БАКТЭРЫЯ́ЛЬНЫЯ ХВАРО́БЫ РАСЛІ́Н, бактэрыёзы,

хваробы раслін, якія выклікаюцца неспараноснымі бактэрыямі з сямействаў мікабактэрый, псеўдаманадаў, бактэроідаў. Пашыраны ва ўсім свеце. Многія вельмі шкодныя, асабліва ў паўд. раёнах зямнога шара. Прычыняюць страты с.-г. культурам: бульбе, памідорам, агуркам, капусце, буракам, бабовым, бавоўніку, тытуню, пладовым, вінаграду і інш. Пашкоджанні бываюць: агульныя (выклікаюць гібель усёй расліны або асобных яе частак — гамоз бавоўніку, сасудзісты бактэрыёз капусных), выяўляюцца на каранях (каранёвыя гнілі) або ў сасудзістай сістэме (гл. Сасудзістыя хваробы раслін); мясцовыя (захворванні асобных частак або органаў расліны — бактэрыяльная мокрая гніль агародніны, бактэрыёз агуркоў і дыні), выяўляюцца на парэнхімных тканках у форме апёкаў раслін, плямістасцяў раслін і мокрых гніляў: мяшанага характару (сасудзіста-парэнхіматозныя хваробы, напрыклад, бактэрыёз сланечніку). Асобнае месца займаюць бактэрыяльныя хваробы раслін, звязаныя з утварэннем пухлін (бактэрыяльны каранёвы рак пладовых). Бактэрыі пранікаюць у расліну праз вусцейкі лісця, вадзяныя поры, розныя раны. Перадача ўзбуджальнікаў магчыма з насеннем і пасадачным матэрыялам, расліннымі рэшткамі, кроплямі дажджу, паліўнымі водамі, насякомымі, нематодамі і інш. Меры барацьбы гл. ў арт. Хваробы сельскагаспадарчых раслін.

Літ.:

Бактериальные болезни растений. М., 1981;

Дорожкин Н.А., Бельская С.И. Болезни картофеля. Мн., 1979.

Да арт. Бактэрыяльныя хваробы раслін: 1 — бактэрыёз пшаніцы; 2 — бактэрыёз гароху; 3 — бактэрыяльная рабуха тытуню; 4 — бактэрыяльны рак памідораў.

т. 2, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫБНЫ́Я ХВАРО́БЫ РАСЛІ́Н, мікозы,

інфекцыйныя захворванні, якія выклікаюцца фітапатагеннымі грыбамі (паразітамі і паўпаразітамі). Пашкоджваюць вышэйшыя расліны, імхі, водарасці. Найб. страты прычыняюць с.-г. раслінам. Пад уздзеяннем грыбоў — узбуджальнікаў хваробы — у раслінах узнікаюць паталагічныя працэсы, якія суправаджаюцца зменай структуры і фізіял. функцый інфіцыраваных частак або цэлай расліны. Вонкавыя прыкметы грыбных хвароб раслін: завяданне раслін, гнілі, некрозы, плямістасці, пустулы, налёты, разбурэнне асобных органаў, муміфікацыі, пухліны і дэфармацыі. Грыбныя хваробы раслін перадаюцца насеннем, клубнямі, цыбулінамі, каранямі, чаранкамі, саджанцамі і інш. часткамі хворых раслін. Патагенныя грыбы могуць пранікаць у тканкі раслін праз вусцейкі (мілдзью вінаграду), вадзяныя поры, клеткі эпідэрмісу і кутыкулу (кіла капусты, рак бульбы), трэшчыны і раны, што ўзнікаюць ад граду, сонечных апёкаў (чорны рак яблыні).

Паводле спосабу паразітызму фітапатагенныя грыбы ўмоўна падзяляюць на біятрофы (экалагічна аблігатныя паразіты раслін, якія ўвесь інфекц. перыяд узаемадзейнічаюць з жывымі клеткамі і тканкамі расліны-гаспадара) і некратрофы (факультатыўныя паразіты, што выкарыстоўваюць рэчывы адмерлых тканак гаспадара). Пашырэнне патагенаў у тканках гаспадара можа быць лакальнае і сістэмнае (дыфузнае), напр., ва ўзбуджальнікаў галаўні злакаў, жоўтай іржы пшаніцы, несапраўднай мучністай расы цыбулі. Характар і ступень праяўлення ўстойлівасці расліны да патагеннага грыба залежыць ад вірулентнасці патагена, наяўнасці генаў устойлівасці, фізіял. стану расліны, глебава-кліматычных умоў яго вырошчвання.

У кліматычных умовах Беларусі, аптымальных для развіцця фітапатагенных грыбоў, найб. страты грыбныя хваробы раслін прычыняюць збожжавым культурам, часам знішчаюць да 20% ураджаю. Пры адсутнасці ахоўных мерапрыемстваў да 50% бульбы гіне ад фітафтарозу, 40% ад ранняй сухой плямістасці. Пашыраны мучністая раса (на злакавых культурах, парэчках, агрэсце, ружах, флоксах і інш.), ліставая і сцябловая іржа, спарыння (на жыце), пыльная і цвёрдая галаўня, гельмінтаспарыёзныя плямістасці (на ячмені), фітафтароз, бурая гніль (на бульбе, памідорах) і інш. Меры барацьбы: выкарыстанне агратэхн. прыёмаў для знішчэння крыніц інфекцыі, каранцінныя мерапрыемствы, вырошчванне ўстойлівых сартоў, хім. ахова.

Літ.:

Тарр С. Основы патологии растений. Пер. с англ. М., 1975;

Жизнь растений. Т. 2. М., 1976;

Проблемы иммунитета сельскохозяйственных растений к болезням. Мн., 1988.

В.​В.​Карпук.

т. 5, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)