ч. масіву — дакембрыйскі фундамент. Б.ч. масіву перакрыта палеазойскімі і мезазойскімі кантынентальнымі і марскімі адкладамі чахла. Геасінклінальная стадыя развіцця рэгіёна завяршылася ў канцы трыясу — пач. юры падняццямі і гранітоідным магматызмам. З гэтага ж часу пачалося фарміраванне юрскіх і мелавых кантынентальных упадзін, грабенаў. Грабен Іравадзі запоўнены палеагенплейстацэнавымі кантынентальнымі (рачнымі і азёрнымі) і марскімі адкладамі магутнасцю да 11 км, змяшчае радовішчы нафты, газу і каменнага вугалю. У І. сканцэнтраваны буйнейшыя ў свеце радовішчы волава і вальфраму, а таксама медзі, цынку, жалеза і інш. Клімат субэкватарыяльны мусонны, на п-ве Малака экватарыяльны. На нізінах т-ра студз. больш за 20 °C, ліп. да 28 °C, крас. 29 °C. У гарах т-ры зніжаюцца да 15 °C у студз. і 25 °C у ліпені. Ападкі ў асноўным летнія: на З 2500—5000 мм, у цэнтр. ч. 1300—2000 мм, на У 2000 мм (пераважна зімой), на Пд (п-аў Малака) больш за 2000 мм за год. Буйнейшыя рэкі Меконг, Салуін, Іравадзі, Менам-Чао-Прая і воз. Танлесап. Вечназялёныя вільготныя лясы рознага відавога складу ў больш вільготных раёнах, мангравыя — на ўзбярэжжы, лістападныя, якія пераходзяць ў саванну на Пн і ва ўнутр. раёнах. На нізінах і ў перадгор’ях земляробства (рыс, цукр. трыснёг, бавоўна, чай, кава, бананы і інш.). Багаты жывёльны свет: арангутангі, макакі, сланы, насарогі, тыгры, мядзведзі, алені і інш. Птушкі: фазаны, дзікія куры, паўліны, папугаі і інш. Шматлікія паўзуны (у т. л. кракадзілы) і насякомыя. На тэр. І. дзяржавы Тайланд, Камбоджа, б.ч. М’янмы, Малайзіі, Лаоса, В’етнама і невял. ч. Бангладэш.

М.​В.​Лаўрыновіч.

т. 7, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫ́МСКАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ 1945, Ялцінская канферэнцыя 1945,

нарада кіраўнікоў СССР, ЗША і Вялікабрытаніі ў Лівадзійскім палацы каля г. Ялта (Крымскі п-аў) 4—11.2.1945 у канцы 2-й сусв. вайны. Удзельнічалі І.В.Сталін (СССР), Ф.Д.Рузвельт (ЗША), У.Чэрчыль (Вялікабрытанія), міністры замежных спраў, начальнікі штабоў і саветнікі названых саюзных дзяржаў (у т. л. А.А.Грамыка). Мела на мэце каардынацыю дзеянняў саюзнікаў для канчатковага разгрому фаш. Германіі, ажыццяўленне ўмоў яе безагаворачнай капітуляцыі і пасляваен. ўпарадкавання свету. Саюзнікі вырашылі стварыць у Германіі свае зоны акупацыі (пры жаданні Францыі і яе зону) і агульнагерм. кантрольны орган у Берліне (яго таксама меркавалася падзяліць на акупац. зоны), выпрацавалі праграму выкаранення герм. мілітарызму і нацызму (гл. Дэмілітарызацыя, Дэнацыфікацыя), узнялі пытанне аб кампенсацыі нанесеных ім Германіяй страт (вырашана стварыць у Маскве спец. камісію па рэпарацыях, частку якіх пасля вайны атрымала і БССР). Прадугледжвалася рэпатрыяцыя з Германіі ўрадамі ЗША, Вялікабрытаніі і Францыі сав. грамадзян, якія не жадалі вяртацца ў СССР. У развіццё рашэнняў Думбартан-Окс канферэнцыі 1944 бакі вырашылі склікаць 25.4.1945 у г. Сан-Францыска (ЗША) Устаноўчую канферэнцыю Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, дамовіліся аб тым, што яе членамі разам з СССР будуць УССР і БССР — сав. рэспублікі, якія найб. пацярпелі ў вайне і ўнеслі вялікі ўклад у разгром ням.-фаш. войск. Саюзныя дзяржавы прынялі «Дэкларацыю аб вызваленай Еўропе», паводле якой яны абавязаліся садзейнічаць дзяржавам у аднаўленні іх суверэнітэту, дэмакратызацыі паліт. жыцця і эканамічна дапамагаць ім, разгледзелі пытанні аб Польшчы (яе ўрадзе і граніцах) і Югаславіі. Яны вырашылі, што ўсх. польск. граніца пройдзе па «Керзана лініі» з адхіленнем ад яе ў некат. месцах на 5—8 км на карысць Польшчы (г.зн. Польшчы перадавалася б.ч. Беластоцкай вобл.). Па югасл. пытанні прыняты рэкамендацыі аб утварэнні Часовага аб’яднанага ўрада Югаславіі і Часовага парламента на аснове Анты-фашысцкага веча народнага вызвалення Югаславіі. Было таксама прынята сакрэтнае пагадненне аб уступленні СССР у вайну супраць Японіі праз 2—3 месяцы пасля капітуляцыі Германіі і заканчэння вайны ў Еўропе, вяртанні паўд. часткі в-ва Сахалін, прадастаўленні ваенна-марской базы ў г. Порт-Артур на Ляадунскім п-ве і перадачы Курыльскіх а-воў СССР. Рашэнні К.к. дапоўніла і замацавала Патсдамская канферэнцыя 1945.

Літ.:

Сиполс В.Я., Челышев И.А. Крымская конференция, 1945 г. М., 1984;

Ялтинская конференция 1945: Уроки истории. М., 1985;

Снапковский В.Е. Путь Беларуси в ООН, 1944—1945 гт. Мн., 1994.

Л.​М.​Драбовіч.

т. 8, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́РНЫ ДАГАВО́Р ПАМІ́Ж ЛІТВО́Й І РСФСР 1920.

Падпісаны 12.7.1920 у Маскве. 11.9.1919 урад РСФСР звярнуўся да ўрада Літвы з прапановай заключыць мір на аснове прызнання незалежнасці літ. дзяржавы. 31.3.1920 урад Літвы заявіў пра гатоўнасць заключыць мір з Сав. Расіяй пры ўмове прызнання незалежнасці Літвы ў яе этн. межах са сталіцай у Вільні. 7.5.1920 у Маскве пачаліся перагаворы: літ. дэлегацыя настойвала на ўключэнні ў склад Літвы тэр. Ковенскай, Віленскай, Сувалкаўскай і Гродзенскай губ. (з гарадамі Беласток, Бельск, Гродна, Брэст, Кобрын, Пружаны), Навагрудскага пав. Мінскай губ., часткі Ілуксцкага і Гробінскага пав. Курляндскай губ. Выкарыстоўваўся і такі аргумент, як права беларусаў на самавызначэнне. 9.5.1920 член літ. дэлегацыі Д.​Сямашка выступіў з заявай аб намеры «пры ўстанаўленні граніц абараняць беларускія землі на моцы беларуска-літоўскіх пагадненняў ад імперыялістычных памкненняў Польшчы... і Савецкай Расіі». Заява выклікала пратэст з боку кіраўніка сав. дэлегацыі на перагаворах А.​А.​Іофе, які паставіў пад сумненне правамоцтвы Сямашкі выступаць ад імя бел. народа. Падпісаны дагавор прадугледжваў з боку РСФСР безагаворачнае прызнанне самастойнасці і незалежнасці Літвы; урэгуляванне маёмасных, фін. і эканам. пытанняў; аказанне Літве бязвыплатнай эканам. дапамогі ў памеры 3 млн. руб. золатам; вяртанне Літве культ. каштоўнасцей, што былі вывезены ў час 1-й сусв. вайны і знаходзіліся на тэр. РСФСР; прадугледжваліся далейшыя перагаворы пра заключэнне гандл. і транзітных пагадненняў і інш. Фіксавалася дзярж. граніца паміж РСФСР і Літвой; прадугледжвалася ўключэнне ў склад Літвы г. Вільні і часткі зямель, заселеных пераважна беларусамі, у т. л. Гродна, Паставы, Браслаў, Ашмяны, Ліда. Факт заключэння такога дагавора выклікаў супрацьдзеянне з боку органаў БНР і кіраўніцтва Польшчы. 11.9.1920 польскі Савет абароны дзяржавы вырашыў дамагацца далучэння Віленшчыны і Гродзеншчыны да Польшчы. Пад уздзеяннем Антанты Польшча прызнала права Літвы на Вільню (замацаваны Сувалкаўскім пагадненнем 7.10.1920), аднак у выніку т.зв. бунту Л.​Жалігоўскага (8—9.10.1920) і ўтварэння Сярэдняй Літвы Вільня і Віленскі край былі далучаны да Польшчы. Такім чынам, дагавор не быў выкананы ў поўным аб’ёме. Пасля вызвалення Заходняй Беларусі ў кастр. 1939, карыстаючыся палажэннямі гэтага дагавора, Прэзідыум Вярх. Савета СССР прыняў рашэнне аб перадачы Літве Вільні і Віленскага краю.

Кр.: Документы внешней политики СССР. Т. 3. М., 1959; Знешняя палітыка Беларусі: Зб. дак. і матэрыялаў. Т. 1 (1917—1922 гг.). Мн., 1997.

Літ.:

Коўкель І. Польска-літоўскі канфлікт і роля ў ім беларускіх палітычных партыяў і арганізацыяў (1920—1923 гг.) // Беларусіка = Albaruthenica. Мн., 1994. Кн. 3.

А.​В.​Ціхаміраў.

т. 10, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САВЕ́ЦКА-ПО́ЛЬСКІ ДАГАВО́Р 1945, Дагавор аб савецка-польскай дзяржаўнай граніцы паміж СССР і Польшчай,

падпісаны 16.8.1945 у Маскве нам. Старшыні СНК СССР В.​М.​Молатавым і Старшынёй СМ Польскай Рэспублікі Э.​Асубка-Мараўскім замест пагаднення ад 26.7.1944 паміж урадам СССР і Польскім камітэтам нацыянальнага вызвалення. Заключаны ў адпаведнасці з сав.-польск. дагаворам ад 21.4.1945 (гл. Савецка-польскія дагаворы і пагадненні). Вызначыў дзярж. граніцу паміж СССР і Польшчай згодна з рашэннямі Крымскай канферэнцыі 1945 уздоўж «Керзана лініі» з адхіленнямі ад яе на карысць Польшчы ў некат. раёнах на 5—8 км. Пры гэтым Польшчы дадаткова ўступаліся землі на У ад «Керзана лініі» да рэк Зах. Буг і Салокія, на Пд ад г. Крылаў з водступам на карысць Польшчы максімальна на 30 км (тэр. Украіны); частка Белавежскай пушчы на ўчастку Няміраў—Ялаўка на У ад «Керзана лініі», уключаючы Няміраў, Гайнаўку, Белавежу і Ялаўку, з водступам на карысць Польшчы максімальна на 17 км (тэр. Беларусі). Усяго ад БССР адыходзілі 17 раёнаў Беластоцкай вобласці з г. Беласток і 3 раёны Брэсцкай вобл. (частка Белавежскай пушчы) — тэр. плошчай 14,3 тыс. км² з прыбл. 638 тыс. жыхароў (паводле польск. перапісу 1946), сярод якіх было 61% католікаў, 23% праваслаўных. 15% іудзеяў (даныя 1921). Польшча перадавала БССР 15 вёсак, населеных пераважна беларусамі. 20.8.1945 Вярх. Савет БССР прыняў пастанову аб перадачы Польшчы б.ч. зямель Беластоцкай вобл. Дагавор ратыфікаваны Краёвай Радай Нарадовай 31.12.1945 і Прэзідыумам Вярх. Савета СССР 13.1.1946. Ён прадугледжваў таксама стварэнне змешанай камісіі па дэмаркацыі граніцы (знаходзілася ў Варшаве), якая працавала з мая 1946 і скончыла дэмаркацыю граніцы ў крас. 1947. У 1946—55 граніца паміж БССР і Польшчай па рашэнні сав. ўрада 4 разы адсоўвалася на У. Польшчы былі перададзены некалькі дзесяткаў вёсак Сапоцкінскага, Бераставіцкага і Свіслацкага р-наў, жыхары якіх былі пераважна католікамі. Падрыхтоўка, падпісанне і ратыфікацыя дагавора ажыццяўляліся без удзелу прадстаўнікоў БССР. Ён не абмяркоўваўся ў вышэйшых органах дзярж. улады Беларусі, чые нац.-дзярж. інтарэсы непасрэдна закранаў. Дагавор парушаў палажэнні Канстытуцыі СССР 1936 і Канстытуцыі БССР 1937, што патрабавалі згоды саюзнай рэспублікі на змену яе граніц. З пункту гледжання міжнар. права дагавор быў чарговым падзелам тэр. Беларусі, якая паводле рашэнняў Сан-Францыскай канферэнцыі 1945 уваходзіла ў склад дзяржаў — заснавальніц ААН. Разам з тым паводле дагавора аб добрасуседстве і супрацоўніцтве паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Польшча ад 23.6.1992 бакі пацвердзілі існуючую паміж імі граніцу, вызначаную дагаворам ад 16.8.1945.

Літ.:

Волаціч М. Насельніцтва Заходняй Беларусі і яго перасяленьне між сучаснай Польшчай і БССР // Беларускі зборнік. Мюнхен, 1956. Кн. 4;

Снапкоўскі У.Е. Міжнародныя аспекты вызначэння савецка-польскай мяжы ў 1943—1945 гг. // Бел. гіст. часоп. 1994. №3;Мірановіч Я Навейшая гісторыя Беларусі. Беласток, 1999.

У.​Е.​Снапкоўскі.

т. 14, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАГРАНІ́ЧНЫЯ ВО́ЙСКІ (у некаторых краінах пагранічная ахова, пагранічная варта),

спецыяльныя войскі, прызначаныя для абароны паліт., ваен. і эканам. інтарэсаў дзяржавы на яе сухап., марскіх, рачных (азёрных) рубяжах. П.в. Рэспублікі Беларусь складаюцца з пагранічных атрадаў, спец. і вучэбных часцей (падраздзяленняў). Падпарадкоўваюцца Прэзідэнту. Непасрэднае кіраўніцтва імі ажыццяўляе старшыня дзярж. камітэта — камандуючы П.в. праз падпарадкаваныя яму штаб і інш. структуры кіравання. Створаны паводле пастановы Вярх. Савета Беларусі ад 20.9.1991 на базе П.в. КДБ СССР, што дыслацыраваліся на тэр. Беларусі. З 1992 у веданні Гал. ўпраўлення П.в. пры Савеце Міністраў, якое ў 1997 пераўтворана ў Дзярж. к-т пагран. войск Рэспублікі Беларусь. П.в. забяспечваюць недатыкальнасць граніц (гл. Граніца дзяржаўная), падтрымліваюць устаноўлены законам пагран. рэжым, сумесна з мытнымі органамі ажыццяўляюць пагранічны кантроль і інш. П.в. выконваюць свае задачы самастойна пры падтрымцы мясц. органаў дзярж. улады і насельніцтва прыгранічных раёнаў. Маюць на ўзбраенні сучасныя віды стралк. зброі і баявой тэхнікі, рачныя караблі, верталёты і спец. тэхн. сродкі. Падрыхтоўку афіцэрскіх кадраў для П.в. ажыццяўляюць ф-ты Ваен. акадэміі і Ін-та нац. бяспекі Рэспублікі Беларусь.

П.в. зарадзіліся ў 14 ст. На тэр. ВКЛ, акрамя ўдзелу ў апалчэнні (гл. Паспалітае рушэнне) гар. абшчына выконвала шэраг абавязкаў па вартавой службе і мясц. абароне. У многіх гарадах, найперш памежных, да ўвядзення магдэбургскага права (канец 14 ст.) існавалі асобыя катэгорыі мяшчан, якія пастаянна неслі ваен., у т. л. вартавую, службу. У некаторых гарадах на Зах. Дзвіне вартавую службу неслі таксама казакі (напр., у Полацку на замку ў 1552 рэестр зафіксаваў 6 казацкіх службаў). У Расіі ў 1571 з’явілася «Улажэнне аб станічнай і вартавой службе», у 1754 створаны пагран. мытні (з 1772 і на тэр. ўсх. Беларусі), у 1811 уведзена «Палажэнне аб арганізацыі пагранічнай казённай стражы», якая ў 1899 атрымала вайсковае ўпарадкаванне (пагран. брыгады, акругі і інш.). У СССР першыя пагран. часці сфарміраваны ў 1918, на тэр. БССР — у 1924. У 1932 за вял. заслугі ў ахове рубяжоў і актыўны ўдзел у гасп.-паліт. умацаванні пагран. раёнаў пагран. войскі ДПУ БССР узнаг. ордэнам Прац. Чырв. Сцяга БССР (уручаны Дзярж. к-ту пагран. войск Рэспублікі Беларусь у 1998). У Вял. Айч. вайну пагранічнікі зах. рубяжоў СССР першыя прынялі на сябе ўдар ням -фаш. захопнікаў. Гераічнае супраціўленне агрэсару аказалі пагранічнікі, у т. л. тыя, што былі сярод абаронцаў Брэсцкай крэпасці (падраздзяленні 17-га пагранатрада і інш.), байцы застаў, якімі камандавалі А.М.Кіжаватаў, В.М.Усаў, А.​М.​Сівачоў. Асабовы склад пагран. палкоў, якія ўдзельнічалі ў вызваленні Беларусі ад акупантаў, вызначыўся пад Магілёвам, Оршай, Мінскам і Баранавічамі (за баявыя подзвігі пагранічнікам Ф.Г.Крылову і А.​М.​Наскову пасмяротна прысвоена званне Героя Сав. Саюза).

А.​А.​Паўлоўскі.

Да арт. Пагранічныя войскі: пагранічны кантроль на прапускных пунктах Брэст-Цэнтральны і Брузгі.
Да арт. Пагранічныя войскі: пагранічны нарад аглядае кантрольна-следавую паласу.

т. 11, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРЛІ́Н (Berlin),

горад, сталіца Германіі, яе гасп., навуковы і культ. цэнтр. Знаходзіцца на У краіны ў Брандэнбургскім Паазер’і на р. Гафель і яго прытоку р. Шпрэе. У адм. адносінах утварае асобную зямлю. Пл. 889,1 км², 3475 тыс. ж. (1994). 92% насельніцтва — немцы, жывуць таксама туркі, палякі, італьянцы, грэкі, выхадцы з б. Югаславіі. Падзяляецца на 23 акругі. 3 міжнар. аэрапорты: Тэмпельгоф, Тэгель (найбольшы), Шонефельд. Гал. вузел камунікацый на У краіны. З Берліна пачынаюцца 6 аўтастрад, 12 чыгунак, у т. л. міжнар. на Пд, З і У. Рачны порт на Гафелі, злучаны каналамі з асн. рачнымі сістэмамі і марскімі партамі краіны. Прамысловасць: эл.-тэхн. і электронная (з-ды фірмаў «Сіменс», «АЭГ», «Тэлефункен», «Осрам»), машынабуд. (вытв-сць трансп. сродкаў, энергет. абсталявання, вырабаў дакладнага машынабудавання), металургічная, паліграф., хім., фармацэўтычная, швейная, тытунёвая, касметычная, фотахім., гумавая. Шмат банкаў і інш. крэдытна-фін. устаноў. Метрапалітэн. Месца правядзення міжнар. кангрэсаў, з’ездаў, канферэнцый, выставак, кірмашоў. Турыстычны цэнтр.

Утварыўся каля 1230 з двух паселішчаў (Берлін і Кёльн). Гар. правы атрымаў у 13 ст. З 1359 член Ганзейскага саюза. З 1486 сталіца Брандэнбурга, з 1709 — Прусіі. Ун-т з 1810. Адзін з цэнтраў рабочага руху ў Германіі ў 1848—49. З 1871 сталіца Германіі. З канца 19 ст. буйны прамысл. цэнтр. Месца правядзення Берлінскага кангрэса 1878, Берлінскай канферэнцыі 1884—85 і інш. У 1-ю сусв. вайну адзін з цэнтраў антываен. рабочага руху. 9.11.1918 у Берліне абвешчана Германская рэспубліка. У 1920 да Берліна далучаны суседнія землі. Месца заключэння агрэсіўнага саюза Германіі з Італіяй і Японіяй (гл. Берлінскі пакт 1940). На заключным этапе 2-й сусв. вайны моцна разбураны. 2.5.1945 сав. войскі штурмам узялі Берлін (гл. Берлінская аперацыя 1945). 8.5.1945 у Берліне падпісаны акт аб безагаворачнай капітуляцыі Германіі, 5.6.1945 — дэкларацыя аб вярх. уладзе ў Германіі ўрадаў саюзных дзяржаў: СССР, ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі. Войскі кожнай з іх занялі адну з 4 акупац. зон. У 1948 зах. дзяржавы ў сваіх зонах акупацыі правялі выбары ў гар. парламент Берліна, у сав. сектары быў утвораны асобны магістрат. 7.10.1949 тут абвешчана Германская Дэмакратычная Рэспубліка (ГДР) і Берлін (усх. частка) стаў яе сталіцай. З зах. сектараў утварылася асобная паліт. адзінка Заходні Берлін. Паміж Берлінам і Зах. Берлінам была ўстаноўлена граніца (напачатку адкрытая), у 1961 горад падзяліла Берлінская сцяна (дэманціравана ў 1989). Пасля аб’яднання ФРГ і ГДР у адзіную дзяржаву Берлін з чэрв. 1991 — сталіца Германіі.

Горад захаваў асобныя рысы сярэдневяковай радыяльна-кальцавой планіроўкі з нешматлікімі гатычнымі пабудовамі (цэрквы Марыенкірхе, каля 1260 — сярэдзіна 14 ст.; Клостэркірхе, каля 1290—1300). У 18—19 ст. Берлін забудоўваўся паводле рэгулярнай «шахматнай» сістэмы: распланаваны правільныя паводле контуру плошчы, шырокія вуліцы (Унтэр-дэн-Ліндэн), парадныя ансамблі і будынкі ў стылі барока (Цэйхгауз, цяпер Музей ням. гісторыі, 1695—1706, арх. І.​А.​Нерынг, А.​Шлютэр, Ж. дэ Бот) і класіцызму (Оперны т-р, 1741—43, арх. Г.​В.​Кнобельсдорф; палац прынца Генрыха, 1748—53, арх. І.​Боўман, з 1810 ун-т; Брандэнбургскія вароты, 1788—91, арх. К.​Г.​Лангханс; Драм. т-р, 1819—21; Стары музей 1824—28, усе арх. К.​Ф.​Шынкель); створаны цэнтр з урадавымі будынкамі (ратуша, 1861—69, рэйхстаг, 1884—94, арх. П.​Валат і інш.), забудаваны гандл., жылыя арыстакратычныя раёны. У 1900 — пач. 1930-х г. пабудавана шмат арх. комплексаў і аб’ектаў у духу функцыяналізму (арх. П.​Берэнс, Э.​Мендэльзон, Г.​Пёльцыг, В.​Гропіус, Б.​Таўт). Пасля 1945 горад рэканструяваны. Забудаваны жылыя кварталы, узведзены адм. будынкі, цэрквы, атэлі. Сярод найб. значных пабудоў: прамысл. выстаўка «Інтэрбаў» (1957, арх. Ле Карбюзье, А.​Аалта, О.​Німеер і інш.), т-р Шылера (1949—50, арх. Г.​Фёлькер, Р.​Гросэ), Амер. мемар. б-ка (1952—54, арх. Г.​Іобст, В.​Кроер, Г.​Віле, Ф.​Борнеман), зала Кантрэсгале (1957, арх. Х.​Стабінс), філарманічная зала (1964, арх. Г.​Шароўн), Нац. галерэя (1968, арх. Л.​Міс ван дэр Роэ), «Палац рэспублікі» (1976, арх. Г.​Графундэр) і інш., жылыя масівы Берлін-Ліхтэнберг, Берлін-Марцан (1980-я г.), грамадска-гандл. комплекс «Еўропа-Цэнтр» і інш. Адноўлены будынкі рэйхстага і палаца Бельвю. У Трэптаў-парку помнік воінам Сав. Арміі (1946—49, скульпт. Я.​Вучэціч, арх. Я.​Белапольскі), у парку Тыргартэн — помнік героям штурму Берліна ў 1945 (скульпт. Л.​Кербель, У.​Цыгаль).

Берлін — найбуйнейшы навук. і культ.-асв. цэнтр Германіі. АН і н.-д. ін-ты, 3 ун-ты (Берлінскі універсітэт імя Гумбальта, Свабодны, Тэхнічны), вышэйшыя школы (прыгожых мастацтваў, музычныя, эканамічныя, кінематаграфіі і тэлебачання). 2 абсерваторыі, 2 планетарыі. 70 тэатраў (у т. л. 3 оперныя), сімф. і камерныя аркестры, філармонія. 75 музеяў, у т. л. Дзярж. берлінскія музеі, Пергамон-музей, Музей ням. гісторыі, галерэя 20 ст. Штогадовыя міжнар. муз.-тэатр. фестывалі (з 1951).

Да арт. Берлін. Еўропа-Цэнтр.
Да арт. Берлін. Філарманічная зала. Арх. Г.​Шароўн. 1964.

т. 3, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫГО́ДНІЦКІ ФІ́ЛЬМ,

сістэма жанраў кіно, заснаваных на напружаным сюжэце, нечаканых паваротах падзей, розных прыгодах герояў пры раскрыцці таямніцы, пошуках скарбаў, невядомых зямель, пераадольванні катастроф, барацьбе са злачынцамі і інш. Сфарміраваўся пад уплывам прыгодніцкай літаратуры. У залежнасці ад ідэйнай накіраванасці, гіст., геагр., прасторавых умоў падзяляецца на фільмы падарожжаў (гіст. і сучасныя), вестэрн, трылер, ваен., шпіёнскі, крымінальны, дэтэктыўны фільм, навукова-фантастычны фільм, фэнтэзі, парадыйны фільм. Герой П.ф. павінен валодаць пэўнымі фізічнымі і маральнымі якасцямі, загартаваным характарам, нязломнай воляй, у фантаст. сюжэтах — надзвычайнымі магчымасцямі.

Першы П.ф. — славуты вестэрн і гангстэрскі фільм «Вялікае абрабаванне цягніка» (1903, рэж. Э.​С.​Портэр, ЗША). З 1920-х г. у ЗША пашырыліся гангстэрскія фільмы, у Зах. Еўропе — «фільмы плашча і шпагі» (у т. л. пра мушкецёраў з аднайм. рамана А.​Дзюма, шматлікія варыяцыі прыгод «высакародных ліхадзеяў» Зора, Робін Гуда і інш.). З 1960-х г. у еўрап. і амер. кіно развіваюцца традыц. і абноўленыя мадыфікацыі гангстэрскіх фільмаў («Боні і Клайд», 1967, рэж. А.​Пен; «Хросны бацька», 1972, рэж. Ф.​Копала; «Аднойчы ў Амерыцы», 1984, рэж. С.​Леоне), акультныя («Дзіця Розмары», 1968, рэж. Р.​Паланскі; «Выганяючы д’ябла», 1973, рэж. У.​Фрыдкін), катастроф і жахаў («Прыгоды Пасейдона», 1972, рэж. Р.​Нім; «Аэрапорт-75», 1974, рэж. Дж.​Смайт; «Парк юрскага перыяду», 1993, рэж. С.​Спілберг), на ваен. тэму («Доктар Стрэйнджлаў, або Як я навучыўся не хвалявацца і палюбіў бомбу», 1963, рэж. С.​Кубрык; «Зялёныя берэты», 1968, рэж. Дж.​Уэйн; «Жалезны крыж», 1977, рэж. С.​Пекінпа; «Паляўнічы на аленяў», 1978, рэж. М.​Чыміна; «Апакаліпсіс сёння», 1979, рэж. Копала), філасофска-фантаст. (серыял «Зорныя войны», з 1977, рэж. Дж-Дукас; «Неба над Берлінам», 1987, рэж. В.​Вендэрс; «Пяты элемент», 1998, рэж. Л.​Бесон) фільмы. У канцы 1980—90-х г. вызначыўся постмадэрнісцкі кірунак П.ф.: «Повар, злодзей, яго жонка і каханак» (1989, рэж. П.​Грынуэй), «Крымінальная чытаніна* (1994, рэж. К.​Таранціна), «Рассякаючы хвалі» (1996, рэж. С.​Ларс фон Трыер), «Шырока заплюшчаныя вочы» (1999, рэж. Кубрык) і інш. У рас. кінематографе 1920-х г. элементы П.ф. спалучаліся з ідэйнай рэв. скіраванасцю («Чырвоныя д’ябаляты», 1923, рэж. І.​Перэстыяні; «Незвычайныя прыгоды містэра Веста ў краіне бальшавікоў», рэж. Л.​Куляшоў; «Прыгоды Акцябрыны», рэж. Р.​Козінцаў і Л.​Траўберг; «Аэліта», рэж. Я.​Пратазанаў; усе 1924). У 1930-я г. адымаліся фільмы пра навук. экспедыцыі («Залатое возера», 1935, рэж. У.​Шнейдэраў; «Сямёра смелых», 1936, рэж. С.​Герасімаў), падарожжы («Дзеці капітана Гранта», 1936; «Востраў скарбаў», 1938, рэж. абодвух У.​Вайншток), шпіёнскія фільмы («Джульбарс», 1936, рэж. У.​Шнейдэраў), з 1940-х г. — ваен. («Сакратар райкома», 1942, рэж. І.​Пыр’еў; «Смелыя людзі», 1950, рэж. К.​Юдзін; «А досвіткі тут ціхія...», 1972, рэж. С.​Растоцкі; тэлесерыял «Семнаццаць імгненняў вясны», 1973, рэж. Т.​Ліёзнава; карціны пра міжнар. адносіны («Сакрэтная місія», рэж. М.​Ром, 1950; «Мёртвы сезон», 1968, рэж. С.​Куліш), рэв. тэматыкі («Няўлоўныя мсціўцы», 1967, рэж. Э.​Кеасаян; «Белае сонца пустыні», 1969, рэж. У.​Матыль; «Свой сярод чужых, чужы сярод сваіх», 1974, рэж. М.​Міхалкоў). Сярод лепшых П.ф. 1970—90-х г.: фантастычна-філас. прытчы «Салярыс» (1972), «Сталкер» (1980, абодва рэж. А.​Таркоўскі), таксама фільмы пра тэхнагенныя і экалагічныя катастрофы: «Уцёкі містэра Мак-Кінлі» (1975, рэж. М.​Швейцэр), «Экіпаж» (1980, рэж. А.​Міта) і інш.

У бел. кінематографе жанр П.ф. развіваецца з 2-й пал. 1920-х г. («Лясная быль», 1926, рэж. Ю.​Тарыч; «Кастусь Каліноўскі», 1928, рэж. У.​Гардзін). У 1930-я г. структурныя прыкметы П.ф. выявіліся ў фільмах-экранізацыях «Паручнік Кіжэ» (1934, рэж. А.​Файнцымер), «Салавей» (1937, рэж. Э.​Аршанскі), карцінах пра «ворагаў народа», шпіёнаў, дыверсантаў: «Вораг ля парога» (1931, рэж. Л.​Анцы-Палоўскі), «Дачка Радзімы» (1938, рэж. У.​Корш-Саблін) і інш. З 2-й пал. 1940-х г. пераважалі П.ф. пра рэвалюцыю і гіст. — «Чырвонае лісце» (1958, рэж. Корш-Саблін), ваен. тэматыкі — «Канстанцін Заслонаў» (1949, рэж. Корш-Саблін, Файнцымер), «Гадзіннік спыніўся апоўначы» (1956, рэж. М.​Фігуроўскі), «Альпійская балада» (1966), «Воўчая зграя» (1975, рэж. абодвух Б.​Сцяпанаў), «Круглянскі мост» (1989, рэж. А.​Мароз), «Пайсці і не вярнуцца» (1992, рэж. М.​Князеў), «У жніўні 44-га» (2000, рэж. М.​Пташук), тэлевізійныя «Руіны страляюць» (1971—72, рэж. В.​Чацверыкоў), «Парашуты на дрэвах» (1973, рэж. І.​Шульман), «Дзяржаўная граніца» (1980—84). У 1980—90-я г. пашырыліся гісторыка-прыгодніцкія экранізацыі з элементамі дэтэктыва («Дзікае паляванне караля Стаха», 1980, рэж. В.​Рубінчык; «Чорны замак Альшанскі», 1983, рэж. Пташук; «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях», 1994, рэж. В.​Тураў), дэтэктывы і трылеры («Уік-энд з забойцам», 1992, рэж. Ю.​Марухін; «Сын за бацьку», 1995, рэж. М.​Яроменка; «Бег ад смерці», 1996, рэж. У.​Дзяругін; «Рэйнджэр з атамнай зоны», 1999, рэж. В.​Нікіфараў), фантаст. фільмы («Адступнік», 1986—87, рэж. Рубінчык; «Кашкадаў Сільвер», 1989, «Анамалія», 1993, рэж. абодвух Ю.​Ялхоў). У жанры П.ф. зняты шэраг фільмаў для дзяцей (гл. ў арт. Дзіцячае кіно), у т. л. «Палескія рабінзоны» (1934, І.​Бахар, П.​Малчанаў), «Корцік» (3 серыі, 1973), «Бронзавая птушка» (3 серыі, 1974, рэж. абодвух М.​Калінін), «Апошняе лета дзяцінства» (1974. рэж. Рубінчык) і інш.

Г.​В.​Ратнікаў.

т. 13, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САВЕ́ЦКА-ФІНЛЯ́НДСКАЯ ВАЙНА́ 1939-40,

вайна Сав. Саюза супраць Фінляндыі 30.11.1939—12.3.1940. У сакрэтным пратаколе да Пакта Рыбентропа—Молатава 1939 Фінляндыя была аднесена да сферы інтарэсаў СССР. Падставай для вайны стала адмова фін. ўрада адсунуць дзярж. граніцу далей ад Ленінграда (праходзіла за 32 км ад горада), за што СССР прапаноўваў Фінляндыі ўдвая большую тэр. ў Карэліі. Непасрэднай зачэпкай для пачатку ваен. дзеянняў стаў артыл. абстрэл 26.11.1939 сав. тэрыторыі каля фін. пас. Майніла (які бок вёў агонь, не высветлена), у якім СССР абвінаваціў Фінляндыю. 30.11.1939 войскі Ленінградскай ваен. акругі (каманд. камандарм 2-га рангу К.​А.​Мерацкоў) пачалі наступленне. Вайна фармальна не аб’яўлялася, аднак СССР афіцыйна разарваў дыпламат. адносіны з Фінляндыяй. 1.12.1939 абвешчана пра стварэнне ў занятым Чырв. Арміяй фін. г. Тэрыёкі (цяпер Зеленагорск) нар. ўрада Фінляндскай Дэмакр. Рэспублікі на чале з О.​В.​Куусіненам (існаваў да канца вайны). Вайна працягвалася 105 дзён ва ўмовах моцных маразоў і высокага снежнага покрыва. Ваен. аперацыі адбываліся амаль на ўсім працягу сав.-фінляндскай мяжы ад Балтыйскага да Баранцава мораў. Больш паспяхова дзейнічала на Крайняй Поўначы 14-я армія (каманд. камкор В.​А.​Фралоў) пры падтрымцы Паўн. флоту (флагман 2-га рангу беларус В.​П.​Дрозд). Іншыя злучэнні ў пач. ваен. дзеянняў цярпелі няўдачы і неслі вял. страты. Фін. армія (галоўнакаманд. маршал К.​Манергейм) упарта супраціўлялася. Гал. баі разгарнуліся на Карэльскім перашыйку, дзе была пабудавана моцная абарончая «Манергейма лінія» глыбінёй да 90 км. Дзеянні Чырв. Арміі тут падтрымліваў Балтыйскі флот (агнём артылерыі), у складзе якога дзейнічаў падшэфны карабель БССР лідэр эсмінцаў «Мінск». Спроба прарваць «лінію Манергейма» з ходу поспеху не мела. 7.1.1940 створаны Паўночна-Заходні фронт (каманд. камандарм 1-га рангу С.​Д.​Цімашэнка) у складзе 7-й (каманд. Мерацкоў) і 13-й (камандармам 2-га рангу У.​Д.​Грэндаль) армій. На 1.2.1940 войскі Чырв. Арміі мелі 40 дывізій (975 675 чал.); фін. армія мела на Карэльскім перашыйку 9 дывізій і 1 кав. брыгаду (усяго больш за 300 тыс. чал.). З 11 лют. да 12 сак. 1940 войскі Чырв Арміі прарвалі «лінію Манергейма», 12 сак. авалодалі г. Выбарг (Вііпуры). У той жа дзень у Маскве быў падпісаны мірны дагавор, паводле якога граніца на Пн ад Ленінграда адсоўвалася на лінію Выбарг—Сортавала; да СССР адышлі Карэльскі перашыек, шэраг астравоў у Фінскім заліве, невял. тэр. з г. Куалаярві і ч. п-авоў Рыбачы і Сярэдні на Баранцавым м.; Сав. Саюзу перадаваўся ў арэнду на 30 гадоў п-аў Ханка на Балтыйскім м. з правам стварэння на ім ваен.-марской базы. Страты Чырв Арміі ў С.-ф.в. склалі 126 875 чал. забітымі, прапаўшымі без вестак і памерлымі ад ран і хвароб; санітарныя страты значна большыя. Паводле даных рас.-фін. даследавання «Зімовая вайна» (Кн. 1. М., 1999. С. 326) у фін. палон трапіла каля 6 тыс. воінаў Чырв. Арміі, з якіх 5 572 чал. вернуты ў СССР пасля заключэння мірнага дагавора (з іх 350 чал. асуджаны на смяротнае пакаранне, 4 354 — на зняволенне ў папраўча-працоўных лагерах на тэрмін ад 5 да 8 гадоў). Страты фін. арміі склалі 66 400 чал. забітымі, прапаўшымі без вестак і параненымі, 1 100 чал. палоннымі (847 з іх вернуты ў Фінляндыю).

За баявыя заслугі каля 70 злучэнняў і часцей Чырв. Арміі ўзнагароджаны ордэнамі Каля 50 тыс. чад. адзначаны ўзнагародамі СССР. Сярод узнагароджаных ураджэнцы Беларусі: флагман 2-га рангу Дрозд, камандзір падводнай лодкі У.​С.​Дзянісаў, намеснік нач. палітупраўлення Балт. флоту М.​А.​Торык, каманд. Ладажскай ваен. флатыліяй П.​А.​Трайнін, камандзір эсмінца «Грымячы» А.​І.​Гурын, нам. каманд. войскамі Бел. асобай ваен. акругі Ф.​І.​Кузняцоў, нач. тылу Паўн.-Зах. фронту І.​І.​Трутко і інш Удзельнікамі вайны былі бел. пісьменнікі К.​Крапіва, В.​Вітка, В.​Вольскі. М.​Калачынскі, М.​Пянкрат. 412 удзельнікаў вайны ўдастоены звання Героя Сав. Саюза, у т. л. 20 беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі: П.​Р.​Алейнікаў, Цз.Д.​Валенцік, Б.​В.​Воўк (пасмяротна), І.​І.​Валасевіч, М.​М.​Гармоза, А.​І.​Дыдышка, П.​В.​Кандрацьеў, І.​П.​Кірпічоў, І.​М.​Кобзун, В.​Дз.​Кучаравы (пасмяротна), І.​М.​Максіменя, І.​В.​Матрунчык, Р.​С.​Пінчук, М.​В.​Рапейка (пасмяротна), І.​М.​Саламонікаў, М.​П.​Сінюцін, М.​Ф.​Турцэвіч (пасмяротна), А.​Р.​Целяшоў (пасмяротна), С.​І.​Чарняк, С.​Я.​Ялейнікаў (пасмяротна).

Далучэнне ў выніку С.-ф.в. стратэгічна важных тэрыторый каштавала СССР не толькі вял. чалавечых ахвяр, але і падрыву яго міжнар. аўтарытэту. Сусв. грамадскасць расцаніла вайну супраць Фінляндыі як агрэсію, у выніку чаго СССР у снеж. 1939 быў выключаны з Лігі Нацый. Напярэдадні Вял. Айч. вайны ўзмацнілася прагерм. арыентацыя Фінляндыі, якая потым выступіла супраць СССР на баку Германіі.

Літ.:

«Зимняя война», 1939—1940. Кн. 1—2. М., 1999;

Советско-финская война 1939—1940 гг. Мн., 1999;

Тайны и уроки зимней войны 1939—1940. М., 2000;

Россия и СССР в войнах XX в.: Потери вооруженных сил: Стат. исслед. М., 2001. С. 200;

Третьяк С. Зимняя кампания 1939—1940 гг. // Армия. 2000. № 2;

Кушнер В, Фісуноў В. Савецка-фінляндская вайна 1939—1940 гг. // Бел. гіст часоп. 2000. № 1.

Г.​Дз.​Бабусенка.

т. 14, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДМІНІСТРАЦЫ́ЙНА-ТЭРЫТАРЫЯ́ЛЬНЫ ПАДЗЕ́Л,

падзел тэрыторыі дзяржавы на часткі — адм.-тэр. адзінкі (губерні, акругі, землі, правінцыі, штаты, вобласці, раёны, дэпартаменты і інш.), на аснове якіх ствараюцца і дзейнічаюць органы дзярж.улады, кіравання і самакіравання. Асн. мэта — стварыць аптымальныя ўмовы для эфектыўнай арганізацыі і дзеяння ўсяго дзярж. механізма. Ажыццяўляецца з улікам прыроднагіст., эканам. і геагр. умоў, нац. асаблівасцяў, сац.-культ., паліт. і інш. фактараў.

У 9 ст. на тэр. Беларусі існавалі племянныя саюзы крывічоў (палачан), дрыгавічоў і радзімічаў. У 10—11 ст. склаліся Полацкая і Тураўская землі, якія захоўвалі пэўную самастойнасць пад уладай кіеўскіх князёў. Да сярэдзіны 12 ст. яны адасобіліся ў паўсамаст. дзярж. ўтварэнні — княствы. З Полацкай зямлі вылучыліся Віцебскае, Друцкае, Ізяслаўскае, Лагожскае, Менскае і, магчыма, інш. ўдзельныя княствы; з Тураўскай — Пінскае і, верагодна, Клецкае і Слуцкае. Усх. ч. Беларусі з Мсціславам уваходзіла ў Смаленскае княства, паўд.-зах. з Берасцем і Кобрынам — у Галіцка-Валынскае, паўд.-ўсх. з Гомелем і Рэчыцай — у Чарнігаўскае. У Панямонні існавалі Ваўкавыскае, Гарадзенскае, Новагародскае і Слонімскае княствы, якія разам з племяннымі княствамі Літвы ў сярэдзіне 13 ст. ўтварылі ядро Вялікага княства Літоўскага. Да сярэдзіны 14 ст. ў ВКЛ увайшла ўся Беларусь, якая ў яго складзе падзялялася на судова-адм. акругі (землі, княствы, намесніцтвы), чые межы гістарычна склаліся ў мінулым. Полацкая і Віцебская землі з пач. 16 ст. называліся ваяводствамі. Каля 20 бел. княстваў і намесніцтваў (паветаў) уваходзілі ў Віленскае і Трокскае ваяв., утвораныя ў 1413; Мазырскі пав. да 1569 — у Кіеўскае ваяв. У выніку адм. рэформы 1565—66 тэр. ВКЛ была падзелена на 30 паветаў, з якіх 16 цалкам ці часткова знаходзіліся на Беларусі і ўваходзілі ў Берасцейскае, Віленскае, Віцебскае, Менскае, Мсціслаўскае, Новагародскае, Полацкае і Трокскае ваяв. У 1618—54 да Беларусі адносілася Смаленскае ваяв. са Старадубскім пав. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) на далучаных да Рас. імперыі бел. землях утвораны Полацкае і Магілёўскае намесніцтвы (у 1796 аб’яднаны ў Беларускую губ.), пасля 2-га падзелу (1793) — Мінская губ., пасля 3-га падзелу (1795) — Слонімская і Віленская губ. (у 1797 аб’яднаны ў Літоўскую губ.). У 1802—1917 на Беларусі існавалі 5 губерняў: Віленская, Віцебская, Гродзенская, Магілёўская, Мінская. Яны падзяляліся на паветы, колькасць якіх мянялася; з 1861 паветы падзяляліся на воласці. У 1917 не занятыя герм. войскамі бел. губерні і паветы аб’яднаны ў Заходнюю вобласць з цэнтрам у Мінску. У сак. 1918 у сувязі з прасоўваннем герм. войск да яе далучана Смаленская губ., цэнтр перанесены ў Смаленск.

25.3.1918 абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка (БНР), у склад якой павінны былі ўвайсці б. Гродзенская, Магілёўская, Мінская губ. і паветы Віленскай, Віцебскай, Смаленскай, Чарнігаўскай губ., населеныя пераважна беларусамі. Фактычна Рада БНР дзейнічала толькі на тэр. Беларусі, занятай герм. войскамі, за выключэннем паўд. часткі, часова ўключанай у склад Украіны. 1.1.1919 у Смаленску абвешчана Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка ў межах, якія амаль супадалі з пракламаванымі межамі БНР. Аднак ва ўмовах польскага наступлення ў лют. 1919 Віцебская, Магілёўская і Смаленская губ. ўключаны ў склад РСФСР (пры гэтым Магілёўская губ. пераўтворана ў Гомельскую), незанятая палякамі астатняя частка БССР — у склад Літ.-Бел. Сав. Сацыяліст. Рэспублікі, якая пасля ўступлення польскіх войскаў у Мінск у жн. 1919 фактычна спыніла існаванне. У выніку контрнаступлення Чырв. Арміі 31.7.1920 БССР была адноўлена пад назвай Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Беларусь, але без усх. ч., якая засталася ў складзе РСФСР. Паводле Рыжскага мірнага дагавору 1921 да Польшчы адышла і зах. ч. Беларусі (гл. Заходняя Беларусь). У складзе БССР засталіся толькі Бабруйскі, Барысаўскі, Ігуменскі, Мазырскі, Мінскі і Слуцкі пав. б. Мінскай губ. У такіх межах 30.12.1922 БССР увайшла ў склад СССР. У сак. 1924 да БССР далучаны ч. Віцебскай, Гомельскай і Смаленскай губ. (1-е ўзбуйненне). 17.7.1924 у БССР уведзены новы адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел на 10 акруг, 100 раёнаў, 1202 сельсаветы. У час 2-га ўзбуйнення (снеж. 1924) да БССР далучаны Рэчыцкая і Гомельская акругі (б. паветы) з 18 раёнамі, пасля ўзгадненняў у 1927 усх. граніца набыла сучасны выгляд. Планаванае на пач. 1930-х г. 3-е ўзбуйненне не адбылося. Да 1930 акругі ў БССР скасаваны, захаваўся падзел на 90 раёнаў. У 1935 адноўлены 4 акругі на граніцы з Польшчай (Лепельская, Мазырская, Полацкая і Слуцкая). У студз.—лют. 1938 утвораны 5 абласцей: Віцебская, Гомельская, Магілёўская, Мінская, Палеская. У вер. 1939 да БССР далучана Зах. Беларусь, якая з 1921 у складзе Польшчы падзялялася на Беластоцкае, Віленскае, Навагрудскае і Палескае ваяв. з 26 паветамі, што падзяляліся на гміны. На тэр. б. Зах. Беларусі ўтвораны 5 абласцей: Баранавіцкая, Беластоцкая, Брэсцкая, Вілейская і Пінская (101 раён); Віленскі край у кастр. 1939 перададзены Літве. Ёй жа ў ліст. 1940 перададзена тэр. Гайдуцішскага, Парэцкага і Свянцянскага р-наў. У час ням.-фаш. акупацыі 1941—44 зах. ч. Беларусі (акруга Беласток) далучана да Усх. Прусіі, паўд. раёны — да рэйхскамісарыята «Украіна»; усх. ч. ўваходзіла ў зону армейскага тылу. Астатнія тэр. Беларусі (каля ​1/3) утварылі генеральную акругу Беларусь у складзе рэйхскамісарыята «Остланд». Пасля вызвалення Беларусі ў вер. 1944 20 яе раёнаў і г. Беласток перададзены Польшчы, Беластоцкая вобл. скасавана, Вілейская вобл. перайменавана ў Маладзечанскую, утвораны Бабруйская, Гродзенская і Полацкая вобл. У студз. 1954 скасаваны Бабруйская, Баранавіцкая, Палеская, Пінская і Полацкая вобл., у студз. 1960 — Маладзечанская вобл. Колькасць раёнаў неаднаразова мянялася, з 1966 іх было 117; 28.12.1989 адноўлены Дрыбінскі р-н. На 1.10.1994 у Рэспубліцы Беларусь 1088 адм.-тэр. адзінак, у т. л. 6 абласцей (Брэсцкая, Віцебская, Гомельская, Гродзенская, Магілёўская, Мінская) і сталічны горад Мінск, 118 сельскіх і 25 гар. раёнаў, 101 горад абласнога і раённага падпарадкавання, 109 пасёлкаў гар. тыпу, 1448 сельскіх Саветаў. Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел рэспублікі замацаваны Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь. Парадак вырашэння пытанняў адм.-тэр. ўладкавання дзяржавы адносіцца да выключнай кампетэнцыі ВС Рэспублікі Беларусь.

Літ.:

Круталевич В.А. Административно-территориальное устройстве БССР. Мн., 1966;

Административно-территориальное устройство БССР: Справ. Т. 1—2. Мн., 1985—87;

Казлоў Л., Цітоў А. Беларусь на сямі рубяжах. Мн., 1993.

В.​А.​Кадаўбовіч, В.Л.Насевіч (гісторыя).

т. 1, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)