АРАВІ́ЙСКІ ПАЎВО́СТРАЎ, Аравія (ад стараж.-яўр. араба пустыня),

на ПдЗ Азіі, самы вялікі на зямным шары. Пл. каля 2730 тыс. км². Працягласць з ПнЗ на ПдУ 2700 км. Абмываецца на З Чырвоным м., на Пд Адэнскім залівам і Аравійскім м., на У Аманскім і Персідскім залівамі. Мяжу на Пн звычайна праводзяць па 30° паўн. шыраты. Паверхня Аравійскага паўвострава — плато з узвышанымі зах. і паўд. ўскраінамі (пераважныя выш. 1000—2000 м), размешчанае на Аравійскім шчыце. Найб. высокія горныя вобласці на ПдЗ — горы Хіджаз і Йеменскія (выш. 3600 м, г. Эн-Набі-Шаіб) і на ПдУ Асманскія горы (выш. 3353 м, г. Шаме). Уздоўж зах. берага нізіна Тыхама, уздоўж усх. — Эль-Хаса. На Пн пясчаныя пустыні Вял. Нефуд, М. Нефуд, на Пд пустыня Руб-Эль-Халі. Фундамент Аравійскага паўвострава складзены са стараж. крышт. парод (архейскія сланцы і граніты) і ўкрыты на Пн і У мезазойскімі, палеагенавымі і неагенавымі вапнякамі і пясчанікамі. Карысныя выкапні: буйныя радовішчы нафты (гл. Персідскага заліва нафтагазаносны басейн), золата, жал. і поліметалічныя руды, кухонная соль, буд. матэрыялы. Клімат на Пн субтрапічны, на Пд трапічны, сухі. Сярэднія т-ры студз. ад 7 °C на Пн да 24 °C на Пд, ліп. адпаведна 25 і 30 °C (самы цёплы — чэрв., максімум да 55 °C). Ападкаў на раўнінах каля 100 мм, у гарах Йемена 500 мм за год (індыйскі мусон). Малы сцёк, рэдкая сетка рэк і азёраў, сухія рэчышчы — вадзі. Вял. роля належыць падземным водам і карставым крыніцам. Пастаянныя вадасцёкі на Пд і ПдЗ — рэкі Масіла, Тыбан і інш. Большая ч. тэрыторыі — зона пустыняў і паўпустыняў. На прымітыўных шэразёмах жорсткая падушкападобная паўхмызняковая расліннасць (вярблюджая калючка, палын, салянкі, ахіла), шматгадовыя травы (арыстыда, астрагал), пашыраны перакаці-поле, іерыхонская ружа, лішайнік манна; па схілах гор лістападобныя лясы з дробным лісцем (акацыі, мімозы, друр-джуп, трапляюцца кактусападобныя малачаі); на ПдУ — саванны. У рэдкіх аазісах — фінікавая пальма, садавіна, бавоўнік. Жывёльны свет: антылопы, газелі, дзікі кот, шакалы, гіены, ліс фянёк, бабуіны, гамадрылы, сабакападобныя малпы; з птушак — арлы, ястрабы, сокалы, на ўзбярэжжах — фламінга, пеліканы, чаплі; паўзуны — рагатая гадзюка, гюрза, кобра, хамелеоны. На тэр. Аравійскага паўвострава дзяржавы Саудаўская Аравія, Йемен, Аман, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Кувейт, частка Ірака і Іарданіі.

М.В.Лаўрыновіч.

Аравійскі паўвостраў. Падушкавыя формы раслін у камяністай пустыні.

т. 1, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІБРАЛТА́Р (Gibraltar),

уладанне Вялікабрытаніі на Пд Пірэнейскага п-ва, каля Гібралтарскага праліва. Нейтральнай зонай аддзелены ад ісп. г. Ла-Лінеа. Важны стратэг. пункт на Міжземным м. Пл. 6,5 км². Нас. 32 тыс. чал. (1993). Большасць насельніцтва гібралтарцы — нашчадкі іспанцаў, англічан, мальтыйцаў і інш. Афіц. мова — англійская, пашырана таксама іспанская. Паводле веравызнання 77% католікаў, па 7% мусульман і англікан. Каля паловы насельніцтва занята ў гандлі і абслуговых галінах. Гібралтар складаецца са скалы (выш. да 425 м) і пясчанага перашыйка, які злучае іх з паўвостравам. Прырода і клімат міжземнаморскія. Гаспадарка звязана пераважна з абслугоўваннем ваенна-марской і ваенна-паветр. баз Вялікабрытаніі, транзітнага порта (заходзіць каля 3 тыс. суднаў за год). Рээкспартны гандаль, увоз нафтапрадуктаў, харч. тавараў, прэснай вады. Замежны турызм (штогод 4,2—5 млн. чал.). Суднарамонтныя верфі. Швейныя ф-кі, з-ды па вытв-сці піва і мінер. вады, каваапрацоўчыя, тытунёвыя, рыбакансервавыя, алейныя прадпрыемствы. Асн. гандл. партнёры Вялікабрытанія, Іспанія, Данія, Японія. Грашовая адзінка — гібралтарскі фунт стэрлінгаў.

Гісторыя. Пасяленні чалавека на тэр. Гібралтара існавалі са стараж. часоў. Гібралтар быў вядомы стараж. грэкам і рымлянам пад назвай Кальпе, адзін з Геркулесавых слупоў. У пач. 8 ст. араб. палкаводзец Тарык ібн Сеід пабудаваў тут крэпасць Джэбель-ат-Тарык (гара Тарыка). Пазней крэпасць сталі называць Гібралтар, у 1160 побач з ёю ўзнік араба-маўрытанскі горад. У 1309—33 крэпасцю валодалі іспанцы, потым мараканцы, якія пабудавалі яшчэ больш магутныя ўмацаванні (частка іх захавалася да нашага часу). У 1462 Гібралтар зноў захоплены іспанцамі. У час вайны за ісп. спадчыну ў 1704 аб’яднаная англа-галандская эскадра пад камандаваннем англ. адмірала Дж.Рока захапіла Гібралтар. Паводле Утрэхцкага міру 1713 Гібралтар замацаваны за Вялікабрытаніяй і стаў яе ваен.-марской базай. У 18 ст. Іспанія неаднойчы спрабавала рознымі спосабамі вярнуць Гібралтар. Самая працяглая 4-гадовая яго аблога (1779—83) скончылася няўдачай. Паводле Версальскага мірнага дагавора 1783 зноў прызнаны ўладаннем Вялікабрытаніі, у 1830 абвешчаны брыт. калоніяй. Значэнне Гібралтара вырасла пасля адкрыцця ў 1869 Суэцкага канала. У 1907 Вялікабрытанія, Францыя, Іспанія заключылі пагадненне аб захаванні ў Гібралтарскім праліве статус-кво. У 2-ю сусв. вайну ўсё грамадз. насельніцтва Гібралтара эвакуіравана ў Вялікабрытанію (пасля вайны вярнулася). Іспанія зноў заявіла аб сваім праве на Гібралтар, у 1966 яна аб’явіла блакаду Гібралтара, спыніла ўсе яго зносіны з мацерыком.

У маі 1969 прынята новая канстытуцыя Гібралтара, якая ўвяла мясц. самакіраванне, 30.7.1969 адбыліся першыя выбары ў мясц. Асамблею, сфарміраваны ўрад. Заканад. ўлада ў Гібралтары належаць губернатару, якога прызначае брыт. манарх, і палаце сходу. У 1975 (пасля смерці дыктатара Ф.Франка) Іспанія змякчыла свае пазіцыі — адмяніла абмежаванні на ўезд і выезд з Гібралтара, аднавіла тэлеф. сувязь і інш. У 1980 падпісана Лісабонскае пагадненне аб статусе Гібралтара. Аднак паміж Вялікабрытаніяй і Іспаніяй працягваецца саперніцтва за Гібралтар. У 1984 падпісана ісп.-брыт. дэкларацыя аб пачатку перагавораў па ўрэгуляванні праблемы Гібралтара. Адкрыццё ў 1985 сухапутнай граніцы аслабіла напружанне ў адносінах паміж гэтымі краінамі. У 1991 Гібралтар пакінулі апошнія часці брыт. сухапутных войск, засталіся толькі падраздзяленні ВМС і ВПС. На парламенцкіх выбарах у 1992 перамагла кіруючая Сацыяліст. партыя працы.

В.У.Адзярыха (гісторыя).

т. 5, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНЯЯ САХА́РА,

тэрыторыя на ПнЗ Афрыкі. Мяжуе на Пн з Марока і Алжырам, на У і Пд з Маўрытаніяй; на З абмываецца Атлантычным ак. Падзяляецца на 4 правінцыі. Пл. 252,1 тыс. км². Нас. 260 тыс. чал. (1993). Адм.ц. — г. Эль-Аюн. Афіц. мова — арабская.

Прырода. Паверхня пераважна раўнінная, на У ўздымаецца да выш. 300—350 м. На ПнУ перадгор’і Атласкіх гор (500—700 м). Карысныя выкапні: фасфарыты (каля 10 млрд. т, прыкладна чвэрць сусв. запасаў), жал., медныя. ртутныя, уранавыя руды, калійная і кухонная солі. Клімат трапічны, пустынны. Сярэднямесячныя т-ры ад 17—20 °C да 25—30 °C. Ападкаў 50—200 мм, выпадаюць у кастр.-ліст. і сак.-маі. Пастаянных рэк няма. Вял. тэрыторыі займаюць пясчаныя і камяністыя прасторы без расліннасці, месцамі — разрэджаныя ксерафітныя хмызнякі і травы.

Насельніцтва. Жывуць паўкачавыя і качавыя плямёны араба-берберскага паходжання, агульная назва — маўры. Усе вызнаюць іслам суніцкага толку. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва каля 1 чал. на 1 км². У асобныя перыяды многія групы насельніцтва качуюць па тэр. суседніх краін. У сувязі з ваен. дзеяннямі некалькі дзесяткаў тысяч жыхароў З.С. знаходзяцца ў бежанскіх лагерах на тэр.

Алжыра. У г. Эль-Аюн з прыгарадамі 139 тыс. ж. (1990).

Гісторыя. З 11 ст. падпарадкавана Альмаравідам. У 15 ст. каля ўзбярэжжа З.С. з’явіліся партугальцы, якіх на мяжы 15 і 16 ст. выцеснілі іспанцы. У выніку пагадненняў з Францыяй (1900, 1903, 1912) пра падзел Сахары — ісп. калонія пад назвай Ісп. Зах. Афрыка. Складалася з 2 частак: Рыо-дэ-Ора і Сегіет-эль-Хамра. Пасля атрымання незалежнасці Марока (1956) і Маўрытанія (1960) заявілі прэтэнзіі на тэр. З.С. У 1958 Іспанія надала сваёй калоніі фармальны статус заморскай правінцыі пад назвай Ісп. Сахара. У 1963 адкрыта багатае радовішча фасфарытаў (эксплуатуецца з 1973). У выніку ўзмацнення вызв. руху, які падтрымлівалі краіны Магрыба (у 1973 створаны Фронт Палісарыо), Іспанія аб’явіла ў 1975 пра спыненне сваёй прысутнасці ў З.С. Да 1976 гэта тэрыторыя была падпарадкавана сумеснай іспана-маракана-маўрытанскай адміністрацыі. Калі іспанцы канчаткова пакінулі З.С. (1976), пачаўся яе падзел паміж Марока і Маўрытаніяй. Адначасова Палісарыо абвясціў аб стварэнні Сахарскай Араб. Дэмакр. Рэспублікі (САДР) і сфарміраваў урад у эміграцыі (Алжыр). З’езд Фронту Палісарыо (1976) прыняў канстытуцыю (перапрацавана ў 1982), паводле якой вышэйшы дзярж. орган — Рада кіраўніцтва рэвалюцыі, кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якім з’яўляецца старшыня Рады; заканадаўчая ўлада належыць Сахарскай нац. радзе. Прэзідэнтам і старшынёй Рады абраны М.Абд аль-Азіз. У 1979, пасля афіц. адмовы Маўрытаніі ад прэтэнзій на частку З.С., уся яе тэрыторыя была анексіравана Марока. Міжнар. спробы ўрэгуляваць канфлікт паміж Марока і Палісарыо (незалежнасць З.С. або далучэнне яе да Марока) прывялі да прыняцця ў 1988 абодвума бакамі прапановы ААН вырашыць канфлікт шляхам рэферэндуму. У 1991 заключана пагадненне пра спыненне агню, вядзецца падрыхтоўка да рэферэндуму, тэрмін якога ўвесь час адсоўваецца. САДР — чл. Арг-цыі афр. адзінства (з 1984), яе прызналі каля 70 дзяржаў.

Гаспадарка. Эканоміка адсталая. Валавы нац. прадукт на 1 жыхара складае каля 300 дол. ЗША у год. У пач. 1980-х г. вялася здабыча фасфарытаў і жал. руды, арганізаваная ісп., амер. і герм. капіталам. Але з пач. ваен. дзеянняў яна спынена. Здабыча кухоннай солі. Насельніцтва займаецца паўкачавой і качавой гадоўляй вярблюдаў (каля 60—80 тыс. галоў), коз і авечак (каля 110—120 тыс. галоў). Пад пашай каля 11% тэрыторыі, часткова выкарыстоўваюцца пашавыя ўгоддзі ў суседніх краінах. Для земляробства прыдатныя 400—600 га у аазісах, вырошчваюць фінікавую пальму, ячмень, проса, агародніну. Лоўля рыбы, лангустаў, здабыча водарасцей і губак. Невял. рыбакансервавыя, харч., металаапр., швейныя прадпрыемствы. Саматужная рамесніцкая вытв-сць, пераважна выраб скур і ткацтва. 2 аэрапорты. Даўж. грунтавых аўтадарог 6,2 тыс. км, у т. л. 500 км з палепшаным пакрыццём. Пабудаваны унікальны транспарцёр даўж. больш за 100 км, які падаваў да пач. ваен. дзеянняў фасфарыты з радовішча Бу-Краа да новага порта Эль-Аюн. З.С. экспартуе невял. колькасць рыбных кансерваў, кухоннай солі, скур і воўны, імпартуе ўсе неабходныя харч. і прамысл. тавары. Гандаль пераважна з Марока і Іспаніяй. Выкарыстоўваюцца мараканскія грошы.

І.Я.Афнагель (прырода, гаспадарка), Н.К.Мазоўка (гісторыя).

т. 7, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЕРУСАЛІ́М (стараж.-яўр. Іерушалаім, араб. Аль-Кудс),

горад у Ізраілі, на паўпустынным пласкагор’і на З ад Мёртвага м. Зах. ч. — Новы горад (адм. ц. акругі Іерусалім), належыць Ізраілю, усх. ч. — Стары горад, з 1967 акупіраваны Ізраілем; паводле пастановы (1950) урада Ізраіля сталіца дзяржавы, месца знаходжання ўрада і парламента. 602 тыс. ж. (разам з Усх. Іерусалімам, 1996). Рэлігійны («свяшчэнны») цэнтр іудзеяў, хрысціян і мусульман. Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Прамысл., гандл., фін., навук. і культ. цэнтр краіны. Вядучыя галіны прам-сці: паліграф., лёгкая, харчовая. Развіты гарбарна-абутковая, металаапр., фармацэўтычная, шкляная, радыётэхн. прам-сці, апрацоўка алмазаў. Розныя рамёствы. Ун-т. 2 Акадэміі. Цэнтр міжнар. турызму.

Адзін з самых стараж. ханаанскіх гарадоў (3-е тыс. да н.э.). У пач. 10 ст. заваяваны Давідам, які зрабіў яго рэліг. і паліт. цэнтрам сваёй дзяржавы (адсюль вызначэнне І. як горада Давідава). Росквіт І. адбыўся пры цару Саламоне (пабудаваны храм). Пасля падзелу дзяржавы І. — сталіца Іудзейскага царства. У 586 (587?) зруйнаваны Навухаданосарам II. Адбудаваны яўрэямі пасля вяртання з Вавілонскага палону. З 538 да н.э. сталіца перс. правінцыі. Пасля заваявання Персіі Аляксандрам Македонскім і распаду яго дзяржавы пад уладай Пталамеяў, з 198 да н.э.Селеўкідаў. З 141 да н.э. сталіца дзяржавы Макавеяў. У 70 н.э. зруйнаваны рым імператарам Цітам. У 4 ст. пры імператару Канстанціне свяшчэнны цэнтр хрысціян. З 395 пад уладай Візантыі. Пасля араб. заваявання (638) — свяшчэнны цэнтр мусульман. У 1099 захоплены крыжаносцамі, стаў месцам паломніцтва хрысціян. У 1173 І. наведала Ефрасіння Полацкая. У 1187 горад заваяваны егіп. султанам Салах-ад-дзінам. З 1517 у складзе Асманскай імперыі. У 1917 захоплены брыт. войскамі. У 1920—48 адм. ц. брыт. падмандатнай тэр. Палесціны. Паводле рашэння Ген. Асамблеі ААН ад 29.11.1947 І. павінен быў стаць самаст. адм. адзінкай пад кіраваннем ААН. Пасля араба-ізраільскай вайны 1948—49 быў падзелены на 2 часткі: усх. адышла Іарданіі, зах. — да Ізраіля. У 1950 урад Ізраіля насуперак рашэнню ААН аб вылучэнні І. ў самаст. адм. адзінку аб’явіў яго сталіцай Ізраіля. У выніку ізраільска-арабскай вайны 1967 Ізраіль захапіў увесь І. і ў ліп. 1980 абвясціў яго «вечнай і непадзельнай сталіцай» Ізраіля.

У 960—62 да н.э. на ўзгорку Марыя, дзе, як сведчыць легенда, адбылося ахвярапрынашэнне Аўраама, паводле загаду Саламона фінікійскія майстры з Тыра пабудавалі храм, у якім захоўвалася Арка Прымірэння, асн. сімвал монатэізму і богаабранніцтва ізраільцян (зруйнаваны вавіланянамі ў 586 да н.э., адноўлены ў 520—515 да н.э., канчаткова знішчаны ў 70 н.э. рымлянамі). У канцы 1 ст. да н.э. былі ўзведзены гар. ўмацаванні. У 130 на месцы Старога горада пабудаваны г. Алія Капіталіна. Ад комплексу абарончых збудаванняў захаваўся фрагмент зах. муру (Сцяна Плачу). У 335 паводле загаду Канстанціна I Вялікага на месцы Галгофы ўзведзены храм-ратонда Труны Гасподняй (неаднаразова перабудоўваўся). У 5 ст. збудаваны некалькі крыптаў, базілікі на Маслічнай гары. Пасля далучэння І. да ўладанняў Амеядаў на месцы разбуранага храма Саламона пабудавана антаганальная мячэць Кубат ас-Сахра («Купал скалы», другая назва — мячэць Амара), побач — мячэць аль-Акса (перабудавана ў пач. 8 ст. з хрысц. базілікі; перабудоўвалася ў 780, 1035). У час валодання І. крыжаносцамі ўзводзіліся новыя храмы і манастыры, Айюбідамі і мамлюкамі — мячэці і медрэсэ. Да 14 ст. адносіцца цытадэль — Вежа Давіда (з перабудовамі 16 ст.). У 16 ст. І. умацаваны, паводле загаду султана Сулеймана Велічнага адноўлены муры рым. часу (з 34 вежамі і 8 брамамі), якія ўключалі з усх. боку крэпасць Ірада (1536—41). У 1892 пачалася мадэрнізацыя І. У 20 ст. пашырылася забудова зах. ч. Новага горада. Арх. акцэнты І. — Яўрэйскі універсітэт (1925, арх. Д.Рэзнік, Э.Рау), сінагога мед. цэнтра «Эйн-Керэм» (1952—61, арх. І.Нейфельд, 12 вітражоў М.Шагала), Кнесет (арх. Д.Кармі, І.Кларвайн, інтэр’еры аздоблены габеленамі Шагала), мемарыял Дж.Кенэдзі (абодва 1966) і інш. Нац. музей Ізраіля (1965), Нац. музей «Бецалель» (Стары музей, 1906), музей Рокфелера (1927).

Н.К.Мазоўка (гісторыя), Я.Ф.Шунейка (архітэктура).

Да арт. Іерусалім. М.Шагал. Вітраж у сінагозе іерусалімскага медыцынскага цэнтра «Эйн-Керэм».
Мячэць Амара ў Іерусаліме. 687—691.
Цытадэль — Вежа Давіда ў Іерусаліме.
Мемарыял Дж.Кенэдзі ў Іерусаліме. 1966.

т. 7, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЗРА́ІЛЬ, Дзяржава Ізраіль (Медынат-Ісраэль),

дзяржава ў Зах. Азіі, на ўзбярэжжы Міжземнага м. Мяжуе на Пн з Ліванам, на У з Сірыяй, тэрыторыяй арабскай аўтаноміі на зах. беразе р. Іардан, Іарданіяй, на Пд з Егіптам і сектарам Газа, на З абмываецца Міжземным м. Падзяляецца на 6 акруг (дыстрыктаў). Пл. 20,8 тыс. км². І. акупіруе ч. суседніх араб. тэрыторый пл. 7,1 тыс. км² (Зах. бераг р. Іардан, сектар Газа, Галанскія вышыні). Нас. каля 5950 тыс. чал. (канец 1997). Паводле пастаноў урада 1950 і парламента 1980, сталіца — г. Іерусалім (не прызнана большасцю краін і ААН). Афіц. мовы — іўрыт (старажытнаяўрэйская) і арабская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (5 іяра па яўр. календары, рухомае — у крас. або маі).

Дзяржаўны лад. І. — дэмакр. рэспубліка. Краіна не мае канстытуцыі; асновы дзярж. ладу рэгулююцца некалькімі заканад. актамі, у т. л. законамі аб грамадзянстве, прэзідэнце, парламенце. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца парламентам на 5 гадоў. Паўнамоцтвы прэзідэнта абмежаваны і ў асноўным зводзяцца да прадстаўніцтва. Уся паўната ўлады належыць прэм’ер-міністру, які выбіраецца насельніцтвам на 4 гады. Урад кіруе ўсімі пытаннямі ўнутр. і знешняй палітыкі дзяржавы. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатны парламент (кнесет); складаецца з 120 дэпутатаў, якія выбіраюцца насельніцтвам на 4 гады. Мясц. органы ўлады — муніцыпальныя саветы ў гарадах і сельскія акр. саветы, выбіраюцца на 4 гады. Суд. сістэма складаецца са свецкіх і рэліг. судоў (судоў равінату і судоў шарыяту — для араб. насельніцтва). Сістэму свецкіх судоў (раённых, муніцыпальных і акруговых) узначальвае Вярх. суд. Суды равінату разглядаюць пытанні шлюбу і сям’і, культавыя справы і дзейнічаюць на аснове Талмуда і галахічных пастаноў.

Прырода. Асн. частка тэр. І. — нагор’е выш. 600—700 м. Паўночная, найб. высокая ч. нагор’я наз. плато Галілея (найвыш. пункт — г. Мейрон, 1208 м). На Пд паўпустыннае і пустыннае плато Негеў (60% тэр.). На У грабен Гхор і яго працяг — Вадзі-эль-Араба. Самая нізкая ч. ўпадзіны занята Мёртвым м., узровень якога на 400 м ніжэй узроўню акіяна. Уздоўж Міжземнага м. ўрадлівая ўзгорыстая раўніна, больш шырокая на Пд. Гал. карысныя выкапні — расолы Мёртвага м., багатыя солямі калію, брому, магнію. Ёсць фасфарыты, буд. матэрыялы, невял. запасы медных і жал. руд, нафты і прыроднага газу. Клімат субтрапічны міжземнаморскі з сухім і гарачым летам. Ападкаў ад 800—400 мм на Пн да 100 мм на Пд. Адзіная рака з пастаянным сцёкам — Іардан, працякае праз Тыверыядскае воз., упадае ў Мёртвае м. Астатнія рэкі невялікія, летам перасыхаюць або выкарыстоўваюцца на арашэнне. На Пд пашыраны вадзі. Вада р. Іардан па сістэме каналаў і трубаправодаў перакідваецца на Пд. Глебы карычневыя, шэра-карычневыя, шэразёмы, шэра-бурыя. Уздоўж узбярэжжа захаваліся ўчасткі маквісу, фрыганы; лясы займаюць 5% тэрыторыі. Нац. парк Кармель, некалькі рэзерватаў.

Насельніцтва. Яўрэі складаюць каля 81% насельніцтва, арабы — каля 18%. Жывуць таксама армяне, чэркесы і інш. Каля 60% яўр. насельніцтва нарадзілася ў І. Каля 25% яўр. насельніцтва — выхадцы з Еўропы, каля 15% — з араб. і інш. мусульм. краін. Сярод імігрантаў з Еўропы значную ч. складаюць выхадцы з Беларусі (за 1980—96 выехала больш за 95 тыс. чал.) і інш. частак былога СССР. Сярод вернікаў пераважаюць іудаісты, большасць арабаў — мусульмане-суніты, ёсць друзы і хрысціяне. Сярэдняя шчыльн. 286 чал. на 1 км². У наваколлі Тэль-Авіва шчыльн. больш за 5000 чал., у Негеве зніжаецца да 30 чал. на 1 км². У гарадах жыве 91% насельніцтва (1997). Найб. гарады (тыс. ж., 1996): Іерусалім — 602, Тэль-Авіў — 353 (разам з прыгарадамі і суседнімі гарадамі каля 2 млн. ж), Хайфа — 255. У прам-сці, буд-ве, транспарце і сувязі занята 35% насельніцтва, у сельскай гаспадарцы — 4%, астатнія — у абслуговых галінах.

Гісторыя. Перадумовы для ўтварэння сучаснай дзяржавы І. пачалі складвацца пасля арганізац. афармлення паліт. кірунку ў сіянізме (1897). Сусветная сіянісцкая арганізацыя (ССА) абвясціла сваёй мэтай стварэнне «для яўр. народа праваахоўнага прыстанішча» ў Палесціне (у старажытнасці тут існавалі Ізраільскае царства і Іудзейскае царства) шляхам каланізацыі гэтай тэрыторыі, якая тады ўваходзіла ў склад Асманскай імперыі. У Палесціне жылі пераважна арабамоўныя мусульмане і хрысціяне; напярэдадні 1-й сусв. вайны тут было каля 60 тыс. яўрэяў. Для здзяйснення сваіх намераў сіяністы шукалі саюзнікаў і заступнікаў сярод найб. уплывовых краін свету, найперш Вялікабрытаніі. Каб выкарыстаць сіянісцкі рух для ўзмацнення ўласных пазіцый у Палесціне, урад Вялікабрытаніі ў ліст. 1917 афіцыйна абвясціў пра свае «прыхільныя адносіны» да стварэння тут «нац. ачага для яўр. народа». Пасля перамогі дзяржаў Антанты ў 1-й сусв. вайне і зацвярджэння мандата Вялікабрытаніі на кіраванне Палесцінай (1922) склаліся спрыяльныя ўмовы для каланізацыі (засялення) яе яўрэямі. З 1920 да 1948 мясц. яўр. абшчына (ешуў) павялічылася амаль у 40 разоў. Пасля 2-й сусв. вайны яўр. паліт. арг-цыі, падтрыманыя ЗША, адкрыта паставілі пытанне пра стварэнне ўласнай дзяржавы на тэр. Палесціны, што выклікала процістаянне паміж ешувам і брыт. ўладамі. Узмацніўся і нац.-вызв. рух палесцінскіх арабаў. У гэтых умовах Вялікабрытанія перадала палесцінскае пытанне на абмеркаванне ў ААН. У выніку працяглых дэбатаў Ген. Асамблея галасамі 33 дзяржаў (Вялікабрытанія ўстрымалася ад галасавання) 29.11.1947 прыняла рашэнне аб скасаванні брыт. мандата на Палесціну і падзеле яе на 2 дэмакр. дзяржавы: арабскую (11.1 тыс. км²) і яўрэйскую (14,1 тыс. км², або 56% палесцінскай тэр., са змяшаным насельніцтвам — 499 тыс. яўрэяў і больш за 509 тыс. арабаў); г. Іерусалім вылучаўся ў спец. зону пад міжнар. кантролем. На падставе рэзалюцыі ААН лідэры ССА і яўр. абшчыны ў Палесціне 14.5.1948 абвясцілі ўтварэнне дзяржавы І. Араб. краіны, незадаволеныя рашэннем ААН, на наступны дзень пачалі араба-ізраільскую вайну 1948—49, у выніку якой яны пацярпелі паражэнне, а ізраільцяне заваявалі 6,7 тыс. км² (б.ч. зямель не створанай палесцінскай араб. дзяржавы). Узнікла праблема палесцінскіх бежанцаў-арабаў, што ўскладніла араба-ізраільскія адносіны (гл. Блізкаўсходні канфлікт). У 1949 у выніку пагадненняў аб перамір’і паміж І. і суседнімі араб. дзяржавамі (Егіпет, Іарданія, Ліван, Сірыя) вызначана дэмаркацыйная лінія (працягласць 1239 км, заставалася нязменнай да ізраільска-араб вайны 1967). У 1949 у І. адбыліся выбары ў парламент. Першым прэзідэнтам краіны стаў адзін з лідэраў сіянісцкага руху Х.Вейцман, першым прэм’ер-міністрам — Д.Бен-Гурыён. Яго ўрады (1948—53, 1955—63) аддавалі вял. ўвагу забеспячэнню нац. бяспекі і стварэнню ўзбр. сіл: распушчаны або ўключаны ў склад рэгулярнай арміі вайск. фарміраванні розных паліт. партый і арг-цый, якія існавалі з часоў знаходжання Палесціны пад брыт. мандатам; праходжанню вайск. службы падлягалі мужчыны і жанчыны; да 1960-х г. з дапамогай Францыі створаны сучасныя ВПС.

У 1956 І. разам з Вялікабрытаніяй і Францыяй удзельнічаў ва ўзбр. інтэрвенцыі супраць Егіпта: урад Бен-Гурыёна разлічваў пашырыць паўд. межы І. (кампанія на Сінайскім п-ве). Пасля прыняцця ААН рэзалюцыі, якая асуджала траістую агрэсію, і дыпламат. націску з боку ЗША і СССР войскі І. выведзены з тэр. Егіпта. Улады І. заахвочвалі іміграцыю яўрэяў з усяго свету. Напачатку насельніцтва краіны папаўнялася пераважна за кошт б. вязняў нацысцкіх канцлагераў. У 1950-я г. ўзмацнілася эміграцыя яўрэяў з мусульм. краін Б. і Сярэдняга Усходу, Паўн. Афрыкі; у 1960-я г. іх стала больш, чым яўрэяў еўрап. паходжання. Вырашэнню многіх эканам. праблем краіны спрыяла фін. дапамога з боку ЗША. Аднак араба-ізраільскія адносіны заставаліся напружанымі. 5.6.1967 ізраільскія войскі адначасова нанеслі прэвентыўныя ўдары па тэр. Егіпта, Іарданіі і Сірыі. У ходзе т.зв. шасцідзённай вайны яны занялі егіпецкія (Сінайскі п-аў і сектар Газа), іарданскія (Усх. Іерусалім і Заходні бераг ракі Іардан), сірыйскія (Галанскія вышыні) землі; (усяго каля 70 тыс. км²). З гэтага часу пытанне пра будучыню акупіраваных араб. зямель стала адной з гал. праблем унутрыпаліт. жыцця І. 22.11.1967 Савет Бяспекі ААН прыняў рэзалюцыю, якая прадугледжвала спыненне вайны на Б. Усходзе, забеспячэнне тэр. недатыкальнасці і гарантыі граніц усіх дзяржаў рэгіёна, вывад ізраільскіх войск з акупіраваных тэрыторый. Аднак І. не прыняў гэта рашэнне: амаль усе вядучыя партыі краіны адмовілі ідэю вяртання да даваен. тэрыторый і прызнанне права араб. народа Палесціны на нац. самавызначэнне. Разыходжанні ў пазіцыях партый датычыліся толькі варыянтаў «тэр. уступак» і магчымасці кампрамісу для дасягнення міру на Б. Усходзе. У кастр. 1973 адбылася новая араба-ізраільская вайна (т.зв. Вайна Суднага Дня) — Егіпет і Сірыя спрабавалі ўзбр. шляхам вярнуць страчаныя тэрыторыі. На 1-м этапе вайны І. фактычна пацярпеў паражэнне. На 2-м этапе ізраільцяне з вял. цяжкасцямі аднавілі раўнавагу сіл, пры гэтым страцілі каля 3 тыс. чал. забітымі, 900 танкаў і каля 250 самалётаў; ваен. дзеянні прыпынены пад націскам СССР і ЗША. Урад Г.Меір вымушаны быў пайсці ў адстаўку. Новы кабінет узначаліў у крас. 1974 І.Рабін, але і яго ўрад не здолеў спыніць інфляцыю і пагаршэнне эканам. становішча краіны, што прывяло да аслаблення пазіцый кіруючага с.-д. блока Маарах (утвораны ў 1969). З 1948 да 1977 дзярж. ўлада ў І. належала сацыял-сіянісцкім партыям, якія прапагандавалі лозунг пабудовы «сіянісцкага сацыялізму». У 1977 на выбарах у кнесет перамог правы блок партый Лікуд (лідэр М.Бегін), што знаходзіўся на чале ўлады да 1984. Яго эканам. праграма прадугледжвала пашырэнне прыватнага прадпрымальніцтва на ўсе сферы эканомікі. Аднак лібералізацыя эканомікі не спыніла росту інфляцыі, выкліканай вял. выдаткамі на патрэбы абароны. Ураду Бегіна ўдалося дамагчыся мірнага ўрэгулявання з Егіптам. У 1978 пры ўдзеле ЗША паміж І. і Егіптам заключаны Кэмп-Дэвідскія пагадненні, 26.3.1979 падпісаны мірны дагавор, паводле якога Егіпту вернуты Сінайскі п-аў (крас. 1982). За першыя 30 гадоў існавання І. яго насельніцтва павялічылася ў 5 разоў, пры гэтым на ​2/з за кошт імігрантаў. У чэрв. 1982 Ізраільскія войскі ўварваліся ў Ліван і дамагліся эвакуацыі з Бейрута штаб-кватэры і ўзбр. фарміраванняў Арганізацыі вызвалення Палесціны (ААП). У выніку выдаткаў на вайну і акупацыі Пд Лівана ў І. паглыбіўся эканам. крызіс. У жн. 1983 урад узначаліў І.Шамір. У ліп. 1984 створаны ўрад «нац. адзінства» (кааліцыя Лікуд—Маарах). Абвешчанае кааліцыйным урадам «аздараўленне эканомікі» (прадугледжвала эканам. рост, поўную занятасць працаздольнага насельніцтва, стабілізацыю цэн і інш.) не было поўнасцю выканана, што прывяло да распаду кааліцыі (сак. 1989). Кіраўніком урада зноў стаў Шамір. Нягледзячы на абстрэлы тэр. І. іракскімі ракетамі, І. захоўваў нейтралітэт у час кувейцкага крызісу 1990—91. У чэрв. 1991 пасля паражэння на парламенцкіх выбарах блока Лікуд сфарміраваны ўрад на чале з лідэрам партыі Працы (ядро — блок Маарах) Рабінам. Пасля Мадрыдскай мірнай канферэнцыі па Б. Усходзе (кастр. 1991) пачаліся прамыя араба-ізраільскія перагаворы. У вер. 1993 Рабін і старшыня ААП Я.Арафат падпісалі ў Вашынгтоне ізраільска-палесцінскую Дэкларацыю аб прынцыпах, якая прадугледжвала стварэнне часовага самакіравання на Зах. беразе р. Іардан і ў Газе; І. і ААП абвясцілі пра ўзаемнае прызнанне. У маі 1994 войскі І. пакінулі г. Іерыхон і Газу, што перайшлі пад кіраванне палесцінскай аўт. адміністрацыі. У ліп. 1994 Рабін і кароль Іарданіі падпісалі мірнае пагадненне, якое завяршыла 46-гадовы стан вайны паміж гэтымі краінамі. У кастр. 1994 абодва бакі заключылі поўнамаштабны дагавор, паводле якога вырашаны тэр. спрэчкі і размеркаваны водныя рэсурсы, устаноўлена супрацоўніцтва ў сферы гандлю, эканомікі, абароны навакольнага асяроддзя і турызму. У 1994 І. устанавіў дыпламат. адносіны з Ватыканам. У 1995 паміж 1. і ААП падпісана другое пагадненне, якое прадугледжвала вывад ізраільскіх войск (адбыўся ў пач. 1996) з палесцінскіх тэрыторый на зах. беразе, выбары Палесцінскага савета з 88 членаў і прэзідэнта палесцінскай аўт. адміністрацыі. 4.11.1995 Рабін забіты ізраільскім экстрэмістам. Кіраўніком урада стаў Ш.Перас, які прадоўжыў перагаворы з ААП. Аднак у маі 1996 прэм’ер-міністрам І. выбраны Б.Нетаньяху — прыхільнік мінімальнага кампрамісу ў перагаворах з палесцінцамі. І. — член ААН (з 1949). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў маі 1992.

Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Лікуд (найбуйнейшая партыя), Сацыяліст. партыя Авода (Праца), блок левых партый Мерэц (Дэмакр. І.) у складзе РАЦ (Рух за грамадз. правы), Шынуі (Змяненне) і МАПАМ (Аб’яднаная рабочая партыя), блок камуністаў і левых сіл, рэліг. партыя ШАС (Сефардскія вартаўнікі Торы), Мафдал (Нац.-рэліг. партыя), «Яхадут ха-Тора ха-меухедэт» («Аб’яднаны іудаізм Торы»), Дэмакр. араб. партыя і інш. Прафс. аб’яднанне — Гістадрут (Усеагульная федэрацыя працы І.).

Гаспадарка. І. — індустр.-агр. краіна. Доля ў валавым унутр. прадукце прам-сці і буд. каля 30%, сельскай гаспадаркі — каля 5%; на 1 чал. ў год прыпадае каля 17 тыс. долараў. У прамысловасці пераважаюць дробныя і сярэднія прадпрыемствы, аднак адбываецца канцэнтрацыя вытв-сці. Энергетыка засн. на выкарыстанні імпартаванай нафты. Вытв-сць электраэнергіі 29,6 млрд. кВтгадз (1996). Здабыўная прам-сць уключае здабычу хім. сыравіны з вод Мёртвага м.: калійных солей (каля 2 млн. т штогод), брому і магнію. Здабываюць фасфарыты (у Негеве, каля 3 млн. т штогод), буд. матэрыялы, невял. колькасць меднай руды, нафты і прыроднага газу. Развіты металаапрацоўка і машынабудаванне. Сталеліцейны з-д у Ака гадавой магутнасцю 200 тыс. т. Найважнейшую ролю (дае чвэрць усёй прамысл. прадукцыі) адыгрывае вытв-сць ваен. тэхнікі. Выпускаецца разнастайнае прамысл. абсталяванне. Ёсць некалькі аўтазборачных прадпрыемстваў, суднаверф у Хайфе. Добра развітая радыёэлектронная прам-сць спецыялізуецца пераважна на выпуску прадукцыі прамысл. і ваен. прызначэння: электраабсталявання, тэлеапаратуры, сістэм правадной радыё- і радыёрэлейнай сувязі, радыёстанцый, ЭВМ, кантрольна-вымяральных прылад, прыёмнікаў, тэлеф. станцый, мед. і быт. электронікі, канвектараў сонечнай энергіі і інш. Хім. прам-сць — адна з найб. развітых галін. Выпускае ўгнаенні (калійныя і суперфасфат), штучныя кармы, ядахімікаты, шыны і камеры. 2 нафтаперапр. з-ды (Хайфа, Ашдод) перапрацоўваюць штогод каля 10 млн. т нафты. Большая ч. прадукцыі добра развітой фармацэўтычнай прам-сці экспартуецца. Харч. прам-сць — старэйшая галіна прам-сці. Выпускае разнастайную прадукцыю (каўбасныя, малочныя і кандытарскія вырабы, сыры, канцэнтраты, кансервы, сокі). Вінаробства. Тэкст. і швейная прам-сць выкарыстоўвае сувязі з краінамі Еўропы і Амерыкі. Пераважае выпуск баваўняных і сінт. тканін, верхняга і футравага адзення, пасцельнай бялізны, сінт. дываноў, ваен. абмундзіравання. Ёсць некалькі соцень гарбарна-абутковых прадпрыемстваў. Развіты таксама галіны: дрэваапр., папяровая, паліграф., вытв-сць канцтавараў, спарт. інвентару, ювелірных і прыкладнога мастацтва вырабаў. І. займае адно з першых месцаў у свеце на апрацоўцы прамысл. алмазаў і агранцы брыльянтаў. Больш за палавіну прамысл. прадпрыемстваў у раёне Тэль-Авіва, каля чвэрці — у Хайфе. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля палавіны плошчы краіны. Апрацоўваецца каля 440 тыс. га, у т. л. больш за 220 тыс. га арашаецца. Паўпустынныя тэрыторыі выкарыстоўваюцца пад пашу. Большая частка зямлі належыць дзяржаве, якая перадае яе ў шматгадовае карыстанне яўр. калектыўным гаспадаркам (у т. л. кібуцам) і індывід. фермерам. І. сусв. лідэр па с.-г. тэхналогіях. Цытрусавыя займаюць каля 35 тыс. га, інш. фрукты — каля 55 тыс. га, палявыя культуры — каля 230 тыс. га, агародніна, бульба і бахчавыя культуры — каля 45 тыс. га, кветкі — каля 2 тыс. га, пад рыбнымі сажалкамі каля 3 тыс. га. Штогадовы збор (тыс. т): пшаніцы — каля 300, бавоўны-валакна (асн. тэхн. культура) — каля 50, кармавых культур — каля 150, агародніны — каля 1100, бульбы — каля 220, бахчавых культур — каля 160, цытрусавых — каля 1500, інш. фруктаў (яблыкі, вінаград, бананы, аліўкі, авакада, ківі і інш.) — каля 500. Развіта малочна-мясная жывёлагадоўля. Буйн. раг. жывёлы 395 тыс. галоў, кур-нясушак 6,4 млн. галоў, бройлераў 15 млн. галоў, індыкоў 4,1 млн. галоў (1996). Па ўдоі малака на адну карову (больш за 8,5 тыс. л за год) І. займае 1-е месца ў свеце. Гадуюць авечак, коз (разам каля 420 тыс. галоў). Развіты рыбаводства, рыбалоўства ў Тыверыядскім возеры. Транспарт пераважна аўтамабільны. Даўж. аўтадарог 15,1 тыс. км. У краіне каля 1,5 млн. аўтамашын. Даўж. чыгункі 610 км. Асн. чыгунка і аўтадарогі злучаюць Пн і Пд краіны. Нафтаправоды Эйлат—Хайфа, Эйлат—Ашкелон, прадуктаправод Хайфа—Тэль-Авіў. У знешніх зносінах вял. ролю адыгрывае марскі транспарт. Танаж гандл. флоту каля 2 млн. т, частка флоту плавае пад замежнымі флагамі. Гал. парты Ашдод (пераважае экспарт), Хайфа (пераважае імпарт), Эйлат. У краіне 2 міжнар. аэрапорты (імя Бен-Гурыёна каля Тэль-Авіва і Эйлацкі на крайнім Пд), праз іх праходзіць больш за 10 тыс. міжнар. рэйсаў за год. І. — краіна развітога турызму, у год яе наведвае каля 2 млн. замежных турыстаў і паломнікаў. У 1993 замежны турызм даў 2,1 млрд. долараў. Асн. раёны замежнага турызму: Іерусалім, Бейт-Лахм (Віфлеем), Назарэт, узбярэжжы Міжземнага і Мёртвага мораў, Эйлат. І. экспартуе машыны і абсталяванне, узбраенне, аграненыя алмазы, цытрусавыя, кансерваваныя фрукты, мінер. ўгнаенні, хімікаты і інш.; імпартуе паліва, неапрацаваныя алмазы, некат. прамысл. і харч. тавары, кармы, аўтамашыны і інш. Імпарт (у 1996—29,9 млрд. дол.) большы за экспарт (у 1996—20,5 млрд. дол.). Дэфіцыт гандл. балансу пакрываецца за кошт замежнай дапамогі (ЗША і яўр. арг-цыі). Гал. гандл. партнёры ЗША, Германія, Японія, Вялікабрытанія, Італія, Швейцарыя. Грашовая адзінка — шэкель.

Узброеныя сілы. Складаюцца з сухап. войск, ВПС, ВМС і рэзерву. Тэр. краіны падзелена на ваен. акругі: Паўн., Цэнтр. і Паўднёвую. У 1997 налічвалі 175 тыс. чал., рэзерву — 430 тыс. чал. У сухап. войсках 134 тыс. чал., 4,3 тыс. танкаў, каля 6 тыс. бронетранспарцёраў і баявых машын пяхоты, 4,4 тыс. артыл. сродкаў і мінамётаў. У ВПС 32 тыс. чал., 448 баявых (250 у рэзерве) самалётаў і 130 баявых верталётаў. У ВМС 9 тыс. чал., 2 падводныя лодкі, 55 баявых караблёў і катэраў. З 1986 распрацоўваецца сістэма супрацьракетнай абароны. У 1988, 1990, 1995 і 1997 запушчаны касм. апараты ізраільскай вытв-сці, працягваецца распрацоўка развед. сістэм касм. базіравання і супрацьракетных комплексаў «Эроў», «Хец».

Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 76, жанчын 80 гадоў. Смяротнасць 6 на 1 тыс. чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 159 чал., урачамі — 1 на 214 чал. Узровень нараджальнасці 20 на 1 тыс. чал. Дзіцячая смяротнасць 9 на 1 тыс. нованароджаных (1996).

Асвета, навуковыя ўстановы. У І. існуе сістэма ўсеагульнага абавязковага і бясплатнага навучання для дзяцей ва ўзросце 5—16 гадоў, з 16 да 18 гадоў — па жаданні. У сістэме школьнага навучання 4 тыпы школ: дзярж. (вучыцца большасць дзяцей), дзярж. рэліг. (з паглыбленым вывучэннем іудаізму і яўр. традыцый), араб. і друзскія (навучанне на араб. мове), прыватныя (абслугоўваюць патрэбы розных рэліг. суполак і міжнар. арг-цый). Школы 3 ступеней: пач. (1—6-ы кл.), сярэдняя (7—9-ы кл.) і гімназія (10—12-ы кл., спалучаецца свецкае навучанне з рэліг. выхаваннем). У некат. сярэдніх школах акрамя агульнаадук. праграм уведзена прафес. арыентацыя. Прафес. падрыхтоўку маюць тэхнал. (3 узроўні) і с.-г. школы, вучылішчы адпаведных галіновых мін-ваў. Паводле закона аб сярэдняй адукацыі дзеці, якія нідзе не вучыліся, абавязаны набыць спецыяльнасць у вячэрняй школе (3—4 гады навучання). Для павышэння адукац. ўзроўню розных слаёў насельніцтва створаны спец. дзённыя і вячэрнія курсы для дарослых, курсы па вывучэнні іўрыта ў спец. цэнтрах абсорбцыі для імігрантаў. У сістэме вышэйшай адукацыі — ун-ты, ін-ты і каледжы; навучанне платнае. У 1996/97 навуч. г. ў І. больш за 150 тыс. студэнтаў, у т. л. 102 тыс. ва ун-тах. Буйнейшыя ВНУ: «Тэхніён» — Ізраільскі політэхн. ін-т у Хайфе (засн. ў 1912, адчынены ў 1924), Яўр. ун-т у Іерусаліме (засн. ў 1918, адчынены ў 1925), Ун-т імя Бар-Ілана (з 1955) у Рамат-Гане, Тэль-Авіўскі ун-т (з 1956), Хайфскі ун-т (з 1963), Ун-т імя Д.Бен-Гурыёна ў Негеве (засн. ў 1965 у Беэр-Шэве), Адкрыты ун-т (засн. ў 1974) і інш. У І. шырокая сетка навук. і спец. б-к, цэнтраў апрацоўкі інфармацыі. Буйнейшыя б-кі: Ізраільская нац. б-ка (з 1892; знаходзіцца ў Яўр. ун-це, выконвае функцыі нац. цэнтр. і універсітэцкай б-кі), навук.-тэхн. б-ка пры «Тэхніёне», б-ка Н.-д. ін-та імя Х.Вейцмана ў Рэховаце, б-кі ун-таў і Кнесета (парламента); Цэнтр. муз. б-ка ў Тэль-Авіве, Б-ка танца і музыкі (аддзяленні ў Тэль-Авіве і Іерусаліме) і інш. Музеі: Нац. музей І. (з 1965), Археал. музей (з 1938), Музей ісламу (з 1970), Мемар. музей Яд ва-Шэм (з 1953; у складзе даследчага і дакумент. цэнтра памяці ахвяр нацызму), музей Акадэміі музыкі і танца ў Іерусаліме; Музей мастацтва (засн. ў 1926, адчынены ў 1931), Гаарэц-музей (з 1958; збор маст. шкла, манет, яўр. мастацтва, фальклору і інш.) у Тэль-Авіве; музеі стараж. (з 1948) і сучаснага (з 1951) мастацтва, Музей мастацтва Японіі, Муз.; Марскі і інш. Н.-д. работу праводзяць Н.-д. ін-т імя Х.Вейцмана (з 1934), навук. асацыяцыі, у т. л. Ізраільская мед. асацыяцыя (з 1912; у 1957 ёю засн. Іерусалімская акадэмія мед. навук), Асацыяцыя інжынераў і архітэктараў (з 1921), н.-д. ін-ты і цэнтры акад. ун-таў, «Тэхніёна», галіновых мін-ваў, Акадэмія мовы іўрыт (з 1953), Камісія па атамнай энергіі (з 1952) 1 інш. Н.-д. работу каардынуе Нац. савет па навук. даследаваннях і развіцці (з 1959) пры Мін-ве навукі і развіцця (з 1982).

Друк, радыё, тэлебачанне. У І. каля 400 перыяд. выданняў на мовах іўрыт, ідыш, араб., англ., франц., ням., рус., польск., венгерскай. Найб. уплывовая штодзённая ранішняя незалежная газ. «Гаарэц» («Наша краіна», з 1918), найб. тыраж маюць штодзённыя вячэрнія незалежныя газ. «Едыёт Ахранот» («Апошнія навіны», з 1939) і «Маарыў» (з 1948; усе ў Тэль-Авіве, на іўрыце). Інфарм. агенцтвы: Ітанут Ісраэліт Меўгедэт (з 1950, у Тэль-Авіве), Іевіш Тэлеграфік Агенсі (Іерусалім), Палесцін Прэс Сервіс (Іерусалім, араб. інфарм. агенцтва на акупіраваных тэрыторыях). Радыё ў І. з 1948. Першая радыёстанцыя засн. ў Іерусаліме, мае студыі ў Тэль-Авіве і Хайфе, трансліруе 6 праграм унутры краіны і па-за яе межамі на 16 мовах, у т. л. на іўрыце, ідыш, араб., англ., франц., рус., эфіопскай. З 1951 дзейнічае радыё ізраільскіх узбр. сіл «Галей Цахал». Тэлебачанне з 1966, трансліруе агульнанац. праграмы на мовах іўрыт і арабскай.

Літаратура. Да канца 19 ст. л-ра яўр. народа развівалася пераважна ў краінах дыяспары на іўрыце, араміце, а таксама на новых мовах рассялення — ладзіна, ідыш і інш. (гл. Яўрэйская літаратура). На мяжы 19—20 ст. цэнтр новай л-ры на іўрыце паступова пачаў перамяшчацца з Усх. Еўропы ў Палесціну (пісьменнікі А.Д.Гордан, І.Х.Брэнер, Х.Н.Бялік, Ш.Чэрніхоўскі). У навелах і раманах Ш.І.Агнона прадстаўлены жанр філас. прытчы, дзе біблейскія і фалькл. матывы спалучаюцца з сюррэаліст. гратэскам. Панарама жыцця яўрэйства ў прозе Х.Хазаза. Глыбокай метафарычнасцю і сугестыўнасцю пазначаны творы паэтаў 1940—50-х г. А.Шлёнскага, Н.Альтэрмана, Л.Гольдберг, у творчасці якіх адчуваецца ўплыў еўрап. сімвалізму і рус. акмеізму. Сплавам традыцый з навацыямі экспрэсіянізму і філас. роздумам экзістэнцыялізму вылучаецца паэзія У.Ц.Грынберга. Традыцыі Бяліка ў 1940—80-я г. прадоўжаны ў паэзіі Ш.Шалома і А.Коўнера. Гал. тэмай маладога пакалення 1940—50-х г. стала барацьба народа за незалежнасць і адраджэнне дзяржавы (проза І.Мосінзана, М.Шаміра, С.Ізхара, Н.Шахама і інш.). З 1960-х г. цэнтр. месца ў л-ры І. займаюць пісьменнікі «новай хвалі», для якіх характэрна экзістэнцыяльная тэматыка, увага да ўнутр. свету асобы, глыбінь чалавечай псіхікі (раманы і навелы А.Б.Іехошуа і А.Оза). Проза А.Апельфельда — своеасаблівы манумент усім, хто загінуў у часы фаш. генацыду. У 1960—70-я г. ўзрасла хваля авангарднай «маладой паэзіі» (І.Аміхай. Н.Зах, Д.Авідан), якой уласцівы абвостраны суб’ектывізм, імкненне перадаць глыбінныя рухі душы. Супярэчлівыя, парадаксальныя пошукі найноўшай л-ры 1970—90-х г. адлюстраваліся ў прозе І.Бен-Нера, Я.Шабтая, Д.Шыца, Ш.Харэвен, Х.Беера, паэзіі Я.Гурвіца, М.Візелціра, А.Шабтая, І.Волаха. Вял. папулярнасцю ў краіне і за яе межамі карыстаецца творчасць старэйшага пісьменніка-гумарыста Э.Кішона.

Архітэктура. Асновы архітэктуры І. склаліся ў канцы 19 — пач. 20 ст., калі з’явілася неабходнасць масавай жылой забудовы для рэпатрыянтаў. Яе асаблівасці закладзены ў пабудове квартала Мішкенот Шаананім («Мірныя дамы», 1860) у Іерусаліме: замкнёныя «гетападобныя» вуліцы, разлічаныя на аднароднае этнічнае і рэліг. насельніцтва, выкарыстанне мясц. арх. форм і традыцый, засваенне тагачасных вобразна-канструкцыйных сродкаў сусв. архітэктуры. Архітэктура пач. 20 ст. развівалася ў рэчышчы «міжземнаморскага стылю» (рэгіянальны варыянт інтэрнац. стылю 1920-х г.), мадэрну і канструктывізму. Сярод найб. значных пабудоў: канцэртная зала Ф.Мана ў Тэль-Авіве (1957, арх. З. і Я.Рэхтэры, Д.Кармі, М.Зархі) з веерападобнай канструкцыяй залы і падвеснай столлю; Нац. музей у Іерусаліме (1965) з кубічнымі аб’ёмамі будынкаў, унутр. дворыкам і пераходамі (арх. А.Мансфелвд, Д.Гад) і паркам (арх. Ісаму Нагучы); комплекс іерусалімскага ун-та з 30 будынкаў з падкрэслена функцыян. стылем (арх. Д.Рэзнік, Э.Рау); будынак Кнесета ў Іерусаліме (1966, арх. Кармі, І.Кларвайн) са сплавам рамантызму і манум. выразнасці. З 1970-х г. манументалізацыя набыла выгляд «новага бруталізму» (ажыўленне т.зв. традыцый крыжаносцаў — выкарыстанне вежаў, шчыльных муроў і інш.); шпіталь «Кармел» у Хайфе (арх. Я.Рэхтэр), б-ка «Бет-Арыэла» ў Тэль-Авіве (арх. М.Лупентэлер, Г.Грэмерман) і інш. З 1980-х г. у архітэктуры дамінуе постмадэрнізм, якому ўласцівы інтэрпрэтацыі мясц. і міжнар. традыцый розных эпох, у т. л. араба-ісламскіх: пл. Сюзан Дэлаль у Тэль-Авіве, будынак Вярх. суда ў Іерусаліме (арх. Р.Кармі, А.Кармі-Меламід) і інш. Узводзяцца грамадскія пабудовы ў амерыканізаваным стылі.

Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Вытокі нац. маст. школы І. звязаны з асяродкам «Бецалель» у Іерусаліме (засн. ў 1906), які гал. ідэяй творчасці абвяшчаў незалежнасць ад іншаземных уплываў, пошук сувязей з нар. традыцыямі, вобразамі людзей і прыроды Палесціны, хоць за аснову браліся выяўл. сродкі еўрап. мастацтва. Феномен маст. школы І. — вял. кола мастакоў розных хваль эміграцыі, якія атрымалі прафес. адукацыю ў розных краінах свету, але сфарміравалі пры гэтым плюралістычны і разнастайны вобраз сучаснага яўр. мастацтва. У 1920 у Іерусаліме ўтвораны Саюз яўр. мастакоў, пачалі ладзіцца выстаўкі. У 1920-я г. пры захаванні ў аснове рэаліст. традыцый пашырыліся авангардныя кірункі (жывапісцы М.Шэмі, І.Сімон, Х.Атар, А.Левін, графікі А.Эльвейл, Ш.Вейль, Я.Штэйнхард, скульптары Х.Арлова, М.Цыфер, Б.Лішанская, Я.Лучанскі і інш.). Тэндэнцыі кубізму і экспрэсіяністычнасць вобразаў уласцівы мастакам А.Ароху, Ш.Себу, скульптарам З.Бен-Цві, І.Данцыгеру, Д.Фейгіну і інш. У 1948 створана суполка мастакоў «Афакім Хадашым» («Новыя далягляды»), праграма якой арыентавалася на міжнар. маст. наватарства і радыкальныя эксперыменты. Пашырыліся абстрактныя, сюррэалістычныя, экспрэсіяністычныя, мадэрнісцкія кірункі (Я.Агам, скульпт. Р.Царфаці, І.Шэмі), з’явіліся новыя віды мастацтва (оп-арт і інш.). Творчасць шэрагу сучасных мастакоў засн. на філас. асэнсаванні формы, колеру, вобразнай ідэі, часта звязанай з біблейскімі запаветамі (жывапіс Н.Безем, А.Кахане, графіка А.Ашайіма, А.Пана, М.Шатры, Ш.Бека). Сярод мастакоў выхадцы з Беларусі І.Капелян, М.Забораў і інш. У дэкар.-прыкладным мастацтве (тэкстыль, кераміка, шкло і інш.) выкарыстоўваюцца стараж. арнаментальныя і сучасныя сімвалы. Развіта мастацтва шрыфту, які грунтуецца на мадэрнізацыі стараж. традыцый яўр. пісьменства.

Музыка. Муз. культура І. складаецца з нац. муз. культур палесцінскіх яўрэяў і арабаў, а таксама з традыцый, прынесеных яўрэямі-перасяленцамі з інш. краін. У муз. фальклоры арабаў (пераважна песенным) захаваліся спецыфічныя рысы, уласцівыя арабскай музыцы; у яўр. муз. мастацтве выявіўся ўплыў яўр. традыцыйна-быт. і рэліг.-абрадавай музыкі. З утварэннем дзяржавы І. створаны муз. ўстановы: Ізраільская філармонія (на базе Палесцінскага яўр. сімф. аркестра, існаваў з 1936), сімф. аркестр радыё і тэлебачання г. Хайфа, камерны аркестр «Рамат Ган», Ізраільская нац. опера (пераўтворана з Палесцінскай яўр. оперы, засн. ў 1941; з 1994 — Новая Ізраільская опера ў пастаянным будынку — Доме оперы). З 1950-х г. працуе муз. т-р «Інбал». Фарміруецца кампазітарская школа, павышаецца ўзровень выканальніцкага майстэрства. Сярод кірункаў прафес. музыкі: традыцыйны, што развівае нар. муз. стыль на класічнай аснове з выкарыстаннем яўр. (М.Лаўры) і ўсх. (Э.Парташ) муз. фальклору; т.зв. міжземнаморскі стыль, прадстаўнікі якога спалучаюць элементы муз. фальклору розных яўр. этнічных груп (П.Бен-Хаім, М.Авідом), блізкі да еўрап. музыкі, а таксама муз. авангард (М.Капытман, Э.Штэйнберг). Працуюць: кансерваторыя ў Халоне (з 1942), Яўр. кансерваторыя ў Тэль-Авіве («Суламіф-кансерваторыя», з 1950), Акадэмія музыкі Рубіна ў Іерусаліме (з 1947), Нац. т-р (з 1958) і Камерны т-р (з 1944), Цэнтр сцэнічных мастацтваў (з 1994), Ізраільскі балет (з 1968), танц. цэнтр «Бат-Дор» (з 1971), муз. ф-т унта ў Тэль-Авіве, муз. школы, т-вы, хар. аб’яднанні і інш. Праводзяцца Міжнар. фестываль музыкі і драмы (з 1961, штогод), Міжнар. конкурс піяністаў імя А.Рубінштэйна і Міжнар. конкурс арфістаў у Тэль-Авіве (з 1959). Існуюць Ліга і Фонд кампазітараў Ізраіля (з 1957).

Тэатр. Нац. акцёрскую школу імкнуліся стварыць калектывы т-раў «Огель» (1926—68), «Мататэ» (1928—49), «Бацал-ярок», «Хамам» і інш., але яны расфарміраваны з-за недахопу сродкаў. У першыя гады станаўлення дзяржавы пераважала сац. роля т-ра над маст. аспектам пастановак: т-р звяртаўся да п’ес ізраільскіх аўтараў, у якіх адлюстроўваліся праблемы сучаснасці. Ставіліся творы і замежных драматургаў. У рэпертуары невял. камерцыйных труп, што ўзніклі ў 1960-я г., пераважалі авангардысцкія п’есы і мюзіклы. Сярод акцёраў і рэжысёраў тагачасных вядучых т-раў: Х.Равіна, А.Мескін, Ш.Фінкель, М.Зохар (т-р «Габіма», засн. ў 1928), С.Бунім, П.Фрай, А.Халфі, Х.Мірон, З.Левіуш (Камерны т-р, засн. ў 1944). З 1958 у Тэль-Авіве працуе Нац. т-р І. У канцы 1970—80-я г. павялічыўся націск на тэатр: закрыта араб. сцэна ў Хайфскім т-ры (засн. ў 1961), забаронены п’есы з антыўрадавым зместам. У апошнія дзесяцігоддзі назіраецца пераход ад сац. тэатра да мастацкага (мюзікл «Адвержаныя», Камерны т-р, 1988). Сярод пастановак 1990-х г.: «Гарадзіш» Х.Мітэльпункта ў Камерным т-ры: «P.S. Твой кот мёртвы» ў т-ры «Габіма», «Флейшэр» І.Эвен-Ора і інш.

Кіно. Уласная кінавытворчасць у 1. ўзнікла ў 1950: маст. фільм «Перамір’е» А.Амара. Пасля прыняцця закона аб падтрымцы нац. кінавытворчасці (1954) у кінатэатрах уведзены абавязковы пракат ізраільскіх карцін. Сярод фільмаў: «Памятай!» Ф.Артвіса, сатыр. камедыя «Салах Шабаці» Э.Кішона (абодва 1964). У 1969 створана спец. кампанія па фінансаванні нац. кінавытворчасці «Сенфілда Ісраэл». У 1970-я г. выпускалася па 12—15 фільмаў штогод (пераважна вестэрны, камедыі, муз. стужкі, баевікі). Кінапрамысловасць апіраецца на фінансавую дапамогу амер. і зах.-еўрап. прадзюсераў. Пераважае камерцыйнае кіно, «лёгкія» жанры (папулярны кірунак «кіно Шэнкін» па назве тэль-авіўскай вуліцы, дзе збіраецца ізраільская творчая інтэлігенцыя); ствараюцца фільмы этн. характару. Сярод рэжысёраў 1990-х г.: Ш.Габісан, Э.Фокс, Х.Азулай, Ш.Хасфары, О.Бен-Дор-Ніў, М.Бат-Адам, А.Даян, Д.Вольман, А.Рубінштэйн. Развіваецца дакумент. кіно, якое даследуе праблемы ізраільскага грамадства; рэжысёры: Ц.Рыбенбах, Д.Бен-Шытрыт, А.Птай, Дж.Шлец, А.Гарэн і інш. З 1961 у г. Хайфа працуе «Фільмархіў», дзейнічаюць 2 кінастудыі ў Тэль-Авіве, 1 — у Іерусаліме. Шмат фільмаў здымаецца з кінакампаніямі ЗША, Францыі, Італіі, Германіі, Японіі.

Літ.:

Сэмюэлс Р. По тропам еврейской истории: Пер. с англ. М., 1993;

Корнилов АА Между войной и миром: О процессе принятия внешнеполит. решений в государстве Израиль (1948—1993 гг.). Нижний Новгород, 1994;

Яго ж. Меч и плуг Давида Бен-Гуриона. Нижний Новгород, 1996;

Sachar H.M. A History of Israel. T. 1—2. New York, 1987—91;

Фиш Г. Очерки современной израильской литературы: Пер. с англ. М., 1994;

Werner E. From generation to generation. Studies on Jewish musical tradition. New York, [1967].

Г.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка), У.С.Кошалеў (гісторыя), Р.Ч.Лянькевіч (узброеныя сілы), Г.В.Сініла (літаратура), Я.Ф.Шунейка (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва).

Герб і сцяг Ізраіля.
Да арт. Ізраіль. Краявід каля паўднёвых берагоў Мёртвага мора.
Да арт. Ізраіль. Іерусалім, прамысловая зона ў раёне Рамот.
Да арт. Ізраіль. Сцяна плачу ў Іерусаліме.
Да арт. Ізраіль. Руіны старажытнай крэпасці Масада каля Мёртвага мора.
Да арт. Ізраіль. Д.Кармі, І.Кларвайн. Будынак кнесета ў Іерусаліме.
Да арт. Ізраіль Будынак Вярхоўнага суда ў Іерусаліме.
Да арт. Ізраіль. Панарама квартала Ямін Мошэ — першага пасялення яўрэяў па-за межамі Старога горада ў Іерусаліме.
Да арт. Ізраіль. Ш.Себа. Пастух. 1959.
Да арт. Ізраіль. Ш.Бек. Партрэт. 1970.
Да арт. Ізраіль. А.Левін. Від. 1924.
Да арт. Ізраіль. А.Кахане. Ахвярапрынашэнне Іцхака. 1954.
Да арт. Ізраіль. А.Арох. Як пажываюць родныя, блізкія. 1960.
Да арт. Ізраіль. Н.Безем. Ільвіная брама. 1976.
Да арт. Ізраіль. Новая Ізраільская опера. Сцэна са спектакля «Лэдзі Макбет Мцэнскага павета» Дз.Шастаковіча.

т. 7, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРА́БСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

сярэдневяковая культура, якая склалася ў Арабскім халіфаце ў 7—10 ст. у працэсе культ. ўзаемадзеяння арабаў і заваяваных імі народаў. У навук. л-ры гэты тэрмін ужываецца і для абазначэння культуры ўласна араб. народаў і ў дачыненні да сярэдневяковай арабамоўнай культуры іншых народаў, што ўваходзілі ў Халіфат.

Фарміраванне ўласна арабскай культуры адносіцца да перыяду ўзнікнення ісламу (7 ст.) і стварэння Халіфата, які ў выніку арабскіх заваяванняў ператварыўся ў велізарную дзяржаву. Заснаваная арабамі дзярж.-паліт. супольнасць, дапоўненая рэліг., а ў большасці раёнаў і моўнай супольнасцю, стварыла ўмовы для ўзнікнення агульных формаў культ. жыцця. У 8—9 ст. на араб. мову перакладзена шмат навук. і літ. помнікаў старажытнасці (сірыйскіх, сярэднеперс., індыйскіх), якія ў перакладах і апрацоўках увайшлі ў араб. пісьменства і спрыялі пераймальнай сувязі з культурай эліністычнага свету, а праз яе — з ант. і стараж.-ўсх. цывілізацыямі. Гал. цэнтрамі фарміравання арабскай культуры ў канцы 7 — сярэдзіне 8 ст. адначасова з Дамаскам, сталіцай Амеядаў, былі Мекка і Медына ў Аравіі, Куфа і Басра ў Іраку. Адсюль арабская культура распаўсюдзілася і далей развіта ў правінцыях Амеядскага халіфата, на велізарнай тэр. ад Пірэнеяў да р. Інд. З утварэннем Абасідаў халіфата (750) цэнтр арабскай культуры з Сірыі перамясціўся ў Ірак, у заснаваны ў 762 г. Багдад. У 9—10 ст. арабская культура дасягнула найвышэйшага росквіту. Яе здабыткі ўзбагацілі сусв. культуру; найб. значнымі яны былі ў філасофіі, медыцыне, матэматыцы, астраноміі, геаграфіі, філалогіі, гісторыі, хіміі, мінералогіі, у сферы матэрыяльнай культуры і мастацтва (архітэктура, маст. рамёствы). Распад халіфата Абасідаў і ўтварэнне на яго тэр. самаст. дзяржаў прывялі да змяншэння ролі арабскай культуры ў свеце. Але ў мусульм. Іспаніі, якая аддзялілася ад Халіфата яшчэ ў 8 ст., пачала развівацца самастойная, т.зв. араба-ісп. культура. Ва ўсх. правінцыях Халіфата з канца 9 ст. фарміруецца асяроддзе іранскага культ. і нац., адраджэння. Перс. мова выцясняе арабскую, якая застаецца ў асн. мовай Карана, тэалогіі, філасофіі, некаторых прыродазнаўчых навук. Цэнтры арабскай культуры перамясціліся ў Егіпет, Іспанію. Да канца 10 ст. Багдад саступіў першынство Каіру. У Паўн. Афрыцы пры Фатымідах (10—2 ст.) і Айюбідах (12—13 ст.) працягвалася развіццё лепшых традыцый арабскай культуры. Значэнне арабскай культуры 8—10 ст. у гісторыі сусв. культуры абумоўлена адкрыццём яе стваральнікамі новых сродкаў навук., рэліг.-філас. і маст. пазнання свету і чалавека. Хоць навук. і эстэт. традыцыі арабскай культуры не перарываліся, у творчасці яе дзеячаў з 2-й пал. 13 ст. запанаваў эпігонскі кірунак, назіраецца яе адставанне ад тэмпаў культ. прагрэсу ў інш. краінах мусульм. Усходу і Еўропы. Бліскучы росквіт перажыла араба-ісп. цывілізацыя ў 10—15 ст. У яе цэнтрах (Кордава, Андалусія, Севілья, Малага, Гранада) найб. поспехі дасягнуты ў астраноміі, матэматыцы, хіміі, медыцыне, філасофіі. Літ. творы гэтага перыяду — лепшыя помнікі арабскай культуры. Сусв. вядомасць набылі ісп.-маўрытанскае дойлідства і прыкладное мастацтва (гл. Маўрытанскі стыль). У 16 ст., калі араб. краіны ператварыліся ў правінцыі Асманскай імперыі, арабская культура прыйшлі ў заняпад.

Дакладныя і прыродазнаўчыя навукі. Матэматычныя і астр. веды арабаў фарміраваліся пад уплывам стараж.-грэч. навукі і ў сувязі з развіццём яе ў народаў Сярэдняй Азіі, Закаўказзя, Індыі, Персіі і Егіпта. Навук. працы Эўкліда, Архімеда, Пталамея сталі вядомыя ў Зах. Еўропе дзякуючы арабскім перакладам. Уяўленне аб шарападобнасці Зямлі дало магчымасць арабскім вучоным правесці вымярэнні дугі зямнога мерыдыяна (827). Яны ўнеслі папраўкі і дапаўненні ў астр. табліцы, далі назвы многім зоркам (напр., Альдэбаран, Міцар, Працыён і інш.). Выкарыстоўваючы індыйскія лічбы (дзесяць матэм. знакаў), арабскія вучоныя пачалі праводзіць вылічэнні з вял. лікамі. У 10 ст. гэтыя лічбы сталі вядомыя ў Еўропе і атрымалі назву арабскіх. Арабскія матэматыкі ўвялі паняцце «алгебра» (М.Харэзмі), трыганаметрычныя функцыі, устанавілі залежнасці паміж імі, зрабілі шэраг адкрыццяў у геаметрыі і астраноміі. У Багдадзе, Самаркандзе і Дамаску існавалі астр. абсерваторыі. Значны ўклад арабаў і ў развіццё медыцыны. Ібн аль-Байтар апісаў больш за 2600 лекавых прэпаратаў, лекавых і інш. раслін. «Канон медыцыны» Ібн Сіны (Авіцэна) стаў настольнай кнігай зах.-еўрапейскіх медыкаў. Шэраг адкрыццяў у фармакалагічнай хіміі зрабіў алхімік Джабір Ібн Хайян (8 ст.).

Геаграфія. Араб. геагр. л-ра не мела сабе роўных па змястоўнасці і разнастайнасці жанраў. У ёй захавалася апісанне ўсяго мусульм. Усходу, краін Еўропы, Паўн. і Цэнтр. Афрыкі, узбярэжжа Усх. Афрыкі і Азіі (да Карэйскага п-ва), Малайскага архіпелага. Працы араб. географаў і падарожнікаў — найважнейшыя, часам унікальныя сведчанні аб народах сярэдніх вякоў. Геаграфічны светапогляд даісламскіх арабаў адлюстраваны ў стараж. паэзіі і Каране. Арабская навук. геаграфія ўзнікла на мяжы 8—9 ст., калі з’явіліся пераклады і апрацоўкі астранома-геагр. прац ант. аўтараў, асабліва Пталамея. Вучоныя (Батані, Харэзмі і асабліва Біруні) выкарыстоўвалі разліковыя правілы і табліцы сферычнай астраноміі. Іх карты паўтаралі карты Пталамея або нагадвалі стараж.-іранскія. У 9 ст. імі створана апісальная геаграфія (Ібн Хардадбех, Кудама ібн Джафара, аль-Якубі), якая развівалася і ў 10—14 ст. (запіскі Ібн Фадлана і Абу Дулафа, дыярыушы Абу Хаміда аль-Гарнаці, Ібн Джубайра і Ібн Батуты, апісанні падарожжа ў Расію Макарыя Антыяхійскага і інш.). Росквіт араб. геагр. л-ры прыпадае на 10 ст., калі ў працах вучоных класічнай школы (аль-Істахры, Ібн Хаукаля, аль-Мукадасі), прысвечаных апісанню гандл. шляхоў і мусульм. свету, змяшчаўся багаты геагр. і гіст.-культ. матэрыял. У 11—14 ст. узніклі жанры геагр. слоўнікаў (аль-Казвіні, Якута, аль-Бакры) і касмаграфіі (працы аль-Казвіні, аль-Дзімашкі, Абу-ль-Фіды). У Еўропе найб. вядомыя былі працы аль-Ідрысы (1100—65 ці 61), творы якога з 70 картамі (пазначана і р. Прыпяць) — лепшы геагр. трактат сярэднявечча. У далейшым развіццё геаграфіі ішло па шляху стварэння шматлікіх кампіляцый (творы аль-Макрызі). Геаграфічныя раздзелы ў творах ан-Нувайры, аль-Умары, аль-Калькашандзі, Ібн Маджыда (лоцман Васка-да-Гамы, 15 ст.) і аль-Мехры (16 ст.) абагульнілі тэорыю і практыку мараплавання.

Філасофія. Працяглы час араб. філасофія была звязана з тлумачэннем ісламу. На рубяжы 7—8 ст. у яе асяроддзі вяліся дыскусіі пра сутнасць і атрыбуты Бога, абсалютную прадвызначанасць свету, свабоду чалавека ў ім, паходжанне Карана і інш., што прывяло да ўзнікнення мусульм. рацыяналіст. тэалогіі — калама. У яе межах вылучылася школа мутазілітаў (засн. Васіль Ібн Ата, тэарэтыкі аль-Алаф, ан-Назан, аль-Джахіз), прадстаўнікі якой арыентаваліся на традыцыі Арыстоцеля і неаплатонікаў, сцвярджалі прыярытэт веры над розумам, спрадвечнасць Карана, праводзілі ідэі монатэізму. Рэакцыяй на мутазілізм стала ханбаліцкая школа (засн. Ахмад Ібн Ханбала) прыхільнікаў суніцкага традыцыяналізму, якія заклікалі арыентавацца на лад жыцця прарока Мухамеда і яго «праведных продкаў», выступалі супраць новаўвядзенняў у веравучэнні і праве. На пач. 10 ст. прадстаўнікі новага кірунку каламу — ашарызму (засн. Абу-Хасан, аль-Ашары) зрабілі спробу кампрамісу з вучэннем традыцыяналістаў-дагматыкаў. Жаданне навукова абгрунтаваць ісламскую тэалогію абумовіла зацікаўленасць да ант. філас. спадчыны. Асновай араб. філасофіі стаў «неаплатанізаваны» арыстоцелізм — усх. перыпатэтызм (гл. Перыпатэтычная школа). Ідэі ўсх. перыпатэтызму развіты ў творах Фарабі і Ібн Сіны. Тайнае рэліг.-філас. т-ва «Братоў чысціні і шчырасці» (2-я пал. 10 ст.) імкнулася спалучыць іслам з эліністычнай філасофіяй. Другой формай апазіцыі артадоксам і прыхільнікам рацыяналізму стаў містыка-аскетычны кірунак у ісламе — суфізм. Злучыць ісламскі традыцыяналізм з суфійскімі ідэаламі імкнуліся абу-Хамід аль-Газалі (1058—1111) і Ібн аль-Арабі (1163—1240). У гэты ж перыяд распрацоўвалася і рэліг.-філас. сістэма шыізму. У 12 ст. цэнтр араб. філасофіі перамясціўся ў мусульм. Іспанію і Паўн. Афрыку. Заснавальнік зах.-араб. філасофіі — сарагоскі філосаф Ібн Бадж (каля 1070—1138). Яго рацыяналістычную лінію прадаўжаў Ібн Туфайль (1110—85). Вяршыні зах.-араб. філасофія дасягнула ў вучэнні Ібн Рушда, які лічыў, што бессмяротны толькі агульны чалавечы розум у яго гіст. развіцці. Заснавальнікам філасофіі гісторыі і арыгінальнай сацыялагічнай тэорыі быў Ібн Хальдун. Араб. філасофія паўплывала на еўрап. філасофію і сусв. духоўную культуру.

Гістарычная навука. Арабская гістарыяграфія як самаст. дысцыпліна вылучылася на мяжы 8—9 ст. Першыя запісы гіст. зместу адносяцца да канца 7 ст. Матэрыялам для ранніх помнікаў гіст. л-ры на араб. мове служылі гіст.-генеалагічныя паданні араб. плямёнаў, напаўлегендарныя паведамленні пра даісламскія дзяржавы ў Паўд. Аравіі і пра арабскія княствы ў Сірыі і Іраку, а таксама рэліг.-гіст. паданні пра ўзнікненне і пашырэнне ісламу. Значную ролю адыгралі астр. веды (устанаўленне храналогіі сусв. гісторыі), іранскія гіст.-эпічныя і іудзейска-хрысц. паданні. Ідэю дыдактычнай каштоўнасці гісторыі, прынятую большасцю мусульм. гісторыкаў, найб. дакладна сфармуляваў Ібн Міскавайх. Спробу выкладаць гіст. падзеі ў іх прычыннай сувязі зрабіў Ібн Хальдун, распрацаваўшы арыгінальнае вучэнне пра агульныя законы развіцця грамадства. Найбуйнейшы прадстаўнік ранняга перыяду араб. гістарыяграфіі — Мухамед-аз-Зухры (п. у 741 ці 742). Першы вялікі гіст. твор на араб. мове (гісторыя стараж. прарокаў і жыццяпіс Мухамеда) стварыў Ібн Ісхак (каля 704—768 ці 767). Значныя працы пакінулі аль-Вакідзі (747—823), Ібн Сад (п. 845) і інш. Гісторыкі 8—9 ст. прысвячалі свае творы араб. заваёвам, грамадз. войнам у Халіфаце 7 — пач. 8 ст. Цэнтрам араб. гістарыяграфіі доўгі час быў Ірак. Найб. значныя працы па ўсеагульнай гісторыі пакінулі аль-Белазуры (каля 820 — каля 892), Абу Ханіфы ад-Дынаверы (п. каля 895), аль-Якубі ат-Табары (832 ці 839—923, аўтар шматтомнай «Гісторыі прарокаў і цароў»), аль-Масудзі (п. у 956 ці 957), Хамзы аль-Ісфахані (п. у 2-й пал. 10 ст.) і інш. Гісторыкі 9—10 ст. вылучаліся энцыклапедычнасцю ведаў (Якубі і Масудзі). З 2-й пал. 10 ст. ў гістарыяграфіі пераважалі дынастыйныя і мясц. хронікі. У гіст. энцыклапедыі йеменскага гісторыка аль-Хамдані (п. у 2-й пал. 10 ст.) сабраны звесткі па генеалогіі, гісторыі, археалогіі, геаграфіі і л-ры Паўд. Аравіі. У 12—13 ст. дынастыйная гісторыя найб. развіта ў Сірыі, дзе створана ўсеаг. гісторыя Абу-ль-Фіда (1273—1331). У 15—16 ст. вядучае месца занялі егіп. гісторыкі (працы па гісторыі мамлюкаў, гіст. энцыклапедыі і ўсеагульныя хронікі), асабліва плеяда гісторыкаў-палігістараў (аль-Макрыдзі, 1364—1442), якія пакінулі шматтомныя працы па паліт. сац.-эканам. і культ. гісторыі Егіпта. Значнае месца займала біягр. л-ра: біягр. слоўнікі Якута, Ібн Халікана, зборы біяграфій дзеячаў навукі і інш. Гіст. творы на араб. мове напісаны і ў інш. краінах мусульм. Усходу.

Літаратура. Вытокі араб. л-ры ў вуснай нар. паэзіі вандроўных араб. плямёнаў. У дакласавым грамадстве склаліся паэтычныя жанры: ганьбаванне ворага (хіджа), пахвальба (фахр), песня помсты (сар), жалобнае галашэнне ці элегія (рыса), элементы любоўнай і апісальнай лірыкі (насіб і васф). Росквіт даісламскай (бедуінскай) паэзіі — 5—7 ст. У запісах 8—10 ст. (анталогія «Кніга песень» Абу-ль-Фараджа аль-Ісфахані і інш.) дайшлі вершы каля 125 паэтаў, сярод якіх абаронцы інтарэсаў сваіх плямёнаў (Амр ібн Кульсум, аль-Харыс ібн Хіліза), выразнікі ідэалаў патрыярхальнай даўніны (Тарафа, Лабід ібн Рабія), песняры воінскай доблесці (Антара ібн Шадад) або ўцех (Імру-уль-Кайс — стваральнік класічнай касыды), богашукальнікі (Умейя ібн Абі-с-Сальт), прыдворныя панегірысты (Набіга, Зухайр, Аша). Першы помнік араб. пісьменства і прозы — Каран. Увядзенне ісламу прыпыніла развіццё паэзіі, але з канца 7 ст. яна адраджаецца ў Сірыі і Іраку. У арыстакратычным асяроддзі вял. гарадоў Халіфата ўзнікла любоўная лірыка (Амар ібн Абі Рабія). Сярод бедуінаў Аравіі вылучаліся песняры ідэальнай любові. Пазней складаюцца рамант. аповесці пра пары закаханых (Джаміл і Бусайна, Меджнун і Лейла і інш.). Пры Абасідах араб. л-ра зазнала моцны ўплыў культуры народаў Пярэдняй Азіі, асабліва персаў. Пачынальнік «новага стылю» — паэт Башар ібн Бурд, тэарэтык — Ібн аль-Мутаз. Вылучаюцца геданістычная і вальнадумная лірыка Абу Нуваса і аскетычныя вершы Абу-ль-Атахія. У 9 ст. ў творчасці іх пераемнікаў, багдадскіх паэтаў, на першы план выступіла паліт. сатыра; у 10 ст.грамадз. і філас. лірыка панегірыста аль-Мутанабі і сірыйскага паэта аль-Маары. Касыдную традыцыю падтрымлівалі паэты 9 ст. Абу Тамам і аль-Бухтуры. У прозе 8—9 ст. вядучае месца займалі аль-Джахіз і Ібн Кутайба. Празаікі 10 ст. — ат-Таўхідзі і ат-Танухі, стваральнік жанру авантурнай навелы (макамы) — Бадзі аз-Заман аль-Хамадані. З 8 ст. развіваецца араб. л-ра Магрыба, якая дасягнула найвышэйшага росквіту ў 11—12 ст. у гарадах араба-мусульм. Іспаніі. У 11 ст. ў творчасці севільскіх паэтаў (Ібн Зайдун, аль-Мутамід ібн Абад, Ібн Хамдзіс і інш.) сцвердзіўся ідэал асвечанага рыцара; у андалузскай паэзіі пашырыліся новыя, страфічныя формы араб. верша — мувашах, заджал (Ібн Кузман). Пасля мангольскага нашэсця (13 ст.) цэнтр араб. л-ры перамяшчаецца ў Егіпет і Сірыю. У 13—15 ст. і пазней з’яўляюцца нар. творы ў жанры сіра — цыклы вусных апавяданняў на гераічныя і любоўныя тэмы, своеасаблівыя рыцарскія раманы. Кн. казак «Тысяча і адна ноч» канчаткова склалася ў Егіпце (14—15 ст.).

Мастацтва. Арабская архітэктура ўвабрала ў сябе традыцыі Рыма, Візантыі, сасанідскага Ірана. Араб. архітэктары стварылі новыя тыпы і комплексы будынкаў: мячэці з мінарэтамі, маўзалеі-«дзюрбэ», медрэсэ, караван-сараі, палацы правіцеляў і інш., пашырылі купальныя канструкцыі і арнаментыку. Сярод выдатных арх. помнікаў мячэці Амеядаў у Дамаску (гл. Амеядаў мячэць) і Кубат ас-Сахра ў Іерусаліме (687—691), палацавыя комплексы ў Мшаце, Кусейр-Амра (абодва 8 ст., Іарданія). У перыяд праўлення Абасідаў у Самары пабудавана мячэць Мутавакіля (9 ст.) з конусным спіральным мінарэтам аль-Мальвія. Сярод выдатных помнікаў араб. дойлідства ў Каіры мячэці Ібн Тулуна (876—879), аль-Азхар (969—972), ансамблі султанаў Калауна (1284—85) і Хасана (1356—63). Своеасаблівая, т.зв. маўрытанская, архітэктура склалася ў Іспаніі (Вял. мячэць у Кордаве, 8—9 ст.; палацавы комплекс Альгамбра ў Гранадзе, 13—14 ст.).

Выяўленчае мастацтва развівалася пераважна ў насценных размалёўках, арх. пластыцы, разьбе, мініяцюры (Егіпет 10—11 ст., багдадская школа мініяцюры 13—14 ст.). Дэкар.-прыкладное мастацтва вызначалася дэкаратыўнасцю. Складанымі арнаментальнымі кампазіцыямі ўпрыгожвалі кнігі («Макамем» аль-Харыры, 11 ст.). Арабы стварылі і распаўсюдзілі арабескі і эпіграфічны арнамент — каліграфічна выкананыя надпісы. Шырока вядомыя вырабы маст. рамёстваў: кераміка і шкло Сірыі, Ірака, Егіпта, дамаская зброя, маўрытанская кераміка, маст. бронза (ліццё і чаканка), разьба па дрэве і камені, дэкар. шаўковыя і парчовыя тканіны.

У музыцы развіваліся старадаўнія песенныя жанры хіда (караванныя песні), хіджа (сатыр. песня) і інш. Існавалі араб. прафес. спевакі-паэты (шаіры). Сярод традыц. інструментаў мізхар, кісара, барбат (тыпы лютні), джанк (арфа), касаба (тып флейты), кус (літаўра). З 7 ст. развівалася класічная араб. музыка (пераважна вакальная), муз. навука (трактаты аль-Кіндзі, аль-Фарабі, Ібн Сіны, Сафі ад-Дзіна, аль-Ісфахані).

Літ.:

История философии. Т. 1. М., 1957. С. 222—236;

История философии в кратком изложении: Пер. с чеш. М., 1991. С. 342—349;

Основы религиоведения. М., 1994. С. 222—232;

Веймарн Б., Каптерева Т., Подольский А. Искусство арабских народов. М., 1960;

Еолян И. Очерки арабской музыки. М., 1977.

С.Ф.Дубянецкі (філасофія).

Да арт. Арабская культура. Старажытныя вароты Багдада.
Да арт. Арабская культура. Мінарэт аль-Мальвія мячэці Мутавакіля ў Самары (Ірак). 9 ст. (злева); мазаіка мячэці Кубат ас-Сахра ў Іерусаліме. 7 ст.

т. 1, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЕСЦІ́НА,

гістарычная вобласць у Зах. (Пярэдняй) Азіі, на ўсх. узбярэжжы Міжземнага мора.

Тэр. П. заселена чалавекам з палеаліту і з’яўляецца адным з асяродкаў стараж. земляробства. Першым дакладна вядомым насельніцтвам П. былі ханаанеі (3—2-е тыс. да н.э.), якія стварылі шэраг гарадоў-дзяржаў, у т. л. Іерыхон. Рэлігія ханаанеяў зрабіла моцны ўплыў на іудаізм, а праз яго — на хрысціянства і іслам. У розныя часы П. ўваходзіла ў склад вял. дзяржаў стараж. свету. З канца 3-га тыс. да н.э. яна апынулася пад кантролем Егіпта. У 2-м тыс. да н.э. сюды ўрываліся амарэі, хеты, хурыты. У 13 ст. да н.э. значная ч. тэр. П. заваявана плямёнамі яўрэяў, частка — філістымлянамі (адсюль назва краіны). Каля 1000 да н.э. цар яўрэяў Давід перамог філістымлян і заснаваў Ізраільска-Іудзейскае царства, якое дасягнула найб. магутнасці пры яго сыне Саламоне. Пасля смерці Саламона ў 922 да н.э. адзіная дзяржава распалася на Ізраільскае царства на Пн і Іудзейскае царства на Пд П. У 722 да н.э. Асірыя знішчыла Ізраільскае царства, у 586 Вавілон — Іудзейскае. У 539—333 да н.э. П. ўваходзіла ў склад Ахеменідаў дзяржавы, у 4—2 ст. да н.э. — дзяржаў Аляксандра Македонскага, Пталамеяў і Селеўкідаў.

У сярэдзіне 2 ст. да н.э. ў выніку паўстання яўрэяў на чале з Макавеямі створана Нова-Ізраільскае царства. З канца 1 ст. да н.э. П. ў складзе Рымскай, з 4 ст. н.э. — Візантыйскай імперый. У 7 ст. заваявана арабамі, у 11 ст. — крыжакамі, у канцы 12 ст. — егіпецкімі султанамі. З 1516 у складзе Асманскай імперыі. У 1-ю сусв. вайну акупіравана брыт. войскамі (1917). У 1922—48 падмандатная тэр. Вялікабрытаніі, у гэты час адбывалася масавая іміграцыя ў П. яўрэяў з дыяспары, якія ставілі мэтай стварэнне яўр. дзяржавы. 29.11.1947 Ген. асамблея ААН прыняла рэзалюцыю пра скасаванне брыт. мандата на П. і стварэнне там 2 дзяржаў: арабскай і яўрэйскай. 14.5.1948 створана дзяржава Ізраіль. У выніку араба-ізраільскай вайны 1948—49 Ізраіль далучыў да сваёй тэрыторыі б.ч. зямель, прызначаных для араб. дзяржавы, адтуль выгнана каля 800 тыс. арабаў. Заходні бераг ракі Іардан быў уключаны ў склад Іарданіі, а сектар Газы апынуўся пад кантролем Егіпта. У 1967 Ізраіль акупіраваў Зах. бераг р. Іардан і сектар Газы. Барацьбу супраць ізраільскай акупацыі ўзначаліла Арганізацыя вызвалення Палесціны (АВП), якая была прызнана ААН як адзіны прадстаўнік інтарэсаў палесцінскага араб. народа. 31.7.1988 Іарданія адмовілася ад прэтэнзій на Зах. бераг р. Іардан. 15.11.1988 Нац. савет П. (палесцінскі парламент у выгнанні) абвясціў пра стварэнне на акупіраваных у 1967 Ізраілем тэр. дзяржавы П., прэзідэнтам якой у сак. 1989 абраны Я.Арафат. У вер. 1993 прадстаўнікі АВП і Ізраіля падпісалі сумесную Дэкларацыю аб прынцыпах самакіравання палесцінцаў. Паводле Каірскага пагаднення ў маі 1994 створана Палесцінская аўтаномія. У ліст.—снежні 1995 Ізраіль вывеў свае войскі з б.ч. араб. населеных пунктаў, але дагэтуль працягвае акупацыю ​3/4 тэр. Зах. берага. У студз. 1996 адбыліся выбары ў Палесцінскі заканад. савет, кіраўніком Палесцінскай адміністрацыі абраны Арафат. Вядуцца перагаворы пра далейшае палесціна-ізраільскае ўрэгуляванне.

Першыя помнікі мастацтва П. вядомы з эпохі мезаліту. У 7—6-м тыс. да н.э. развівалася мастацтва Іерыхона. Ад 5-га тыс. да н.э. захавалася кераміка з гравіраваным або размаляваным геам. арнаментам. Да 4-га тыс. да н.э. адносяцца рэшткі т.зв. апсідальных жытлаў гарадзішчаў у Бейсане, Мегіда (Тэль-эль-Мутэселім), падземных жытлаў у раёне Беершэбы, размаляваная і глянцаваная (чырвоная і шэрая) кераміка, статуэткі са слановай косці, ювелірныя вырабы, насценныя размалёўкі ў будынках Тэлейлат-Гасула. У 3—2-м тыс. да н.э. развіваліся паселішчы гар. тыпу з абарончымі пабудовамі з каменю ці цэглы-сырцу (планіроўкай блізкія да сірыйскіх і фінікійскіх каменных храмаў), з водаправоднымі тунэлямі: Іерусалім, Іерыхон, Бейсан, Мегіда, Лахіш (Тэль-эд-Дувейр). Захаваліся рэльефы, скульптура, дробная пластыка, зааморфныя керамічныя пасудзіны. У 2-й пал. 10—6 ст. да н.э. пашырыліся культавае буд-ва (храм Саламона ў Іерусаліме, 10 ст. да н.э., не захаваўся), гліптыка (пячаткі з зааморфнымі выявамі і інш.). З эліністычнага і рым. перыяду вядомы грабніцы з размалёўкамі ў пахавальных памяшканнях (у Марысе і інш.), рэшткі храмаў (Дыяніса ў Бейсане і інш.), т-раў (у Бейсане, Цэзарэі), акведукаў, жылых дамоў, часта ўпрыгожаных мазаікамі і скульптурай, мармуровыя саркафагі з надмагільнымі бюстамі і рэльефамі. У 2—4 ст. н.э. будавалі сінагогі, якія спалучалі рысы мясцовай, рым. і сірыйскай архітэктуры [сінагога ў Капернауме (Кфар-Нахуме) і інш.]. Ад візант. часу захаваліся базілікі, манастыры, храмы, умацаванні. З 7 ст. арабы прыўнеслі новыя тыпы будынкаў: мячэці, медрэсэ і інш. (мячэці Кубат ас-Сахра і аль-Акса ў Іерусаліме, замак-рэзідэнцыя Хірбет аль-Мафджар). У 11—13 ст. будаваліся пераважна замкі і крэпасці крыжаносцаў (у Цэзарэі і інш.). З арх. помнікаў 16—19 ст. вылучаюцца сінагога ў Сафедзе (сярэдзіна 16 ст.) і мячэць у Яфе (1810). З канца 19 ст. яўр. перасяленцы прынеслі ў культуру П. маст. традыцыі розных краін. Архітэктура развівалася ў духу эклектызму, пазней у рэчышчы зах.-еўрап. стыляў. У мастацтве пашырыўся т.зв. яўр. стыль (сюжэты з яўр. гісторыі і л-ры). У 1-й пал. 20 ст. прыток архітэктараў і мастакоў, якія атрымалі адукацыю ў розных краінах свету, абумовіў суіснаванне самых розных плыняў і кірункаў. У 2-й пал. 20 ст. пашырылася тэматыка нац. самавызначэння арабаў П. (Т. Абд аль-Аль, Т. аль-Акхаль, С.Мансур, Н.Сумі, У.Тамары, І.Шамут, М.Хаграс і інш.). У традыц. нар. мастацтве пашыраны выраб касцюмаў з даматканай тканіны з вышыўкай і аплікацыяй, муз. інструментаў, твораў з керамікі, металу, шкла, перламутру, аліўкавага дрэва, ювелірныя вырабы. Гл. таксама ў арт. Іарданія, Ізраіль.

Літ.:

Бердников А.Ф., Сердюк Е.А. Современное искусство арабского народа Палестины. М., 1982.

У.С.Кошалеў (гісторыя).

Да арт. Палесціна. У.Тамары. Жывыя карані. 1974.
Да арт. Палесціна Н.Сумі. Ліст з серыі «Сведчыць Тэль аз-Заатар». 1977.
Да арт. Палесціна. С.Мансур. З палесцінскай спадчыны. 1978.

т. 11, с. 552

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЖЫ́Р, Алжырская Народная Дэмакратычная Рэспубліка,

АНДР (Аль-Джумхурыя аль-Джазаірыя Дэмакратыя аш-Шаабія), дзяржава ў Паўн. Афрыцы, у зах. ч. Міжземнаморскага басейна. Мяжуе з Марока і Зах. Сахарай (на З), Маўрытаніяй і Малі (на ПдЗ), Нігерам (на ПдУ), Лівіяй і Тунісам (на У). Пл. 2382 тыс. км². Нас. 27,9 млн. чал. (1994). Афіц. мова арабская, дзярж. рэлігія — іслам суніцкага кірунку. Сталіца — г. Алжыр. Падзяляецца на 48 вілаяў (правінцый). Нац. свята — Дзень Рэвалюцыі (1 ліст.).

Дзяржаўны лад. Паводле канстытуцыі 1989 Алжыр — нар.-дэмакр. рэспубліка. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт. У студз. 1992 сфарміраваны Вышэйшы дзярж. савет (ВДзС), на які ўскладзены функцыі калект. прэзідэнта. У сувязі з роспускам Нац. нар. сходу (парламента) ВДзС надзелены правам выдаваць дэкрэты, якія маюць сілу законаў. У лют. 1992 створаны Нац. кансультатыўны савет, закліканы «дапамагаць ВДзС у ажыццяўленні яго функцый, ствараць неабходныя ўмовы для нармальнага функцыянавання ўстаноў і канстытуцыйнага ладу».

Прырода. Краіна невысокіх гор і ўзвышаных раўнін. На Пн хрыбты Атласкай горнай сістэмы, у межах якой вылучаюць горны ланцуг Тэль-Атлас (масіў Варсеніс, выш. да 1995 м), масівы Вял. і Малой Кабіліі (выш. да 2308 м), Сахарскі Атлас (масівы Ходна, Арэс, выш. да 2328 м). Паміж імі міжгорныя пласкагор’і і раўніны Высокіх плато (800—1200 м). У цэнтр. іх частцы вял. салёныя азёры (себхі). Поўдзень Алжыра займае ​1/4 частку пустыні Сахара. Пераважаюць камяністыя плато (выш. каля 500 м) і пясчаныя пустынныя вобласці — эргі з высокімі дзюннымі градамі (В. Зах. Эрг, В. Усх. Эрг, Эрг Ігіды, Эрг Шэш і інш.), камяністыя пустыні-хамады (Танезруфт на Пд). На Пд Алжырскай Сахары пустыннае нагор’е Ахагар з вяршыняй Тахат (3003 м, найвышэйшая ў краіне). Нетры Алжыра багатыя нафтай, прыродным газам (па запасах нафты 3-е, газу 1-е месца ў Афрыцы, б.ч. радовішчаў на ПнУ Алжырскай Сахары), рудамі ртуці, цынку, свінцу, жалеза, урану, сурмы, фасфарытамі, ёсць медзь, волава, вальфрам, золата, каменны вугаль і інш. Клімат паўн. Алжыра субтрапічны міжземнаморскі, сярэдняя т-ра студз. 5—12 °C, ліп. 25 °C, ападкаў у гарах 1200 м (Кабілія), на міжгорных раўнінах 200—400 мм. Клімат Алжырскай Сахары пустынны, трапічны, сутачныя ваганні т-р да 30 °C, ападкаў менш як 50 мм за год, у асобныя гады не бывае зусім. Частыя пясчаныя буры. Большасць рэк належаць да тыпу вадзі, якія запаўняюцца вадой пасля рэдкіх дажджоў. Самая вял. р. Шэліф (Вадзі). Рэкі часткова выкарыстоўваюцца на арашэнне і для атрымання гідраэнергіі. У пустынных раёнах на арашэнне і водазабеспячэнне ідуць падземныя воды. На ўзбярэжжы міжземнаморскі тып расліннасці з цвердалістых хмызнякоў і нізкарослых дрэў. На Пн у гарах да выш. 800 м растуць сухалістыя хмызнякі (маквіс), да 1500 м — коркавы і каменны дубы, вышэй за 1500 м — туя і ядловец. У Сахары расліннасць пустынная і паўпустынная, месцамі салянкі, эфемеры, трава альфа, асобныя хмызнякі; вял. прасторы без расліннасці. Глебы на ўзбярэжжы карычневыя і шэра-карычневыя, у горных раёнах лясныя буразёммы, вакол салёных азёраў (шотаў) — алювіяльныя і засоленыя. У Сахары прымітыўныя глебы пустыні. Жывёльны свет на Пн амаль знішчаны. У Сахары грызуны, паўзуны, шакалы, газелі, антылопы і інш. Нац. паркі: Джурджура, Акфаду, Тасілін-Аджэр і інш.

Насельніцтва. Жывуць арабы (80%), берберы (каля 20%; кабілы шаўіі, туарэгі і інш.), невял. колькасць французаў, італьянцаў, іспанцаў. Натуральны прырост 30 чал. на 1 тыс. за год. Сярэдняя шчыльн. 11,6 чал. на 1 км² (1994). Больш за 95% насельніцтва сканцэнтравана ў паўн. Алжыры, дзе яго шчыльн. 300 чал. на 1 км²; у пустынных абласцях каля 0,3 чал. на 1 км². Гар. насельніцтва больш за 50% (1994). Найб. гарады: Алжыр, Аран, Канстанціна, Анаба, Сетыф, Бліда, Тызі-Узу, Эш-Шэліф.

Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 59, жанчын 62 гады. Узровень нараджальнасці 32 на 1 тыс. чал. Дзіцячая смяротнасць 58 на 1 тыс. нованароджаных (1994).

Гісторыя. Сляды першабытнага чалавека на тэр. Алжыра адносяцца да ніжняга і сярэдняга палеаліту (300—400 тыс. г. назад). З эпохі верхняга палеаліту тут зафіксаваны носьбіты астэрыйскай, ібера-маўрусійскай і капсійскай археал. культур. З пераходам да неаліту (4-е тыс. да н.э.) «капсійцы» выцеснілі ібера-маўрусійцаў. У канцы 12 ст. да н. э. на ўзбярэжжы Алжыра з’явіліся фінікійцы, якія ў 8 ст. да н.э. трапілі пад уладу Карфагена. На мяжы 3—2 ст. да н.э. на тэр. Алжыра ўтворана дзяржава Нумідыя. Канфлікт з Рымам прывёў да ўключэння Нумідыі ў склад Рымскай імперыі. У 439 н.э. Карфаген захапілі вандалы і зрабілі яго сталіцай свайго каралеўства. З 534 Вандальскае каралеўства пад уладай Візантыі; яго ўнутраныя раёны кантралявалі плямёны бербераў, якія стварылі шэраг незалежных дзяржаў. У канцы 7 ст. н.э. тэр. Алжыра заваявалі арабы-мусульмане і ўключылі яе ў склад Арабскага халіфата. Карэнныя берберскія плямёны паступова прынялі іслам і араб. мову, што вызначыла іх як араба-ісламскую краіну. З 16 ст. Алжыр у складзе Асманскай імперыі, залежнасць ад якой у 17 ст. стала фармальнай; на чале Алжыра быў правіцель — дэй, якога выбіралі са свайго асяроддзя янычарскія камандзіры. У гэты час акрэсліліся граніцы Алжыра, якія размежавалі яго з Тунісам і Марока. У 18 — пач. 19 ст. Алжыр прыйшоў у заняпад, што дало магчымасць у 1830 франц. войскам захапіць г. Алжыр. У 1832—47 вызв. барацьбу алж. народа супраць франц. панавання ўзначаліў эмір Абд аль-Кадзір. У антыкаланіяльным Мукрані паўстанні 1871—72 удзельнічала каля 800 тыс. чал. Найбольшы размах антыкаланіяльны рух набыў пасля 2-й сусв. вайны. У маі 1945 паўстанне ва Усх. Алжыры жорстка задушана. У 1946 засн. партыя Рух за перамогу дэмакр. свабод, якая ўзначаліла барацьбу супраць калан. рэжыму. Створаны ёю Рэв. к-т адзінства і дзеянняў (з 1954 Фронт нацыянальнага вызвалення, ФНВ) пачаў узбр. барацьбу, стварыў Армію нац. вызвалення; 1.11.1954 адначасова ў 30 пунктах краіны пачалося ўзбр. паўстанне. У 1955—56 амаль усе нацыяналіст. партыі і арг-цыі ўліліся ў ФНВ. Вызваленчая вайна скончылася Эвіянскім пагадненнем 1962 аб самавызначэнні Алжыра. 5.7.1962 абвешчана незалежная дзяржава. Першы прэзідэнт А.Бен Бела абвясціў праграму «алжырскага сацыялізму». Была нацыяналізавана ўласнасць еўрап. уладальнікаў, пануючае становішча ў эканоміцы заняў дзярж сектар. У выніку ваен. перавароту 19.6.1965 улада перайшла да Рэв. савета на чале з Х.Бумедзьенам. Канстытуцыя 1976 замацавала сацыяліст. арыентацыю Алжыра. Новы прэзідэнт Ш.Бенджадзід (з 1979) прадоўжыў курс папярэдніка. Эканам. крызіс 1980-х г. і дэмаграфічны выбух (у 1966—87 насельніцтва Алжыра павялічылася з 12 да 23 млн. чал.) абвастрылі сац. напружанасць і прывялі да масавых беспарадкаў. З канца 1988 кіраўніцтва Алжыра пачало радыкальныя змены ў эканам. і паліт. сістэме Алжыра, узяло курс на развіццё рыначнай эканомікі. Гэтыя змены замацавала канстытуцыя 1989. Уведзена шматпартыйнасць, з’явілася больш за 50 партый і грамадскіх арг-цый. На першых выбарах у органы мясц. улады, якія адбыліся на шматпарт. аснове 12.6.1990, перамаглі фундаменталісты Ісламскага фронту выратавання (ІФВ). Іх праграма прадугледжвала датэрміновыя выбары ў Нац. нар. сход (парламент), умацаванне ў грамадска-паліт. жыцці нормаў шарыяту, фарміраванне «Ісламскага грамадства». У 1-м туры парламенцкіх выбараў 1991 перамаглі ісламісты. У 1992 прэзідэнт Бенджадзід вымушана пайшоў у адстаўку. Улада перайшла да Вышэйшага дзярж. савета. Прэзідэнтам стаў М.Буджаф; парламент распушчаны, і ўведзены рэжым надзвычайнага становішча. У сак. 1992 распушчаны ІФВ. У чэрв. 1992 прэзідэнт Буджаф забіты, яго змяніў А.Кафі. Тэрарыстычныя акты, арганізаваныя фундаменталістамі, вымусілі ўлады прадоўжыць (лют. 1993) рэжым надзвычайнага становішча на неакрэслены тэрмін. Прэзідэнт Алжыра (з 1994) Л.Зеруаль. Алжыр — член ААН (1962), Лігі арабскіх краін і інш. міжнар. арг-цый.

Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Фронт сацыяліст. сіл, Аб’яднанне за культуру і дэмакратыю, Хамас, Ан-Нахда і інш.; Усеагульны саюз алжырскіх працоўных, Нац. саюз алжырскіх сялян, Нац. саюз алжырскай моладзі, Нац. саюз алжырскіх жанчын, Нац. арг-цыя муджахідаў і інш.

Гаспадарка. Пасля атрымання незалежнасці для Алжыра характэрны высокі ўзровень нацыяналізацыі прыродных рэсурсаў, прам-сці, транспарту, фінансаў і інш. З канца 1980-х г. пачаліся рэформы і перавод гаспадаркі на рыначную аснову. Валавы ўнутраны прадукт (ВУП) 40,5 млрд. дол. (1991). Вядучая галіна прам-сці — здабыча нафты (41 млн. т, 1992) і прыроднага газу (126,61 млрд. м³). Здабываюцца руды каляровых металаў, жал. руда, фасфарыты, барыты, сурма. Апрацоўчая прам-сць: чорная металургія (металург. комплекс у Анабе), машынабудаванне (вытв-сць халадзільнікаў, тэлевізараў, радыёпрыёмнікаў, трактароў і аўтамабіляў), нафтаперапрацоўка, электратэхн., транспартнае абсталяванне, вытв-сць мінер. угнаенняў, буд. матэрыялаў. Перапрацоўка с.-г. сыравіны: мукамольныя, вінаробныя, масларобныя, кансервавыя, тытунёвыя прадпрыемствы. Развіта тэкстыльная, швейная, нафтахім. прам-сць (сінт. смолы, пластмасы, мыйныя сродкі). Вытв-сць электраэнергіі 16,8 млн. кВт гадз (1992). Сельская гаспадарка дае больш за 8% ВУП. Асн. культуры: пшаніца, ячмень, вінаград, алівы, цытрусавыя, фінікі, міндаль, кукуруза, тытунь, бавоўнік; у аазісах — фінікавыя пальмы, на ўзбярэжжы і каля буйных гарадоў — гародніна (часткова на экспарт) і бульба. Нарыхтоўваюць кару коркавага дуба і траву альфа (сыравіна для вытв-сці высакаякаснай паперы, каля 100 тыс. т за год). Жывёлагадоўля пераважна экстэнсіўнага кірунку. У пустынных горных раёнах гадуюць авечак, козаў, вярблюдаў, на Пн краіны і каля вял. гарадоў — буйн. раг. жывёлу. У прыбярэжных водах марское рыбалоўства. На Пн Алжыра густая сетка шашэйных дарог — 130 тыс. км (1989), у т. л. з цвёрдым пакрыццём больш за 50 тыс. км; дзейнічае транссахарская шашэйная дарога. Чыгункі 4,2 тыс. км (1989). У Алжыры буйныя нафта- і газаправоды. Разам з Італіяй пабудаваны трансміжземнаморскі газаправод. Гал. парты: Беджаія, Алжыр, Арзеу, Аран, Анаба. Асн. прадукты экспарту — нафта і нафтапрадукты, звадкаваны газ, віно, цытрусавыя, жал. руда, мінер. сыравіна, тытунь. У імпарце пераважаюць машыны і абсталяванне, прадукты і спажывецкія тавары. Асн. гандлёвыя партнёры — Францыя, Германія, Італія, Іспанія, ЗША, Японія (каля 80% тавараабароту). Грашовая адзінка — алжырскі дынар.

Узброеныя сілы Алжыра: нац. нар. армія, нац. жандармерыя, рэсп. і прэзідэнцкая гвардыя; ёсць паўваен. фарміраванні грамадз. абароны і нац. службы. Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. У склад нац. нар. арміі ўваходзяць сухапутныя войскі (аснова ўзбр. сіл), ВПС (складаюцца з авіяэскадрылляў) і ППА (зенітныя брыгады і дывізіёны, радыётэхн. войскі), ВМС (падводныя лодкі, караблі, катэры розных класаў). Узбр. сілы камплектуюцца паводле закона аб усеаг. воінскай павіннасці, набор ажыццяўляецца 2 разы на год, прызыўны ўзрост 19—27 гадоў, тэрмін абавязковай ваен. службы 1,5 года. Афіцэрскія кадры рыхтуюць у агульнавайсковай акадэміі, ваен. вучылішчах і за мяжой.

Асвета, навуковыя і культурна-асветныя ўстановы. Сістэма адукацыі Алжыра склалася ў выніку рэформаў 1970-х г. (ВНУ), 1980 (пач. школа) і 1984 (сярэдняя школа). Агульную адукацыю (абавязковая для дзяцей 6—16 гадоў) даюць базавыя школы (9 гадоў навучання). Лепшых вучняў адбіраюць для агульных або тэхн. (паводле профілю спецыялізацыі) ліцэяў (поўны курс сярэдняй адукацыі да 13 гадоў навучання). У 1987/88 навуч. г. ў Алжыры працавала 14 тыс. базавых школ (больш за 5 млн. вучняў), 600 сярэдніх навуч. устаноў (600 тыс. навучэнцаў), 700 цэнтраў прафес. падрыхтоўкі, у сістэме прафес. Навучання 250 тыс. чал. У сістэме вышэйшай адукацыі 20 ун-таў і універсітэцкіх цэнтраў, каля 30 ін-таў і інш. ВНУ. Найбуйнейшыя: Алжырскі ун-т (засн. ў 1879) з філіяламі ў Аране і Канстанціне, ун-т прыродазнаўчых навук і тэхналогіі, нац. ін-ты нафты, газу і хіміі; лёгкай прам-сці; агранамічны, вышэйшая вет. школа і інш. У 1987/88 навуч. г. ў ВНУ каля 150 тыс. чал., больш за 12 тыс. выкладчыкаў. Самыя вял. б-кі: Нац. б-ка, б-ка ун-та ў Алжыры, Муніцыпальная б-ка ў Канстанціне. Музеі: Нац. музей Алжыра, Нац. музей прыгожых мастацтваў, Нац. музей антычнасці, этнаграфічны, Музей нац. вызвалення. Навук. даследаванні ў галіне ядз. фізікі, электронікі, акіянаграфіі, біялогіі, біяхіміі, ветэрынарыі, сельскай гаспадаркі вядуцца ва ун-тах і НДІ; мед. праблемы даследуюць анкалагічны цэнтр, ін-т Пастэра, ін-т гігіены, сетка доследна-селекцыйных станцый. Працуюць астранамічная, астрафізічная і метэаралагічная абсерваторыі.

Друк, радыё, тэлебачанне. У Алжыры больш за 150 перыяд. выданняў (агульны тыраж каля 1,7 млн. экз.). Афіцыйны орган урада — газета «El Moudjahid» («Змагар»). Дзярж. інфарм. агенцтва Альжэры Прэс Сервіс (з 1962, г. Алжыр). Нац. тэлерадыёкампанія «Радыётэлевізьён альжэр’ен» (з 1962) вядзе перадачы на араб., франц. і кабільскай мовах. Тэлецэнтр у г. Алжыр.

Літаратура. Развіваецца на арабскай, кабільскай і франц. мовах. Літаратура на арабскай і кабільскай мовах узнікла ў 16—18 ст. у эпоху барацьбы супраць ісп. экспансіі і тур. панавання, калі духоўнае жыццё краіны выяўлялася пераважна ў вуснай нар. творчасці. У 19 ст. л-ра адлюстроўвала працэс фарміравання алж. нацыі. Нар. паэты (медахі) заклікалі да супраціўлення франц. каланізатарам. Патрыят. паэзія Абд аль-Кадзіра, Саіда Абдалаха, Мухамеда Белькаіра і паэта Кабіліі Сі Маханда блізкая па духу да нар. песень. Нац.-вызв. барацьба — гал. тэма ў паэзіі 1950—60-х г. (вершы Абу аль-Касіма Саадала, Муфдзі Закарыя, аўтара нац. гімна) і прозы (ат-Тахір Ватар, «Фадзіля Масудзі). Пачынальнік жанру апавядання і аўтар першага алж. рамана на араб. мове — Ахмед Рыда-Хуху («Дзяўчына з Меккі», 1947). У 1967 з’явіўся раман Мухамеда Мані «Голас кахання». Пра жыццё краіны ў 1970-я г. раманы Ватара («Землетрасенне»), Абд аль-Хаміда Бенхедугі («Вецер з поўдня» і «Канец учарашняга дня») і інш. Літаратура на французскай мове пачала развівацца ў 1940—50-я г. Абуджэнне нац. самасвядомасці алжырцаў паказалі празаік Жан Амруш, паэты Аіт Джафер, Мустафа Лашраф, рэаліст. творы Мухамеда Дыба (трылогія «Алжыр»), Мулуда Ферауна (раманы «Сын бедняка» і «Дарога ў гару», дылогія «Зямля і кроў»), Мулуда Мамеры (раманы «Забыты пагорак», «Калі спіць справядлівасць»), Малека Уары (раман «Зернетка ў жорнах») і інш. Пра алж. інтэлігенцыю ў час нац.-вызв. вайны раманы Малека Хадада «Апошняе ўражанне» і «Набярэжная кветак не адказвае». Стварэнне незалежнай рэспублікі ў 1962 адкрыла новую эпоху ў л-ры Алжыра: раманы Мурада Бурбуна «Муэдзін», Рашыда Буджэдры «Адрынутасць», Асіі Джэбар «Наіўныя жаваранкі». Вяршыня рэаліст. л-ры Алжыра гэтага часу — раман Мамеры пра нац.-вызв. вайну «Опіум і дубінка». Укладам у алж. л-ру 1960—80-х г. стала творчасць Мулуда Ашура, Джамаля Амрані, Кадура М’Хамсаджы, Ахмеда Акаша, Мустафы Тумі, Набіля Фарэса, Айшы Лемсін, Джамаля Алі Хаджы, Мустафы Хасіяна і інш.

Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Найб. старажытныя помнікі мастацтва на тэр. Алжыра адносяцца да неаліту (наскальныя выявы жывёл, людзей, сцэны палявання і рытуальных абрадаў у гарах Тасілін-Аджэр, Тасілін-Ахагар). Захаваліся рэшткі гарадоў часоў фінікійскага, рымскага і візантыйскага панавання: Джаміла, Гіпон, Тымгад, Тыпаса, Шэршэль з руінамі ўмацаванняў, храмаў, тэатраў, тэрмаў, трыумфальных арак, акведукаў, жылых дамоў. Пры раскопках выяўлены творы скульптуры, мазаікі з міфалаг. і быт. сцэн. Пасля араб. заваявання ў гарадах будаваліся ўмацаванні, мячэці, медрэсэ, лазні, рынкі, палацы (г. Кала-Бені-Хамад, 11 ст.). У 10—13 ст. у гарадах Алжыр, Тлемсен, Канстанціна ўзведзены мячэці, вежы-мінарэты, палацы, грамадскія будынкі, арнаментаваныя разьбой па стука, кафляй. Дойлідства і дэкар.-прыкладное мастацтва Алжыра 16—18 ст. вызначаліся пышнасцю, багаццем формаў і разнастайнасцю арнаментыкі (палацы і вілы тур. намеснікаў). Гараджане жылі ў невял. 2—3-павярховых дамах з плоскімі дахамі, з замкнёнымі дворыкамі. У 1881 у г. Алжыр засн. Нац. школа архітэктуры і прыгожых мастацтваў. З 1930-х г. у Алжыры працавалі франц. архітэктары і інжынеры Ле Карбюзье, П.А.Эмеры, Б.Зерфюс, Л.Мікель, П.Турнон. У гарадах узводзіліся шматпавярховыя жылыя і адм. будынкі, вілы, асабнякі, набліжаныя да еўрап. архітэктуры. Дэкар.-прыкладное мастацтва прадстаўлена тканінамі, дыванамі, вышыўкай, размаляванай керамікай, вырабамі рамеснікаў. У выяўл. мастацтве 19 — пач. 20 ст. працавалі пераважна франц. мастакі, з 1920—30-х г. — мастакі-алжырцы (Мухамед і Амар Расім, Тэмам Ранем і інш.), з сярэдзіны 20 ст. — жывапісцы, графікі, скульптары (Х.Бенанбур, М.Будзід, І.Самсом, М.Адан, М.Хада, Ш.Меслі і інш.). У маст. жыцці сучаснага Алжыра вядучую ролю адыгрывае Нац. саюз работнікаў выяўл. мастацтва.

Музыка Алжыра мае шмат агульнага з музыкай Туніса, Марока, інш. краін рэгіёна. У ёй спалучаюцца араба-іранскія і турэцкія элементы з муз. традыцыямі лакальных этнасаў Алжыра (берберы, туарэгі, негрскія народы Сахары). Арабская класічная музыка Алжыра засн. на дасягненнях т.зв. зах. (андалузскай) школы. Асн. яе форма — алжырская нуба, разгорнутая 5-часткавая вак.-інстр. кампазіцыя з інстр. уверцюрай (тушыя); у аснове муз. развіцця рэгіянальныя разнавіднасці макамаў (вак.-інстр. цыклічная форма, засн. на шэрагу ладоў-макамаў). Сярод муз. інструментаў — уд (арабская лютня), рэбаб (струнны смычковы), канун (72-струнная цытра), духавыя, ударныя (бубны дэф і тар, барабан дарабука). З вак. жанраў вядомы касыды. З пач. 20 ст. развіваюцца формы сучаснай гар. музыкі — песенны жанр аль-джад (сярод майстроў кампазітар і спявак Хадж Мухамед аль-Анка) і муз. драма ў стылі аль-джад («Фако», «Дар Бібі» М.Бахтарзі). Муз. кадры ў Алжыры рыхтуюць вышэйшыя і сярэднія муз. навуч. ўстановы, кансерваторыя музыкі і дэкламацыі (з 1920) і Нац. ін-т музыкі.

Тэатр. Нац. тэатр у Алжыры існаваў у выглядзе выступленняў «гаўалі» (апавядальнікаў) і ценявога т-ра з удзелам Гарагуза (алж. Пятрушкі). У сучасных формах т-р узнік у канцы 19 — пач. 20 ст. Пасля 1-й сусв. вайны першую тэатр. трупу арганізаваў Р.Ксенціні. Справу яго прадоўжыў драматург Б.Махіддзін. У рэпертуары былі п’есы алж. драматургаў, зах.-еўрап. класікаў. З пачаткам вызв. вайны (1954) многія акцёры пакінулі радзіму і стварылі за мяжой (у Тунісе) алж. маст. ансамбль, на базе якога пасля абвяшчэння незалежнасці Алжыра ў 1962 створаны Алжырскі нац. т-р (з 1963 у г. Алжыр).

Кіно. Нац. кінематаграфія ў Алжыры зарадзілася ў перыяд вызв. вайны 1954—62. Пасля 1962 вытворчасць хранік.-дакумент. фільмаў павялічылася, зняты першыя маст. фільмы на фалькл.-этнагр. сюжэты ці прысвечаныя падзеям вайны 1954—62. У 1964 створаны нац. цэнтр кінематаграфіі, у 1974 — Савет аўдыёвізуальных мастацтваў (прафсаюз работнікаў кіно і тэлебачання). Сярод лепшых фільмаў 1970—80-х г.: «Бітва за Алжыр», «Вецер з Арэса», «Хроніка вогненных гадоў», «Амар Гатлата», «Анатомія адной змовы». Вядучыя рэжысёры: М. аль-Ахдар Хаміна, А.А.Тульбі, М.Алуаш, М.Буамары, М.С.Рыяд, А.Рашдзі.

Літ.:

Алжир: (справ.). М., 1977;

Ланда Р.Г. Кризис колониального режима в Алжире, 1931—1954. М., 1980;

Яго ж. История алжирской революции, 1954—62. М., 1983.

П.І.Рогач (прырода, гаспадарка), У.С.Кошалеў (гісторыя), Б.А.Лазука (выяўл. мастацтва), А.М.Гарахавік (музыка).

Герб і сцяг Алжыра.
Алжыр. У гарах Кабіліі.
Да арт. Алжыр. Цэнтральная частка горада Эль-Уэд.
Горад Алжыр.
Да арт. Алжыр. Наскальныя малюнкі ў Тасілін-Аджэры.
Наскальныя выявы ў Тасілі на поўдні Алжыра.
Да арт. Алжыр. Плато Тасілін-Аджэр.
Да арт. Алжыр. Трыумфальная арка Траяна ў г. Тымгад. Канец 2 ст.

т. 1, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗАМБІ́К (Moçambique),

Рэспубліка Мазамбік (República de Moçambique), дзяржава на ПдУ Афрыкі. Мяжуе на Пн з Танзаніяй, на З з Малаві, Замбіяй і Зімбабве, на ПдЗ з Паўд.-Афр. Рэспублікай (ПАР), на У абмываецца Мазамбікскім пралівам Індыйскага ак. Пл. 802 тыс. км². Нас. 18 641 тыс. чал. (1998). Дзярж. мова — партугальская. Сталіца — г. Мапуту. Падзяляецца на 10 правінцый. Нац. свята — Дзень незалежнасці (25 чэрвеня).

Дзяржаўны лад. М — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1990. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, якога выбірае насельніцтва на ўсеагульных выбарах на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму парламенту — Сходу прадстаўнікоў, які складаецца з 250 дэпутатаў, выбраных насельніцтвам на 5 гадоў. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе прызначаны прэзідэнтам урад на чале з прэм’ер-міністрам.

Прырода. Тэр. М. выцягнута ўздоўж узбярэжжа Індыйскага ак. на 3 тыс. км. Берагавая лінія на Пн ад г. Мазамбік расчлянёная, берагі невысокія, але скалістыя і стромкія, на Пд — нізкія, плоскія, забалочаныя, з пясчанымі пляжамі і мангравымі зараснікамі. Усх. частка краіны занята ўзгорыстай, месцамі забалочанай Мазамбікскай нізінай (шыр. ад 80 км на Пн да 400 км на Пд). На Пн размешчана частка Усх.-Афр. пласкагор’я з плато Ньяса і Мазамбікскім (выш. да 2419 м), на З — плато Матабеле (г. Бінга, 2436 м — найвышэйшы пункт М.), складзеныя з гранітаў і гнейсаў, моцна парэзаныя рачнымі далінамі. Уздоўж мяжы з ПАР — вулканічныя горы Лебомба. Карысныя выкапні: каменны вугаль, жал., танталавыя, тытанавыя, медныя, берыліевыя, і літыевыя руды, баксіты, фасфарыты, золата, прыродны газ, азбест, вапнякі, мармур, каштоўныя камяні. Клімат на Пн субэкватарыяльны, на Пд трапічны. Сярэднія т-ры студз. на Мазамбікскай нізіне 26—30 °C, ліп. 15—20 °C, на пласкагор’і — ніжэй на 3—5 °C. Ападкаў за год 750—1000 мм на пласкагор’і і на Пд Мазамбікскай нізіны, да 1500 мм на Пн. Вільготны сезон з ліст. да крас.—мая. Буйныя рэкі: Замбезі, Лімпопа, Саві, Рувума, парожыстыя на плато і суднаходныя на нізіне. У межах М. ўсх. бераг воз. Ньяса (Малаві). Вадасховішча Кабора-Баса. Пераважаюць чырвона-бурыя глебы саваннаў, на паўн. плато — карычнявата-чырвоныя глебы сухіх лясоў, у далінах рэк — алювіяльныя. Расліннасць — саванны, на Пн рэдкалессі, на высокіх участках плато горныя лясы, па берагах буйных рэк вечназялёныя галерэйныя лясы з каштоўнымі пародамі дрэў; шматлікія віды пальмаў. У жывёльным свеце сланы, антылопы, зебры, насарогі, львы, леапарды, гіены і інш. Нац. паркі: в-ваў Мазамбік (уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны), Гарангоса, Баньіне, Зінаве, Базарута, некалькі рэзерватаў.

Насельніцтва. 99,6% складаюць народы моўнай сям’і банту. на ПнУ краіны жывуць макуа, на Пд ад ракі Саві — тсонга, у бас. р. Замбезі і ў раёне воз. Ньяса — малаві, у міжрэччы Саві і Замбезі — шона. Выхадцы з Еўропы і Азіі жывуць пераважна ў гарадах (партугальцы, індыйцы, пакістанцы). Асн. частка афр. насельніцтва (50%) — прыхільнікі мясц. традыц. культаў, 30% — хрысціяне (католікі), 20% — мусульмане. Прырост насельніцтва 2,6%. Сярэдняя шчыльн. 23 чал. на 1 км². Найб. шчыльна заселены раёны на Пд і ўздоўж узбярэжжа. У гарадах жыве 35% насельніцтва (1997). Найб. гарады (тыс. ж.): Мапуту — больш за 1200, Бейра — каля 350, Нампула — каля 250.

Гісторыя Найб. стараж. насельніцтва М. — бушмены і гатэнтоты, выцесненыя ў 5—8 ст. плямёнамі банту. З 8 ст. сюды праніклі арабы, якія заснавалі на ўзбярэжжы М шэраг гандл. цэнтраў. Да пач. 2-га тыс. ў міжрэччы Замбезі — Лімпопа склалася дзярж. ўтварэнне Манаматапа (захаваліся рэшткі збудаванняў з вял. гранітных блокаў), якое адыгрывала важную ролю ў араба-суахілійскім гандлі. У 1498 М. наведаў партуг. мараплавец В. да Гама. Да сярэдзіны 16 ст. партугальцы захапілі шэраг апорных пунктаў на ўзбярэжжы М. Яны навязалі няроўныя дагаворы правіцелям Манаматапы, якая прыйшла ў заняпад і распалася ў пач. 18 ст.; у 16—19 ст. адсюль вёўся вываз рабоў на плантацыі ў Бразілію. У 1752 партуг. ўладанні ў паўд.-ўсх. Афрыцы аб’яднаны ў адзімую калонію М. На працягу 19 ст. партугальцы вялі ўпартую барацьбу з дзяржавай Ватуа ў міжрэччы Лімпопа — Пунгве, якая была заваявана ў пач. 20 ст. У 1951 М. абвешчаны «заморскай правінцыяй» Партугаліі, у 1972 — яе «заморскім штатам». Грамадз. правамі карысталася толькі невял. група т.зв. «асіміляваных» афрыканцаў. У 1962 на базе нац.-вызв. афр. арг-цый створаны Фронт вызвалення М. (ФРЭЛІМО) на чале з Э.Мандлане (з 1969 — С.Машэлам). У 1964 ФРЭЛІМО пачаў узбр. паўстанне супраць партуг. панавання і да 1974 кантраляваў значную ч. М. Пасля падзення дыктатуры ў Партугаліі ў вер. 1974 паміж новымі ўладамі і ФРЭЛІМО падпісаны дагавор аб стварэнні пераходнага ўрада М. 25.6.1975 абвешчана Нар. Рэспубліка М. (НРМ), прэзідэнтам якой стаў Машэл. У 1977 ФРЭЛІМО ператвораны ў партыю ФРЭЛІМО — «авангардную марксісцка-ленінскую партыю». Быў заключаны дагавор аб дружбе з СССР (1977), узяты курс на пабудову ў М. сацыялізму, нацыяналізаваны прыватныя прадпрыемствы, створаны кааператывы. На практыцы гэта прывяло да пагаршэння эканам. становішча М. і росту незадаволенасці, што падштурхнула апазіцыю да стварэння на тэр. Паўд. Радэзіі (цяпер Зімбабве) Мазамбікскага нац. супраціўлення (РЭНАМО) на чале з А.Длакамам, якое пачало ўзбр. барацьбу супраць рэжыму ФРЭЛІМО. У выніку ваен. дзеянняў 1977—92 загінула больш за 1 млн. мазамбікцаў і каля 2 млн. сталі бежанцамі. Урад быў вымушаны пачаць рыначныя эканам. рэформы, якія паглыбіліся з прыходам да ўлады ў 1986 Ж.А.Чысана. У 1989 ФРЭЛІМО адмовілася ад ідэалогіі марксізму-ленінізму. З 1990 дзейнічае новая канстытуцыя, паводле якой уведзена шматпартыйнасць, краіна перайменавана ў Рэспубліку М. У кастр. 1992 падпісана пагадненне з РЭНАМО пра спыненне агню і ператварэнне апошняй у паліт. партыю. На ўсеагульных выбарах перамагла ФРЭЛІМО, Чысана зноў выбраны прэзідэнтам М. Дзейнічаюць паліт. партыі: партыя ФРЭЛІМО, Мазамбікскае нац. супраціўленне (РЭНАМО), Дэмакр. саюз. М. — член ААН (з 1975), Арг-цыі афр. адзінства, Садружнасці (з 1995).

Гаспадарка. М. — аграрная краіна. З 1987 адбываецца пераход да рыначных адносін у эканоміцы. Праграма эканам. аднаўлення накіравана на развіццё сельскай гаспадаркі, перапрацоўчай і лёгкай прам-сці. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) на 1 чал. каля 670 дол. ЗША (1994). Аснова эканомікі — сельская гаспадарка, якая дае 46% ВУП. У ёй занята каля 80% эканам. актыўнага насельніцтва. Апрацоўваецца каля 4% тэрыторыі, пераважае лядна-агнявое земляробства. Асн. экспартныя культуры: бавоўнік (вырошчваюць у правінцыях Замбезія, Нампула, Сафала, Кабу-Дэлгаду), арэх кэш’ю (уздоўж узбярэжжа), цукр. трыснёг (даліна Замбезі), цытрусавыя, чай, какосавая пальма, сізаль, джут, тытунь. Для ўнутр. патрэб вырошчваюць кукурузу (збор 734 тыс. т, 1995), рыс (113), сорга (243), батат (72), маніёк (4,2 млн. т), арахіс, сланечнік, бананы, памідоры, фасолю, садавіну. Асн. відамі харчавання краіна забяспечвае сябе толькі на 10%. Жывёлагадоўля развіта слаба, пераважна ў раёнах, дзе няма мухі цэцэ (Газа, Мапуту). Пагалоўе (млн. галоў, 1995): буйн. раг. жывёлы — 1,28, авечак — 0,21, коз — 0,38, свіней — 0,16. Вытв-сць (тыс. т): ялавічыны — 38, свініны — 13, мяса птушкі — 29, каровінага малака — 59, казінага малака — 10. Марское, рачное і азёрнае рыбалоўства. Улоў рыбы і крэветак каля 30 тыс. т штогод. Развіта лясная гаспадарка, у т. л. нарыхтоўка драўніны каштоўных парод дрэў (эбенавае, жалезнае, ружовае). На долю прам-сці прыпадае каля 27% ВУП. У сувязі са спадам вытв-сці большая ч. прадпрыемстваў працуе на 10—40% магутнасці. Вядучая галіна — горназдабыўная. Вядзецца здабыча (тыс. т) каменнага вугалю — каля 30, баксітаў — каля 20, танталавай і жал. руды, каштоўных і паўкаштоўных камянёў (гранат, ізумруд, аквамарын, тапаз і інш.). Вытв-сць электраэнергіі 465 млн. кВт гадз пераважна на ГЭС. Больш за 50% электраэнергіі экспартуецца з ПАР. Харч. прам-сць (цукр., алейная, мукамольная, кансервавая, рыбная, мясная) працуе на мясц. сыравіне. Асн. цэнтры: Мапуту, Бейра, Шымойо. З галін лёгкай прам-сці вылучаюцца тэкст. (перапрацоўка і вытв-сць вырабаў з бавоўны, копры, сізалю, джуту), трыкат., абутковая. Прадпрыемствы ў Шымойо, Нампуле, Мапуту, Бейры, Накале. Хім. і нафтахім. прам-сць (вытв-сць угнаенняў, фарбавальнікаў, мыйных сродкаў, сернай к-ты, аўтапакрышак) у Мапуту і Бейры. Дрэваапр. прам-сць развіта ў Мапуту, Бейры, Нампуле (мэблевая) і ў Іньямінзе (цэлюлозна-папяровая). Ёсць невял. прадпрыемствы маш.-буд. і металаапр. прам-сці па вытв-сці і рамонце трансп. сродкаў. Вытв-сць буд. матэрыялаў (цэмент) у Мапуту, Накале і інш. Даўж. чыгунак 4 тыс. км, аўтадарог 36 тыс. км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 5 тыс. км, водных шляхоў 3,8 тыс. км. Асн. трансп. магістралі служаць для транзітных перавозак паміж партамі М. і суседнімі краінамі. Гал. марскія парты: Мапуту, Бейра, Накала, Келімане. Міжнар. аэрапорты ў Мапуту і Бейры. Нафтаправод Бейра—Мутарэ (Зімбабве). Экспарт (150 млн. дол. ЗША, 1994): крэветкі, арэхі кэш’ю, бавоўна, цукар, копра, чай, цытрусавыя, драўніна, каксавальны вугаль, танталавы канцэнтрат.

Імпарт (1 млрд. дол. ЗША, 1994): нафта і нафтапрадукты, машыны і абсталяванне, прамысл. сыравіна, тэкстыль, спажывецкія і харч. тавары. Асн. гандл. партнёры: ПАР, Вялікабрытанія, Партугалія, Іспанія. Важнай крыніцай валютных паступленняў з’яўляюцца пераводы ад мазамбікцаў, якія працуюць у ПАР, і зборы ад транзітных грузаў. Грашовая адзінка — метыкал.

З.М.Шуканава (прырода, насельніцтва, гаспадарка).

Герб і сцяг Мазамбіка.
Да арт. Мазамбік. Цэнтральная частка г. Мапуту.

т. 9, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІАРДА́НІЯ, Іарданскае Хашыміцкае Каралеўства (Аль-Мамляка аль-Урдунія аль-Хашымія),

дзяржава ў Заходняй Азіі. На З мяжуе з Ізраілем і тэрыторыяй арабскай аўтаноміі на зах. беразе р. Іардан, на Пн — з Сірыяй, на ПнУ — з Іракам, на У і Пд — з Саудаўскай Аравіяй; на Пд мае выхад да зал. Акаба Чырвонага м. Падзяляецца на 10 губернатарстваў (мухафаз). Пл. 89,4 тыс. км². Нас. 4212 тыс. чал. (1995). Сталіца — г. Аман. Афіц. мова арабская. Нац. святы — Дзень незалежнасці (25 мая) і Дзень нараджэння караля Хусейна I (14 лістапада).

Дзяржаўны лад. І. — канстытуцыйная манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1952 (мадыфікаваная). Кіраўнік дзяржавы — кароль, які валодае шырокімі паўнамоцтвамі: назначае і змяшчае прэм’ер-міністра і міністраў, зацвярджае законы, з’яўляецца галоўнакамандуючым узбр. сіламі, мае права роспуску палаты дэпутатаў і інш. Вышэйшы орган заканад. улады — двухпалатны Нац. сход, які складаецца з сената (30 членаў, назначаюцца каралём на 4 гады) і палаты дэпутатаў (60 дэпутатаў, выбіраюцца насельніцтвам на 4 гады). Выканаўчы орган — урад на чале з прэм’ер-міністрам. На чале правінцый стаяць губернатары, акруг і раёнаў — начальнікі. Суд. сістэма складаецца з 3 відаў судоў: свецкія, рэлігійныя (шарыяцкія) і асобыя (племянныя, ваен. трыбуналы і суды дзярж. бяспекі). Члены свецкіх судоў назначаюцца каралём.

Прырода. Асн. частка І. занята пустынным пласкагор’ем (800—1300 м). Над ім узвышаюцца асобныя горы да 1764 м (г. Рам на Пд). На З цягнецца з Пн на Пд глыбокая тэктанічная ўпадзіна Гхор з далінай р. Іардан і Мёртвым м. (на 400 м ніжэй узр. акіяна). Карысныя выкапні: фасфарыты (запасы каля 1,5 млрд. т), калійныя солі (у Мёртвым м.), медныя і марганцавыя руды. Клімат субтрапічны з сухім і гарачым летам. Т-ра паветра 7—12 °C у студз., 23—28 °C у ліпені. Ападкаў каля 700—500 мм на 3, каля 100 мм і менш на У і Пд. Расліннасць паўпустынная і пустынная, разрэджаная, пераважаюць хмызнякі і травы, якія вегетуюць у перыяд выпадзення ападкаў. Ёсць аазісы з фінікавымі пальмамі. Пад лесам каля 1% тэрыторыі. Нац. парк Азрак.

Насельніцтва. Каля 98% арабы, у т. л. палесцінскія бежанцы; жывуць таксама армяне, чэркесы, чэчэнцы, туркі, курды і інш. Сярод вернікаў пераважаюць мусульмане-суніты (92%), астатнія пераважна хрысціяне. Сярэдняя шчыльнасць 47,1 чал. на 1 км², на З, асабліва ў даліне р. Іардан, больш за 100 чал. на 1 км². На У і Пд насельніцтва рэдкае, ёсць качэўнікі і паўкачэўнікі-бедуіны, у якіх захаваўся падзел на плямёны. У гарадах жыве 78% насельніцтва (1994). Найбольшыя гарады (тыс. ж., 1994): Аман — 963,5 (з прыгарадамі больш за 1,5 млн.ж.), Эз-Зарка — 344,5, Ірбід — 208,2. У прам-сці і буд-ве заняты 21% насельніцтва, у сельскай гаспадарцы — 7%, у гандлі і абслуговых галінах — 63%. Некалькі соцень тысяч іарданцаў працуюць за мяжой, пераважна ў араб. краінах Персідскага заліва.

Гісторыя. У старажытнасці тэр. І. насялялі семіцкія плямёны хананеяў. У 3—2-м тыс. да н.э. на іх нападалі фінікійцы, хеты і інш. У 2-й пал. 2-га тыс. да н.э. тэр. І. ў складзе Ізраільска-Іудзейскага царства. У канцы 1-га тыс. да н.э. — цэнтр араб. Набатэйскай дзяржавы. З 4 ст. тэр. І. ў складзе Візантыі, у 7 ст. заваявана арабамі і стала ч. Арабскага халіфата. На тэр. І. пашырыліся іслам і араб. мова, развіваліся феад. адносіны. У 11—15 ст. пад уладай крыжаносцаў, сельджукаў, егіп. мамлюкаў. З пач. 16 ст. да 1918 у складзе Асманскай імперыі. У 1918 акупіравана англ. войскамі, у 1920 уключана ў брыт. мандат на Палесціну. У 1921 тэр. 1. вылучана ў асобную адм. адзінку — эмірат Трансіарданія на чале з эмірам. У 1923 англічане абвясцілі незалежнасць эмірата, хоць фактычна ўладу трымалі ў сваіх руках. Англа-трансіарданскі дагавор 1928 (гл. Англа-трансіарданскія дагаворы 1928, 1946, 1948) фармальна пакідаў пэўную ўладу эмірам, але замацоўваў за Вялікабрытаніяй права трымаць на тэр. Трансіарданіі ўзбр. сілы, кантраляваць мясц. ваен. фарміраванні, знешнюю палітыку, фінансы і ўзбр. сілы. Знешняя палітыка краіны магла весціся толькі праз брыт. вярх. камісара ў Іерусаліме і яго рэзідэнта ў Амане. Пасля 2-й сусв. вайны Вялікабрытанія вымушана была пайсці на некат. ўступкі. Дагавор 1946 аб дружбе і саюзе, падпісаны ў Лондане на 25 гадоў, фармальна адмяняў брыт. мандат на Трансіарданію (эмірат абвяшчаўся незалежным каралеўствам), аднак захоўваў за Вялікабрытаніяй права трымаць войскі, саветнікаў і экспертаў. 25.5.1946 краіна стала наз. І. (Іарданскае Хашыміцкае Каралеўства), эмір Абдалах — каралём І. Прынятая ў 1947 канстытуцыя замацоўвала вярх. ўладу караля і абмяжоўвала паўнамоцтвы парламента. Дагавор 1948 крыху пашыраў кампетэнцыю ўлад І. і прадугледжваў паступовы вывад брыт. войск з краіны, але Вялікабрытанія захоўвала права ўводзіць свае войскі ў выпадку вайны, трымаць ваен. базы ў Амане і Мафраку. У выніку араба-ізраільскай вайны 1948—49 войскі І. занялі цэнтр. раёны Палесціны (т. зв. Заходні бераг ракі Іардан) і ўсх. ч. Іерусаліма, якія ў 1950 афіцыйна ўключаны ў яе склад. Фактычная анексія ч. Усх. Палесціны пагоршыла адносіны І. з інш. араб. краінамі. У 1952 каралём І. стаў Хусейн ібн Талал, які выкарыстоўваў для ўзмацнення і развіцця дзяржавы замежную фін. дапамогу (складала больш як ​2/5 бюджэту краіны). На парламенцкіх выбарах 1956 перамаглі нац.-патрыят. сілы І., што сарвала спробы Вялікабрытаніі і ЗША уцягнуць краіну ў агрэсіўныя ваен.-паліт. блокі. 14.3.1957 урад ануляваў англа-іарданскі дагавор 1948, а 2.11.1958 брыт. войскі выведзены з тэр. І. У пач. 1960-х г. правячыя колы краіны пайшлі на частковую дэмакратызацыю грамадскага жыцця і правядзенне знешняй палітыкі, незалежнай ад зах. дзяржаў. У 1963—64 1. ўстанавіла дыпламат. і гандл. адносіны з СССР і краінамі Усх. Еўропы. У ізраільска-арабскую вайну 1967 І. пацярпела паражэнне, Ізраіль акупіраваў зах. бераг р. Іардан і Усх. Іерусалім, краіна страціла чвэрць апрацаваных зямель, амаль палавіну прамысл. прадпрыемстваў (каля 4 тыс.), скараціліся даходы ад турызму, колькасць палесцінскіх бежанцаў павялічылася да 800 тыс. чал. Ліквідацыя наступстваў ізраільскай агрэсіі заняла вядучае месца ва ўнутр. і знешняй палітыцы краіны. У 1988 І. прызнала Палесціну і адмовілася ад прэтэнзій на зах. бераг р. Іардан (паводле ізраільска-палесцінскага пагаднення 1993 ён атрымаў частковую аўтаномію). З 1991 удзельнічае ў перагаворах па ўрэгуляванні блізкаўсх. канфлікту. У кастр. 1994 І. і Ізраіль падпісалі мірны дагавор. І. — член ААН (з 1955), Лігі араб. дзяржаў (з 1945). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў кастр. 1996.

Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. У 1993 легалізаваны паліт. партыі, якія пазней прынялі ўдзел у парламенцкіх выбарах. Асн. партыі: Іарданскі нац. саюз, Партыя ісламскага дзеяння (звязана з Асацыяцыяй братоў-мусульман), Нар. саюз, Нар. дэмакр. партыя (крыло Дэмакр. фронту вызвалення Палесціны), іарданскае аддзяленне Партыі араб. сацыяліст. адраджэння (з 1957 нелегальнае). Прафс. аб’яднанне — Усеагульная федэрацыя рабочых прафсаюзаў І.

Гаспадарка. І. — краіна са слабаразвітай шматукладнай эканомікай, слабай індустр. базай. Краіна залежыць ад знешняй дапамогі і пазык (каля 1 млрд. дол. за год), валютных паступленняў ад іарданцаў, што працуюць за мяжой. Сярэднегадавы даход на душу насельніцтва каля 1200 долараў. 26% нац. даходу дае прам-сць, 8% — сельская гаспадарка, 66% — абслуговыя галіны. Асн. галіны прам-сці — горназдабыўная, цэментная, нафтаперапрацоўчая. Здабыча высакаякасных фасфарытаў вядзецца пераважна адкрытым спосабам на радовішчах Эр-Русейфа (каля Амана) і Хаса (на Пд); гадавая здабыча 5925 тыс. т (1994). З расолаў Мёртвага м. здабываюць калійныя солі — 1,4 млн. т (1994). Каля Амана на мясц. сыравіне працуе цэментны з-д (каля 1 млн. т цэменту за год). У г. Эз-Зарка нафтаперапр. (атрымлівае нафту з Ірака па адгалінаванні нафтаправода Кіркук—Сайда) і акумулятарны з-ды, суконная ф-ка. Электрастанцыі працуюць на імпартнай нафце, вытв-сць электраэнергіі 4,2 млрд. кВтгадз (1993). Ёсць прадпрыемствы харч., тэкст., вінаробчай, тытунёвай, папяровай, буд. матэрыялаў (у т. л. па апрацоўцы мармуру) прам-сці. Развіты саматужныя промыслы, выраб прадметаў хатняга ўжытку, сувеніраў, ювелірных упрыгожанняў, керамічных і скураных вырабаў. Больш за 70% прамысл. прадукцыі выпускаецца ў Амане і яго наваколлі. Сельская гаспадарка задавальняе толькі ​1/4 патрэб насельніцтва ў харч. прадуктах. Характэрна памешчыцкае землеўладанне, сяляне — пераважна арандатары. Пустыні і паўпустыні, якія займаюць 94,1% тэрыторыі, выкарыстоўваюцца пад экстэнсіўную малапрадукц. жывёлагадоўлю. Апрацоўваецца каля 400 тыс. га, у т. л. арашаецца каля 100 тыс. га. Галоўны земляробчы раён — даліна р. Іардан (разнастайныя фрукты, пшаніца, ячмень, кукуруза, сачавіца, бабовыя, памідоры, баклажаны, капуста, агуркі, кавуны, дыні). Ранняя гародніна і фрукты экспартуюцца. На непаліўных землях вырошчваюць збожжавыя культуры. Ураджайнасць вагаецца ў залежнасці ад колькасці ападкаў. Гадуюць (1994): буйн. раг. жывёлу — 50 тыс. галоў, вярблюдаў — 70 тыс. галоў, авечак і коз — каля 1,5 млн. галоў. Развіта бройлерная птушкагадоўля. Порт Акаба — цэнтр рыбалоўства і марскіх промыслаў. Транспарт пераважна аўтамабільны. Даўж. аўтадарог каля 9 тыс. км, з іх 3 тыс. км асфальтаваных. У краіне 162 тыс. легкавых аўтамабіляў, 92 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў (1994). Гал. аўтадарогі звязваюць Аман з портам Акаба, Сірыяй, Іракам, Саудаўскай Аравіяй. Даўж. адзінай чыгункі, якая перасякае краіну з Пн на Пд, каля 600 км. Грузаабарот порта Акаба — 20 млн. т штогод. Праз І. праходзяць нафтаправоды Кіркук (Ірак) — Хайфа (Ізраіль, не дзейнічае) і Дахран (Саудаўская Аравія) — Сайда (Ліван). У краіне 2 міжнар. аэрапорты (Аман, Акаба). І. наведваюць штогод каля 4 млн. турыстаў. Даход ад замежнага турызму складае 0,5 млрд. дол. (1994). І. экспартуе фасфарыты (каля 50% кошту), цэмент, раннія гародніну і фрукты; імпартуе разнастайныя прамысл. тавары і харч. прадукты.

У 1994 экспартавана тавараў на 1,4 млрд. дол., імпартавана на 3,5 млрд. долараў. Асн. гандл. партнёры — Саудаўская Аравія, Ірак, інш. арабскія краіны, ЗША, Германія, Вялікабрытанія, Японія. Знешні доўг каля 9 млрд. дол. (1995). Грашовая адзінка — іарданскі дынар.

Узброеныя сілы. Складаюцца з сухап. войск, ВПС і ВМС. Вярх. галоўнакамандуючы — кароль. У аснове ваен. дактрыны канцэпцыя «кругавой абароны». Ва ўзбр. сілах 98,5 тыс. чал. (1997). Сухап. войскі (90 тыс. чал.), каля 900 танкаў, 480 гармат, 450 мінамётаў. У ВПС (8 тыс. чал.) каля 100 баявых самалётаў, 24 верталёты. У ВМС (0,5 тыс. чал.) 10 катэраў. З 1991 узбр. сілы камплектуюцца на кантрактнай аснове. З 1996 баявая падрыхтоўка вядзецца сумесна з ЗША, інш. членамі НАТО.

І.І.Пірожнік, Ф.С.Фешчанка (прырода, насельніцтва, гаспадарка), У.С.Кошалеў (гісторыя), Р.Ч.Лянькевіч (узброеныя сілы).

Герб і сцяг Іарданіі.
Да арт. Іарданія. Агульны выгляд г. Аман.
Да арт. Іарданія. Тыповы ландшафт на поўдні краіны.

т. 7, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)