матэматычная тэорыя, якая вывучае імавернасці выпадковых падзей і дае магчымасць вызначыць імавернасці складаных падзей праз імавернасці простых, калі вядома, як састаўлены з іх складаныя падзеі. Асн. аб’ект вывучэння І.т. — паслядоўнасці і сем’і выпадковых велічынь. І.т. будуецца на аснове мностваў тэорыі і тэорыі меры (гл.Мера мноства). Гэты падыход распрацаваны А.М.Калмагоравым. І.т. выкарыстоўваецца ў стат. фізіцы, матэм. статыстыцы, імавернаснай логіцы, а таксама ў біялогіі, ваен. справе, тэхніцы і інш.
Зыходныя паняцці І.т. — паняцці выпадковай падзеі і яе імавернасці. Падзеі рэчаіснасці бываюць: дакладныя — заўсёды адбываюцца; немагчымыя — ніколі не адбываюцца; выпадковыя — часам адбываюцца, а часам не. З двух выпадковых падзей A і B можна ўтварыць складаныя падзеі: аб’яднанне (суму) A∪B — {адбудзецца ці A, ці B}, перасячэнне (здабытак) A∩B — {адбудуцца і A і B}, рознасць A\B — {адбудзецца A, але не адбудзецца B}. Выкарыстоўваючы гэтыя аперацыі над дзвюма ці больш падзеямі, атрымліваюць складаныя падзеі. Мяркуецца, што для кожнай выпадковай падзеі A вызначана імавернасць — лік P(A), які задавальняе ўмовам: P(A)>0; калі падзеі A і B не могуць адбыцца адначасова, тады P(A∪B) = P(A) + P(B); імавернасць дакладнай падзеі роўна 1. У прасцейшых выпадках гэтыя ўмовы відавочныя; у агульным выпадку яны прымаюцца без доказу (аксіёмы). Па фармальных (матэм.) правілах атрымліваюць шэраг тэарэм пра імавернасці складаных падзей. Калі ажыццяўленне падзеі A не залежыць ад таго, адбудзецца ці не падзея B, тады A і B — незалежныя падзеі. Імавернасць P(A∩B) сумеснага ажыццяўлення дзвюх незалежных падзей A і B роўна P(A)∙P(B). Часам, калі нават дакладна можна запісаць імавернасці пэўных выпадковых падзей, вылічыць іх цяжка. Напр., імавернасць Pn(m) таго, што ў серыі з n незалежных ажыццяўленняў выпадковай падзеі A з P(A) = p(p ≠ 0,1) яна адбудзецца m разоў, роўна Cnmpmqn-m, дзе Cnm — лік спалучэнняў з n элементаў na m, q = 1 − p. Пры вялікіх n і m для вылічэння імавернасцей тыпу Pn(m) выкарыстоўваюць лімітавыя тэарэмы: 1) калі n→∞, то
пры ўмове, што
застаецца ў межах фіксаванага інтэрвалу (лакальная тэарэма Муаўра—Лапласа); 2) пры кожных фіксаваных ліках a і b, (a<b),
(інтэгральная тэарэма Муаўра—Лапласа). Да лімітавых тэарэм адносіцца таксама вялікіх лікаў закон, які мае важнае значэнне для філас. асэнсавання І.т. і ў дастасаваннях. Вял. ўклад у развіццё лімітавых тэарэм зрабілі П.Л.Чабышоў і А.М.Ляпуноў. Узнікненне большасці лімітавых тэарэм звязана з тэорыяй выпадковых працэсаў. На Беларусі І.т. даследуецца ў асноўным ў БДУ (Г.А.Мядзведзеў, Ю.С.Харын і інш.).
Літ.:
Гнеденко Б.В. Курс теории вероятностей. 6 изд. М., 1988;
Колмогоров А.Н. Основные понятия теории вероятностей. М.; Л., 1936;
Лоэв М. Теория вероятностей: Пер. с англ.М., 1962;
Феллер В. Введение в теорию вероятностей и ее приложения: Пер. с англ.Т. 1—2. М., 1984;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСТЫТУ́ЦЫЯ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,
асноўны закон дзяржавы. Прынята 15.3.1994 на 13-й сесіі Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь. 24.11.1996 па ініцыятыве Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь быў праведзены рэферэндум, на падставе якога ў Канстытуцыю ўнесены істотныя змяненні і дапаўненні. Абноўлены тэкст Канстытуцыі набыў сілу 27.11.1996. Канстытуцыя складаецца з прэамбулы, 9 раздзелаў, у якіх 8 глаў і 146 артыкулаў. Адлюстроўвае новы сац.-эканам. і паліт. этап развіцця грамадства і дзяржавы: замацаванне поўнага дзярж. суверэнітэту, далейшае адраджэнне бел. нацыі і культуры, прызнанне роўнай абароны і роўных магчымасцей усіх форм уласнасці. Зменена назва дзяржавы, яна стала наз. Рэспубліка Беларусь. Артыкул I падкрэслівае, што Рэспубліка Беларусь — унітарная дэмакр.сац.-прававая дзяржава, якая валодае ўсёй паўнатой улады на сваёй тэрыторыі і самастойна ажыццяўляе ўнутр. і знешнюю палітыку. Чалавек з’яўляецца найвышэйшай каштоўнасцю грамадства і дзяржавы. Вызначаны новы прававы статус грамадзян, прызнаны натуральныя правы чалавека, пашырана кола правоў і свабод (гл.Канстытуцыйныя правы, свабоды і абавязкі грамадзян Рэспублікі Беларусь), замацаваны іх гарантыі і формы абароны. Вызначаны асновы канстытуцыйнага ладу краіны. Адзінай крыніцай дзярж. улады ў краіне з’яўляецца народ, які ажыццяўляе сваю ўладу непасрэдна і праз прадстаўнічыя органы. Дэмакратыя ажыццяўляецца на падставе разнастайнасці паліт. ін-таў, ідэалогіі і поглядаў, плюралізму думак. Ідэалогія паліт. партый, рэліг. або інш. грамадскіх аб’яднанняў, сац. груп не можа ўстанаўлівацца як абавязковая для грамадзян. Забараняецца стварэнне і дзейнасць паліт. партый і інш. грамадскіх аб’яднанняў, якія маюць на мэце гвалтоўную змену канстытуцыйнага ладу ці вядуць прапаганду вайны, сац., нац., рэліг. і расавай варожасці. Дзяржава грунтуецца на прынцыпе падзелу ўлад: заканад., выканаўчай і судовай. Дзярж. органы ў межах сваіх паўнамоцтваў самастойныя: яны ўзаемадзейнічаюць паміж сабой, стрымліваюць і ўраўнаважваюць адзін аднаго. Прызнаецца прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў міжнар. права, не дапускаецца заключэнне міжнар. дагавораў, што супярэчаць Канстытуцыі. Дзяржава рэгулюе адносіны паміж сац., нац. і інш. супольнасцямі на падставе іх роўнасці перад законам, адказвае за захаванне гісторыка-культ. спадчыны, свабоднае развіццё культур усіх супольнасцей, што пражываюць у краіне. Забяспечваецца роўнасць перад законам усіх рэлігій і веравызнанняў. Замацоўваюцца гуманныя прынцыпы знешняй палітыкі дзяржавы, ставіцца за мэту зрабіць сваю тэрыторыю бяз’ядзернай зонай, а дзяржаву нейтральнай. Дзярж. мовамі ў краіне з’яўляюцца бел. і руская. Вызначаны сімвалы дзяржавы — герб, сцяг і гімн. Сталіца — г. Мінск. Паўнапраўным кіраўніком дзяржавы з’яўляецца Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь. Вызначана працэдура яго выбрання, пасля рэферэндуму 1996 значна пашырана кола яго паўнамоцтваў і абавязкаў. Вышэйшым прадстаўнічым заканад. органам дзярж. улады з’яўляецца Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь, які складаецца з 2 палат — Савета Рэспублікі і Палаты прадстаўнікоў. Захавана пераемнасць у назве мясц. прадстаўнічых органаў — Саветаў (у Канстытуцыі яны называюцца Саветамі дэпутатаў). Мясц. кіраванне і самакіраванне ў адм.-тэр. адзінках ажыццяўляюць мясц. Саветы дэпутатаў, выканаўчыя і распарадчыя органы, органы тэр. грамадскага самакіравання, сходы і інш. Пасля рэферэндуму 1996 зменены назва і статус урада, які атрымаў назву Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь. На чале яго стаіць Прэм’ер-міністр. Створаны Канстытуцыйны суд Рэспублікі Беларусь, Камітэт дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь. Асобная глава Канстытуцыі прысвечана выбарчай сістэме: акрэслены абавязкі і паўнамоцтвы суда і пракуратуры. Асобны раздзел прысвечаны фін.-крэдытнай сістэме дзяржавы. Канстытуцыя мае вышэйшую юрыд. сілу: законы і інш. акты дзярж. органаў выдаюцца на падставе і ў адпаведнасці з Канстытуцыяй. Апошні раздзел Канстытуцыі рэгламентуе парадак яе дзеяння і ўнясення змен ў яе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСТА́ЦКАЕ КІНО́, ігравое кіно,
галоўны від кінамастацтва, заснаваны на ўвасабленні акцёрамі сюжэта, напісанага кінадраматургам, знятага кінааператарам пры дапамозе здымачнай групы пад кіраўніцтвам рэжысёра. М.к. сінтэтычнае па сваёй прыродзе. Яно аб’ядноўвае выразныя сродкі ўсіх традыц. і тэхнагенных відаў мастацтва: л-ры (кінадраматургія), тэатр. мастацтва (мастацтва акцёра, рэжысёра, сцэнографа), выяўл. мастацтва, фатаграфіі, аператарскае майстэрства (пластыка фільма), музыкі (муз.-шумавая палітра фільма). Найб. цесна М.к. звязана з л-рай у галіне экранізацый. Гал. фігура ў М.к. — рэжысёр, ён надае фільму маст. цэласнасць і вобразную адметнасць. Да найб. значных з’яў у сусв. кінапрацэсе належаць фільмы аўтарскага кіно. У іх выяўляецца непаўторная рэжысёрская паэтыка, створаны своеасаблівы лірыка-філас. экранны свет (фільмы Ф.Феліні, І.Бергмана, М.Карнэ, А.Таркоўскага, А.Вайды, А.Курасавы, В.Турава). Жанравае кіно — галіна М.к., дзе фільмы ствараюцца паводле канонаў пэўнага жанру: кінакамедыя, меладрама, прыгодніцкі фільм (вестэрн, дэтэктыўны фільм, баявік, навукова-фантастычны фільм), трылер, фільмы жахаў, фільмы катастроф і інш. М.к. неад’емна звязана з актуальнымі тэмамі і праблемамі часу. У нац. кінематографах розных краін на пэўных гіст. этапах у М.к. ўзніклі адметныя маст. школы, праявілася асаблівасць стыляў, кірункаў: у ням. кіно — экспрэсіянізм 1920-х г. і «новае нямецкае кіно» 1980-х г., у італьянскім — неарэалізм 1950—60-х г., у франц. — «новая хваля» 1960-х г., у польскім — «польская школа» 1950—60-х г., у грузінскім — паэт. кіно 1970-х г. М.к. абапіраецца на маст. культуру свайго народа, выражае яго ментальнасць, сістэму духоўных каштоўнасцей. У амер. кіно гэта — вял.амер. мара, герой-адзіночка, які сам дасягнуў сваёй мэты, у італьянскім — культ сям’і і радавога клана, у японскім — пачцівасць да гісторыка-культ. традыцый і г.д. У бел. кіно асноватворным з’яўляецца духоўны вопыт народа, загартаванага ў складаных гіст. выпрабаваннях, мужнага, працавітага, чулага і братэрскага. У бел. М.к. 1920—30-х г. дамінавала гісторыка-рэв. тэма. У пасляваен. гады асноўнае для яго — тэма Вял.Айч. вайны, што прайшла эвалюцыю ў сваёй трактоўцы: ад героіка-рамант. фільмаў пра герояў-падпольшчыкаў, партызан («Канстанцін Заслонаў» У.Корш-Сабліна і А.Файнцымера, «Гадзіннік спыніўся апоўначы» М.Фігуроўскага, «Альпійская балада» Б.Сцяпанава, «Руіны страляюць» В.Чацверыкова) праз лірычнае апяванне дзяцінства, апаленага вайной («Праз могілкі» і «Я родам з дзяцінства» Турава, «Вянок санетаў» В.Рубінчыка, «Іван Макаравіч» І.Дабралюбава) да фільмаў-трагедый пра генацыд і пакуты народа ў гады вайны («Ідзі і глядзі» Э.Клімава, «Сведка» В.Рыбарава). У 1990-я г. з’явіліся новыя тэмы і вобразы, звязаныя з экалогіяй, гісторыяй і культурай краіны. Тэма Чарнобыля адбілася ў кіно ў «постчарнобыльскім сіндроме» — экранным вобразе «экалогіі душы» і пошукаў новых духоўных арыенціраў (фільмы «Метаноя» В.Шувагіна, «Душа мая, Марыя» В.Нікіфарава, «Чорны бусел» Турава, «Эпілог» Дабралюбава). Імкненне спасцігнуць глыбінную гісторыю народа, яго шматвяковы духоўны вопыт праявілася ў бел.дакументальна-мастацкім кіно. У цыкле В.Шавялевіча (фільмы «Да вас, сучаснікі мае», «Прыйдзі і віждзь», «Пастка для зубра») героі — гіст. асобы (Рагнеда, Ефрасіння Полацкая, Вітаўт, Ягайла і інш.), а таксама нашы сучаснікі. У цыкле муз.-этнагр. фільмаў (1972—99) этнамузыколага З.Мажэйкі паказана багацце і прыгажосць бел. фальклору (фільмы «Палескія калядкі», «Галасы вякоў», «Рух зямлі» і інш). Разнавіднасцю М.к. з’яўляецца тэлевізійнае мастацкае кіно (33-серыйны фільм «Пракляты ўтульны дом» У.Арлова паводле рамана С.Жаромскага, 1999).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКРАБІЯЛО́ГІЯ (ад мікра... + біялогія),
навука пра мікраарганізмы; галіна біялогіі. Вывучае марфалогію, фізіялогію, біяхімію, генетыку, экалогію, філагенію мікраарганізмаў, іх пашырэнне, ролю ў прыродзе (у кругавароце рэчываў, забруджванні і ачыстцы навакольнага асяроддзя, глебаўтваральных, геахім. і інш. працэсах), у жыцці і дзейнасці чалавека (у развіцці хвароб чалавека, жывёл і раслін, страваванні, тэхнал. працэсах с.-г. і прамысл. вытв-сці, утылізацыі адходаў і інш.); распрацоўвае метады выкарыстання карысных мікробаў і барацьбы са шкоднымі (дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі інфекц. хвароб, сан. ацэнкі і ачысткі асяроддзя і інш.). Уключае бактэрыялогію, вірусалогію, пратысталогію. Паводле навук. і практычных задач падзяляецца на агульную, водную, глебавую мікрабіялогію, геал., касм., с.-г., мед. (у т. л.сан.), вет. і тэхн., або прамысл., М. Тэхн. М. вывучае гаспадарча значныя мікраарганізмы, распрацоўвае навук. асновы і метады іх выкарыстання для вытв-сці каштоўных рэчываў, у т. л. біялагічна актыўных, і біямас (бактэрыяльныя ўгнаенні, кармавыя і інш. дрожджы, высокаактыўныя штамы мікробаў і інш.), харч. прадуктаў, для атрымання металаў з бедных руд, ачысткі сцёкавых вод, апрацоўкі с.-г. прадукцыі, барацьбы з хваробамі і шкоднікамі, метады аховы сыравіны, буд. матэрыялаў, харч., с.-г. і інш. прадуктаў і вырабаў ад псавання мікробамі і інш. М. цесна звязана з альгалогіяй, протазаалогіяй, мікалогіяй, фітапаталогіяй, імуналогіяй, цыталогіяй, малекулярнай біялогіяй, генетыкай, біяхіміяй, эпідэміялогіяй. біятэхналогіяй і інш.Мае важнае значэнне для медыцыны, ветэрынарыі, сельскай гаспадаркі, мікрабіял., харч. прам-сці і інш.
Узнікненне апісальнай М. звязана з пачаткам назіранняў і апісання мікробаў (А.Левенгук, 1683), фарміраванне М. як навукі (2-я пал. 19 ст.) — з устанаўленнем мікробнай прыроды браджэння, гніення, інфекц. хвароб (Л.Пастэр), з распрацоўкай методыкі атрымання чыстых культур мікраарганізмаў і крытэрыяў выяўлення ўзбуджальнікаў хвароб (Р.Кох). Вял. ўклад у развіццё М. зрабілі В.Л.Амялянскі, М.В.Беерынк, Э.А.Берынг, С.М.Вінаградскі, С.М.Вышалескі, Д.К.Забалотны. Дз.І.Іваноўскі, Б.Л.Ісачэнка, С.П.Костычаў, І.І.Мечнікаў, Л.С.Цанкоўскі, П.Эрліх, М.Ф.Гамалея, С.Кітазата, К.Б.Ніл, Э.Ру і інш.
На Беларусі мікрабіял. даследаванні пачаліся з 1920—30-х г. у БДУ (мед.ф-т), Віцебскім вет. ін-це, сан.-бактэрыял.НДІ (Віцебск, 1921), Бел. пастэраўскім НДІ (Мінск, 1924), ін-тах біялогіі (лабараторыя глебавай М., 1934) і хіміі АН Беларусі, Усесаюзным НДІ балотнай гаспадаркі УАСГНІЛ (з 1938), бел.н.-д. ін-тах мясц. прам-сці і харч. прам-сці. Вял. роля ў станаўленні М. належыць І.М.Курбатаву, С.А.Самцэвічу, Г.А.Язубчык, Вышалескаму, К.І.Кудзіну, В.В.Первазванскаму, А.Л.Пескіну, А.І.Рэут. У вырашэнне праблем агульнай і экалагічнай М. ўклад зрабілі П.А.Буланаў, В.І.Калешка і інш., генетыкі і селекцыі мікраарганізмаў — М.А.Троіцкі, Ю.К.Фамічоў і інш., мед. М. — А.А.Адарчанка, М.І.Вальвачоў, В.І.Вацякоў, С.І.Гельберг, Н.А.Ізраіцель, А.П.Красільнікаў, П.Р.Рыцік, Б.Я.Эльберт, С.А.Паўловіч і інш., вет. М. — Д.Дз.Буцьянаў, Х.С.Гарагляд, В.А.Лянькова, В.І.Лянькоў, В.Ф.Пятроў, Р.У.Тузава і інш., тэхн. М. — Н.І.Астаповіч, В.Р.Бабіцкая, А.С.Вечар, М.В.Залашка, А.І.Зінчанка, С.П.Каваленка, А.Г.Лабанок, А.С.Самсонава і інш.Н.-д. работа вядзецца ў ін-тах Нац.АН Беларусі (мікрабіялогіі, генетыкі і цыталогіі, эксперым. батанікі), н.-д. ін-тах Акадэміі агр. навук Беларусі (эксперым. ветэрынарыі, жывёлагадоўлі, земляробства і кармоў, аховы раслін і інш.), Бел.НДІ эпідэміялогіі і М., інш.с.-г. і мед.н.-д. ін-тах і ўстановах, БДУ, БСГА, Бел.дзярж.тэхнал. ун-це, Віцебскай акадэміі вет. медыцыны, Мінскім мед. ін-це і інш.
Літ.:
Колешко О.И. Микробиология. Мн., 1977;
Медицинская микробиология, вирусология, иммунология. М., 1994;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАСЯКО́МЫЯ (Insecta, або Hexapoda),
надклас (клас) беспазваночных жывёл тыпу членістаногіх. Найбуйнейшая група жывёл (больш за 1 млн. відаў, каля 70% ад агульнай колькасці відаў). Вядомы з сярэдняга дэвону (каля 380 млн. гадоў назад). Пашыраны ўсюды, большасць наземныя, жывуць таксама ў вадаёмах, глебе, інш. арганізмах, арган. рэштках. 2 класы (падкласы): скрытнасківічныя (Entognatha) і адкрытасківічныя (Ectognatha). Клас скрытнасківічных уключае падкласы (атр.): бязвусікавыя насякомыя, двуххвосткі і нагахвосткі; адкрытасківічных — шчацінахвостак і вышэйшых, або крылатых, Н. (Pterygota, каля 30 атр.), якіх падзяляюць на 2 групы: з няпоўным і поўным ператварэннем. У групу з няпоўным ператварэннем уваходзяць атр.: аўсянікі, багамолы, вошы, вяснянкі, клапы, палачнікі, пузыраногія, пухаеды, раўнакрылыя хобатныя, сенаеды, скурыстакрылыя, стракозы, тараканавыя, тэрміты, эмбіі, гемімерыды, грылаблатыды, зараптары, прамакрылыя; у групу з поўным ператварэннем — блохі, вееракрылыя, віслакрылыя, вярблюдкі, двухкрылыя, жукі, матылі, перапончатакрылыя, сеткакрылыя, скарпіёнавы мухі, шыцікі. На Беларусі больш за 30 тыс. відаў з 26 атр. (найб.: блохі, двухкрылыя, жукі, клапы, матылі, перапончатакрылыя, пузыраногія, раўнакрылыя хобатныя, стракозы, шыцікі). У Чырв. кнізе Беларусі 79 відаў з 16 атрадаў.
Даўж. ад 0,2 мм (наезнікі-яйцаеды) да 33 см (трапічныя палачнікі). Цела членістае, укрыта кутыкулай (утварае вонкавы шкілет) і адчувальнымі ўтварэннямі — сэнсіламі; падзелена на галаву, грудзі і брушка. Галава нясе ротавыя органы (грызучага, сысучага, колюча-сысучага або ліжучага тыпу), простыя і пару складаных (фасетачных) вачэй, пару вусікаў — антэн. Грудзі з 3 членікаў (пярэдня-, сярэдня- і заднягрудзі), якія нясуць па пары членістых ног і ў большасці відаў 1—2 пары перапончатых крылаў (на сярэдне- і заднегрудзях). Брушка з некалькіх (да 11) сегментаў, у многіх Н. мае канцавыя прыдаткі (джалы, яйцаклады, цэркі). Поласць цела другасная. Будова органаў стрававання залежыць ад тыпу корму. Крывяносная сістэма незамкнёная, рух крыві (гемалімфы) забяспечваецца пульсуючым аддзелам спіннога сасуда — сэрцам. Органы дыхання — сістэма трубачак (трахей), праз якія паветра непасрэдна дасягае тканак і клетак цела, у водных лічынак — шчэлепы. Развіты эндакрынныя, пахучыя, слінныя, воска- і шоўкааддзяляльныя, ядавітыя і інш. залозы. Выдзяляльная сістэма прадстаўлена мальпігіевымі сасудамі, ц. н. с. — т.зв. галаўным мозгам, падглотачным гангліем і брушным ланцужком тулаўных гангліяў. Валодаюць зрокам, нюхам, слыхам, дотыкам, смакам і гігратэрмічным пачуццем. Паводзіны разнастайныя і складаныя. Большасць Н. раздзельнаполыя, з выяўленым палавым дымарфізмам. Развіццё з метамарфозам — няпоўным (уключае 3 стадыі: яйцо, лічынка, або німфа, і дарослае Н., або імага) ці поўным (паміж лічынкай і імага — стадыя кукалкі).
Н. ўдзельнічаюць у кругавароце рэчываў у біясферы (выкарыстоўваюць разнастайныя кармы і самі з’яўляюцца кормам для многіх арганізмаў, выконваюць сан. функцыю), у глебаўтварэнні, апыляюць расліны. Многія Н. — шкоднікі раслін (гл.Шкоднікі збожжа і збожжапрадуктаў, Шкоднікі лесу, Шкоднікі сельскагаспадарчых культур), паразіты жывёл і чалавека, пераносчыкі ўзбуджальнікаў хвароб (напр., крывасмокі). Некат Н. выкарыстоўваюць для атрымання харч., лек. рэчываў, тэхн. сыравіны (напр., пчол, шаўкапрадаў), у біял. ахове с.-г. і лясных раслін (напр., божых каровак, жужаляў, наезнікаў). Вывучае Н. энтамалогія.
Літ.:
Яхонтов В.В. Экология насекомых. 2 изд. М., 1969;
Бей-Биенко Г.Я. Общая энтомология. 3 изд. М., 1980;
Фабр П.Ж.А. Инстинкт и нравы насекомых: Пер. с фр.Т. 1—2. М., 1993;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІЛ (сучасная егіпецкая назва Эль-Бахр; лац. Nilus, грэч. Neilos),
рака ў Афрыцы, адна з найб. доўгіх рэк свету. Даўж. 6671 км, пл. басейна 2870 тыс.км². Басейн Н. на тэр. Руанды, Бурундзі, Дэмакр. Рэспублікі Конга, Танзаніі, Уганды, Кеніі, Эфіопіі, Судана, Егіпта. Пачынаецца на Усх.-Афрыканскім пласкагор’і, на У ад возера Ківу, упадае ў Міжземнае м., утварае дэльту. Выток — р. Рукарара на ПдЗ Руанды, у сістэме р. Кагера; у межах Усх.-Афрыканскага пласкагор’я працякае праз воз. Вікторыя, на выхадзе з якога наз. Вікторыя-Ніл, перасякае скалістыя грады (парогі і вадаспады, затопленыя пры буд-ве плаціны Оўэн-Фолс), упадзіну воз. К’ёга, упадае ў воз. Мабуту-Сесе-Сека. З возера выцякае пад назвай Альберт-Ніл, цячэ па раўнінах паўд. Судана, перасякае забалочаны раён Сэд, дзе наз. Бахр-эль-Джэбель. Пасля сутокаў з р. Эль-Газаль рака наз. Белы Ніл (Бахрэль-Аб’яд), цячэ па паўпустыннай мясцовасці ў шырокай даліне. Каля г. Хартум прымае самы вялікі прыток — Блакітны Ніл (Бахр-эль-Азрак) і далей наз. ўласна Н. Ніжэй вусця р. Атбара цячэ па Сахары, перасякае крышталічнае плато, утварае парогі (часткова затоплены пры буд-ве Асуанскай плаціны). Ад Асуана да Каіра цячэ ў шырокай (да 20—25 км) даліне. За 20 км на Пн ад Каіра пачынаецца дэльта Н. (пл. 22—24 тыс.км²), дзе вылучаюцца 9 вял. і мноства дробных рукавоў і лагунныя азёры (у паўн. частцы). Гал. прытокі ў верхняй палавіне цячэння: Эль-Газаль (злева), Асва, Собат, Блакітны Н., Атбара (справа). Рэжым Н. складаны. У экватарыяльнай зоне павышаныя ўзроўні летам і зімой. У цэнтр. і паўн. Судане і Егіпце падняцце вады ў летне-асенні перыяд. Сярэдні расход вады каля г. Асуан 2,6 тыс.м³/с, макс. — да 15 тыс.м³/с, мінім. — каля 500 м³/с. Падняцце вады ў межах Егіпта пры звычайнай паводцы 6—7 м. Цвёрды сцёк каля г. Асуан 62 млн.м³ за год, большая частка якога ў выглядзе ілу асядае на палях, у арашальных каналах і вадасховішчах. Н. маевял.эканам. значэнне: асн. крыніца арашэння і пітной вады, важная трансп. артэрыя. У даліне і дэльце Н. жыве амаль усё насельніцтва Егіпта (на 3% тэр. краіны). Для рэгулявання сцёку вады і барацьбы з паводкамі пабудаваны вял. плаціны: Старая Асуанская, Вышынная Асуанская (Егіпет), Сенарская (Судан) і шматлікія дробныя ГЭС: Асуанская, Наг-Хамады, Эль-Фаюм (на канале Юсуф), Оўэн-Фолс (на р. Вікторыя-Н.). Вял. сетка арашальных сістэм. Воды Н. арашаюць каля 2,4 млн.га у Егіпце і каля 1,1 млн.га у Судане. Праз канал Ісмалія забяспечваецца прэснай вадой з дэльты Н. раён Суэцкага канала, праз канал Эль-Махмудыя — г. Александрыя з наваколлем, праз канал Ібрахімія і рукаў Юсуф частка вады Н. паступае ў воз. Біркет-Карун і на арашэнне аазіса Фаюм. Вадасховішчы Насэр, Гебель-Аулія (на р. Белы Н.) і інш. Рыбалоўства. Прамысл. значэнне маюць нільскі акунь, тыгровая рыба, зубаты карп, балці (афр. карп). Даўжыня суднаходных шляхоў бас. Н. 3,2 тыс.км. Суднаходства па Н. (у сярэднім і ніжнім цячэнні), рукавах дэльты (Дум’ят і Рашыд), арашальных каналах, па азёрах Вікторыя, К’ёга, Мабуту-Сесе-Сека, Тана. Найб. гарады: Хартум (Судан), Асуан, Каір, Александрыя (Егіпет). Даліна Н. (асабліва яго густанаселеная дэльта) была адным з цэнтраў стараж. цывілізацыі, якая ўзнікла на базе арашальнага земляробства (гл.Егіпет Старажытны).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПТУ́ШКІ (Aves),
клас пазваночных жывёл; наземныя двухногія яйцародныя амніёты, прыстасаваныя да палёту. 2 падкл.: яшчарахвостыя П. (гл.Археаптэрыкс) і веерахвостыя П., або новыя (сапраўдныя). 34 атр., у т. л. 28 сучасных, каля 9 тыс. відаў. Продкамі П. лічаць стараж. (трыясавых) паўзуноў атр. псеўдазухій. Пашыраны ўсюды. На Беларусі 19 атр., 307 відаў, з якіх гняздуюцца 226, сустракаюцца ў час міграцыі 26, зімуюць 11, вядомы як выпадкова залётныя 37; 75 занесены ў Чырв. кнігу. Большасць відаў арнітафауны належыць да атр.вераб’інападобных.
Памеры ад 5,5 см, масай 2 г (калібры) да больш як 2,5 м, масай да 150 кг (страус); размах крылаў да 4 м (альбатрос). Цела абцякальнай формы, укрытае пер’ем, пярэднія канечнасці ператвораны ў крылы. Шкілет лёгкі і трывалы (за кошт злучэння ці зрашчэння тонкіх пнеўматычных касцей). Грудзіна мае кіль (у бегаючых птушак адсутнічае) для прымацавання развітай лятальнай мускулатуры (у некат. відаў дасягае 50% масы цела). Шыйны аддзел з 11—25 пазванкоў, вельмі рухомы. Сістэма паветраных мяшкоў павялічвае газаабмен, забяспечвае тэрмарэгуляцыю, дазваляе змяняць шчыльнасць цела пры ныранні (у вадаплаўных П.). Скура без залоз (за выключэннем копчыкавай, якая выдзяляе сакрэт для змазкі апярэння). Пёры маюць розную будову (ніткападобныя, шчацінкі, пуховыя, контурныя) і функцыі (датыкальнага адчування, тэрмарэгуляцыі, спрыяюць абцякальнасці і ўзнікненню пад’ёмнай сілы пры палёце, ахоўваюць цела ад мех. пашкоджанняў). Дзюба (відазмененая сківіца без зубоў) пакрыта рагавым чахлом. У многіх відаў ёсць валлё. Страўнік падзелены на залозісты і мускульны (для мех. перацірання корму) аддзелы, кішэчнік доўгі. Задняя кішка і мачавы пузыр адсутнічаюць. Стрававальны тракт, мачаточнік і пратокі палавых залоз адкрываюцца ў клааку. Сэрца 4-камернае (у дробных відаў П. скарачаецца да I тыс. разоў за мінуту). Т-ра цела пастаянная, высокая (37,5—45,5 °C), абмен рэчываў інтэнсіўны, патрэбнасці ў корме вялікія (да 28% ад масы цела за дзень). Маюць вострыя каляровы зрок і слых, здольныя выдаваць разнастайныя гукі. Галаўны мозг з развітымі зрокавымі долямі і мазжачком забяспечвае высокі ўзровень нерв. дзейнасці і складаны тып паводзін. Размнажэнне цыклічнае, звязанае з сезонным развіццём палавых залоз. У час гнездавання могуць утвараць птушыныя базары. Апладненне ўнутранае, нясуць яйцы (ад 1 да 25). Па характары постэмбрыянальнага развіцця адрозніваюць вывадкавых птушак, паўвывадкавых птушак і птушанятных птушак. Жывуць асела, вандруюць або мігрыруюць (гл.Міграцыя жывёл, Кальцаванне птушак). Некат. пералётныя птушкі зімуюць на тэр. Беларусі, напр.: гракі, дразды, часам шпакі, крыжанкі, чыркі і інш. Шэраг відаў свойскіх і дэкаратыўных птушак, многія — аб’екты палявання (гл.Паляўнічыя жывёлы), некат. (арлы, сокалы, ястрабы) палююць на інш. жывёл. З пач. 16 ст. вымерла ці знішчана каля 170 відаў П. Адыгрываюць важную ролю ў харч. ланцугах біяцэнозаў, падтрымцы біял. разнастайнасці. Маюць вял.навук., гасп. і эстэт. значэнне. Існуе Міжнародны савет аховы птушак. Вывучае П. арніталогія.
Літ.:
Ильичев В.Д., Карташев Н.Н., Шилов И.А. Общая орнитология. М., 1982;
Никифоров М.Е., Яминский Б.В., Шкляров Л.П. Птицы Белоруссии. Мн., 1989;
Птицы Беларуси на рубеже XXI в. Мн., 1997;
Птушкі Еўропы: Палявы вызначальнік: Пер. з пол. Варшава, 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАМІ́БІЯ (Namibia),
Рэспубліка Намібія (Republic of Namibia), дзяржава ў Паўд.-Зах. Афрыцы. Мяжуе на Пн з Анголай і Замбіяй, на У з Батсванай, на ПдУ і Пд з Паўд.-Афр. Рэспублікай (ПАР); на З абмываецца водамі Атлантычнага ак.Пл. 824,3 тыс.км². Нас. 1648,3 тыс.чал. (1999). Дзярж. мова — англійская, шырока ўжываюцца таксама афрыканс і нямецкая. Сталіца — г.Віндхук. Краіна падзяляецца на 13 адм. рэгіёнаў. Нац. свята — Дзень незалежнасці (21 сак.).
Дзяржаўны лад. Н. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1990. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца ўсеагульным прамым галасаваннем тэрмінам на 5 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — 2-палатны парламент, які складаецца з Нац. асамблеі (72 дэпутаты выбіраюцца ўсеагульным прамым галасаваннем на 5 гадоў) і Нац. савета (26 прадстаўнікоў рэгіёнаў, што выбіраюцца на 6 гадоў). Выканаўчая ўлада належыць прэзідэнту і ўраду.
Прырода. Большая частка тэр. Н. — пласкагор’е выш. 1300—1500 м на З і 900—1100 м на У. Найб.выш. 2600 м (г. Брандберг). Пласкагор’е спадзіста паніжаецца на У да паўпустыні Калахары, на З уступам абрываецца ў бок прыбярэжнай раўніны — пустыні Наміб. Карысныя выкапні: алмазы, уранавыя, поліметалічныя, медныя, алавяныя, вальфрамавыя, рэдкаметал. руды, сера, прыродны газ і інш. Клімат трапічны, вельмі сухі. Сярэдняя т-ра самага цёплага месяца (студз.) ад 18 °C на беразе акіяна да 27 °C ва ўнутр. раёнах, самага халоднага (ліп.) ад 12 °C на Пд да 16 °C на Пн. Ападкаў ад 10—50 мм за год на ўзбярэжжы, да 500—700 мм на ПнУ. Гал. рэкі на Пн — Акаванга, Кунене, на Пд — Аранжавая, астатнія — часовыя вадатокі. На Пн краіны перасыхаючае воз. Этоша. Пераважаюць пустынныя трапічныя глебы і чырванавата-бурыя глебы саваннаў. Расліннасць у пустыні Наміб сукулентная, на пласкагор’і злакава-хмызняковая і хмызняковая, у больш высокіх раёнах паўпустыні і апустыненыя саванны. У складзе жывёльнага свету горных раёнаў і на У эндэмічныя грызуны (даўганос, капскі сляпыш), асобныя віды зайцоў, трубказуб; шматлікія яшчаркі, змеі і інш. Воды акіяна каля берагоў Н. багатыя прамысл. рыбай (сардзінела, макрэль, анчоўс), марскімі ракамі (амары, лангусты), ёсць цюлені. Нац. паркі: Этоша, Наміб, Бераг Шкілетаў, Ноўклуфберге.
Насельніцтва. Большасць насельніцтва належыць да групы зах. банту: авамба (810 тыс.чал.), каванга (146 тыс.чал.), герэра (114 тыс.чал.) і інш. Жывуць горныя дамара (114 тыс.чал.), гатэнтоты, бушмены (сан). Нас.еўрап. паходжання (100 тыс.чал.) складаецца з афрыканераў, немцаў, англічан. Каля 80% вернікаў хрысціяне (пераважна пратэстанты), астатнія прытрымліваюцца мясц.традыц. культаў. Сярэднегадавы прырост насельніцтва каля 3%. Сярэдняя шчыльн. 2 чал. на 1 км². У пустыні Наміб і паўпустыні Калахары вял. тэрыторыі не маюць пастаяннага насельніцтва. Гар. насельніцтва каля 37%. Найб. гарады: Віндхук (190 тыс.ж., 1995), Людэрыц, Уолфіш-Бей, Цумеб. У сельскай гаспадарцы занята 49%, у прам-сці і гандлі — 25% працаздольнага насельніцтва.
Гісторыя. Першыя стаянкі чалавека, выяўленыя на тэр. Н., адносяцца да 2-га тыс. да н.э.Стараж. насельніцтва Н. — плямёны кой-коін (продкі сучасных нама, 3 групы гатэнтотаў), сан (бушмены) і дамара. У 16 ст. сюды прыйшлі плямёны банту (авамба, герэра, каванга і інш.). У канцы 15 ст. ўзбярэжжа Н. адкрылі партуг. мараплаўцы. У 1878 Вялікабрытанія анексіравала раён бухты Уолфіш-Бей. У 1884 Германія ўсталявала пратэктарат над-раёнам Ангра-Пекена, потым над б.ч.тэр. Н., якая стала герм. калоніяй «Германская Паўд.-Зах. Афрыка» (ПЗА). У адказ на прыгнёт герм. улад герэра на чале з С.Магарэра і нама на чале з Х.Вітбоем узнялі ў 1904—07 паўстанне, якое было жорстка задушана герм. войскамі. У 1915 Н. акупіравана Паўд.-Афр. Саюзам (ПАС; з 1961 — Паўд.-Афр. Рэспубліка, ПАР), які ў 1920 атрымаў ад Лігі Нацый мандат на кіраванне ПЗА. У 1946 урад ПАР анексіраваў ПЗА, ператварыў яе ў сваю правінцыю і распаўсюдзіў на яе рэжым апартэіду. ААН не прызнала анексію і ў 1968 і 1978 прыняла рэзалюцыі аб праве народаў Н. на самавызначэнне. З 1966 узбр. барацьбу супраць акупацыі пачала Народная арганізацыя Паўднёва-Заходняй Афрыкі (СВАПО) на чале з С.Нуёмам. Улады ПАР падтрымліваў створаны з прадстаўнікоў памяркоўных арг-цый Дэмакр. альянс Турнхале. Пад націскам ААН і сусв. супольнасці ўлады ПАР правялі ў ліст. 1989 выбары ва Устаноўчы сход, на якіх перамагла СВАЛО. У студз. 1990 Нуёма выбраны прэзідэнтам Н. 21.3.1990 абвешчана незалежнасць краіны. Урад незалежнай Н. імкнецца праводзіць памяркоўную палітыку, накіраваную на развіццё прыватнага сектара і пазбяганне этн. і сац. канфліктаў. Н. — чл.ААН (з 1990). Дзейнічаюць паліт. арг-цыі: Нар.арг-цыя за вызваленне Паўд.-Зах. Афрыкі, Дэмакр. альянс Турнхале.
Гаспадарка. Н. — аграрная краіна з развітой горназдабыўной прам-сцю. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) на душу насельніцтва ў 1997 склаў 1,9 тыс.дол. ЗША. На долю здабыўной прам-сці прыпадае каля 25% ВУП. Здабыча і экспарт карысных выкапняў пад кантролем паўд.-афр., англа-амер. і ням. капіталу. Н. займае 6-е месца ў свеце па здабычы алмазаў (1,3 млн. каратаў, 1997), пераважна ювелірных; іх здабыча вядзецца ўздоўж узбярэжжа Атлантычнага ак. ад г. Людэрыц да вусця р. Аранжавая. Здабыча вокісу урану (у раёне Свакапмунда), медзі, свінцу, волава, цынку, ванадыю, серабра, кадмію, берылію, літыю, вальфраму, марганцу. На базе руд каляровых металаў у г. Цумеб працуюць з-ды медзеплавільны, па выплаўцы і рафінаванні свінцу, цынку, волава і інш. У 1994 атрымана (тыс.т) вокісу урану — 1,7, свінцу — 24, волава — 1, серабра — 0,09. Вытв-сць электраэнергіі штогод каля 1 млрд.кВт∙гадз. Буйныя ЦЭС у гарадах Віндхук, Цумеб, Уолфіш-Бей; Рваканская ГЭС на р. Кунене. Апрацоўчая прам-сць развіта слаба. Працуюць прадпрыемствы па зборцы машын і абсталявання, суднарамонце (Віндхук, Уолфіш-Бей), дрэваапр. прам-сці, у т. л. мэблевыя, па перапрацоўцы с.-г. сыравіны (малочныя, мясакансервавыя, мукамольныя), па перапрацоўцы рыбы, амараў, цюленяў, малюскаў, гарбарныя, буд. матэрыялаў і інш. На долю сельскай гаспадаркі прыпадае каля 8% ВУП, пераважае жывёлагадоўля. Характэрна наяўнасць буйных таварных фермерскіх гаспадарак, якія належаць еўрапейцам, і адсталых натуральных гаспадарак афрыканцаў. Асн. значэнне мае гадоўля каракульных авечак (адно з першых месцаў у свеце па пастаўках аўчын). Пагалоўе (млн. галоў, 1997): авечак — 2,43, буйн. раг. жывёлы — 2,06, коз (пераважна ангорскіх) — 1,82, птушкі — 2,4. Земляробства мае дапаможнае значэнне. Пад ворнымі землямі каля 1% тэрыторыі. Вырошчваюць проса, кукурузу, сорга, пшаніцу, агародніну, бахчавыя культуры. Улоў рыбы ў 1996—267 тыс.т. Даход краіны ад турызму каля 210 млн.дол. штогод. Даўж. гравійных дарог 37,3 тыс.км, асфальтавых 4,5 тыс.км, чыгунак 2,4 тыс.км. Марскія парты — Уолфіш-Бей і Людэрыц. 11 аэрапортаў, у т. л.міжнар. каля г. Віндхук. У 1996 экспарт склаў 1,45 млрд., імпарт — 1,55 млрд.дол. ЗША. Н. вывозіць мінер. сыравіну (30% алмазы), рыбапрадукты (18,5%), аўчыны (8,1%), мясапрадукты (7%) і інш. Імпартуе маш.-буд. і хім. прадукцыю, спажывецкія і харч. тавары. Гал.гандл. партнёры: ПАР (27% экспарту і 85% імпарту), Вялікабрытанія, Германія, Японія. Грашовая адзінка — намібійскі долар.
Літ.:
Балезин АС., Притворов А.В., Слипченко С.А. История Намибии в новое и новейшее время. М., 1993.
В.І.Сініца (гісторыя), Л.В.Лоўчая (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Герб і сцяг Намібіі.Да арт.Намібія. Ландшафт у пустыні Наміб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХО́ВА АД РАДЫЕАКТЫ́ЎНЫХ ВЫПРАМЯНЕ́ННЯЎ,
сукупнасць фіз. і хім. сродкаў аховы арганізма, накіраваных на стварэнне бяспечных умоў працы персаналу і пражывання насельніцтва пры магчымым уздзеянні радыеактыўнага выпрамянення. Уключае: ахову ад вонкавага выпрамянення «закрытых» крыніц (радыеактыўныя прэпараты, ядз. рэактары, рэнтгенаўскія і паскаральныя ўстаноўкі і інш.); ахову біясферы ад забруджвання радыеактыўнымі рэчывамі «адкрытых» радыеактыўных крыніц (адходы ядз. прам-сці, прадукты выпрабаванняў ядз. зброі і выкідаў прадпрыемствамі атамнай прам-сці, работа з «адкрытымі» радыеактыўнымі прэпаратамі і інш.).
Ахова ад вонкавага выпрамяненнямае на мэце аслабленне выпрамянення пры яго ўзаемадзеянні з рэчывам асяроддзя: для паглынання альфа- і бэта-часціц дастаткова аркуша паперы, гумавых пальчатак, адзення ці слоя паветра таўшч. 8—9 см; для паглынання электронаў — некалькіх мм алюмінію, плексігласу або шкла; для паглынання гама-квантаў — матэрыялы, якія ўключаюць элементы з вял. атамнымі нумарамі (вальфрам, свінец, жалеза і інш.), для нейтронаў — водазмяшчальныя рэчывы (парафін, гідрыды металаў, бетон і інш.). Каб знізіць пранікальную здольнасць другаснага выпрамянення (напр., жорсткага зыходнага гама-выпрамянення, тармазнога выпрамянення пры паглынанні бэта-часціц), дадаткова ўжываюць літый або бор. Ахова ад вонкавага апрамянення праводзіцца з улікам спектральнага складу іанізавальнага выпрамянення, магутнасці яго крыніц, адлегласці, на якой знаходзіцца абслуговы персанал, і працягласці знаходжання ў сферы ўздзеяння выпрамянення. Ахоўныя прыстасаванні падзяляюцца на суцэльныя, частковыя, ценявыя і паасобныя (ахоўныя сцены, перакрыцці падлогі і столі, дзверы, назіральныя вокны, кантэйнеры і інш.). Ахова біясферы прадугледжвае спец. захады па зніжэнні канцэнтрацыі радыеактыўных рэчываў у вадзе і паветры да гранічна дапушчальных канцэнтрацый (пастаянна ўдакладняюцца і пераглядаюцца; гл.Дозы выпрамянення). Уздзеянне радыеактыўных рэчываў, што трапляюць у арганізм чалавека і жывёлы, зніжаюць пры дапамозе радыеахоўных рэчываў, якія ўводзяць у арганізм перад ці на працягу ўздзеяння іанізавальнай радыяцыі. Іх умоўна падзяляюць на сродкі агульнабіял. дзеяння, якія павышаюць натуральную радыерэзістэнтнасць — агульную супраціўляльнасць арганізма (вадкія экстракты і настойкі элеўтэракоку калючага, жэньшэню, лімонніку кітайскага, лагахілусу, вітаміны, гармоны, каферменты, вітамінна-амінакіслотныя комплексы, некат. мікраэлементы і антыбіётыкі, біястымулятары) і спецыфічныя радыеахоўныя рэчывы — радыепратэктары, якія ствараюць умовы штучнай радыерэзістэнтнасці. Да іх належаць пераважна рэчывы сінт. паходжання, увядзенне якіх за некалькі мінут ці гадзін перад апрамяненнем у арганізм чалавека і жывёлы паніжае ўздзеянне іанізавальнага выпрамянення. Найбольш эфектыўныя індалілалкіламіны і серазмяшчальныя злучэнні (напр., амінаалкілтыяфасфаты, пептыды і адпаведныя ім дысульфіды, серазмяшчальныя амінакіслоты, дытыякарбаматы, вытворныя тыязалідзіну). Яны выкарыстоўваюцца ў асноўным для індывід. засцярогі арганізма ад вонкавага апрамянення ў надзвычайных абставінах (аварыйныя, ваен. ўмовы) і для пераважнай аховы нармальных тканак пры прамянёвай тэрапіі злаякасных пухлін. Найбольш эфектыўныя сумесі з радыепратэктараў, якія валодаюць рознымі механізмамі ахоўнага дзеяння.
Ва ўстановах, дзе праводзяцца работы з крыніцамі іанізавальных выпрамяненняў, ажыццяўляецца дазіметрычны і радыеметрычны кантроль. Пры рабоце з «закрытымі» крыніцамі робяць замеры індывід. дозаў для ўсіх відаў апрамянення, перыядычны кантроль магутнасцяў дозаў на рабочых месцах і ў сумежных памяшканнях. Пры правядзенні работ з вял. крыніцамі ўстанаўліваюць прылады з аўтам. сігналізацыяй. Пры наяўнасці «адкрытых» крыніц дадаткова кантралююць колькасць радыеактыўных рэчываў у паветры рабочых памяшканняў, забруджанне рабочых паверхняў, абсталявання, рук і адзення працуючых, радыеактыўнасць сцёкавых водаў і паветра, што выдаляецца ў атмасферу. У выпадках буйнамаштабных аварый на АЭС (накшталт Чарнобыльскай) прадугледжваюцца паэтапныя мерапрыемствы: першачарговыя — укрыццё, эвакуацыя і ўвядзенне стабільнага ёду насельніцтву ў першыя дні пасля аварыі; перасяленне, абмежаванні на ўжыванне харч. прадуктаў з забруджаных тэрыторый, дэзактывацыйныя работы і рэкультывацыя с.-г. угоддзяў і інш.
Літ.:
Владимиров В.Г., Красильников И.И., Арапов О.В. Радиопротекторы: структура и функция. Киев, 1989;
Beir V. Health effects of exposure to low levels of ionizing radiation. Washington, 1990.
Княства Андора (каталанскае Principat d’Andorra, ісп. Principado de’Andorra, франц. Principauté d’Andorre), дзяржава на ПдЗ Еўропы ва ўсх. Пірэнеях паміж Іспаніяй і Францыяй. Пл. 465 км², нас. 64 тыс. чад. (1993). Сталіца — г.Андорала-Вела. Афіц. мова каталанская, выкарыстоўваецца таксама ісп. і французская. Насельніцтва: іспанцы (61%), андорцы (30%), французы (6%) і інш. Большасць вернікаў — католікі. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 137 чал. на 1 км². У адм.-тэр. адносінах Андора падзяляецца на 7 абшчын. Афіцыйна Андора — суверэннае парламенцкае княства, фактычна — рэспубліка. Заканадаўчы орган — аднапалатны Ген. савет, які выбіраецца ўсеаг. прамым галасаваннем на 4 гады. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе Выканаўчы савет (урад) з 5 міністраў. Узбр. сіл не мае. Існуюць невял. паліцэйскія фарміраванні для аховы грамадскага парадку.
Прырода. Размешчана на паўд. схілах Пірэнеяў у даліне р. Валіра і яе прытокаў (бас.р. Эбра), акружанай гарамі выш. 800—2942 м. Шмат азёраў ледавіковага паходжання. Сярэднія т-ры студз. ў гарах -15 °C, у даліне Валіры і на Пд Андоры -2 °C, ліп. — да 20 °C, ападкаў 1000—2000 мм за год. Частыя засухі. Па схілах гор шыракалістыя (дуб, граб, бук, каштан; займаюць 30% тэр.) і ялова-піхтавыя лясы, вышэй — субальпійскія і альпійскія лугі. Карысныя выкапні: свінцовыя, жал. і сярэбраныя руды, шыферныя сланцы, каштоўныя і вырабныя камяні, ёсць мінер. воды.
Гісторыя. Першае ўпамінанне ў крыніцах адносіцца да 805. У сярэднія вякі тэр. Андоры — феад. ўладанне ў асн. графаў дэ Фуа і епіскапаў Урхельскіх; паводле пагаднення 1278 іх сумесны сюзерэнат. Пазней правы графаў дэ Фуа перайшлі да франц. каралёў. З 1419 дзейнічае Ген. савет — найстарэйшы (пасля ісландскага) парламент у Еўропе. У 1866 уведзена канстытуцыя, з 1867 улада епіскапа абмежавана. У жыцці і звычаях народа Андоры захоўваюцца перажыткі дафеад. і феад. адносін (абшчынная ўласнасць на зямлю, звычаёвае права і інш.). У 1933 уведзена ўсеагульнае выбарчае права для мужчын, у 1970 — і для жанчын. У 1981 падпісаны дэкрэт аб «рэформе інстытутаў» (раздзяленні ўлады), якім прадугледжана акрамя Ген. савета стварэнне Выканаўчага савета. Пасля парламенцкіх выбараў у 1992 Ген. савет і ўрад узначаліў лідэр рэфармістаў О.Рыба-Рэйг. На рэферэндуме ў сак. 1993 прынята новая канстытуцыя. 2.6.1993 падпісаны дагаворы аб добрасуседстве, дружбе і супрацоўніцтве з Францыяй і Іспаніяй, якія першыя прызналі суверэнітэт Андоры. Да гэтага моманту, знаходзячыся пад двайным пратэктаратам Францыі і епіскапа Урхельскага, Андора плаціла ім абодвум сімвалічную даніну грашамі і натурай. Паліт. партыі: Саюз і прагрэс, Дэмакр. саюз і інш.
Гаспадарка. Аснова эканомікі — абслугоўванне турыстаў (больш за 10 млн.чал. штогод, 250 атэляў). Развіты лячэбна-аздараўленчы і горны турызм (асабліва лыжны). Бальнеалагічны цэнтр Андоры — г. Лес-Эскальдэс. Валавы ўнутр. прадукт — 760 млн.дол. (1992). Прадпрыемствы харчасмакавай (у т. л. тытунёвай), лёгкай прам-сці. ГЭС магутнасцю 26,5 МВт. Развіты саматужныя і дапаможныя промыслы — выраб сувеніраў, вытв-сць драўнянага вугалю, лесанарыхтоўкі. У сельскай гаспадарцы спалучаюцца пашавая жывёлагадоўля і земляробства. Разводзяць авечак (больш за 25 тыс. галоў). Пад с.-г. культурамі 4% тэр. краіны. Вырошчваюць ячмень, жыта, кукурузу, бульбу, агародніну, тытунь (20% пасяўной пл.), вінаград, аліўкавыя дрэвы. Транспарт аўтамабільны, аўтамагістралі злучаюць Андору з Іспаніяй і Францыяй. Экспарт: электраэнергія, свінцовая руда, воўна, аўчыны, тытунь, соль, керамічныя вырабы, драўняны вугаль. Імпарт: прамысл. і харч. тавары. Гал. знешнегандлёвыя партнёры — Францыя, Іспанія і Вялікабрытанія. Андора — міжнар. фінансавы цэнтр. Грашовыя адзінкі — франц. франк і ісп. песета.