РЭЧАІ́СНАСЦЬ,

аб’ектыўна рэальнае, актуальнае і наяўнае быццё. Р. адрозніваюць ад ідэальнага, нерэчаіснага зместу чалавечых вобразаў і паняццяў і патэнцыяльнага, магчымага быцця, якое яшчэ не ўзнікла, не стала наяўным. Складаецца са шматлікай колькасці матэрыяльных прадметаў, з’яў, рэчаў з іх уласцівасцямі і адносінамі, якія знаходзяцца ў працэсах развіцця і змен. Да Р. адносяцца і прыродныя, і грамадска-гіст. з’явы, у т. л. каштоўнасці матэрыяльнай і духоўнай культуры. Таксама ўключае псіхафізіял. ўласцівасці людзей (магчымасць адлюстроўваць з’явы свету ў форме адчуванняў і звязаныя з імі ўспрыняцце, уяўленні, паняцці, меркаванні, тэорыі і інш.), але ідэальны змест гэтых уласцівасцей да Р. не адносіцца: ён можа адпавядаць Р. ці скажаць правільнае ўяўленне аб ёй. Крытэрыем правільнага адлюстравання Р. ў ідэях з’яўляецца практыка.

Катэгорыя Р. выкарыстоўвалася яшчэ ў стараж.-грэч. філасофіі. Дэмакрыт проціпастаўляў Р. як «свет па ісціне» «свету па меркаванні». Платон разглядаў Р. як свет ідэальных сутнасцей, процілеглы пачуццёваму свету. У філасофіі 16—18 ст. Р. тлумачылася як сукупнасць матэрыяльных цел, якія аб’ектыўна існуюць у прасторы і часе і наглядна дадзены чалавеку ў адчуваннях. Г.В.​Ф.​Гегель прызнаваў у якасці Р. абсалютныя паняцці, якія аб’ектыўна існуюць і дыялектна развіваюцца ў сусв. розуме. Рас. філосафы М.​А.​Бярдзяеў, С.​Л.​Франк разглядалі Р. як абсалютнае (Божае) быццё і лічылі, што яго нельга даказаць, але трэба першапачаткова зыходзіць з яго; разам з тым яны прызнавалі першаснасць прадметнага быцця і сцвярджалі, што ўкаранёнасць чалавека ў гэтым быцці робіць магчымай яго свядомасць. Прадстаўнікі экзістэнцыялізму разглядалі Р. як перажыванне чалавекам свайго існавання. Бельг. фізік і філосаф І.​Р.​Прыгожын распрацаваў сінергетычны падыход у разуменні Р., якую разглядаў як самарэгулюемую сістэму, што грунтуецца на ўзаемапераходных працэсах хаосу і парадку, няўстойлівасці і ўстойлівасці, дэзарганізацыі і арганізацыі. Паняцце «Р.» цесна звязана з катэгорыяй магчымасці, якая з’яўляецца патэнцыяльнай Р., перадумовай Р. У развіцці пэўных з’яў Р. змешчана мноства нерэалізаваных магчымасцей. Іх рэалізацыя залежыць ад канкрэтных умоў, а часта ад выпадковых абставін развіцця Р. (гл. Магчымасць і рэчаіснасць). Працэсы рэалізацыі магчымасцей у Р. як самарэгулюемай сістэме даследуюцца ў сінергетыцы.

В.​Дз.​Марозаў.

т. 14, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САВЕ́Т ЕЎРО́ПЫ (СЕ; англ. Council of Europe, франц. Conseil de l’Europe),

найстарэйшая міжпарламенцкая і міжурадавая кансультатыўная паліт. арг-цыя еўрап. дзяржаў, утвораная ў 1949 для садзейнічання інтэграцыйным працэсам у галіне правоў чалавека. Статут арг-цыі падпісаны 5.5.1949 (набыў сілу 3.8.1949) у Лондане на канферэнцыі 10 дзяржаў-заснавальніц (Бельгія, Вялікабрытанія, Данія, Ірландыя, Італія, Люксембург, Нарвегія, Нідэрланды, Францыя, Швецыя). Пазней у СЕ уступілі Грэцыя і Турцыя (1949), Ісландыя (1950), ФРГ (1951), Аўстрыя (1956), Кіпр (1961), Швейцарыя (1963), Мальта (1965), Партугалія (1976), Іспанія (1977), Ліхтэнштэйн (1978), Сан-Марына (1988), Фінляндыя (1989), Венгрыя (1990), Польшча (1991), Чэшская і Славацкая Федэратыўная Рэспубліка (1991, з 1993 асобна Чэшская і Славацкая Рэспублікі), Балгарыя (1992), Эстонія, Літва, Славенія, Румынія (усе ў 1993), Андора (1994), Албанія, Латвія, Македонія, Малдова, Украіна (усе ў 1995), Расія і Харватыя (1996), Грузія (1999); усяго 41 дзяржава (1999). Статус назіральніка маюць Ізраіль (з 1961) і ЗША (з 1996). Займаецца шырокім колам пытанняў чалавечага вымярэння: ад абароны правоў чалавека, умацавання дэмакр. шматпарт. рэжымаў, выпрацоўкі захадаў для вырашэння агульных праблем грамадскага жыцця, фарміравання агульнаеўрап. культ. супольніцтва да барацьбы з тэрарызмам. Спрыяе уніфікацыі заканадаўства розных краін у галіне правоў чалавека. Праводзіць экспертызу ўзроўню абароны правоў асобы ў канкрэтнай краіне, у яе заканадаўстве і на практыцы. Органамі СЕ, рашэнні якіх маюць рэкамендацыйны характар, з’яўляюцца: К-т міністраў (уваходзяць міністры замежных спраў краін-членаў), Парламенцкая асамблея (уваходзяць прадстаўнікі нац. парламентаў дзяржаў-членаў), Ген. сакратарыят, Кангрэс абшчын і рэгіёнаў Еўропы. Пры СЕ функцыянуе шэраг спецыялізаваных устаноў — Еўрап. суд па правах чалавека, Еўрап. камісія па правах чалавека, Савет культ. супрацоўніцтва. Штаб-кватэра знаходзіцца ў г. Страсбур (Францыя) у Палацы Еўропы. Сімвал СЕ — зацверджаны 8.12.1955 еўрап. флаг (12 залатых зорак, размешчаных па крузе на блакітным фоне).

У 1993 упершыню адбыўся афіц. візіт ген. сакратара СЕ К.​Лалюм’ер у Рэспубліку Беларусь. У 1993 Беларусь накіравала афіц. заяву з просьбай аб уступленні ў СЕ, у 1997 статус рэспублікі ў гэтай арг-цыі як «спецыяльна запрошанай» прыпынены.

Літ.:

Штайнер Ю. Еўрапейскія дэмакратыі. Пер. з англ. Мн., 1996.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 14, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВІФТ (Swift) Джонатан (30.11.1667, Дублін — 19.10.1745),

англійскі пісьменнік. Вучыўся ў Трыніты-каледжы Дублінскага ун-та (1682—88). У 1689—99 літ. сакратар і бібліятэкар дыпламата і эсэіста У.​Тэмпла. У 1692 атрымаў ступень магістра мастацтваў у Оксфардскім ун-це. У 1695 прыняў сан свяшчэнніка. Д-р багаслоўя (1702). У 1710—14 зблізіўся з кіраўнікамі ўрада торы, падтрымліваў і накіроўваў іх урадавую палітыку ў артыкулах і памфлетах.

У 1713 настаяцель сабора св. Патрыка ў Дубліне. Літ. дзейнасць пачаў як паэт. Першыя паэт. творы насілі парадыйны характар і высмейвалі манернасць т. зв. высокай паэзіі. Майстар паліт. памфлета, у якім асуджаў унутр. палітыку Англіі, калан. войны, выступаў супраць забабонаў і невуцтва. У памфлетах «Бітва кніг» (1697) і «Казка бочкі» (1704), напісаных у алегарычнай форме і насычаных паліт., антырэліг. сатырай, — ідэі карыснасці ведаў. Памфлеты «Пісьмы Суконшчыка» (1723—24), «Сціплая прапанова» (1729) прысвечаны барацьбе за правы ірл. народа. Асн. твор — раман «Падарожжы Гулівера» (1726), у якім вострая сатыра на славалюбства і крывадушнасць тагачасных судоў, паліт. дзеячаў і партый; у ім С. стварыў гратэскавы партрэт грамадства, з дапамогай якога высмейваецца ўсё чалавецтва. У апісанні падарожжа ў краіну ліліпутаў С. праводзіць ідэю аб выхаванні дзяцей у атмасферы справядлівасці, мужнасці, рэлігійнасці і любві да сваёй краіны. Вобразы патрыярхальных і мудрых волатаў, якія займаюцца мірнай плённай працай і не ведаюць зброі, служаць для акцэнтавання ідэалу пісьменніка — адукаванай манархіі. Апошняя частка рамана, якая апавядае пра разумных коней, напоўнена песімізмам: С. ужо не верыць у адраджэнне дабрадзейнасці людзей, аднак вобраз Гулівера, простага, працавітага і сумленнага чалавека, заклікае да самаўдасканалення. Паводле рамана зняты маст. і мультыплікацыйныя фільмы (Англія, ЗША, Іспанія). Бел. т-р юнага гледача паставіў спектакль «У краіне ліліпутаў» (1985). На бел. мову раман пераклаў А.​Кудравец.

Тв.:

Бел. пер. — Падарожжы Гулівера. Мн., 1974;

Рус. пер. — Памфлеты. М., 1955;

Дневник для Стеллы. М., 1981;

Путешествия Гулливера... Мн., 1992;

Приключения Гулливера в Лилипутии. Мн., 1996.

Літ.:

Муравьев В.С. Джонатан Свифт. М., 1968;

Дубашинский И.А. Памфлеты Свифта. Рига, 1968;

Левидов М.Ю. Путешествие.., мысли и чувства Джонатана Свифта... М., 1986.

М.​С.​Рагачэўская.

Дж. Свіфт.

т. 14, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІКО́РСКІ (Sikorski) Уладзіслаў (20.5.1881, Тушаў-Нарадовы, каля г. Мелец, Польшча — 4.7.1943),

польскі ваен. і дзярж. дзеяч. Ген. броні (1940). Скончыў настаўніцкую семінарыю ў г. Жэшаў (1902), Львоўскі політэхн. ін-т (1908). З 1902 удзельнічаў у польскім нац.-вызв. руху. У 1-ю сусв. вайну адзін са стваральнікаў легіёнаў польскіх у Галіцыі (Аўстра-Венгрыя), з 1918 у Войску Польскім. Удзельнік польска-сав. вайны 1919—20 на тэр. Беларусі (камандаваў Палескай брыгадай, 5-й і 3-й арміямі). У 1921—22 нач. Генштаба. У снеж. 1922 — маі 1923 прэм’ер-міністр і міністр унутр. спраў Польшчы. З 1923 ген. інспектар пяхоты, у лют. 1924 — ліст. 1925 міністр вайск. спраў. Выступаў за знешнепаліт. арыентацыю Польшчы на Францыю. Памяркоўна ставіўся да нац. меншасцей, у т. л. беларусаў. У 1925—28 камандаваў войскамі ваен. акругі (Львоў). Пасля ваен. перавароту Ю.​Пілсудскага 1926 адхілены ад гэтай пасады (1928). Быў апанентам «санацыйнага рэжыму». У 2-ю сусв. вайну прэм’ер-міністр і міністр вайск. спраў (з 30.9.1939) польскага ўрада ў эміграцыі (у Францыі, з чэрв. 1940 у Вялікабрытаніі), адначасова вярх. галоўнакамандуючы і генеральны інспектар узбр. сіл (з 7.11.1939). Імкнуўся да перамогі над нацысцкай Германіяй у саюзе з зах. краінамі (пасля 22.6.1941 і з СССР) і аднаўлення незалежнай польск. дзяржавы з даваен. усх. мяжой. Адзін з першых палітыкаў на Захадзе, які прапанаваў адкрыццё другога фронту. У ліп. 1941 заключыў савецка-польскае пагадненне 1941, паводле якога з польскіх ваеннапалонных і б. жыхароў Зах. Беларусі і Зах. Украіны створана Андэрса армія, а ў час свайго афіц. візіту ў СССР (снеж. 1941) падпісаў Дэкларацыю аб сяброўстве і ўзаемнай дапамозе з СССР (Дэкларацыя С. — Сталіна). Загінуў у авіякатастрофе каля Гібралтара пры нявысветленых абставінах. Аўтар шэрагу прац па пытаннях ваен. і дзярж. палітыкі міжваен. Польшчы.

Літ.:

Климковский Е. Я был адъютантом генерала Андерса: Пер. с пол. М., 1991;

Парсаданова В.С. Владислав Сикорский // Вопр. истории. 1994. № 9: Terlecki O. Władysław Sikorski. Wrocław etc., 1985.

Ю.​В.​Грыбоўскі.

т. 14, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛАВА́ЦКІ (Słowacki) Юльюш (4.9.1809, г. Крэменец Цярнопальскай вобл., Украіна — 3.4.1849),

польскі паэт, драматург. Вучыўся ў Віленскім ун-це (1825—28). У 1829 пераехаў у Варшаву. З 1831 у эміграцыі (Францыя, Швейцарыя, Грэцыя, Італія). Раннія вершы («Ода да вольнасці», «Куліг», «Песня літоўскага легіёна» і інш.) прысвечаны нац.-вызв. барацьбе. У паэмах «Гуго» (нап. 1829), «Манах», «Араб», «Ян Бялецкі» (усе нап. 1830), «Змяя» (нап. 1831) уплыў сусв. рамант. паэзіі. Праблемы тагачаснага паліт. жыцця ў цэнтры драм «Міндоўг, кароль літоўскі» (нап. 1829), «Марыя Сцюарт» (паст. 1862). Аўтар аўтабіягр. («Гадзіна роздуму»), гераічнай («Ламбро, грэчаскі паўстанец», абедзве 1833), філас.-патрыят. («Ангелі», 1838), псіхал. («Бацька зачумленых»), лірычнай («У Швейцарыі», абедзве 1839), рэаліст. («Бянёўскі», не закончана, выд. 1841) паэм. У «Паэме Пяста Дантышака... аб пекле» (1839) дантаўскія матывы. Вядомасць набылі яго рамант. драмы «Мазепа» (паст. 1847), «Баладына» (паст. 1862), «Ліля Венеда» (паст. 1863), «Фантазій» (паст. 1867), «Гарштынскі» (паст. 1879), «Кардыян» (паст. 1899), у якіх асэнсаванне канцэпцыі прыроды, гісторыі і чалавека, праблемы нац.-патрыят. руху ў Польшчы, трагедыя рамант. індывідуалізму, палеміка з А.​Міцкевічам, выкарыстанне свабоднай маст. формы. Зазнаў уплыў ідэй польскага месіянізму, спрабаваў стварыць сваю філасофію духу (гісторыка-філас. паэма «Кароль-Дух», не закончана; празаічная паэма «Генезіс духу», выд. 1866; драма «Сярэбраны сон Саламеі», паст. 1900). У позняй лірыцы асабістыя пачуцці пераплятаюцца з грамадз. матывамі («Гімн», «Мой тастамент», «Адказ на «Псалмы будучыні» і інш.). На бел. мову асобныя яго творы перакладалі А.​Вольскі, С.​Дзяргай, У.​Дубоўка, А.​Звонак, М.​Лужанін, П.​Пестрак, Я.​Семяжон, М.​Танк. Паводле аднайм. драмы Дзярж. т-р оперы і балета Беларусі паставіў оперу «Мазепа» (1952), Бел. т-р імя Я.​Купалы — спектакль «Смерць ваяводы» (1959).

Тв.:

Dzieła wszystkie. Т. 1—17. Warszawa, 1952—76;

Бел. пер. — Выбранае. Мн., 1959;

Рус. пер. — Избр. соч. Т. 1—2. М., 1960;

Избранное. М., 1984.

Літ.:

Дерналович М. Юлиуш Словацкий. Варшава, 1986;

Ю.​Словацкий: Биобиблиогр. указ. М., 1959;

Piwińska M. Juliuz Słowacki od duchów. Warszawa, 1992;

Kowalczykowa A. Słowacki. Warszawa, 1994.

М.​М.​Хмяльніцкі.

Ю.Славацкі.

т. 14, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СПРАВЯДЛІ́ВАСЦЬ,

сацыяльна-палітычнае і маральна-прававое паняцце, звязанае з гістарычна зменлівымі ўяўленнямі аб правах чалавека; роўныя магчымасці ўсіх членаў грамадства ў рэалізацыі сваіх здольнасцей і задавальненні жыццёвых патрэбнасцей; адпаведнасць паміж практычнай роляй чалавека ці сац. групы і іх сац. становішчам, паміж правамі і абавязкамі, заслугамі і іх грамадскім прызнаннем, працай і ўзнагароджаннем, злачынствам і пакараннем. У сац.-паліт. сферы ажыццяўленне прынцыпу С. прадугледжвае фактычнае раўнапраўе грамадзян, у сферы культуры — у стварэнні спрыяльных умоў для далучэння ўсіх членаў грамадства да духоўных каштоўнасцей. Уяўленні пра С. прайшлі эвалюцыю ад ідэй раўнапраўя у межах саслоўя да ўсеагульнай роўнасці сацыяльнай. Пашырэнне спектра С. звязана з рэалізацыяй ідэй дэмакратыі, развіццём паліт. культуры і разуменнем чалавечай асобы як найвышэйшай каштоўнасці грамадства.

Першай спробай тэарэт. асэнсавання С. стала сац.-этычнае вучэнне Платона, які лічыў С. сумай усіх дабрачыннасцей. Ажыццяўленне прынцыпу С. ў грамадстве ён звязваў з добрасумленным выкананнем сваіх абавязкаў членамі аднаго саслоўя і неўмяшаннем у справы іншага. Арыстоцель вылучаў 2 віды С. (размеркавальную і ўраўняльную) і ўпершыню сфармуляваў прынцып прапарцыянальнасці, згодна з якім размеркаванне даброт паміж членамі грамадства павінна быць прапарцыянальным іх дзейнасці. У хрысціянстве паняцце С. звязваецца з ідэяй пасмяротнай адплаты за дабрадзейнае ці грэшнае жыццё. Стварэнне сац. ладу, які б вызначаўся С. пры размеркаванні матэрыяльных і духоўных даброт, выступала асн. ідэяй сацыялістаў-утапістаў (А.​Сен-Сімон, Ш.​Фур’е, Р.​Оўэн). У 20 ст. вызначыліся супрацьлеглыя погляды на праблему С.: адмаўленне магчымасці сац. С. і прызнанне сац. няроўнасці натуральным спосабам існавання грамадства (тэорыя функцыяналізму Э.​Дзюркгейма, Э.​Мура, тэорыя статусных груп М.​Вебера і інш.) і сцвярджэнні, што шляхам мэтазгоднага рэфармавання дзяржавы ці рэвалюцыі сацыяльнай магчыма дасягнуць сац. С. (неамарксізм, дэмакратычны, этычны, кааператыўны сацыялізм, тэорыя сац. дзяржавы і інш.).

Літ.:

Григорьев С.И. Диалог об очень важном: Критич. очерк немарксистских концепций социал. справедливости. Барнаул, 1985;

Ермолина Г.К. Идеал справедливости и действительность. Иваново, 1991;

Свобода и справедливость: Диалог мировоззрений. Н. Новгород, 1993;

Ролз Дж. Теория справедливости: Пер. с англ. Новосибирск, 1995.

І.​І.​Катляр.

т. 15, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАГО́Р Рабіндранат (Тхакур Рабіндранатх; 7.5.1861, г. Калькута, Індыя — 7.8.1941),

індыйскі пісьменнік, грамадскі дзеяч. Вучыўся ў Англіі (1878—80). Друкаваўся з 1875. Пісаў на бенгальскай мове. У першых зб-ках вершаў «Вячэрнія песні» (1882), «Ранішнія песні» (1883), драме «Помста прыроды» (1884) пантэістычныя і жыццесцвярджальныя матывы. Распрацаваў канцэпцыю «бажаства жыцця» («джыбон-дэбота») пра адзінства чалавека і прыроды (паэт. цыклы «Маношы», 1890; «Залатая лодка», 1893; «Імгненні», 1900; зб. «Гітанджалі», 1910). Раманы «Гора» (1907—10), «Дом і мір» (1915—16), цыкл вершаў «Палёт жураўлёў» (1914—16) прасякнуты ідэямі сац. і нац. вызвалення краіны. Уражанні ад паездак у краіны Азіі, Еўропы і Амерыкі ў «Дзённіку падарожжа на Захад» (1929), «Пісьмах аб Расіі» (1931) і інш. Сац. праблематыка ў лірычным зб. «Усходні напеў» (1925), алегарычных драмах «Вызвалены паток» (1922) і «Чырвоныя алеандры» (1924). Раман «Чатыры часткі» (1934), аповесці «Дзве сястры» (1933) і «Кветнік» (1934), паэт. зб-кі «Завяршэнне» (1932). «Апошняя актава» (1935), «Нованароджаны» (1940) і інш., зборнікі апавяданняў і публіцыстыкі скіраваны супраць расавай дыскрымінацыі, рэліг. нецярпімасці, каставай сістэмы і бяспраўя жанчыны, прасякнуты нац.-вызв. ідэямі. Творчасць Т. адыграла выключную ролю ў станаўленні бенгальскай літ. мовы. Ён узбагаціў паэзію новымі формамі і вершаванымі памерамі, заклаў асновы жанру апавядання і развіў жанр сац.-псіхал. рамана, паклаў пачатак паліт. лірыцы. Эстэт. погляды Т. адлюстраваны і ў мастацтве (аўтар некалькіх тысяч песень, 2000 малюнкаў і карцін). Песня «Душа народа» — гімн Індыі, «Мая залатая Бенгалія» — гімн Рэспублікі Бангладэш. Значную ўвагу аддаваў пытанням тэорыі і практыкі нар. асветы (адкрыў школу, заснаваў ун-т). На бел. мову яго творы пераклалі Я.​Колас, С.​Грахоўскі, А.​Мардвілка, А.​Разанаў, Я.​Семяжон, К.​Станкевіч, Г.​Шаранговіч. Нобелеўская прэмія 1913.

Тв.:

Бел. пер. — Садоўнік. Мн., 1927;

Крушэнне. Мн., 1958;

Выбранае. Мн., 1976;

Гітанджалі // Далягляды, 1992. Мн., 1992;

Рус. пер. — Соч. Т. 1—12. М., 1961—65;

Собр. соч. Т. 1-4 М., 1981—82.

Літ.:

Рабиндранат Тагор: Жизнь и творчество. М., 1986;

Рабиндранат Тагор: Биобиблиогр. указ. М., 1961.

В.​С.​Вайшкевіч.

Р.Тагор.

т. 15, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭХА́СКАЯ ВАЙНА́ 1835—36, мексікана-тэхаскі канфлікт,

узброенае паўстанне паўн.-амер. каланістаў Тэхаса супраць мекс. улад. Узнікла з-за пытання аб адм. і дзярж. прыналежнасці гэтай тэр., якое папярэднічала фактычнаму аддзяленню Тэхаса ад Мексікі і наступнаму далучэнню яго да ЗША. Выклікана незадаволенасцю белых перасяленцаў з ЗША, што колькасна пераважалі ў Тэхасе (30 тыс. чал. супраць 3,5 тыс. мексіканцаў, 5 тыс. неграў і 14—20 тыс. індзейцаў), палітыкай мекс. урадаў з 1830 (забарона далейшай міграцыі з ЗША ў памежныя мекс. землі, увядзенне пошлін на імпарт тавараў з ЗША, адмова каланістам утварыць на тэр. Тэхаса асобны штат, скасаванне памяркоўнай федэральнай канстытуцыі Мексікі 1824 і інш.). ЗША фармальна захоўвалі нейтралітэт, але пастаўлялі каланістам грошы, зброю, боепрыпасы, амуніцыю, добраахвотнікаў. У чэрв. 1835 атрад амерыканцаў на чале з У.​Трэйвісам заняў паселішча Анаўак. 2 кастр. паўстанцы спынілі мекс. войскі каля паселішча Гансалес, 9 снеж. пасля аблогі занялі г. Сан-Антоніо. Але 23.2.1836 горад блакіравала 6-тыс. армія пад камандаваннем дыктатара Мексікі А.​Санта-Аны, якая 6 сак. знішчыла тут у місіі Эль-Алама 182 амер. валанцёры. 1 сак. ў г. Вашынгтон-на-Бразас адкрыўся Ген. канвент «прадстаўнікоў народа Тэхаса» (58 дэлегатаў, з іх 3 мексіканцы), які 2 сак. абвясціў аддзяленне ад Мексікі і ўтварэнне незалежнай «Рэспублікі Тэхас» (прэзідэнтам стаў Д.​Г.​Бэрнет). Яе канстытуцыя (прынята 17 сак.) узаконіла рабства і ўвоз неграў-рабоў. 21 крас. 783 паўстанцы на чале са сваім галоўнакаманд. С.​Х’юстанам раптоўна атакавалі і разграмілі 4-тыс. авангард Санта-Аны (трапіў у палон) каля вусця р. Сан-Хасінта (вырашальная бітва). У сак. 1837 незалежнасць Тэхаса афіцыйна прызналі ЗША, а ў 1839—40 таксама Вялікабрытанія, Францыя, Нідэрланды, Бельгія. Т.в. пагоршыла адносіны паміж Мексікай і ЗША. Далейшае абвастрэнне 2-баковых адносін выклікала амерыкана-мексіканскую вайну 1846—48, у выніку якой ЗША зацвердзілі свой суверэнітэт над Тэхасам.

Літ.:

История США. Т. 1. М., 1983;

Потокова Н.В. Аннексия Техаса Соединенными Штатами Америки, 1821—1845 гг. Ростов н/Д, 1986.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 16, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХА́ЙДЭГЕР, Гайдэгер (Heidegger) Марцін (26.9.1889, г. Мескірх, Германія — 26.5.1976), нямецкі філосаф, адзін з заснавальнікаў нямецкага экзістэнцыялізму. Вучыўся ў Фрайбургскім ун-це ў Г.Рыкерта. З 1916 асістэнт Э.Гусерля. З 1923 праф. Марбургскага, у 1928—51 Фрайбургскага (у 1933—34 рэктар) ун-таў. Светапогляд Х. фарміраваўся пад уплывам фенаменалогіі Гусерля і М.​Шэлера, філасофіі жыцця В.Дзільтэя, дыялектычнай тэалогіі. У сваёй асн. працы «Быццё і час» (1927) распрацаваў новае вучэнне аб быцці, якое ён назваў «фундаментальнай анталогіяй». Паводле Х., анталагічную аснову чалавечага існавання (Dasein) складае яго канечнасць, часовасць. Апрыёрнымі формамі такога існавання («экзістэнцыяналамі») ён лічыў трывогу, неспакой, страх, часовасць, «закінутасць у свет», адкрытасць і да т.п. Адрозніваў сумеснае быццё («быццё-ў-свеце») як здольнасць індывіда ўступаць у зносіны з інш. людзьмі і «самабыццё». Лічыў, што ў «быцці-ў-свеце» ёсць небяспека для чалавека згубіцца ў свеце рэчаў, інш. людзей і дэградзіраваць да абязлічання; з гэтага стану яго можа вывесці страх. Пазней Х. разглядаў быццё як «быццё-ў-магчымасці», у творчай рэалізацыі асобы, у т. л. шляхам апрадмечвання сваіх думак у стварэнні тэхнікі («Час карціны свету», 1949). Каб зразумець сэнс быцця, чалавек, на яго думку, павінен вызваліцца ад «ідалаў грамадскага быцця» і ўсвядоміць сваю смяротнасць. Разглядаючы мову як «дом быцця», сапраўднае сканцэнтраванне культуры, Х. распрацоўваў ідэі «спекулятыўнай філасофіі» з мэтай праяснення «ісцін быцця» (найперш у творах паэтаў-рамантыкаў і сімвалістаў).

Тв.:

Рус. пер. — Работы и размышления разных лет. М., 1993;

Кант и проблема метафизики. М., 1997;

Тождество и различие. М., 1997;

Введение в метафизику. СПб., 1998;

Основные проблемы феноменологии. СПб., 2001;

Мартин Хайдеггер / Карл Ясперс: Переписка 1920—1963. М., 2001;

Бытие и время. 2 изд. СПб., 2002.

Літ.:

Михайлов И.А. Ранний Хайдеггер. М., 1999;

Мартин Хайдеггер и философия XX в. Мн., 1997;

Бимель В. Мартин Хайдеггер...: Пер. с нем. Челябинск, 1998;

Ставцев С.Н. Введение в философию Хайдеггера. СПб., 2000;

Сафрански Р. Хайдеггер: Германский мастер и его время: Пер. с нем. М., 2002.

В.​Дз.​Марозаў.

М.Хайдэгер.

т. 16, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЭНЗУ́РА (лац. censura),

сістэма дзярж., духоўнага (царкоўна-рэлігійнага), грамадскага і прыватнага (фінансава-алігархічнага) нагляду і кантролю за друкам і сродкамі масавай інфармацыі (СМІ). Як правіла, вызначае формы і метады ажыццяўлення цэнзурнай палітыкі, прадугледжвае фарміраванне адпаведных заканад.-нарматыўнай базы, структуры органаў і штата служачых — цэнзараў. Узнікла са з’яўленнем дзяржавы. Першая інстытуцыя Ц. — царква. Забарона і публічнае знішчэнне ератычных кніг бярэ пачатак ад першых усяленскіх сабораў. Вынаходніцтва кнігадрукавання прывяло да стварэння адмысловых устаноў Ц. і дакладнага акрэслення іх абавязкаў. Першай з еўрап. краін Ц. ўвяла ў 1502 Іспанія, потым Францыя (1521), Германія (1521), Англія (1530). На Беларусі першымі аб’ектамі ўвагі Ц. былі апокрыфы, некананічная богаслужэбная л-ра, ератычныя трактаты ў Полацкім, Смаленскім, Тураўскім княствах. Палітыку правасл. Ц. ў ВКЛ вызначалі Канстанцінопальскі і Маскоўскі патрыярхаты; каталіцкую Ц. — Ватыкан і манаскія ордэны. У Расіі Ц. зарадзілася ў 16 ст. як духоўная, якую з 1721 ажыццяўляў Сінод. У 19 ст. яна рэгулявалася спец. статутамі і правіламі. На працягу сак. — кастр. 1917 у Расіі была адменена папярэдняя і карная (акрамя ваен.) Ц., ажыццёўлена амаль поўная свабода друку. У розныя перыяды 1917—21 Ц. ў асобных рэгіёнах Беларусі вызначалі ўрады РСФСР, БНР, ССРБ, а таксама Літвы, Украіны, акупац. ўлады Германіі і Польшчы. У 1922 пры Наркамаце асветы БССР створана Гал. ўпраўленне па справах л-ры і выд-ва (Галоўліт), якое на працягу свайго існавання часткова мяняла назву і функцыі; з 19.9.1991 наз. Гал. ўпраўленне па ахове дзярж. тайнаў у друку і інш. сродках масавай інфармацыі пры СМ Рэспублікі Беларусь. У сувязі з прыняццем Закона Рэспублікі Беларусь «Аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі» (13.1.1995) Ц. адменена (арт. 4). У 20 ст. свабода слова і друку абвешчана ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека (10.12.1948), у канстытуцыях большасці дзяржаў свету, у т. л. Рэспублікі Беларусь (арт. 33).

Літ.:

Лемке М.К. Эпоха цензурных реформ, 1859—1865 гг. СПб., 1904;

Блюм А.В. Советская цензура в эпоху тотального террора, 1929—1953. СПб., 2000;

Ракашевич В.К. Главлит БССР (1923—1991) // Бел. археагр. штогоднік. Мн., 2000. Вып. 1.

т. 17, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)