ЧАКО́ЎСКІ Аляксандр Барысавіч (26.8.1913, С.-Пецярбург — 17.2.1994),
рускі пісьменнік. Герой Сац. Працы (1973).
Скончыў Літ.ін-т імя М.Горкага ў Маскве (1939). З 1955 гал. рэдактар час. «Иностранная литература», у 1962—88 — «Литературной газеты». Друкаваўся з 1937. Апублікаваў ліг. партрэты А.Барбюса (1937), Г.Гейнэ (1939), М.Андэрсена-Нексё (1940). Трылогія «Гэта было ў Ленінградзе» (кн. «Ваенны карэспандэнт», 1944; «Ліда», 1945; «Мірныя дні», 1947) пра подзвіг ленінградцаў у Вял.Айч. вайну. Раман «У нас ужо раніца» (1949, Дзярж. прэмія СССР 1950) пра першыя пасляваен. гады на Паўд. Сахаліне. Аповесці «Год жыцця» (1956, яе працяг раман «Дарогі, якія мы выбіраем», 1960), «Святло далёкай зоркі» (1962) на маральна-этычную праблематыку. Аўтар раманаў «Блакада» (кн. 1—4, 1968—73; Ленінская прэмія 1978), «Перамога» (кн. 1—3, 1978—81, Дзярж. прэмія СССР 1983), антыфаш. рамана «Нюрнбергскія прывіды» (кн. 1—2, 1987—89), аповесці «Нявеста» (1966), зб. «Літаратура, палітыка, жыццё» (1982) і інш. Многія яго творы экранізаваны, інсцэніраваны.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—6. М., 1974—77.
Літ.:
Козлов И.Т. Александр Чаковский: Страницы жизни, страницы творчества. М., 1983;
Синельников М. Диктует время: Очерк творчества А.Чаковского. М., 1983.