САДРУ́ЖНАСЦЬ, Садружнасць нацый (англ. Commonwealth, Commonwealth of Nations; да 1947 Брытанская садружнасць нацый),

аб’яднанне ў складзе Вялікабрытаніі і яе былых калоній і дамініёнаў. Юрыдычна аформлена Вестмінстэрскім статутам 1931 (удакладнены ў 1947). Першапачаткова ўключала Вялікабрытанію, Канаду, Аўстрал. Саюз, Новую Зеландыю, Паўд.-Афр. Саюз, Ньюфаўндленд і Ірландыю; уяўляла сабой асабістую унію, кіраўніком кожнай дзяржавы лічыўся брыт. манарх, якога прадстаўляў прызначаны ім ген.-губернатар. Пасля 2-й сусв. вайны з уступленнем у С. былых калоній-рэспублік (першая Індыя з 1949) манархічны характар аб’яднання страчаны. У 2000 аб’ядноўвала 53 краіны з рознымі формамі праўлення. Існуюць Сакратарыят С., праводзяцца штогадовыя канферэнцыі краін С. на ўзроўні прэм’ер-міністраў і міністраў фінансаў. У Вялікабрытаніі ёсць мін-ва па справах С. Гал. мэты С. — развіццё эканам., культ., навук., адукацыйных і інш. сувязей на базе традыцый агульнай мінулай гісторыі. Аднак на міжнар. арэне С. не выступае як адзінае цэлае. Кожная краіна мае права аднабаковага выхаду з С. [напр., у 1948 выйшла Бірма (М’янма), у 1949 — Ірландыя]. З 1995 у С. уваходзіць Мазамбік, які не быў брыт. калоніяй. Асобая роля Вялікабрытаніі вызначаецца не юрыд. нормамі, а эканам., фін. і паліт. адносінамі паміж Вялікабрытаніяй і інш. краінамі С.

Ю.​В.​Бажэнаў.

т. 14, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)