ЧА́ГА,

бярозавы чорны грыб, бясплодная форма губавага базідыяльнага грыба інанотуса скошанага (Inonotus obliquus) сям. гіменахетавых. Пашырана пераважна ва ўмераных шыротах Паўн. паўшар’я. На Беларусі трапляецца паўсюдна; паразітуе на ствалах дрэў, пераважна бяроз. Выклікае стваловую гніль драўніны.

Споры грыба, што трапілі ў рану жывога дрэва, прарастаюць у бясплодны міцэлій і ўтвараюць Ч. — шчыльны, шурпаты нараст або наплыў з чорнай, патрэсканай паверхняй, дыям. да 50 см. Унутр. тканка цвёрдая, амаль дравяністая, карычневая. Пладовае цела грыба развіваецца пад карою пасля гібелі дрэва; мае выгляд плоскай распасцёртай масы даўж. да 3 м, шыр. 20—30 см., з размешчаным на паверхні аднаслойным трубчастым гіменафорам. Споры яйцападобныя, гладкія, бясколерныя. Экстракт Ч. (бефунгін) мае біягенныя стымулятары, выкарыстоўваецца ў медыцыне.

Чага на ствале бярозы.

т. 17, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)