АЛА́Р (Aulard) Франсуа Віктор Альфонс

(19.7.1849, Манброн, Францыя — 23.10.1928),

французскі гісторык. Замежны чл.-кар. Рас. АН (з 1924). Па адукацыі філолаг. Даследчык франц. рэвалюцыі 1789—94. У 1886—1922 узначальваў кафедру гісторыі Рэвалюцыі ў Сарбоне. У працы «Палітычная гісторыя Французскай рэвалюцыі. Паходжанне і развіццё дэмакратыі і рэспублікі» (1901) разглядаў ход рэвалюцыі з пазіцый ідэйнай барацьбы, лічыў перыяд Консульства працягам рэвалюцыі. З пач. 1900-х г. даследаваў праблемы эканам. і сац. гісторыі рэвалюцыі.

т. 1, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́ДЭРА (Bredero) Гербранд Адрыянс

(16.3.1585, Амстэрдам — 23.8.1618),

нідэрландскі драматург і паэт. Яго творчасць увабрала ў сябе традыцыі нар. т-ра і песні, злучыла ў адно цэлае элементы рэнесансавыя, барочныя і тэндэнцыі новага рэалізму. У драмах «Родэрык і Альфонс» (1611), «Грыяна» (1612), «Нямы рыцар» (не скончана) абараняў годнасць чалавека незалежна ад яго саслоўнага паходжання. Нар. гумар, сакавітыя фарбы і вобразная, наўмысна грубаватая мова вылучаюць «Клухт пра карову» (1612) і «Клухт пра мельніка» (1613), напісаныя ў традыцыі нар. сярэдневяковага фарса — клухта. Лепшыя творы — камедыі «Маўрытанка» (1615) і «Іспанец з Брабанта» (1617). Паэзія Брэдэра сабрана ў «Вялікай кнізе песень» (выд. 1622).

Літ.:

Ошис В.В. История нидерландской литературы. М., 1983. С. 81—86.

Г.В.Сініла.

т. 3, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАМАРЦІ́Н (Lamartine) Альфонс Мары Луі Пра дэ

(21.10.1790, г. Макон, Францыя — 28.2 або 1.3.1869),

французскі паэт-рамантык, паліт. дзеяч, дыпламат, гісторык. Чл. Франц. акадэміі (1830). З 1814 афіцэр каралеўскай гвардыі. У 1820—21 з дыпламат. місіяй у Неапалі, у 1825—28 — у Фларэнцыі. З 1833 чл. Палаты дэпутатаў. У рэвалюцыю 1848 міністр замежных спраў Часовага ўрада Францыі. Першым зб-кам («Паэтычныя роздумы», 1820; «Новыя паэтычныя роздумы», 1823) уласцівы летуценная сузіральнасць і меланхолія, якія паступова змяняюцца малітоўнай одай (зб. «Паэтычныя і рэлігійныя сугуччы», 1830). Паэмы «Жаселен» (1836), «Падзенне анёла» (1838) прасякнуты адчуваннем нетрываласці зямнога быцця і тугой па тагачасным ідэале. Сярод інш. твораў — паэма «Смерць Сакрата» (1823), аповесці «Споведзь», «Рафаэль» (абедзве 1849), «Грацыэла» (1852). Асн. гіст. праца — «Гісторыя жырандыстаў» (т. 1—8, 1847).

Тв.:

Рус. пер. — у кн. Французская элегия XVIII—XIX вв. в переводах поэтов пушкинской поры. М., 1989. С. 304—433.

А.В Хадановіч.

т. 9, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАДЭ́ (Daudet) Альфонс

(13.5.1840, г. Нім, Францыя — 16.12.1897),

французскі пісьменнік. Ураджэнец Праванса, ён ужо ў першых творах, якія зрабілі яго імя вядомым (зб. вершаў «Закаханыя», 1858; аўтабіягр. раман «Малы», 1868; зб. апавяданняў і нарысаў «Пісьмы з майго млына», 1869), з тонкім лірызмам і мяккім гумарам расказаў пра побыт, норавы, звычаі, паданні сваіх землякоў, з любоўю намаляваў вобраз «маленькага чалавека». На правансальскім матэрыяле напісана і вядомая сатыр. трылогія пра Тартарэна («Незвычайныя прыгоды Тартарэна з Тараскона», 1872; «Тартарэн у Альпах», 1885; «Порт Тараскон», 1890). У вобразе гал. героя ён высмеяў дробнага буржуа, правінцыяльнага абывацеля, фразёра і хвалько. У сац. раманах 1870—80-х г. з гіст. і амаль дакументальнай канкрэтнасцю, паказаў сучасную яму Францыю, стварыў трапныя сатыр. вобразы драпежных дзялкоў і паліт. авантурыстаў («Фрамон малодшы і Рыслер старэйшы», 1874; «Набоб», 1877; «Каралі ў выгнанні», 1879), прадажных журналістаў і рэліг. фанатыкаў («Нума Руместан», 1881; «Евангелістыка», 1883), бяздарных артыстаў і лжэвучоных («Сафо», 1884; «Бессмяротны», 1885). Аўтар п’ес («Арлезіянка», 1872, і інш.), успамінаў.

Тв.:

Рус. пер.Собр. соч. Т. 1—7. М., 1965.

Літ.:

История всемирной литературы. Т. 7. М., 1990.

Т.У.Кавалёва.

т. 6, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)