ІНДАКІТА́Й,

паўвостраў на ПдУ Азіі. Абмываецца на З Бенгальскім зал., Андаманскім м. і Малакскім пралівам; на УПаўд.-Кітайскім м. Паўн. граніца — ад дэльты рэк Ганг і Брахмапутра да дэльты р. Хангха. Пл. каля 2 млн. км². Берагі слаба парэзаныя, прыродных бухтаў мала. Рэльеф вельмі складаны, уяўляе сабой чаргаванне гор субмерыдыянальнага напрамку і шырокіх нізін і плато. На З Араканскія горы (г. Вікторыя 3053 м), на Пн Шанскае нагор’е, у цэнтр. частцы хр. Танентаўнджы, на У горы Чыянгшон (Анамскія). Найб. нізіны Іравадзійская, Менамская, Камбаджыйская; найб. плато Карат. Тэр. І. адносіцца да ўсх. геасінклінальнай вобласці Міжземнаморскага геасінклінальнага пояса, унутры якой вылучаюць Індасінійскі сярэдзінны масіў і познадакембрыйскія, палеазойскія, мезазойскія і кайназойскія складкавыя сістэмы, што акаймоўваюць яго. Ва ўсх. ч. масіву — дакембрыйскі фундамент. Б.ч. масіву перакрыта палеазойскімі і мезазойскімі кантынентальнымі і марскімі адкладамі чахла. Геасінклінальная стадыя развіцця рэгіёна завяршылася ў канцы трыясу — пач. юры падняццямі і гранітоідным магматызмам. З гэтага ж часу пачалося фарміраванне юрскіх і мелавых кантынентальных упадзін, грабенаў. Грабен Іравадзі запоўнены палеагенплейстацэнавымі кантынентальнымі (рачнымі і азёрнымі) і марскімі адкладамі магутнасцю да 11 км, змяшчае радовішчы нафты, газу і каменнага вугалю. У І. сканцэнтраваны буйнейшыя ў свеце радовішчы волава і вальфраму, а таксама медзі, цынку, жалеза і інш. Клімат субэкватарыяльны мусонны, на п-ве Малака экватарыяльны. На нізінах т-ра студз. больш за 20 °C, ліп. да 28 °C, крас. 29 °C. У гарах т-ры зніжаюцца да 15 °C у студз. і 25 °C у ліпені. Ападкі ў асноўным летнія: на З 2500—5000 мм, у цэнтр. ч. 1300—2000 мм, на У 2000 мм (пераважна зімой), на Пд (п-аў Малака) больш за 2000 мм за год. Буйнейшыя рэкі Меконг, Салуін, Іравадзі, Менам-Чао-Прая і воз. Танлесап. Вечназялёныя вільготныя лясы рознага відавога складу ў больш вільготных раёнах, мангравыя — на ўзбярэжжы, лістападныя, якія пераходзяць ў саванну на Пн і ва ўнутр. раёнах. На нізінах і ў перадгор’ях земляробства (рыс, цукр. трыснёг, бавоўна, чай, кава, бананы і інш.). Багаты жывёльны свет: арангутангі, макакі, сланы, насарогі, тыгры, мядзведзі, алені і інш. Птушкі: фазаны, дзікія куры, паўліны, папугаі і інш. Шматлікія паўзуны (у т. л. кракадзілы) і насякомыя. На тэр. І. дзяржавы Тайланд, Камбоджа, б.ч. М’янмы, Малайзіі, Лаоса, В’етнама і невял. ч. Бангладэш.

М.​В.​Лаўрыновіч.

т. 7, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)