рэгуляторная сістэма ў арганізме жывёл і чалавека, якая фарміруе і падтрымлівае імунітэт. Асн. функцыя — распазнаванне генетычна чужароднай субстанцыі і блакада, нейтралізацыя або знішчэнне антыгенаў, якія стымулявалі імунны адказ. Уключае вілачкавую залозу, чырв.касцявы мозг, лімфатычныя вузлы, селязёнку і вял. колькасць лімфоіднай тканкі па ходу стрававальнага і дыхальнага шляхоў, агульная маса 1,5—2 кг. Асн. клеткі — розныя субпапуляцыі і функцыян. падкласы лімфацытаў. Пры кантакце з антыгенамі Л.с. здольная даваць розныя формы імуннага адказу: гумаральны імунітэт (цыркуляцыя ў крыві спецыфічных антыцел), клетачны імунітэт (паяўленне вял. колькасці T-лімфацытаў, што ўзаемадзейнічаюць з пэўным антыгенам чужароднай клеткі), цыркуляцыя доўгажывучых T- і B-лімфацытаў (пры паўторнай сустрэчы з антыгенам здольныя да хуткага адказу, імуналагічная памяць), утварэнне імуналагічнай талерантнасці (адсутнасць адказу на пэўны антыген), праяўленне алергіі (павышаная адчувальнасць да спецыфічнага антыгена). Узнікла з паяўленнем шматклетачных арганізмаў як фактар, што спрыяе іх выжыванню.
Літ.:
Петров Р.В. Иммунология, 2 изд. М., 1987;
Сапин М.Р., Этинген Л.Е. Иммунная система человека. М., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦІСЛА́ВА АБАРО́НА 1659 Адбылася ў г. Мсціслаў у студз. — крас. ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Мэтай рус. войск было падаўленне гараджан і ўзбр. атрадаў палк. І.Рытара, ротмістра А.Сутоцкага, казацкага сотніка Гермы, «стражніка шляхты» В.Крываноса, паручніка Зімніцкага, якія здрадзілі прысязе на вернасць цару. Абаронцаў Мсціслава было больш за 3 тыс.чал. (шляхта, конныя і пешыя казакі), 300 укр. казакоў, якіх прыслаў на дапамогу гетман І.Выгоўскі. З 5.2.1659 рас. войскі на чале з кн. І.Лабанавым-Растоўскім пачалі аблогу Мсціслава. Нягледзячы на настойлівыя прыступы, горад выстаяў. У сак. на дапамогу асаджаным прыйшлі казакі І.Нячая, атрад брата Выгоўскага Самойлы і палк. Аскірка «са многими людьми». 21 сак. яны атакавалі рус. войска, але беспаспяхова. Больш чым двухмесячная блакада падарвала сілы абаронцаў. У пач.крас. 1659, паводле заявы Лабанава-Растоўскага, «полковник Рытар и шляхта и казаки и всяких чинов жилецкие люди ему великому государю добили челом и город Мстиславль сдали».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАШКУРЭ́ВІЧ (Арлен) (Арсен) Міхайлавіч (н. 15.9.1929, Мінск),
бел. графік. Засл. дз. маст. Беларусі (1973). Нар.маст. Беларусі (1991). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1959), выкладаў у ім у 1959—69. Працуе ў кніжнай і станковай графіцы. Творам уласцівы глыбокае філас. асэнсаванне тэмы, маст. абагульненне. Майстар малюнка. Сярод станковых работ: серыі «Партызаны» (1969—70), «Купаліяна» (па матывах твораў Я.Купалы, 1971; за абедзве Дзярж. прэмія Беларусі 1972), «Блакада» (1979), «Асветнікі» (1989), «Святыя зямлі Беларускай» (з 1993), трыпціхі «Прысвячэнне В.Быкаву» і «Спрадвечнае» (1984), дыпціх «Напалм» (1985) і інш. Аўтар ілюстрацый да выданняў: «Курган» Я.Купалы (1967), «Авадзень» Э.Войніч, «Каласы пад сярпом тваім» (абедзве 1968) і «Дзікае паляванне караля Стаха» (1983) У.Караткевіча, «Песня пра зубра» Міколы Гусоўскага (1973), «Фауст» І.В.Гётэ (1976), «Карнікі» А.Адамовіча (1981), «Францыск Скарына, або Сонца маладзіковае» А.Лойкі (1990), «Найвышэйшая песня Саламонава» (1995); да Новага запавету («Евангелле паводле Лукі» і «Апакаліпсіс», 1990).
Літ.:
Ганчароў М.І. А.М.Кашкурэвіч. Мн., 1976.
Г.А.Фатыхава.
А.М.Кашкурэвіч.А.Кашкурэвіч. Апошняя калыханка. 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭДЫ́ТНЫЯ СА́НКЦЫІ,
меры ўздзеяння, накіраваныя на частковае або поўнае спыненне (забарону) крэдытных узаемаадносін. Існуюць розныя віды К.с.: перавод на асаблівы рэжым крэдытавання, датэрміновае спагнанне выдадзеных пазык, спагнанне ў бясспрэчным парадку пратэрмінаваных плацяжоў, часовае спыненне крэдытавання. Ужываюцца часцей да дзяржавы (яго юрыд. або фіз. асоб) пры парушэнні ёй сваіх абавязацельстваў і норм міжнар. права, а часам і з мэтай парушэння яе эканам. развіцця і прымусу да выканання якіх-н. патрабаванняў, у т. л. і палітычных. Напр., Міжнар. валютны фонд уплывае на эканам. курс той ці інш. дзяржавы на аснове прадастаўлення крэдытаў (больш выгадных, чым камерцыйныя) у абмен на строга пэўны курс у правядзенні эканам. рэформаўтварэння. Паміж урадам і фондам падпісваецца дакумент («Пісьмо аб намерах»), у якім выразна выкладзены ўсе будучыя эканам. меры. Пад іх даюцца крэдыты, крэдытаванне вядзецца па частках і спыняецца, калі ўрад адхіліцца ад прынятага курсу рэформ. Такі падыход нельга лічыць дыскрымінацыйным, калі ён не ўшчамляе нац. інтарэсы краіны-пазычальніка і не мае на мэце паліт. інтарэсаў. Гл. таксама Крэдытная блакада, Крэдытная дыскрымінацыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́СКА-АНГЛІ́ЙСКАЯ ВАЙНА́ НА МО́РЫ 1807—12,
марская вайна паміж Расіяй і Вялікабрытаніяй, выкліканая далучэннем Расіі (паводле Тыльзіцкага міру 1807) да абвешчанай Напалеонам I кантынентальнай блакады Вялікабрытаніі. Аб’яўлена Расіяй 7.11.1807 пасля нападу ў жн. 1807 брыт. эскадры на г. Капенгаген і захопу англічанамі амаль усяго дацкага флоту. Мела характар асобных баявых сутыкненняў невял. сіл у Атл.ак., Міжземным, Адрыятычным, Балт., Баранцавым і Белым морах; ад буйных бітваў і рашучых дзеянняў абодва бакі ўстрымліваліся. Брыт. флот блакіраваў рас. і замежныя порты, дзе знаходзіліся рас. караблі, нападаў на прыбярэжныя раёны, захопліваў і тапіў гандл. судны Расіі. Найб. значныя падзеі блакада ў ліст. 1807 — жн. 1808 брыт. флотам рас. эскадры віцэ-адм. Дз.М.Сянявіна ў порце Лісабон, пасля якой рас. судны да канца вайны знаходзіліся пад брыт. кантролем; няўдалая атака 29.5.1809 брыт. эскадрай атрада рас.ваен. суднаў у порце Трыест; уварванне ў чэрв.—вер. 1809 брыт. флоту ў Фінскі заліў. Вайна прычыніла вял. шкоду эканоміцы Расіі. Пасля ўварвання войск Напалеона I у Расію (чэрв. 1812) яна выйшла з рэжыму кантынент. блакады і 28.7.1812 падпісала ў швед.г. Эрэбру мірны дагавор з Вялікабрытаніяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПЛА́ЎСКІ (Георгій Георгіевіч) (н. 15.2.1931, г. Роўна, Украіна),
бел. графік. Засл. дз. маст. Беларусі (1978). Нар. мастак Беларусі (1997). Акад.Нац.АН Беларусі (з 1995). Акад. Расійскай АМ (з 1991). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1961). З 1962 выкладаў у Бел.тэатр.-маст. ін-це, у 1965—68 у БПІ. З 1988 кіраўнік Творчай акад. майстэрні графікі Мін-ва культуры Беларусі. Працуе пераважна ў станковай і кніжнай графіцы. Творчасць вызначаецца яркай індывідуальнасцю, нац. характарнасцю, завершанасцю маст. формы, пластычнасцю лініі і гармоніяй тону. Аўтар цыклаў «Памяць» (1968), «Індыйскі дзённік» (1969—78), «Белы кантынент» (1970), «Браслаўшчына — край азёрны» (1971—98), «Высокае неба», «Радзіма касманаўтаў» (абодва 1971—80), «Камандоры» (1973), «Час доўгіх нажоў» (1982), «Чарнобыль. Дрэвы без лісця» (1987) і інш. Аформіў творы Я.Купалы, Я.Коласа, А.Куляшова, У.Караткевіча, В.Быкава, А.Адамовіча, класікаў сусв. л-ры. Працуе таксама ў жывапісе: «Сыны-партызаны» (1969), «Браслаўскія калгасніцы» (1970), «Блакада» (1976), «Чарот» (1977), «Партрэт Ганны» (1999) і інш. Залаты медаль імя М.Грэкава (1990). Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1970. Міжнар. прэмія імя Дж.Нэру 1974. Іл.гл. таксама ў арт.Графіка, Дыпціх.
Літ.:
Ганчароў М.І. Г.Г.Паплаўскі. Мн., 1974;
Сурский О.А. Георгий Поплавский. М., 1984;
Акимова Л.И., Островский Г.С. Георгий Поплавский. М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́КВІЕМ (ад першага слова лац. тэксту «Requiem aetemam dona eis, Domine» — «Спакой вечны даруй ім, божа»),
1) у музыцы — жалобная памінальная меса, прысвечаная памяці памерлых. Ад урачыстай каталіцкай месы адрозніваецца тым, што замест частак «Глорыя» і «Крэда» ўводзяцца «Рэквіем», «Дыез ірэ», «Туба мірум», «Лакрымоза» і інш.
Першапач. інтанацыйнай асновай Р. служылі мелодыі грыгарыянскага харала. У 17—18 ст. Р. ператварыўся ў буйную цыклічную кампазіцыю для салістаў, хору і аркестра, дзе поліфанічны склад спалучаўся з гамафонна-гарманічным. Лепшыя ўзоры Р. набылі пазакультавы, канцэртны характар. Сусв. вядомасць набыў Рэквіем В.А.Моцарта (1791; скончаны Ф.К.Зюсмайрам). Сярод аўтараў найб. выдатных Р. 19 ст. Г.Берліёз, Дж.Вердзі, І.Брамс; у 20 ст. — П.Хіндэміт, Ф.Дэліус, Б.Брытэн. Р. стаў, з аднаго боку, галіной неакласіцызму (І.Стравінскі, А.Шнітке), а з другога — аб’ектам эксперыментаў у навейшых муз. плынях (Дз.Лігеці).
У бел. музыцы рысы Р. маюць паэма-Р. «Хатынскія званы» Ю.Семянякі, Р.-балада А.Мдывані, Р. «Помніце» Л.Шлег і інш. 2) У літаратуры — жанрава-стылявы тып твора спецыфічнага ідэйна-маральнага зместу — жалобна-элегічнага ці гераічнага, у якім паэтычна апяваюцца (нярэдка ў традыцыях нар. галашэнняў) ахвяры, страты і адначасова раскрываюцца магутнасць і хараство жыццёвых сіл, здольных процістаяць злу. У Р. спалучаюцца лірычна-прачулы журботны (ці трагічна-балючы) і ўзвышана-суровы, стрымана-ўрачысты, часам прамоўніцка-публіцыстычны пачаткі. У бел. л-ры рысы Р. ўпершыню праявіліся ў творах пач. 20 ст. («Зваяваным», «Курган» Я.Купалы, «Страцім-лебедзь», «Максім і Магдалена» М.Багдановіча). У сучаснай паэзіі Р. найчасцей увасабляецца ў жанрах паэмы, балады. Трагічнае пачуццё страт і гарачы антыфаш. пафас, высокае філас.-гуманіст. асэнсаванне праблем сучаснасці характэрны для паэм «Блакада» Р.Барадуліна, «Голас сэрца» П.Броўкі, «Паэма расстання» Г.Бураўкіна, «Заазёр’е» А.Вярцінскага, «Трыпутнік» К.Кірэенкі, «Варшаўскі шлях» А.Куляшова, «Паэма жніва» Н.Мацяш. Асаблівасці Р. ўласцівы малым паэт. формам, дзе зліваюцца трагічнае і гераічнае («Хатынскі снег» Бураўкіна, «Рэквіем» Вярцінскага, «Над брацкай магілай» Куляшова, «Рэквіем» М.Танка і інш.). Радзей Р. выяўляе сябе ў прозе: у ёй слаба выражаны інтанацыйны лад, эмацыянальнае гучанне. Рысы Р. ўласцівы творам А.Адамовіча «Хатынская аповесць», В.Быкава «Абеліск», «Мёртвым не баліць», «Знак бяды», «Аблава», В.Казько «Суд у Слабадзе», І.Пташнікава «Тартак», дакумент.кн. Адамовіча, Я.Брыля, У.Калесніка «Я з вогненнай вёскі», С.Алексіевіч «Чарнобыльская малітва».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВІ́ЦКІ (Міхаіл Андрэевіч) (н. 18.2.1922, в. Звянячы Талачынскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. мастак. Нар.маст. Беларусі (1972). Нар.маст.СССР (1983). Правадз.чл.АМ Расіі (1982). Акад.Нац.АН Беларусі (1995). Скончыў Маст.ін-т імя Сурыкава ў Маскве (1957). У Вял.Айч. вайну ўдзельнік абароны Севастопаля, быў вязнем канцлагераў Бухенвальд, Дахау, Дора, Мітэльбау. З 1980 кіраўнік Творчых майстэрняў жывапісу АМСССР у Мінску (з 1991 Творчыя акад. майстэрні Мін-ва культуры Беларусі). Працуе ў галіне станковага і манум. жывапісу. Творчасць вызначаецца глыбокім пранікненнем у сутнасць з’яў мінулага і сучаснасці, іх філас. асэнсаваннем, сцвярджэннем вечных духоўных каштоўнасцей чалавецтва. У аснове твораў ваен. тэматыкі асабістыя ўражанні ад гераічнай барацьбы народа супраць ням. акупантаў, злачынстваў фашыстаў супраць чалавецтва. Аўтар прасякнутых антыфаш. пафасам і публіцыстычнасцю жывапісных твораў, прысвечаных партыз. барацьбе; «Партызаны» (1963), «Партызанская мадонна», «Віцебскія вароты» (абодва 1967), «Забойства сям’і партызана» (1972), «Плач па загінуўшых героях» (1974). Упершыню ў сав. мастацтве праз колеравае і кампазіцыйнае вырашэнне, лаканізм маст. мовы, вобразнасць увасобіў трагізм, які зазнала чалавецтва ў гады фаш. акупацыі: карціна «Партызаны. Блакада» (1966—67), серыі «Лічбы на сэрцы» (1974—87) і інш. Глыбокім эпічным гучаннем вызначаецца твор «Поле» (1974). Значнае месца ў творчасці С. займаюць партрэты, адметныя глыбокім пранікненнем у сутнасны стан чалавека, раскрыццём псіхалагізму праз выкарыстанне мінімальных сродкаў выяўлення: «Жаночы партрэт» (1966), «Сейбіты» (1972), «Віленскія сустрэчы» (1976), «Янка Купала» (1979), «Сям’я» (1980), «Пушкін і Ганчарова» (1986), «Дастаеўскі» (1988), «Філосафы» (1994), «Аўтапартрэт» (1995), «А.Пушкін і А.Міцкевіч» (2000), партрэты прэзідэнтаў АН Беларусі (М.Барысевіча, А.Вайтовіча, К.Горава, П.Горына, М.Грашчанкава, А.Жэбрака, У.Ігнатоўскага, В.Купрэвіча, У.Платонава, І.Сурты, Л.Сушчэні, 1998—2001). У серыі «Чорная быль» (1986—93, залаты медаль АМСССР 1992) з высокай маст. пераканаўчасцю адлюстравана шматграннасць Чарнобыльскай катастрофы. У 10 карцінах мастак перадаў усе бакі трагедыі («Плач аб зямлі», «Пакінутыя», «Доля», «Чарнобыльская мадонна», «Відушчы», «Эвакуацыя», «Настальгія», «Крыж надзеі», «Забароненая зона», «Вечар»). Гал. месца ў творчасці 1990—2001 займае хрысціянская тэматыка. У работах на гэту тэму мастак увасобіў пошукі і сродкі, здольныя перадаць сучаснае бачанне «вечна сучасных» падзей, па-філасофску пераасэнсаваную штодзённасць, глабальнае ўсведамленне праблем. сусв. і адначасова прыватных: «Зняцце з крыжа», «Уцёкі ў Егіпет», «Сялянская п’ета», «Спакушэнне Іуды», «Нясенне крыжа», «Іоў». Серыя «Запаветы блажэнства» (1991—2001) блізкая па духу да біблейскіх карцін, выяўляе складаныя псіхал. калізіі сучаснага быцця, праз кампазіцыйнае вырашэнне і напружаны каларыт раскрываецца гал. ідэя гэтай серыі — адлюстраванне спакутаваных людзей, якія заслугоўваюць раю. Вобразнасцю, філас. фундаментальнасцю, глыбокім сац. зместам вылучаюцца творы «Без весткі прапаўшыя» (1991), «Вяртанне» (1998), «Сейбіт» (1999), «Прыбранае поле», «XX стагоддзе — забойства праўды» (абедзве 2001) і інш. Маштабнасць і сімвалічнасць маст. мовы характэрны для твораў у манум. мастацтве: размалёўкі «Вялікая Айчынная вайна. 1944» у Бел.дзярж. музеі гісторыі Вял.Айч. вайны ў Мінску (1971; Дзярж. прэмія СССР 1973) і «Эстафета пакаленняў» у санаторыі «Беларусь» у Місхоры (Украіна, 1973), габелены для залы пасяджэнняў ЦККПБ (цяпер рэзідэнцыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, 1978—79, дзве апошнія з А.Кішчанкам). Дзярж. прэмія Беларусі 1970, 1980, 1998.
Літ.:
Назімава І.В. М.А.Савіцкі. Мн., 1973;
Пугачева Э.Н. Михаил Савицкий. Мн., 1982;
М.Савицкий: Белоруссия — земля партизанская: [Альбом]. М., 1977;
М.Савицкий: Живопись: [Альбом]. Мн., 1996.
А.М.Савіцкі.
М.А.Савіцкі.М.Савіцкі. Поле. 1974.М.Савіцкі. Зняцце з крыжа. 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАМЫСЛО́ВЫ ПЕРАВАРО́Т,
пераход ад мануфактуры да машыннай вытворчасці ў 2-й пал. 18 ст. — 19 ст. Вынаходства і ўкараненне ў вытв-сць машын, арганізацыя ф-к прывялі да ўзнікнення буйной машыннай індустрыі, усталявання і развіцця капіталіст. спосабу вытв-сці. Гэта спрыяла ўзнікненню новых галін прам-сці, буйных гарадоў і прамысл. цэнтраў, пашырэнню ўнутр. і знешняга рынку, завяршэнню працэсу фарміравання асн. класаў грамадства — буржуазіі і рабочага класа.
П п. пачаўся ў 1760-я г. ў Вялікабрытаніі, дзе ў выніку гар. пераўтварэнняў з’явілася вял. колькасць свабоднай рабочай сілы, склаўся рынак збыту тавараў, а ў купцоў і прадпрымальнікаў назапашаны свабодныя грашовыя сродкі для буд-ва ф-к. Стымулявала П.п. і замежная канкурэнцыя. У 1769 Дж.Уат вынайшаў паравую машыну, а ў 1784 — паравую машыну «двайнога дзеяння». У 1779 вынайдзена мюльмашына, якая дазволіла выпрацоўваць баваўняную пражу фабр. спосабам. У 1785 Э.Картрайт вынайшаў мех. ткацкі станок. У хуткім часе ўзнікла першая прадзільная ф-ка, якая працавала на вадзяным рухавіку (у 1790 было 150 прадзільных ф-к). Рост фабр. вытв-сці патрабаваў удасканалення трансп. сістэмы. У канцы 18 ст. пракапаны першы канал даўж. больш за 17 км. У 1-й чвэрці 19 ст. пачалі дзейнічаць параходныя зносіны і паравая чыгунка. У 2-й пал. 19 ст. вынайдзены такарны станок з супартам, стругальны станок. Бурнае развіццё машынабудавання ў 1830—40-я г. стала сведчаннем ператварэння Вялікабрытаніі ў індустрыяльную «майстэрню свету», яна стала сусв. манапалістам у прамысл. вытв-сці і гандлі. У ЗША у 1860—70-я г. паравыя машыны выкарыстоўваліся на многіх ф-ках і з-дах. Развіццё фермерскай сельскай гаспадаркі стымулявала тэмпы і маштабы буд-ва чыгунак. У 1869 транскантынент. чыгунка перасекла кантынент з З на У. Чыг.буд-ва стымулявала рост металург. вытв-сці, вугальнай, нафтавай і інш. галін. У Францыі П.п. пачаўся ў канцы 18 ст., але развіваўся больш павольна. Асн. яго тормазам быў манархічны лад, захаванне дробнай вытв-сці, а ўведзеная Напалеонам I кантынент.блакада Вялікабрытаніі перапыніла пастаўкі машын для франц. вытворцаў. У Германіі П.п. адбыўся ў 3 этапы: пачатковы этап (да 1850) закрануў у асн.тэкст.прам-сць; у наст. 2 дзесяцігоддзі бурна развівалася цяжкая прам-сць; завяршэнне П.п. адбылося пасля стварэння Германскай імперыі ў 1871, калі ў ням. прам-сці склаліся манаполіі. У Расіі П.п. пачаўся ў 1-й пал. 19 ст. У баваўнянай прам-сці больш хутка ажыццяўляўся пасля адмены прыгоннага права (1861), калі ахапіў большасць галін нар. гаспадаркі. У 1879 у тэкст. прам-сці з дапамогай машын выраблялася ад 54,8% да 96,3% прадукцыі. На металаапр. прадпрыемствах машынамі выпрацоўвалася 86,3% прадукцыі.
На Беларусі П.п. пачаўся ў 1-й пал. 19 ст., у металаапр. і вінакурнай галінах, а не ў тэкстыльнай. Пра гэта сведчыць выкарыстанне паравых машын у металаапрацоўцы і змена яе тэхналогіі. П.п. адбываўся і ў інш. галінах (харчовай, дрэваапрацоўчай, хімічнай) і завяршыўся ў канцы 1890-х г. У 2-й пал. 19 ст. аб’ём фабр. прадукцыі вырас у 37 разоў. Да 1890 ф-кі і з-ды давалі 47,8% усёй прамысл. прадукцыі. У канцы 19 ст. пачалі з’яўляцца акц. т-вы: «Гродзенскае т-ва водазабеспячэння і эксплуатацыі водаправодаў», «Т-ва віцебскіх водаправодаў», белы. акц.т-ва «Віцебскі трамвай» і інш. Дзейнічалі філіялы найбуйнейшых рас. банкаў, ням. капітал актыўна ўкладваўся ў лясную і льняную галіны вытв-сці. За апошнія 10 гадоў 19 ст. тэмпы развіцця прам-сці былі значна вышэйшыя, чым за папярэднія 30 гадоў, у выніку ўдзельная вага бел. прам-сці дасягнула 5% прамысл. прадукцыі Расіі, колькасць рабочых складала 10%. Гл. таксама Індустрыялізацыя, Прамысловасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКЦЁРСКАЕ МАСТА́ЦТВА,
від выканальніцкай творчасці, майстэрства ствараць мастацкія вобразы.
У тэатры акцёр увасабляе характары, выкарыстоўваючы свае інтэлект, тэмперамент, эмоцыі, міміку, голас, рухі, жэсты, пластыку цела і г.д.Сцэн. вобраз ён стварае на аснове літ. вобраза драматургіі, разам з тым прапануе ўласнае бачанне і трактоўку вобраза, узбагачае і пашырае яго. Акцёрскае мастацтва падзяляецца на драм., опернае, балетнае, эстраднае, цыркавое і г.д.; дыферэнцыруецца паводле жанраў (камедыя, вадэвіль, фарс, трагедыя і інш.).
Элементы акцёрскага мастацтва ў часы першабытнага грамадства меліся ў масавых дзействах, абрадах, рытуалах. Як від мастацтва сфарміравалася ў Стараж. Грэцыі. Тады ж зарадзілася традыцыя выканальніцкай стылістыкі асн. жанраў драматургіі: трагедыі (велічнасць, узнёслая пафаснасць, вытанчаная пластыка) і камедыі (падкрэсленая перабольшанасць ці знарочыстае паніжэнне таго, што паказваецца). Акцёры выступалі ў масках. У Стараж. Рыме традыцыі акцёрскага мастацтва ўзбагаціліся жанрам пантамімы, у сярэднія вякі — мастацтвам гістрыёнаў і скамарохаў. У сярэднявеччы сфарміраваліся літургічная драма, містэрыя, міракль, маралітэ, узнік фарс. Вышэйшае дасягненне нар.т-ра масак — італьян.камедыя дэль артэ. У эпоху Адраджэння акцёрскае мастацтва было скіравана на раскрыццё вял. ідэй, увасабленне індывід. і псіхалагічна складаных характараў. У перыяд класіцызму ў ім узмацніўся рацыяналістычны пачатак, вял. ўвага аддавалася дэкламацыйнасці. Рамантызм прывёў на сцэну ўзрыўны тэмперамент, бурныя страсці герояў, надзвычайную эмацыянальнасць і імпульсіўнасць. Рэаліст. акцёрскае мастацтва вызначаецца дакладным і псіхалагічна тонкім раскрыццём характару. Яго тэарэт. асновы і метадалогію працы з акцёрам заклаў і распрацаваў К.С.Станіслаўскі (гл.Станіслаўскага сістэма). На пач. 20 ст. ўзніклі і з сярэдзіны 20 ст. атрымалі пашырэнне мадэрнісцкія плыні ў акцёрскім мастацтве (умоўнасць, замест жыццёвых рэалій знакавасць і вобразная метафарычнасць). Побач з гэтым з’явіліся патрабаванні большай вастрыні і абагульненасці акцёрскага мастацтва, узмацнення яго агітацыйных функцый (творчасць У.Меерхольда, Б.Брэхта). Своеасаблівыя сістэмы акцёрскага мастацтва склаліся ў т-ры Усходу (Індыя, Кітай, Японія).
Карані акцёрскага мастацтва Беларусі ў глыбокай старажытнасці. Яго элементы меліся ў рытуальных святах, звязаных з гадавым цыклам кругавароту сонца і земляробчым календаром, з жыццём чалавека — ад з’яўлення яго на свет да памінання памерлага, у нар. ігрышчах, абрадах, карагодах. Першыя прафес. акцёры — скамарохі. Вял. пашырэнне на Беларусі атрымалі школьны тэатр, батлейка, народная драма. Характэрная выканальніцкая манера ва ўсіх відах фалькл.т-ра — завостраная сац. акрэсленасць сцэн. вобразаў, акцэнтаванне ўвагі на камед. і сатыр. рысах персанажаў, карнавальны характар ігры, узбуйненне акцёрскіх фарбаў. У 18—19 ст. прыкметны след у акцёрскім мастацтве балета, оперы, драмы пакінулі выканаўцы гар. і маёнткавых т-раў, выхадцы з нар. нізоў, пераважна з сялян.
Развіццё бел.прафес. акцёрскага мастацтва новага часу звязана з дзейнасцю Дуніна-Марцінкевіча тэатра, Першай беларускай трупы Ігната Буйніцкага, Першага таварыства беларускай драмы і камедыі. У 1920-я г. расло прафес. майстэрства, пашыраліся стылявыя пошукі. акцёрскага мастацтва БДТ-3 характарызавалася каларытнай самабытнасцю, нар. сакавітасцю, яркасцю; у БДТ-1 ад фальклорна-этнагр. кірунку з акрэсленымі сац. матывамі акцёрскага мастацтва ўзнялося да высокага рамант. гучання і псіхалагічна тонкага малюнка вобразаў; БДТ-2 быў адметны эксперыментатарствам, тэатр. кідкасцю. Глыбока раскрыліся таленты (Ф.Ждановіча, У.Галубка, У.Крыловіча, Г.Грыгоніса, К.Міронавай і інш. У канцы 1920-х — 30-я г. на акцёрскае майстэрства адмоўна паўплывалі ідэалагізацыя, вульгарны сацыялагізм, схематызм. Нягледзячы на гэта, акцёрскае майстэрства развівалася, паглыбілася псіхал. распрацоўка характараў. Яркія сцэн. вобразы ўвасобілі У.Уладамірскі, Г.Глебаў, А.Ільінскі, Л.Ржэцкая. Акцёры Б.Платонаў, І.Ждановіч, пераадолеўшы вонкавую манументальнасць і рыторыку, паказвалі цікавыя ўзоры сцэн. творчасці. Акцёрскае мастацтва ўзбагацілі У.Дзядзюшка, Ц.Сяргейчык, В.Галіна, В.Пола, І.Шаціла, М.Бялінская, М.Звездачотаў, Р.Кашэльнікава, Я.Глебаўская, А.Радзялоўская, С.Бірыла, А.Шэлег.
З сярэдзіны 1960-х г. разам з акцёрамі старэйшага і сярэдняга пакаленняў (С.Станюта, Л.Рахленка, З.Стома, Г.Макарава, Ф.Шмакаў, І.Матусевіч, З.Канапелька, З.Браварская) набірала творчую сілу новае пакаленне (В.Тарасаў, Г.Гарбук, Л.Давідовіч, М.Захарэвіч, П.Дубашынскі, А.Мілаванаў, Г.Талкачова, У.Куляшоў, Г.Дубаў, Т.Кокштыс, Я.Шыпіла і інш.). Значны ўклад у акцёрскае мастацтва зрабілі майстры рус. т-раў Беларусі (У.Кумельскі, А.Кістаў, Дз.Арлоў, А.Клімава, Р.Янкоўскі і інш.).
У 1920—40-я г. падрыхтоўка бел. акцёраў вялася ў тэатр. студыях, у 1940—60-я г. ў студыях пры т-рах імя Я.Купалы і Я.Коласа, з 1945 у Бел.тэатр. ін-це (цяпер Бел. акадэмія мастацтваў). Акцёрамі працуюць і выпускнікі Бел. ун-та культуры.
У кіно акцёрскае мастацтва абапіраецца на традыцыі т-ра і дакумент. кінематографа. На пач. 20 ст. першых прафес. кінаакцёраў (М.Пікфард, Л. і Д.Гіш і інш.) выхаваў амер. рэжысёр Д.Грыфіт, які распрацаваў асн. прынцыпы акцёрскага мастацтва ў кінематографе. У 1920-я г. Л.Куляшоў заснаваў школу «кінанатуршчыкаў», што імкнуліся спалучаць экспрэсіўнасць мімікі і пантамімы з натуральнасцю аблічча. С.Эйзенштэйн выкарыстоўваў «тыпаж» (непрафес. выканаўца з выразнай знешняй сац. характарнасцю). Жанравае кіно як мастацка-рэкламны сродак выкарыстоўвала «зорку» — акцёра са сталым абліччам і характарам (камед. маскі, вамп, гангстэр, «папялушка» і інш). Выдатныя акцёры-«зоркі» стварылі глыбокія тыповыя вобразы (Ч.Чаплін, Д.Фербенкс, Пікфард, Л.Гіш, І.Мазжухін, А.Нільсен). У 1930—40-я г. са з’яўленнем гуку акцёры атрымалі магчымасць надаваць персанажам большую псіхал. і маст. аб’ёмнасць (Ж.Габэн, М.Сімон, М.Дзітрых, В.Лі, Л.Аліўе, Ч.Лоўтан, Г.Гарба, Х.Богарт, Г.Фонда, Б.Бабачкін, В.Марэцкая, Л.Арлова). У 1940—50-я г. дасягненні Куляшова і Эйзенштэйна развілі майстры італьян. неарэалізму, у 1950—60-я г. актуальнымі застаюцца імкненні да натуральнасці і псіхал. дакладнасці характараў у фільмах майстроў неарэалізму, французскай «новай хвалі», польск., венг., рас., груз. кіно, творчасці Ж.Філіпа, Ж.Маро, Дж.Мазіны, М.Мастраяні, С.Ларэн, І.Тулін, М. фон Сюдаў, Б.Ланкастэра, С.Трэсі, М.Бранда, З.Цыбульскага, Л.Вініцкай, С.Бандарчука, І.Смактуноўскага, Д.Баніёніса, М.Ульянава.
У 1970—80-я г. ў акцёрскім мастацтве фарміраваліся разнастайныя індывід. стылі (Ж.Дэпардзьё, Дж.Нікалсан, Д.Хофман, Дж.Фонда, Л.Ульман, Х.Шыгула).
У бел. кіно ў 1920—30-я г. вызначыліся пераважна рас. акцёры. Але прыкметныя ролі стварылі і бел. акцёры У.Крыловіч, В.Пола, Б.Платонаў, Л.Мазалеўская. У 1940—50-я г. ў фільмах-спектаклях раскрылася бліскучае майстэрства Г.Глебава, Платонава, Дзядзюшкі, Рахленкі, Полы, Ржэцкай. У 1960—90-я г. высокага прафес. ўзроўню дасягнула акцёрскае мастацтва Станюты, Стомы, Кармуніна, Г.Макаравай, Куляшова, Мілаванава, А.Дзянісава, В.Белахвосціка, Т.Мархель, У.Гасцюхіна, Г.Гарбука, М.Яроменкі, С.Сухавей.
Літ.:
Станиславский К.С. Работа актёра над собой: Дневник ученика. Ч. 1—2. М., 1951;
Советское актёрское искусство, 50—70 годы. М., 1982;
Майстры беларускай сцэны. Мн., 1986;
Атрошчанка А. Фларыян Ждановіч: Біягр. нарыс. Мн., 1972;
Яго ж. Уладзіслаў Галубок. Мн., 1969;
Есакоў А. Уладзімір Крыловіч: Жыццёвы і творчы шлях. Мн., 1956;
Няфёд У. Народны артыст СССР П.С.Малчанаў. Мн., 1958;
Яго ж. Народны артыст БССР У.І.Уладамірскі. Мн., 1954;
Сабалеўскі А. Барыс Платонаў: Жыццё і творчасць вялікага беларускага артыста. 2 выд.Мн., 1989;
Яго ж. Глеб Глебаў: Жыццё і творчасць вялікага беларускага камед. акцёра. Мн., 1994;
Скібнеўскі А. Народны артыст СССР А.К.Ільінскі. Мн., 1954;
Сяргейчык Ц. Нататкі акцёра: Шлях жыцця і творчасці. Мн., 1973;
Кузняцова К. Ірына Ждановіч. Мн, 1970;
Яе ж. Генрых Грыгоніс: Крытыка-біягр. нарыс. Мн., 1984;
Гаробчанка Т. Вольга Галіна: Крытыка-біягр. нарыс. Мн., 1980;
Бурьян Б. Судьба чужая — как своя: Этюды о сценич. созданиях Александры Климовой. Мн., 1982;
Малчанаў П. Тэатр — жыццё маё: Успаміны. Мн., 1984;
Арлова Т. Купалаўцы: Эцюды пра акцёраў. Мн., 1985;
Обухович А. Полвека на сцене. Мн., 1987.
А.В.Сабалеўскі (тэатр), Г.В.Ратнікаў (кіно).
Да арт.Акцёрскае мастацтва. А.Ільінскі ў ролі Несцеркі («Несцерка» В.Вольскага).Да арт.Акцёрскае мастацтва. М.Ульянаў у ролі маршала Г.К.Жукава (мастацкі фільм «Блакада»).Да арт.Акцёрскае мастацтва. С.Станюта ў ролі Марылі («Раскіданае гняздо» Я.Купалы).Да арт.Акцёрскае мастацтва. Ч.Чаплін у фільме «Агні вялікага горада».
Да арт.Акцёрскае мастацтва. Г.Глебаў у ролі Пустарэвіча (злева), Б.Платонаў — Адольфа Быкоўскага («Паўлінка» Я.Купалы).