род недасканалых грыбоў сям. меланконіевых. Вядома каля 70 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Паўн. Амерыцы, Індыі. На Беларусі глеяспорый парэчкавы (G. ribis) паразітуе на лісці парэчак, глеяспорый пладовы (G. fructigenum) — на семечкавых і костачкавых пладовых культурах, глеяспорый канюшынавы (G. trifoliorum) — на канюшыне.
Канідыяносцы кароткія, цыліндрычныя, палачкападобныя, аднаклетачныя, часта ад канічных да іголкападобных, сабраныя разам на плоскім або злёгку пукатым, светла- ці цёмна-бурым ложы (спляценне грыбных гіфаў). Канідыі бясколерныя, аднаклетачныя, выходзяць на паверхню склееныя сліззю. У цыкле развіцця адзначаны сумчатыя стадыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЗДЫ́КА Міхаіл Фёдаравіч (н. 13.11.1944, в. Шклянцы Докшыцкага р-на Віцебскай вобл.),
бел. графік. Скончыў БПІ (1973), выкладаў у ім. З 1975 супрацоўнічае з бел. выдавецтвамі. Творчасць адметная спалучэннем філас. разумення жыцця і лірычнай інтэрпрэтацыі (дыптых «Воблакі і камяні», 1988; «Метамарфозы», 1992; «Варыяцыі на тэму восені», 1994; «Падабенства», 1995, і інш.). На 22-м міжнар. салоне ў Бельгіі яго творы адзначаны сярэбраным медалём (1992) і залатым медалём Еўрапейскай АМ (1993).
М.М.Паграноўскі.
М.Барздыка. Частка дыптыха «Воблакі і камяні». 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯЛЕ́Цзвычайны
(Leuciscus leuciscus),
рыба сям. карпавых атр. карпападобных. Пашыраны ў вадаёмах Сярэдняй і Паўн. Еўропы. На Беларусі жыве ва ўсіх рэках (асабліва ў невял., з чыстай вадой і хуткай плынню), адзначаны таксама ў праточных азёрах. Нар. назвы яльчык, клянёк, стаўпец.
Даўж. да 20 (рэдка да 30) см, маса да 200 (рэдка да 400) г. Цела вузкае, падоўжанае; луска буйная. Хваставы і спінны плаўнікі цёмна-шэрыя, астатнія шэрыя, радзей жаўтавата-чырванаватыя. Рот паўніжні. Корміцца дробнымі беспазваночнымі, насякомымі. Аб’ект спарт. рыбалоўства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБСАЛЮ́ТНАЯ ВЫШЫНЯ́, абсалютная адзнака,
адлегласць па вертыкалі ад якога-небудзь пункта на паверхні зямлі да сярэдняга ўзроўню паверхні акіяна. Для мясціны, вышэйшай за ўзроўневую паверхню, абсалютная вышыня дадатная, для ніжэйшай — адмоўная. Найвыш. пункт Зямлі — г. Джамалунгма (8848 м), найб. нізкая адзнака Зямлі — узбярэжжа Мёртвага мора (-395 м); на Беларусі адпаведна г. Дзяржынская (345 м) і пойма р. Нёман на мяжы з Літвой (80 м). Для геадэзіі і гравіметрыі на тэр. рэспублікі за зыходную ўзроўневую паверхню прыняты сярэдні ўзровень Балтыйскага м., адзначаны нулявым дзяленнем на Кранштацкім футштоку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯГЛІ́ФЫ,
выкапнёвыя сляды жыццядзейнасці арганізмаў на паверхні або ўнутры асадкавых парод. Да біягліфаў адносяцца сляды жыўлення, перамяшчэння арганізмаў, іх норы, хады, зробленыя ў рыхлым (напр., чарвямі, малюскамі) ці шчыльным скалістым (двухстворкамі-каменяточцамі) грунце, на рэштках жывёл і раслін (губкамі, чарвямі, водарасцямі, грыбамі) і інш. На тэр. Беларусі біягліфы адзначаны ў адкладах кембрыю, ардовіку, сілуру, дэвону, карбону, юры і мелу. У пясчана-гліністых і карбанатных пародах выяўлены хады чарвей, малюскаў, на міжслаявых паверхнях — сляды поўзання беспазваночных. Біягліфы выкарыстоўваюцца ў геал. даследаваннях для вызначэння ўмоў утварэння асадкавых парод. Вывучае біягліфы палеаіхналогія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕЛЬМІНТАСПО́РЫЙ (Helminthosporium),
род недасканалых грыбоў сям. дэмацыевых. Шматлікія віды роду пашыраны ўсюды. Паразітныя формы, прыстасаваныя да пэўных відаў раслін, выклікаюць гельмінтаспарыёзы, сапратрофныя развіваюцца на кары, лісці, сухіх галінках і сцёблах дрэвавых і травяністых раслін. На Беларусі найб. шкодныя гельмінтаспорый ячменны (H. teres), гельмінтаспорый аўсяны (H. avenae), гельмінтаспорый злакавы (H. gramineum).
Міцэлій шматклетачны, пранізвае асобныя органы раслін, развіваецца ва ўсіх тканках або знаходзіцца ў стадыі спакою. Канідыяносцы прамыя, слабаразгалінаваныя, вузлаватыя, у паразітных відаў сабраны ў пучкі, у сапратрофаў — адзіночныя. Канідыі цыліндрычныя, падоўжана-эліпсападобныя, з перагародкамі. У цыкле развіцця адзначаны стадыі сумчатых грыбоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯПАРТА́ЛЬНЫЯ (Diaporthales),
парадак сумчатых грыбоў з групы парадкаў пірэнаміцэтаў. Вядома больш за 450 відаў. Пашыраны ў Еўропе і Паўн. Амерыцы. Сапратрофы на раслінных рэштках, некат. — паразіты (пераважна ў канідыяльнай стадыі) пладовых і ягадных культур. На Беларусі адзначаны віды з родаў гнамонія, дыяпортэ, гламерэла, вальса.
Пладовыя целы (перытэцыі) цёмна-бурыя ці чорныя, шчыльныя, скурыстыя, з носікам для выхаду аскаспор, паглыбленыя ў субстрат або строму (міцэліяльнае спляценне). Сумкі булавападобныя або цыліндрычныя, з часовай ножкай, якая потым знікае, у спелых перытэцыях размешчана свабодна ў слізі. Сумкаспоры адна- або двухклетачныя, бясколерныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РТУ́ТНЫЯ РУ́ДЫ,
прыродныя мінер. ўтварэнні, якія выкарыстоўваюцца для прамысл. здабычы ртуці. Гал. рудны мінерал — кінавар (мае ртуці 86,2%), другасныя — метацынабарыт, самародная ртуць, лівінгстаніт і інш. Р.р. падзяляюцца на вельмі багатыя або штуфныя (5—10% і больш Hg), багатыя (каля 1%), радавыя (0,2—0,3%), бедныя (0,06—0,12%), убогія (0,02—0,06%) і ртуцьзмяшчальныя (0,01—0,00001%). Паклады пластападобныя і кантактавыя, жылы, гнёзды, штокверкі. Радовішчы нізкатэмпературныя гідратэрмальныя, радзей вулканагенныя, адзначаны выпадкі сучаснага адкладу ртуці з вод тэрмальных крыніц (штат Невада, ЗША; Новая Зеландыя; Камчатка). Найб. значныя запасы Р.р. у Іспаніі, Італіі, ЗША, Турцыі, Алжыры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАМАШО́Ў Даніла Парфіравіч (23.12.1875, в. Палошкава Клімавіцкага р-на Магілёўскай вобл. — 10.3.1926),
майстар і рэстаўратар смычковых інструментаў. Вучыўся ў Кіеве (з 1892), працаваў пад кіраўніцтвам А.Дзідло (вучня Ж.Б.Вільёма, 1896). З 1901 самастойна вырабляў смычковыя інструменты ў Кіеве, з 1906 — у Вял. т-ры, кансерваторыі і інш.муз. установах Масквы. Інструменты, вырабленыя Т., адзначаны залатым медалём на выстаўцы ў Рыме (1911). Захаваліся 26 скрыпак, 3 віяланчэлі яго работы. Адзін з яго інструментаў зберагаецца ў калекцыі рэдкіх муз. інструментаў у Нац. музеі гісторыі і культуры Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЛО́ТРЫКС (Ulothrix),
род ніткаватых зялёных водарасцей сям. улотрыксавых. Каля 30 відаў. Пашыраны ў прэсных і марскіх вадаёмах (у абрастаннях розных субстратаў і планктоне), асобныя — у небе У рэках і азёрах Беларусі адзначаны У. найдалікатнейшы (U. tenerrima), найтанчэйшы (U. subtilissima), патончаны (U. tenuissima), паясковы (U. zonata); толькі у глебе — У. зменлівы (U. variabilis).
Ніткі неразгалінаваныя, аднарадныя, шыр. 2—83 мкм. Клеткі цыліндрычныя, у суцэльнай, зрэдку слаістай абалонцы. Хларапласты прысценныя, з 1 або некалькімі пірэноідамі і ядром. Размнажэнне бясполае (апланаспорамі, зааспорамі), вегетатыўнае (акінетамі, фрагментамі нітак), палавое (ізагамія).